32288.fb2
– Асабістыя пачуцці не павінны замінаць нам у рэвалюцыйнай барацьбе. Ну, ну, не чырваней… Калі ты згодны сам апекавацца гэтай дзяўчынай…
– Я згодны! – спяшаючыся, выкрыкнуў П’янкоў, і Калантай дакорліва пахістаў галавою.
– Глядзі, хлопча, не памыліся. Але мы гатовыя цябе падтрымаць у спробе перавыхаваць камсамолку, якая пачала збочваць з ленінскага шляху. Заўтра ж прынясі на яе падрабязную характарыстыку. Усё, што ведаеш. А я запатрабую ейную асабістую справу з універсітэту… – Калантай зрабіў хуткую пазнаку на перакідным календары.—Выратуем тваю Манцэвіч ад непатрэбных знаёмстваў.
– Ясна, Леанід Пятровіч! – па-вайсковаму адрывіста адрапартаваў Хведар, вочы якога свяціліся ад шчасця.
– А наконт незразумелай сувязі Вяжэвічаў з Корб-Варановічамі… Гэтае падабенства… Кажаш, яны землякі. Паны і прыслуга… Нешта тут нячыста. – Леанід Пятровіч спыніўся пасярод кабінета, якраз за спінай свайго агента, і той нязграбна закруціўся, каб бачыць начальства. Таварыш Калантай, задраўшы галаву, глядзеў у мудрыя вочы партрэта, нібыта атрымліваў ад яго нямыя ўказанні.
– Старэйшага Вяжэвіча мы самі праверым... Вось жа, чалавек патрэбны, на адказнай працы, а сувязь з эсэрамі схаваў, схаваў… А маці ў твайго сябрука, між іншым, дачка цемрашала, які панамаром у царкве служыў. Што, не чуў ад яго? А ты, са свайго боку, у студэнтаў параспытвай пра тое, што мы пра Вяжэвічаў не ведаем.
– Добра, таварыш Калантай!
Хведар зразумеў, што візіт скончаны, узняўся, спрабуючы адначасова і выцягнуцца ў бравую чырванаармейскую паставу, і не пакрыўдзіць тым нізкарослага гаспадара.
– Дзейнічай, камсамолец Хведар П’янкоў! Партыя не забудзе тваёй гераічнай і небяспечнай працы! – “блаславіў” гаспадар, падпусціўшы належнага пафасу ў голас, і Сталін на сцяне, здавалася, ухвальна зірнуў мудра прыжмураным вокам.
Калі дзверы за наведнікам зачыніліся, тонкі нос Леаніда Пятровіча незадаволена ўцягнуў паветра. Што гэтыя студэнты, зусім не мыюцца, ці што? У пакоі невыносна смярдзела прэлым абуткам. І вокны не расчыніш, краты… А фортка надта высока, не хочацца каго прасіць. Хоць праз дзверы пакуль праветрыць… Вось так. А цяпер, каб перабіць смурод, можна загадаць прынесці кавы. Яшчэ засталася тая, бразільская, прывезеная з Варшавы.
Гаспадар кабінета ўсеўся за спаласаваны драпінамі стол, грэбліва адсунуў на край сталешніцы пустыя кубкі, націснуў на кнопку званка, выклікаючы сакратарку, і зноў заглыбіўся ў спісаныя дробным почыркам паперы.
Ася зачыніла сінюю пластыкавую тэчку з рукапісам. Зусім не падобна да ранейшых раманаў Вячкі Скрыніча. Яе перасмыкала ад адчування, што насамрэч патрапіла ў тую эпоху, калі на сцяне віселі вусатыя партрэты, а навуковыя дыскусіі заканчваліся расстрэламі. Нават нейкая даўжынёй з глыток паўза ўзнікла ў асэнсаванні рэалій: вось сцены маленькай кавярні “Эдынбург”, завешаныя паліцамі са старажытнымі бутэлечкамі ад мікстураў і бляшанкамі з-пад табакі і манпансье, вось філіжанка з мятнай гарбатай на абрусе ў шатландскія краткі, вось насупраць сядзіць вясёлы Скрыніч у джынсавай куртцы і чорнай майцы з памаранчавым хіпоўскім надпісам: “Make love, not war”, і ягоныя шэрыя вочы паглядаюць праз неахайную цёмную грыўку нахабна-дапытліва.
– Гэта вы ўсё прыдумалі? – нясмела папытался Ася, і Вячка паморшчыўся, нібыта яна наступіла яму на нагу.
