32459.fb2 Сьцяна (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Сьцяна (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

- Як вам працуецца? - Сьцяпан: "Ну, канец: не пасьпею я на цягнiк!"

- Дзякую, можна жыць, - у яго, здаецца, былi штучныя зубы. - Тады я, як убачыў вас, дык i падумаў сабе: ня можа таго быць, каб аказалiся вы благiм! Яксьцi вiдаць душу ў чалавеку. Вось, прыкладна, iдзе вулiцаю баба. Прыгледзiсься да яе i, будзь я так здароў, не памылiсься: курва яна цi нэрвовая кабета?! Во, во...

- Прабачце, - таптаўся Сьцяпан. Яму на скронях выступiў пот. - Я на цягнiк...

- Мала ўчцiвых, такiх як вы, пане Сумленевiч...

Перабiў яго:

- Зараз учцiвым магчыма пабыць дома.

- Колькi разбою... Ах! - хацеў ён хуценька выказацца. - Пра нiшто iншае не пачуеш, як усё пра падкусваньне... Хто каго сьпiхнуў...

На шчасьце, цягнiк рушыў са спазьненьнем. Сьцяпан, стоячы ў перапоўненым калiдоры, выцiраўся хустачкай ды пасьмiхаўся з самога сябе: "Бачыш, балванец! Не давярайся ты чыгуначнiкам ды пунктуальнасьцi - i хопiць табе часу на многае..."

Вагонам кiдала.

Сьцяпану засела ў памяцi гэтая паездка. Не таму, што ён адкрыў у Бельску неахопны балаган i дзiцячую - каб не сказаць злачынную - бесклапотнасьць кiраўнiцтва тамашняга аддзелу.

Прывiталi яго там па-сьвяточнаму. Дырэктар даведваўся пра здароўе Сьцяпана; забываўся ён, стары, i зноўку распытваў... Пiлi чорную каву й ласавалiся шакаладкамi. - Пры тваiм здароўi ня будзе грэху табе й чарачку сьцябнуць, - бесцырымонна запрапанаваў ён Сумленевiчу. - Не кажы, што ня можаш, бо не паверу, - i прынёс ён балгарскага рому. - Выпi, брацец, пагрэйся сабе з дарогi. А я падаб'ю табе каманьдзiроўку на ўсе днi, ды вяртайся ты здаровенькi да сваёй маладой жонкi... Чаго тут будзеш тырчэць стаўбуном?

Гэта ня быў жарт зь яго, дырэктара, боку.

- За выпiўку дзякую вам. Ня буду.

- Ром - гэта выпiўка? Э-э, кпiш ты цi дарогу напытваеш? Ну, давай... налiў ён толькi Сьцяпану, у паўшклянку. - Я ўжо не магу, братка, адпiў сваё ў маладыя гады. Ох i даваў я па бутэльках! Каб ты тое бачыў...

- Не, - Сьцяпан перажываў, як кажуць, усё разам: злавалi яго бацькоўскi тон дырэктара, нахабства, а найбольш - безуважнасьць. - Перастаньце, пане дырэктар. Мне час брацца за справу.

- Што? Хочаш нас кантраляваць?

- Для таго я й прыехаў.

- Хто цябе прыслаў?

- Старшыня.

- Эх, ня маеце вы чым займацца, - дырэктар устаў да недачыненых дзьвярэй: - Манька! - i зноў расьсеўся. - Манька! - ён паўтарыў крык: нiхто не паяўляўся.

- Дзякую вам за пачастунак, - Сьцяпан зьняў зь вешалкi цёплае адзеньне, здагадваючыся, што дырэктар уступiў яму ў гэтым, неспадзяваным, сутыкненьнi.

Цераз парог пераступiла жанчына, аб якой можна было падумаць, што яе разбудзiлi. - Чаго?! - сказала яна адзiнюткае слова, на нiкога ня гледзячы.

- Завядзi, Маня, гэтага пана... - дырэктар растлумачыў ёй, да каго. - Ён зь Беластоку. Ну, давай, - ён чагосьцi шукаў у кiшэнi свайго пiнжака, перахiлiўшы галаву.

