32464.fb2 Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 22

Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 22

Я не адразу нават зразумеў, што значыцца "кранеш". А зразумеў - задыхнуўся ад абразы i абурэння:

"Што ж, я, па-вашаму, фашыст?"

Ён паляпаў мяне па шчацэ.

"Ну, ну... Не крыўдуй. Я сам некалi малады быў".

"Маладосць ад маладосцi рознiцца".

Савiч стоена ўздыхнуў:

"Але... Цяжкая ў вас маладосць. Ну, будзь здароў. I будзьце асцярожныя..."

I пайшоў. Яшчэ больш, здавалася, згорбiўся. А праз колькi хвiлiн з'явiлася Зося. Шчаслiвая, але ў слязах. Кiнулася ў парыве да мяне, абняла, пацалавала.

"Вiктар, даражэнькi, ты ведаеш... - Зноў на "ты", як у тую, першую, ноч. Ты ведаеш... Ён нiчога не сказаў. Прытулiў мяне да сябе... Пацалаваў. I заплакаў. Тата заплакаў. Божа мой! I толькi ўвесь час паўтараў: "Будзьце асцярожныя! Будзьце асцярожныя!"

Яны не прыкмецiлi, як развiднела. Быў канец чэрвеня, самая кароткая ноч. Прачыналiся птушкi, напаўнялi гоманам лес. А два чалавекi жылi ў мiнулым, у iншай ночы, далёкай i страшнай. Толькi калi над дубамi са свiстам праляцелi дзве качкi, гучна шлёпнулiся ў старыцу i кракнулi, Яраш, перапынiўшы расказ, падняў галаву. Здзiвiўся:

- Ранiца? Ну вось, па сутнасцi, усё, што мне хацелася расказаць табе. Пра ўсё iншае як-небудзь пасля.

Шыковiч маўчаў - пераварваў тое, што пачуў. Гатовы сюжэт. Гатовыя вобразы. Але спачатку трэба выяснiць, хто ж такi Савiч.

Стомлены Яраш сядзеў на лавачцы i слухаў ранiцу.

Нарэшце Шыковiч адчуў, што яму холадна на зямлi. Самлелi нага i рука. Падняўся, пацягнуўся.

- Ну, брат, даў ты харч майму склератычнаму мозгу. Але скажы шчыра, Антон, чаму ты расказаў усё гэта? Маўчаў, маўчаў i раптам - бух, адразу, у адну ноч... Сярод ночы...

- Чаму я расказаў? - Яраш як бы задумаўся на хвiлiну. - Учора я спаткаў Зосю.

- Савiч?! - Кiрыла пераскочыў вогнiшча. - Дзе? Чакай. Ты ж казаў, што дачка Савiча загiнула.

- Так я думаў семнаццаць год.

- Ну i ну! Дзе ты яе спаткаў?

- У бальнiцы.

- Хворая? Чакай. Калi хавалi Савiча?

- У маi сорак трэцяга.

- З верасня да мая яна павiнна была даведацца, хто ж яе бацька. Трэба распытаць яе.

- Нiякiх роспытаў. Да аперацыi. Я буду аперыраваць яе. Набыты парок...

- Сэрца? - Кiрыла свiснуў. - А раптам зарэжаш?

Яраш уздрыгнуў i адказаў жорстка, злосна:

- Дурань! Я нiкога не рэжу. Я лячу. - I, напэўна, адчуўшы, што сказаў груба, прапанаваў па-сяброўску цёпла: - Хадзем на луг. Сустрэнем сонца.

6

Славiк Шыковiч стаяў на прывакзальнай плошчы з дзвюма дзяўчынамi, размаляванымi пад кiнаактрыс: стракатыя спаднiчкi-парасоны, адмыслова вымеражаваныя кофтачкi, прычоскi "я ў мамы дурачка". Абедзве рудзенькiя, вымытыя хной. Славiк круцiў у руках ланцужок з ключамi ад аўтамашыны i нешта расказваў, але не вельмi вясёлае. Хiхiкала i то, вiдаць, больш з ветлiвасцi адна дзяўчына. Другая пазяхала i зiркала ў бакi: шукала некага другога. Славiк адчуваў, што крынiца яго дасцiпнасцi высыхае, i злаваўся. Было душна i сумна. Хацелася пайсцi ў рэстаран. Але грошай - нi капейкi. Нават не было на аўтобус, каб паехаць на дачу да бацькоў. Ды i сумна там, на дачы. Усе захапляюцца: "Ах, якi лес! Якi луг! Рака!" А яму сумна. Ну, добра, у рацэ можна пакупацца. А далей што? Злосны ён на бацькоў. Сёння асаблiва. Збудавалi дачу, напiхалi панчоху грошай... А ён працуе i мусiць харчавацца ў рабочай сталоўцы. Крыўдна, што i мацi цяпер ва ўсiм згаджаецца з бацькам. Нiчым яе не разжаласцiш.

Сумна. Трэба неяк адкруцiцца ад гэтых вясталак. I раптам Славiк убачыў Тараса. Пазнаў цераз плошчу. Той стаяў на супынцы загарадных аўтобусаў збоку вялiкай чаргi.

- Ша, лэдзi! Бачу аднаго прадстаўнiка будучага грамадства. Пайду раздабуду на сённяшнi дзень. Чакайце.

Ён пашыбаваў цераз плошчу, не звяртаючы ўвагi на машыны.

- Хэло, мiстэр Ганчароў, - шумна прывiтаўся Славiк.

- Здароў, таварыш Шыковiч. - Тарас усмiхнуўся, як усмiхаюцца дарослыя, назiраючы забаўкi дзяцей.

Калгаснiцы з чаргi зацiкаўлена i зняважлiва глядзелi на хлопца ў вузенькiх штонiках, стракатай кашулi, з матузкамi на шыi, сцягнутымi бляшкай.

Славiк трохi сумеўся ад гэтых позiркаў. Недурны хлопец, ён адразу адчуў, што тут не месца для крыўляння i галёкання. Загаварыў проста, грубавата. Паказаў на турысцкi мяшок, што стаяў каля ног у Тараса.

- Куды з такiм "гумном"?

- Да сваiх.

- Клапатлiвы сын паважаных бацькоў.

Старая жанчына не вытрымала:

- Па табе хлопчык, вiдаць, што ты такога "гумна" не павязеш сваiм бацькам.

- Твайго Яраша возiць мой бохан на машыне. I яны не прыязджаюць пустымi.

Па чарзе пракацiўся шэпт:

"Яраша? Якога Яраша? Таго? Доктара? Сын? Каторы?"

Славiк узяў Тараса пад руку, кiўком галавы запрашаючы адысцi. Тарас папрасiў жанчын папiльнаваць мяшок i чаргу.

Не надта блiзка знаёмы яны. Калi пасябравалi сем'i, Тарас быў у армii. Вярнуўся - пайшоў на завод. Славiк у гэты час канчаў дзесяты клас. Толькi вось на дачы пазнаёмiлiся больш-менш. А таму Славiку пры ўсёй яго бесцырымоннасцi нялёгка было папрасiць грошай у гэтага спакойнага, старэйшага па ўзросту хлопца.

Тарас дастаў пачак "Беламора", прапанаваў запалiць.

- О, ты глядзi! Не ведаў, што сябры камбрыгад паляць.

Ведаў. Усё ведаў. Але за жарцiкi лягчэй схаваць сваю збянтэжанасць.

- А што мы, незямныя? - Тарас пстрыкнуў перад Славiкавым тварам запальнiчкай, даючы прыпалiць.