– Слухай, вось толькі давай без гэтых “вы”, а то я пачуваюся зусім старэчай. А ўсё апісанае, – перайшоў на ўрачысты тон Вячка, – адкрылася мне ў прароцкім сне. Што, не верыш?
Ася разгублена перасмыкнула плячыма, але Скрыніч ужо зноў усміхаўся.
– А паверыла б з лёгкасцю, я ж бачу. Але не, выдумаць такое немагчыма. Давялося пакорпацца ў архівах. Ледзь не здох, начытаўшыся пратаколаў допытаў і даносаў. Па начах снілася… Разумееш, гляджу цяпер на старэчаў і думаю не пра тое, як прайшлася па іх лёсе вайна, а як яны паводзіліся ў мірным жыцці? Даносілі? Верылі ў масавыя працэсы над “ворагамі народу”? Самі былі ахвярамі?
Над філіжанкай павольна таньчыў, выгінаўся, астываючы, струменьчык цёплага паветра, добра відочны на фоне чорнай Вячкавай майкі і ў кантэксце сённяшняга пахаладання – шкада, Ася не прыхапіла фотаапарат.
– А пачытаць табе гэты фрагмент я даў дзеля таго, каб ты ведала, да каго зараз павінна ісці Арсенія Вяжэвіч, гераіня майго рамана.
Асі зноў зрабілася страшнавата. Пятроній і ягоны вольнаадпушчанік… На што яна падпісалася? Вось – заміж таго, каб сядзець на працы, адпрасілася, спаслаўшыся на галаўны боль… А начальнік аддзела, лысаваты аматар піва, выгукнуў услед, каб абавязкова адкрыла бюлетэнь у паліклініцы, ці залічыцца як прагул.
У паліклініку Ася не збіралася. І, дзіўна, ёй зараз было на гэта пляваць.
– Я павінна перанесціся ў 1929 год?
– Не так радыкальна, – па-ваўчынаму белазуба пасміхнуўся Скрыніч. –Мой раман – слаёны пірог з адлегласцю амаль у стагоддзе паміж слаямі. Зараз дзеянне пераносіцца ў цяперашні час. Гераіня, пабачыўшы сваё падабенства з партрэтам маладой графіні Корб-Варановіч, вырашае даследваць радавод Корб-Варановічаў, а раптам знойдзецца сувязь з родам Вяжэвічаў, і адпраўляецца да апошняга прадстаўніка роду.
– Што? Я і праўда павінна пайсці да нейкага Корб-Варановіча? – ускінулася Ася, адчуваючы сапраўдны жах.
– Ды не бойся ты так, – супакоіў яе Вячка.—Я ж пайду з табою. І Корб-Варановіч, мяркуючы па тым, што я пра яго даведаўся, абсалютова нармальны, інтэлігентны чалавек. Працуе загадчыкам аддзела ў інстытуце гісторыі культуры, лекцыі чытае. І ён – праўнук таго Корб-Варановіча, пра якога ты толькі што прачытала. Так што ніякай оргіі не атрымаецца, хаця ты, можа, на яе і разлічвала.
Ася не адрэагавала на жарт, пакутліва спрабуючы звыкнуцца з роллю шахматнай фігуркі – як раз падобная да яе ў сваёй доўгай чорнай спадніцы і чорным блузоне. Мімаволі ўспомнілася, як сястра расказвала ёй, што Славік на ўроках любіў забаўляцца з жывой жамярой – будаваў у слоіках адмысловыя лабірынты, цэлыя маленькія гарады з паперы, шкла, пластыліну, і запускаў туды мурашоў альбо баговак. Не, не забіваў, а проста назіраў, змушаючы паўзці куды трэба з дапамогай сухой сцяблінкі.
– А вы…ты, Вячаслаў, якую ролю станеш выконваць?
Вячка адсёрбнуў гарбаты, і, трымаючы філіжанку на ўзроўні вачэй, прамовіў, гледзячы ў Асіны вочы скрозь ужо ледзь заўважны вэлюм пары:
– А я – аўтар. Бог з машыны. Канструірую сітуацыі, падказваю рэплікі…
– І не страшна?
– Страшна, – пасур’ёзнеў Вячка. – Але ёсць рэчы, мацнейшыя за страх. Я нават не кажу пра высокія матэрыі… Цікаўнасць, напрыклад – у некаторых яна настолькі моцная, што пераадольвае інстынкт самазахавання.
Ася стрымала ўжо гатовае вырвацца “Напрыклад, у цябе”, бо сама за сабою падобнае ведала.