Адмiнiстрацыя памяшчалася ў вялiзным пакоi, у якiм, магчыма, некалi быў клюб. Сумленевiчу знайшлося месца за незанятым пiсьмовым сталом, што стаяў у куце, ла акна. ("Ужо другi тыдзень, як хварэе", - паведамiлi яму пра непрысутнага супрацоўнiка.) Працавалi тут, пераважна, жанчыны. Сэкцыяй паслугаў загадваў мужчына высокага росту. - Вам, хвароба, патрэбна дакумантацыя? - запытаў ён у Сьцяпана й, не чакаючы адказу, узяўся высоўваць шуфлядкi, запоўненыя паперамi, у якiх, быццам гнiлкi ў сене, то жаўцелi галоўкi цыбулi, то паблiсквалi камлi бутэлек, то чарнелi жмуты абгортак па бутэрбродах. - Нешта, хвароба, знойдзем вам... Няма, во, дзе паставiць шафу, i трымаем мы пры сабе ўсенькую поскудзь, - корпаўся й корпаўся ён. - Нядаўна, хвароба, справаздачу рабiў я й, во, усё параскiдалася. Трэба - у папкi, ды дзе iх набрацца?.. Грош iм цана, а не купiць iх, ня вымалiць...

Лёгка падаў сьнег. Пад хлеўчыкам дробны дзядок калоў дровы. Блiзка рагацела вядро, удараючы аб кругi студнi. I заўзята енчылi гусi, заглушваючы гультаяваты брэх. Праз панадворак праехала грузавая машына, нудна равучы, i Сьцяпан апрытомнеў ад зьдзiўленьня тым, што ён ня згледзеў, адкуль яна зьявiлася. Забзычэлi шыбы й на падваконьнiк упаў перасохлы кiт.

Было дрымотна.

- ...панна Лiза, дзе, хвароба, рахункi... Я й туды, я й сюды, во, мала шыю не скруцiўшы...

Дзяўчына, названая Лiзай, кленчыла над штабелiкам зьвязак з дакумантамi, складзеных на падлозе пад сьцяною. Яе закароткая сукенка агольвала кульшы моцных сялянскiх ног; неапэтычна абсоўвалiся зь iх панчохi. Адкiдаючы з вачэй доўгiя валасы, яна працавiта шукала патрэбнае. "Яны ненавiдзяць мяне! - думаў Сьцяпан. Ён паправiў накiнутае на плечы палiто. - Я парушаю iм рытм дня, наводжу на iх сумятню ў iмя чортведама чаго! Ярархiю ўгворана бязьдзейнiкам; Сумленевiч атрымоўвае грошы за перашкаджаньне iншым. Ды, наогул, адмiнiстраваньне, занатоўваньне зробленага, ёсьць гульня ў дзёньнiк жыцьця, непрыдатны, бо яно не паўтараецца, не пераходзiць яшчэ раз цераз пройдзенае..."

- А-а-а-га-га-га, маразеча! - увайшоў той дзядок, скiнуў рукавiцы й запхнуў iх за пасак, якiм падперазаў сабе кажух. Дакрануўся ён рукамi да печкi: весела гарэлi палены. - Ну, будзе чым палiць. Адкуль людзi й набралi, гэта, у Галадоўскiм лесе такой смалiны?! - гаварыў ён па-беларуску й, як бы ад таго, кожны рупней узяўся за работу. - Панi, - сказаў ён да белай бабы, якая гарбела над картатэкай, - якiясьцi чужыя прыяжджалi ўночы на наш склад. "Адмыкай, дзеду, шопу: будзем цымант браць", - казалi яны. А я iм: "Як-жа поначы мяшкi валачыць?" Кажу: "Удзень трэба". А яны мне: "Не п..., стары!" "А паперу вам начальнiк даў? - пытаю ў iх. - Я-ж тут стораж!" - "Нашто табе папера, - сказалi яны, - калi ты чытаць ня ўмееш..." (Баба чуйна зiркнула на Сьцяпана.) Я iм ключа ня даў, дык яны зьбiлi замок ламiшчам, набралi таго цыманту, колькi хацелi, ды паперлi зь iм кудысьцi. Нiчога я iм больш не гаварыў, бо зь iмi швагер начальнiка быў, значыць, дырэктара. Швагер шваграм, але падумаў сабе я, скажу вам, каб ведалi, хоць не першыня гэта...

