32464.fb2 Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

- Антон Кузьмiч, - гучна паправiў Майзiс, якi стаяў за спiной у Яраша.

Тады Яраш рэзка падняў галаву, паглядзеў на хворую. Яна ўсмiхнулася вiнавата i зноў нясмела прашаптала ўжо другое iмя:

- Вiктар...

Яраш адчуў, што праз рукi яго быццам прапусцiлi электрычны ток, закалола ў кончыкi пальцаў: ён пачуў свае падпольныя клiчкi.

У яго былi надзвычай чуткiя пальцы, паталагiчна чуткiя, нават уласныя эмоцыi ён перш за ўсё адчуваў пальцамi. Вось так заколе - значыцца, злосць, радасць, здзiўленне.

Ён пазнаў гэтую жанчыну. Але не верыў вачам.

Хiба ўваскрасаюць мёртвыя? Колькi прайшло год! Дзе яна была дагэтуль?

Ён павольна падняўся з табурэта.

Лекар са страхам глядзела на сваю пацыентку: што тая трызнiць?

Майзiс лёгка свiснуў: ён быў рамантык, любiў прыгоднiцкiя кнiгi, фiльмы, нечаканыя сустрэчы людзей.

Хворая супакоiла свайго лекара простым i ясным запытаннем:

- Не пазнаяце, Антон Кузьмiч?

Яраш умеў стрымлiваць свае пачуццi ў любых абставiнах. Але тут не стрымаўся.

- Зося? - прашаптаў ён так, што ўздрыгнула лекар, прыўзнялiся на локцях хворыя, а Майзiс у захапленнi пацёр рукi.

- Зося! - паўтарыў ён гучней i, высокi, мажны, схiлiўся над ложкам, як бы хочучы загарадзiць яе ад чужых вачэй, ад хвароб, ад усiх навал. Узяў тонкiя, схудалыя рукi ў свае мяккiя шырокiя далонi, асцярожна сцiснуў. - Адкуль вы з'явiлiся, Зося?

А ў дзверы ўжо заглядвалi сёстры, хворыя, i ўсё аддзяленне загудзела, як разварушаны вулей.

5

На супынцы таксi каля вакзала адзiн з шафёраў ветлiва запрасiў Яраша:

- Калi ласка, доктар, у маю машыну.

- У Дзятлаўскае ляснiцтва. Ведаеце?

- Ведаю. Наш брат усё мусiць ведаць.

"Волга" рванула з месца, Яраш па iнерцыi адкiнуўся на спiнку i гэтак застыў. Мiльгалi вулiчныя лiхтары, вiтрыны, сiгналы сустрэчных машын. Ён заплюшчыў вочы, але не адчуў асалоды адпачынку. Дзень скончаны. Незвычайны дзень. Яраш жыў уражаннямi ад сустрэчы з чалавекам, якога васемнаццаць год лiчыў мёртвым. "Вось сюжэт для Кiрылы". Ён хацеў надаць думкам iншы кiрунак, абстрагавацца i супакоiцца. Але дарэмна. Супакоiцца не так проста.

Зося папрасiла, каб ён аперыраваў яе. I не сказала, як многiя iншыя: "Лепш памерцi, чым так пакутаваць". Не. Яна верыць, што ён здолее ўратаваць яе.

Калi тая аперацыя! Праз месяц... I цi можна яе ўвогуле аперыраваць? Гэта яшчэ пакажуць даследаваннi. А ён ужо хвалюецца. Хвалюецца, бадай, мацней, чым перад сваёй першай самастойнай аперацыяй. Уяўляе яе сэрца, бачыць, як на макеце, звужэнне левай перадсардэчна-страўнiкавай шчылiны... Недастатковасць клапана... Мозг пачынае напружана працаваць. Iдзе аперацыя. Ён уважлiва i прыдзiрлiва прасочвае ўвесь ход яе, ад падрыхтоўкi хворай да...

Раскрывае грудзi... Бярэ сэрца... Вось яно...

