32457.fb2
З ганку бадзёра сыходзяць чацьвёра тых, што былi на гарышчы й на даху. Паэт i бард iдзе, паклаўшы рукi на патылiцу, у запазусе ў яго - зьняты сярпаста-малаткасты "флаг" БССР.
СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ (да першага мiлiцыянта). Вiншую з узьняцьцем Дзяржаўнага сьцягу.
ПЕРШЫ МIЛIЦЫЯНТ (не пасьпявае, як астатнiя, схаваць рукi за сьпiну й зьбянтэжана прымае поцiск). Там посмотрим... (перахоплiвае ўважлiвы позiрк падпалкоўнiка й зусiм нiякавее).
СЯБРА ПАЭТА I БАРДА. Вiншуем вас, таварыш падпалкоўнiк.
ПАДПАЛКОЎНIК (зь велiзарным задавальненьнем загнаў бы нацыяналiстаў у варанок, але цяпер ня ведае, што рабiць, i, мабыць, моўчкi кляне сэсiю й дэпутатаў). Отойдите, у нас служебный разговор.
КАРЭСПАНДЭНТКА (да першага мiлiцыянта). Калi ласка, вашае прозьвiшча для гiсторыi.
ПЕРШЫ МIЛIЦЫЯНТ Пожалуйста: старшина Кащеев.
Нацыяналiсты вясёла й шматзначна пераглядаюцца.
КАРЭСПАНДЭНТКА. Кашчэеў...
ПЕРШЫ МIЛIЦЫЯНТ (зазiраючы ёй цераз плячо). Кащеев - через "о".
КАРЭСПАНДЭНТКА. Я па-беларуску пiшу.
ПЕРШЫ МIЛIЦЫЯНТ. А вы поправьте, чтобы правильно было.
"Доложите обстановку!" - зноў хрыпiць у яго на плячы рацыя.
ПЕРШЫ МIЛIЦЫЯНТ. Докладываю: обстановка в целом дружелюбная.
Адчыняюцца дзьверы гарсавету. Углыбiнi вiдзён тав. Камароў. Яўна па ягонай камандзе да ўдзельнiкаў урачыстага ўзьняцьця сьцягу подбегам кiруецца бабуля-вахцёрка.
ВАХЦЁРКА (запыхана). Где наша знамя?
ПАЭТ I БАРД. А вось (выцягвае з запазухi сярпаста-малаткасты "флаг").
ВАХЦЁРКА. Отдавайте имущество (учэпiста хапае "флаг", гэтаксама подбегам вяртаецца ў будынак гарсавету й зачыняе зь сярэдзiны дзьверы на засаўку).
Удзельнiкi ўзыходжаньня на дах прапануюць падпалкоўнiку скласьцi пратакол. Таму гэтая iдэя вiдавочна падабаецца, але абсурднасьць сытуацыi разумее нават ён.
ПАДПАЛКОЎНIК. Отойдите, у нас служебный разговор.
ПАЭТ I БАРД (падступна). Таварыш падпалкоўнiк, а якi ў вас сьцяг над аддзелам?
ПАДПАЛКОЎНIК (зьнячэўлена). Пока никакого.
ПАЭТ I БАРД. Зараз мы вам дамо новы, у нас яшчэ ёсьць.
ПАДПАЛКОЎНIК (не чакаючы небясьпечнага падарунка, хутка сядае ў машыну). В отдел!
Усьлед за падпалкоўнiкам ад'яжджае машына з маўклiвымi людзьмi ў цывiльным, потым - дзяжурны варанок. На пустым пляцы перад будынкам застаюцца пяцёра тых, з каго пачыналася дзеяньне. Адчуваецца, што ўсiх мучае смага.
У выпадку сцэнiчнага ўвасабленьня можа гучаць гiмн Макара Краўцова "Мы выйдзем шчыльнымi радамi..."
Над гарсаветам лунае бел-чырвона-белы сьцяг.
Усё.
Верасень, 1991 г.