– Ну што, рушылі! – узняўся амаль культавы пісьменнік, паклаўшы на стол, накрыты шатландскім абрусам, беларускія грошы за кітайскую мятную гарбату. І дадаў, акінуўшы Асю вокам:
– Як усё-ткі файна, што ты не падобная да сваёй сястры.
Нарэшце хоць з нечых вуснаў гэта прагучэла кампліментам.
Інстытут месціўся ў аблямаваным мутным шклом бетонным простакутніку, пабудаваным нядаўна, але быў ён гэткі ж шэры і панылы, як Асіна Будыніна. У Шэры Гмах напхалі розных установаў аж па самы дах. Вось якраз пад гэтым дахам і знаходзіўся інстытут. На іншых паверхах былі турыстычныя фірмы, дызайнерскія, кампутарныя… Але бюджэтная арганізацыя і ў лепшым доме горада створыць рэзервацыю інтэлектуальнай пакрыўджанай галоты. На тым паверсе, які займаў інстытут, не было ні дываноў, ні акварыумаў, ні скураных фатэляў для кліентаў. Змрочныя і панылыя, як Аід, бязлюдныя калідоры, ды яшчэ з нізкай і скошанай, нібыта ў карабельнай каюце, столлю – выштукаванні архітэктараў, аматараў незвычайных формаў. Бетонныя простакутныя калоны, з-за якіх толькі і можна што перастрэльвацца… Дзверы з кодавымі замкамі і міліцыянты пры іх… Вячка, які валодаў здольнасцю прабірацца праз любых вахцёраў і міліцыянтаў, цягнуў Асю ў самы канец лабірынту… Бінга! Дзеля прыліку, бо адказу й не падумаў чакаць, Вячка стукнуў суглобамі пальцаў у фарбаваныя шэрай алейнай фарбай дзверы з шыльдачкай “Загадчык аддзела навуковай працы Д.Р. Корб-Варановіч”, запхнуў Асю ў кабінет і стаў за ейнай спінай, каб адрэзаць шлях да адступлення.
Загадчык аддзела, мужчына пад саракоўнік, сядзеў за танным канцылярскім сталом насупраць дзвярэй, утаропіўшыся ў нязваных гасцей ільдзяным позіркам. Ягоныя шэрыя вочы, ваяўніча прыжмураныя, як толькі спыніліся на Асі, пасля імгненнага недаўмення пачалі выпраменьваць нянавісць, як ліст расіцы – кроплі атрутнай вільгаці, у якой мусіць гінуць неабачлівая жамяра. Хаця выглядаў гісторык не зусім так, як Ася ўяўляла: густыя бровы, просты нос, сурова падціснутыя вусны, высокія выліцы, і лоб высокі, упарты, яго праразае адзіная глыбокая зморшчына. Хвалістыя попельныя валасы, трохі цямней, чым у Арсеніі, і трохі даўжэй, чым пасуе чыноўніку, зачасаныя назад, і падбароддзе ўпартае, выдаецца наперад, з ямінкай. Большы за Вячку, але не таўсманы, проста дужы. І ніякага гальштука, кашулі, пінжака – тонкі шэры швэдар-гольф, які напінаецца на цягліцах, чорная скураная камізэлька. Непрацоўныя пальцы сашчэпленыя, а на безыменным блішчыць, як начышчаны, тонкі заручальны пярсцёнак. Чамусьці Ася адразу прыляпіла да спадара вызначэнне “граф”. Сцены завешаныя рэпрадукцыямі з радзівілаўскіх партрэтаў, не папяровымі, а маляваныя алеем на дошках – але не прафесіянал маляваў, дакладна. Хіба сам граф копіі рабіў?
Чаму Арсенію аж скаланула ад нянавісці да гэтага фацэта, якая відавочна была ўзаемнай? Яна й сама не магла патлумачыць. Хіба таму, што ён выглядаў, як мог выглядаць ейны старэйшы брат? Ці як брат той, каго яна бачыла на партрэце?
