32464.fb2
- Няёмка.
- Усё ёмка. Давай сюды!
Ён сапраўды гiпнатызаваў сваёй здзiўляючай незалежнасцю. Ён амаль загадваў. Тарас у душы пратэставаў, але падпарадкаваўся. Развязаў мяшок i падаў паўдзесятка маладзенькiх зялёных гурочкаў.
Славiк перадаў iх афiцыянтцы, якая засцялiла чысты абрус, паставiла чаркi, з усмешкай слухаючы iх размову.
- Марына! Памыць. Але не рэзаць. А то кухар палавiну сажрэ. Цэленькiя. Аздобiць цыбулькай. Асобна смятану. Колькi? Шклянку смятаны. Дырэктару скажы: няхай пасыпле галаву попелам. Ад ганьбы, што наведвальнiкi прыходзяць са сваiмi гуркамi. Вось так, - зняважлiвым рухам ён шыбнуў на акно меню, як непатрэбную рэч. - Адбiўныя.
- Колькi?
- Дзесяць. Восем з'ясi сама, - ён жартаваў груба, панура, без усмешкi, i гэта таксама абурала Тараса. - Каньяку трыста.
- Толькi па сто.
- Толькi? А ты зрабi па трыста. Вады далi. I закон не парушаны. I мы задаволены.
Афiцыянтка засмяялася i пайшла.
Паводзiны Славiка i абуралi, i забаўлялi.
"Аблонскi! Далiбог жа. Вось тып. Хаця б спытаў, цi ёсць у мяне грошы на каньяк".
- Ты чуў? Толькi па сто.
- Правiльна. Трэба змагацца...
- З чым? Кiнь. Усё гэта ханжаства дзядзькоў, якiя п'юць дома.
- Ну, ведаеш, дай волю такiм, як ты... Налiжуцца.
- Налiжуся. Бо не выхавана культура пiцця. У Парыжы дзесяць тысяч кафэ - i п'яных няма.
- Хто табе сказаў?
- Чытаў. А ў нас тры рэстараны. А налiзваюцца штовечар.
"Ах, вось дзе тваё нутро вылазiць. Рэстаранаў мала. У Парыж табе хочацца", - з пагардай падумаў Тарас, але з-за далiкатнасцi сказаў больш мякка:
- Хто налiзваецца? Хто за бацькавы грошы п'е. А калi чалавек мазалём зарабляе... Я не бачыў сярод рабочага класа...
- Кiнь. - Вочы Славiка непрыгожа i злосна звузiлiся, ён натапырыўся i стаў падобны на маленькага драпежнiка са сваiмi каротка падстрыжанымi, непакорлiвымi валасамi. - I потым не рабi хоць ты гэтага iдыёцкага дзялення: ты - клас, а я - не клас. А я хто? Я таксама зарабляю свае пяцьдзесят шэсць рублёў. I адрознiваюся ад цябе адным... Табе ўсё падабаецца, ты ўсiм задаволены... А я крытыкую ўсё...
- Вось iменна, усё.
- Не лавi на слове. Гагарын паляцеў - я на галаве хадзiў на студыi. Ад захаплення. Крытыкую тое, што не падабаецца мне.
- Дрэннае i я крытыкую. Толькi не ў рэстаранах.
- А дзе? На сходзе? Не люблю сходаў.
Тарас адкiнуў далiкатнасць, спытаў з'едлiва:
- А што ты любiш, парыжскiя кафэ?
Славiк, разявiўшы рот, змоўк. Паглядзеў на Тараса так, быццам убачыў упершыню.
- Ты ведаеш, што за такiя словы б'юць па мордзе?
- Заела?
- Але чорт з табой. Слухай крамольныя думкi далей. Не люблю, калi атлусцелыя дзядзькi пачынаюць мяне вучыць...
Тараса пачала раздражняць Славiкава прэтэнзiя на глыбакадумнасць i разважлiвасць. Ён адчуваў, што гэта нават не перакананнi, а проста так модная гульня. Эклектычны набор чужых думак. Тарасу не хацелася тут, у рэстаране, пачынаць сур'ёзную спрэчку, i ён стрымлiваў сябе. Але тое, што сказаў Славiк пра настаўнiкаў, яго проста-такi ўзарвала.