Машына рэзка спынiлася. Яраш расплюшчыў вочы. Стаялi перад закрытым шлагбаўмам каля чыгуначнага пераезду на ўскраiне горада.

"Усяго праехалi?" - здзiвiўся ён.

Прайшло некалькi хвiлiн, а ён траха не скончыў такую аперацыю, на якую патрэбны гадзiны.

- Задрамалi, Антон Кузьмiч? - спытаў шафёр.

Дзесьцi збоку пыхкаў паравоз. Затрубiў у ражок стрэлачнiк.

Яраш заглянуў шафёру ў твар, асветлены слабым водблiскам прыбораў i чырвоным лiхтаром шлагбаўма. Не, гэтага чалавека ён не лячыў, памяць у яго на твары добрая. Шафёр, зразумеўшы, што доктар хоча пазнаць яго, растлумачыў:

- Вы ўратавалi майго сына, Антон Кузьмiч. На ўсё жыццё вам удзячны. Мацi штодня ўспамiнае. Хаця б ты, кажа, павазiў доктара. Скажыце, i я кожны дзень буду вазiць вас.

- Хабар? - усмiхнуўся Яраш.

- Якi хабар, доктар? - пакрыўдзiўся шафёр. - Хабар даюць за цёмныя дзялы. А тут - жыццё сына...

Прайшоў нядоўгi таварны састаў. Старэнькi паравоз сыпануў у начное неба жменю iскраў. Але яны не сталi зоркамi - упалi назад на зямлю i патухлi.

Павольна падымаўся шлагбаўм. У нейкi мiг замест чырвонага лiхтара загарэўся зялёны. Яраша заўсёды здзiўляла гэтая няхiтрая механiка.

Машына кiнула на пераезд сноп кароткага святла. Заблiшчалi рэйкi. Вартаўнiк пагразiў пальцам. За пераездам фары выхапiлi з ночы больш доўгi кавалак чорнай шашы.

Яраш глянуў убок i ўбачыў зоркi. Iх было мала, i яны плылi над чорным лесам, якi заўсёды ўначы чамусьцi здаваўся горнай градой - з вяршынямi, доламi, цяснiнамi. А ўдзень гэта была зусiм роўная сцяна лесу за кiламетр ад дарогi. Там, наперадзе, лес падступiць да самай шашы, i тады знiкне гэтая iлюзiя. Антон Кузьмiч нiяк не мог растлумачыць прычыны такога зрокавага падману.

Усё гэта - супынка, размова з шафёрам, зоркi, лес - адцягнула думкi ад Зосi. Праўда, ненадоўга. Хутка ён пачаў зноў думаць пра яе, але ўжо iнакш. Прыгадаў, як зноў, другi раз за дзень, сутыкнуўся з Тамарай. Яна раптам запярэчыла супраць пераводу Зосi ў тую клiнiку, дзе пастаянна працаваў Яраш. Калi ён пайшоў, каб растлумачыць ёй, што мае сам аперыраваць хворую i таму зручней, каб яна была пад яго штодзённым наглядам, Тамара са здзекам спытала:

- Гэта тваё падпольнае каханне?

Антон не вытрываў i вылаяўся груба i злосна. Гаецкая спалохалася, адразу аформiла перавод.

Калi Яраш пазванiў у рэдакцыю Шыковiчу, што мусiць затрымацца, той сказаў:

- Хрэн з табой. Сядзi каля сваiх хворых хоць тыдзень. А я млею ад духаты.

Ён доўга сядзеў каля сваёй хворай. Зося глядзела на яго i хораша ўсмiхалася, шчаслiва i збянтэжана.

- Дзе вы былi ўвесь гэты час?

- Апошнiя тры гады тут, у нашым горадзе.

- I не ведалi пра мяне?

- Ведала. Бачыла колькi разоў.

- Бачылi? I не маглi прыйсцi?

- Я маленькi чалавек, Антон Кузьмiч. Прыёмшчыца арцелi кравецкай на Выселках.