- Прынясiце, бацька, яшчэ дроў. У холад, хвароба, кiдае...

- Ага, зiма бярэцца, - дзядок паслухмяна патэпаў назад. - А дабра, панi, павезьлi яны поўны кузаў. Навалiлi мяшкоў, бы мукi якой...

Узьнiмалася замець. Зьмерзлая плахта бялiзны на вятрыску пужлiва скрэбла па ваконнай раме, падлятаючы зьлева (у будынку, вiдаць, жыла сям'я). Па-хлапцоўску насьвiстваў вецер; Сьцяпан услухоўваўся ў яго мэлёдыку, перабiваючы дрымотную нуду здогадамi, цi ў падрубе ёсьць вэнтыляцыйная адтулiна ў склеп з бульбай, нядбайна заткнутая анучай...

- Вось, хвароба, вы пачытайце гэтыя камплекты, - перад Сумленевiчам паўстаў загадчык сэкцыi паслугаў, абцiраючы рукавом пыл з пажоўклых канцылярскiх зьвязак. - Пакуль вы пракапаецеся празь iх, дык мы вам падкiнем...

Лiза, у несьвядома распуснай позе, падцягвалася. Зноў укленчыла, падклаўшы пад каленi iлюстраваны часопiс моды. Быццам прымушаная бандай да ганьбы.

Сумленевiч прабыў у Бельску пятнiцу й суботу. У панадзелак дакончыў ён кантроль, склаў пратакол зь яго.

- Я, слухай ты, ня маю часу чытаць тваю пiсанiну, - дырэктар адсунуў пратакол, якi Сьцяпан паклаў перад iм для подпiсу. - Прыяжджаеце сюды, дурыце сраку!..

- Добра, пане дырэктар. Я зраблю на пратаколе адзнаку, што вы яго не падпiсалi...

- Якую гэта адзнаку?! Вы толькi ўмееце неспакоiць людзей, а справу цягнуць дык нямаш каму, - бурклiва гаварыў ён. - Лёгка вам, у мяккiх крэслах развалiўшыся, павучаць нас: тое зроблена ня так, а гэта - ня сяк... Запыталi-б, здаецца, цi ня трэба дапамагчы аддзелу ў чым-небудзь? Ды дзе там!

- Выяўленьне слабых месцаў у вас - гэта i ёсьць наша дапамога вам.

- Я й бяз вас ведаю, у якiх вiрах рыба водзiцца. Чуеш?!

- Дык чаму ў вашым аддзеле столькi занядбаньняў?

- Во, брат, калi ў цябе розум праявiўся! Папрацуй ты ў нас. Мо', дзякуючы табе, прападуць нашы беды... - дырэктар прыгледзеўся да якогасьцi сказу на першай старонцы пратаколу. - Гм, так.

- Не прападуць, - Сумленевiч, даняты да жывога, сказаў яму проста ў вочы: - Некаторыя вашы супрацоўнiкi змагаюць iх хабарамi! - i, калi дырэктар запытальна паглядзеў на яго, ён дадаў: - Сёньня ранiцай загадчык сэкцыi паслугаў прынёс мне шынку й запрасiў мяне на абед!

- Вэнджаную?

- Што - вэнджаную?

- Ну, шынку?

- Ня ведаю. Я ня ўзяў яе.

- Дорага хацеў...

- Гэта быў хабар, пане дырэктар. Спроба падкупiць мяне з мэтай затушаваць выяўленыя мною недагляды ў вас. Цi я ясна кажу?

- Цалкам, - ён, таўшчэрны, сеў ажно на двух крэслах.