- Хто гэта "атлусцелыя дзядзькi"? Бацька твой, Яраш атлусцелы?.. Майго бацьку фашысты павесiлi. Ён таксама не прыдатны табе ў настаўнiкi? Ты...
Тарас гаварыў горача, усхвалявана, хоць i не на поўны голас. Але словы яго, вiдаць, пачулi многiя. На iх пачалi звяртаць увагу. Першы гэта прыкмецiў Славiк. Азiрнуўся насцярожана, прашаптаў добразычлiва:
- Цiшэй.
Тарас схамянуўся.
Па радыё абвясцiлi, што да адыходу хуткага цягнiка "Кiеў - Ленiнград" засталася адна хвiлiна. Пасажыры паспешлiва пакiдалi залу рэстарана. На пероне жаночы голас прасiў: "Бора, пiшы! Кожны дзень пiшы!" Другi, мужчынскi: "Мама, пацалуй Аньку за мяне!"
Тарас глядзеў за акно, на зялёны вагон з шырокiмi вокнамi. У адным акне дзявочы твар, прыгожы i сумны. Тарасу стала шкада яе:
"Чаму яна такая сумная? Не трэба, слаўная дзяўчына. Жыццё прыгожае. I ў iм многа радасцi. Каб я мог падараваць табе радасць..."
Вагон цiха паплыў. Дзяўчына сустрэлася з яго позiркам. Ён усмiхнуўся ёй i развiтальна памахаў рукой. Яму таксама зрабiлася трошкi сумна. Плылi вагоны. Вокны. Твары. Многа твараў. Усё хутчэй, хутчэй... А ён, заварожаны, бачыў усё той жа дзявочы твар. Ён быў летуценнiк i фантазёр - уяўляў будучую сустрэчу з незнаёмкай. Калi нарэшце Славiк адарваў яго ад акна, Тарас убачыў, што на стале стаiць графiнчык з каньяком, гуркi, бутэлька нарзану.
- Пра што задумаўся, маэстра?
- Ды вось думаю, чаму ў разумных бацькоў растуць такiя дзецi?..
- Дурныя, хочаш сказаць? I маеш на ўвазе мяне? Добра. Вып'ем i паразважаем на гэтую тэму.
Славiк звыкла прыгожым рухам налiў у чаркi, падсунуў Тарасу гуркi. Узняў сваю чарку, прыжмурыўшы вочы, палюбаваўся на бурштынавую вадкасць.
- Будзь здароў, камбрыгадзiр! - i, не чокнуўшыся, асушыў чарку да дна. Гурок узяў рукой i смачна захрумстаў. Усё ў яго выходзiла вельмi натуральна.
Тарас выпiў паўчаркi, разрэзаў гурок тупым нажом, пасыпаў солi па-дамашняму, грунтоўна. I, аднак, сам адчуваў сваю нязграбнасць у параўнаннi са Славiкам. Рукi, такiя хуткiя i ўмелыя на зборцы машын, тут як бы выйшлi з-пад улады. Гэта трохi выбiвала з каляiны. Глушыла дасцiпнасць у адказах на лёгкую балбатню Славiка. А той зноў налiў сабе да ўзроўню - колькi засталося ў Тараса, але не выпiў. Зацiснуў чарку ў далонi, нахiлiўся над сталом. Шчокi яго заружавелiся, вочы сталi маслянiстыя i больш шырокiя, а то ён усё прыжмурваў iх. Голас панiзiў да шэпту:
- А ты лiчыш, мае бацькi разумныя? А я думаю, каб гэта было так, яны сумелi б выхаваць мяне iнакш. Думаеш, лёгка мне, што я боўтаюся цяпер?..
Тараса здзiвiла i насцярожыла такая нечаканая самакрытычнасць. Шчыра гэта цi зноў пазёрства?