Пасля яна шукала адгадкі ў псіхааналізе, можа быць, паўплываў адмоўны вобраз мужчыны, які стварыўся ў яе жаночай сям’і, – мужчына альбо агрэсіўная істота, драпежнік, альбо ўтрыманец, баласт… З Вячкам было прасцей – драпежнік, але на дыстанцыі. Агульная дамоўленасць пра недакрананне, вось і добранька, як прамовіў карсар, згортваючы з кавалка палатна Веласкеса самакрутку. А гэты… Стопудова, у яго таксама нейкія комплексы наконт жанчын…
– Слухаю вас! – ён яшчэ захоўваў дасканалую ветлівасць. А Асі ўжо карцела выдаць нешта абразлівае. Ну, вядома. Чыноўнік, навучыўся валодаць пачуццямі. Млявая восеньская муха праклала крывую траекторыю паміж дапатопнай лямпай дзённага святла і дапатопным маніторам кампутара. Рука графскага нашчадка здрыганулася, каб адмахнуцца ад чорна-сіняй вястункі са сфераў Аіду і бліжэйшай жэсаўскай сметніцы. Але, відаць, спадар вырашыў, што жэст гэты быў бы няварты прадстаўніка арыстакратыі, і рука замёрла. Муха надзейна прычапілася да пажаўцелай абалонкі манітору, як п’яны да зачыненых дзвярэй пад’езда.
– Мы, Даніла Раманавіч, па генеалагічным пытанні,– паспяшаўся “дэміург” Вячка падаць рэпліку.—Вы ж займаецеся складаннем радаслоўных беларускіх радоў… Так?
– Гэта не ёсць маім асноўным заняткам, – холадна адказаў Корб-Варановіч, чый пагляд упарта ігнараваў Вячку, як прыклеіўшыся да Асі, і ад ягонага нізкаватага голасу, прашытага ільдзянымі голкамі, Асю дадаткова перасмыкнула. – Вы дарэмна спадзяецеся купіць мае паслугі. Я бяруся за тое, што сапраўды мяне цікавіць, і што адпавядае тым тэмам, над якімі я працую.
Януш Радзівіл у цяжкіх латах на партрэце злева над сталом бліснуў чорным вокам, нібыта пабачыў набліжэнне маскальскага войска. А Корб-Варановіч між тым перавёў вочы з Асі на Скрыніча, і раптам ягоны твар уражліва змяніўся, нібыта знутры яго нехта падсвяціў:
– Вы… вы Вячка Скрыніч, так?
Граф пругка падняўся, нібыта дужы звер, і наблізіўся да госця, каб паціснуць руку. Ён сапраўды быў вышэй за Вячку і магутней, але ў ім не было брутальнай моцы, нават нейкая мяккасць, плаўнасць, асабліва цяпер. Голас гаспадара гучаў цяпер усхалявана-радасна:
– Усе вашыя раманы чытаў. Вунь у гэтай шафе стаяць. Мой улюбёны – апошні… Пра князя Глінскага. Вядома, з гістарычнымі фактамі вы абыходзіцеся гэтак вольна, як гусар з пейзанкамі, але… Я заўсёды згаджаўся з думкаю, што нам трэба найперш ствараць прыймальны рамантычны нацыянальны міф… Дарэчы, калі вам спатрэбяцца нейкія дакументы, ці кансультацыі – звяртайцеся. Для мяне гэта гонар. Чым магу дапамагчы зараз? Ды вы сядайце, сядайце…
Вячка, скарыстаўшыся прапановай, усеўся на адно з крэслаў, што стаяла ля правай сцяны, насупраць шафы, вольна закінуў нага за нагу. Ася нясмела апусцілася ў крэсла побач, круцячы па чарзе свае пярсцёнкі, як заўсёды рабіла, калі пачувалася збянтэжанай, а гэта значыць, практычна ўвесьчасна.
Корб-Варановіч гаварыў вельмі шчыра, і ў ягоных рысах цяпер было бачна тое, што Ася так ненавідзела ў сваіх: датклівасць і даверлівасць… Але варта было гісторыку перавесці позірк на дзяўчыну, яго вочы зноў зледзянелі. Вячка таксама зірнуў на Арсенію і, відаць, змірыўшыся, што ад яе працягу дыялогу не дачакаецца, зноў сам падаў рэпліку:
– Вось і выдатна… Таму мы не сумняемся, што наша справа вас зацікавіць. Вось, Арсенія – з роду Вяжэвічаў. Несумненна, вы чулі калі –небудзь пра род Вяжэвічаў. Ён нейкім чынам звязаны з родам Корб-Варановічаў. І мы хацелі б ведаць…
М-да, і гаспадар гэтага кабінета падаўся Асі напачатку ўладальнікам чыноўніцкай вытрымкі… Зазняць ягоную фізіяномію – псіхалагічны трылер. Пачуцці мяняюцца, і, падобна, ён проста не здольны іх прыхоўваць – хаця й намагаецца. Корб-Варановіч сцяўся, горда выпрастаўся: