32464.fb2
- Чаму ржаце, як шатландскiя жарабцы? Чэрцi рыжыя! Шпiёнiць прыехалi? Куды атамную бомбу скiнуць? Дык мы на вас дзесяць скiнем! I ад вашага задрыпанага вострава не застанецца мокрага месца!
Па-ангельску ангельцы не разумелi, па-расейску зразумелi. Усхапiлiся ўсе адразу. Не столькi ад абурэння, колькi ад нечаканасцi, ад боязi скандалу. Абурылiся наведвальнiкi. Усхадзiлася ўся прыслуга рэстарана. Ветлiва, пад ручкi, вывелi Славiка з гатэля i перадалi дружыннiкам. Тыя не былi такiмi ветлiвымi i, калi Славiк пачаў куралесiць, далi кухталёў.
Прачнуўся хлопец у працвярэзнiку. Балела галава i ўсё цела. Прыгадаў, што натварыў, i адразу ўявiў мацi, як яна будзе перажываць. I хацелася яму... не, не памерцi, а збегчы на край свету. Але яго нiкуды не пусцiлi. Павялi ў народны суд. Вось тут Славiку хацелася памерцi. Суддзя - iх знаёмая, Зоя Цiмафееўна. Жылi ў адным доме. У госцi прыходзiла, у лес разам ездзiлi. Славiк глядзеў на яе з надзеяй, з маленнем: злiтуйся, усё жыццё буду дзякаваць.
Але поўная, з шырокiм добрым тварам жанчына толькi на нейкi момант глыбока задумалася. А потым без лiшнiх роспытаў i натацый прачытала прыгавор: дзесяць сутак.
7
Гукану далажыў пра выпадак з Шыковiчам-малодшым начальнiк мiлiцыi. Старшыня выканкома выслухаў спакойна, як быццам нават без цiкавасцi. Цяжка ўздыхнуў пад канец: што толькi нi валiцца на яго палыселую галаву, усiм трэба займацца. Спытаў фiласофскi разважлiва:
- Скажы мне, Сiзоненка, хто вiнаваты, што растуць вось такiя?..
Падпалкоўнiк чвэрць стагоддзя праслужыў у мiлiцыi i навучыўся з незвычайнай пранiклiвасцю адгадваць, якi адказ патрэбны начальству ў той цi iншы момант. Толькi з Гуканам у яго гэта не выходзiла. Гукана немагчыма было раскусiць. Пры суровасцi на твары ён нечакана выяўляўся добрым i ласкавым, калi пачынаў нешта вырашаць. I наадварот, пры знешняй весялосцi i ветлiвасцi аказваўся дужа круты.
Сiзоненка ўспомнiў, што сустрэў яго старшыня жартам. Але ад мiлiцэйскiх спраў твар яго ўсё больш i больш выцягваўся, некуды ў падброўе схавалiся зеленаватыя вочы. Спытаў ён, не ўзнiмаючы галавы ад папер. Таму Сiзоненка пачаў манеўраваць:
- Усе патроху.
- Хто?
- Школа. Камсамол. Мы.
- Хто "мы"?
- Мiлiцыя, я маю на ўвазе. Не праводзiм прафiлактычных мер... Лiберальнiчаем.
- А бацькi? - Гукан узняў галаву.
Сiзоненка ўпотай назваў сябе дурнем: заняўся самакрытыкай, чурбан! А патрэбны зусiм просты адказ.
- Бацькi - гэта само сабой... У першую чаргу, безумоўна, бацькi.
- Правiльна. У першую чаргу, - згадзiўся Гукан.
I больш нi слова пра гэта. Былi другiя справы.
Але калi начальнiк мiлiцыi пайшоў, Сямён Парфёнавiч падняўся з-за стала, на сярэдзiне кабiнета смачна пацягнуўся i бадзёра прысеў разы два, узмахваючы рукамi. Ён нярэдка рабiў такую размiнку, але тэмп яе заўсёды залежаў ад настрою: чым вышэй настрой - тым хутчэй рухi. Потым падышоў да акна, палюбаваўся на свае каштаны. Цудоўныя каштаны! Толькi гэты аднарукi "прынцыпал" на злосць яму, Гукану, шморгае лiсце. Цэлую галiну абарваў. Двойчы ўжо яны пасварылiся з-за каштана. Але гэтаму ўпартаму д'яблу лепш нiчога не казаць. Вось жа даў бог намеснiка. I за яго гарой Тарасаў.
"Разумны ты чалавек, Сяргей Сяргеевiч, але не на тых людзей арыентуешся".
Гукан падышоў да тэлефона i набраў нумар сакратара гаркома.
- Адзiн? - Яны ўжо бачылiся сёння.
- Калi я бываю адзiн. Асвета вось сядзiць. Думаем разам. Сядзiм i думаем. А работа стаiць, - як заўсёды, з гумарам адказаў Тарасаў.
- Ты чуў, што натварыў сын Шыковiча? Чорт ведае што! Мiжнародны скандал.
Тарасаву за дзве гадзiны працы ўжо трэцi чалавек расказваў пра гэты выпадак. Скажы, калi ласка, якая падзея дня! I вось тут, у званку Гукана, ён адчуў некаторае нездаровае смакаванне факта. Зразумеў, каб гэта быў любы малады шалапут, наўрад цi надавалi б гэтаму столькi ўвагi. Але сын Шыковiча... Таму сакратар адказаў зноў-такi з гумарам:
- Мiжнародны, кажаш? Няўжо можа быць разрыў дыпламатычных адносiн?
Гукан асекся. Непрыязна падумаў: "На жартачкi збiвае. Выгарадзiць хоча".
- Ты не жартуй. Факт непрыемны.
- А я што кажу, радасны?
- Пагражаць атамнай бомбай гасцям! Што яны падумаюць пра нас?
- Калi ворагi, дык яны даўно ўжо думаюць... А калi сябры, то адзiн дурань...
- Не. Па закону аб забароне прапаганды вайны трэба сукiнага сына судзiць...
- Вось як! - Тарасаў як бы здзiвiўся. - Думаю, нiкога яшчэ не судзiлi па гэтаму закону. Не будзем i мы шукаць у сябе падпальшчыкаў вайны. Згодзен?
Гукан сам зразумеў, што сказаў глупства. Але гэтая манера сакратара, гэты яго няўлоўны гумар - "Згодзен?" - не першы раз ужо выводзiлi Сямёна Парфёнавiча з сябе. На дзесяць год малодшы, а размаўляе з iм, старым чалавекам, вопытным работнiкам, як з малым.
- Хопiць гэтаму "падпальшчыку" дзесяць сутак. Няхай падмяце дарожкi ў парку. А то яны засмечаны ў цябе. Брыдка хадзiць.
"У мяне. Усё ў мяне. А ў цябе што?" - зноў раздражнёна падумаў Гукан i выказаў сваю думку больш катэгарычна:
- Няма адказнасцi ў бацькоў...
- Вось гэта правiльна! - адгукнуўся ў слухаўку Тарасаў. - Бацькi ў нас выхаваннем займаюцца мала.
- Шыковiч прэтэндуе на ролю выхавацеля мас, а ўласнага сына распусцiў. Мнагавата мае грошай. Машына. Дача...
А вось гэта Тарасаву не падабалася. Безумоўна, бацька адказвае. Але калi з асобных фактаў пачыналi выводзiць тэорыю, што, маўляў, усе пачварныя з'явы толькi ў асяроддзi дзяцей забяспечаных бацькоў, што ва ўсiм вiнаваты дабрабыт, - гэта абурала Сяргея Сяргеевiча. Выходзiць, толькi ў беднасцi i жабрацтве можна правiльна выхоўваць. Глупства!
- Шыковiч палучае ў рэдакцыi столькi ж, колькi ўсе. Па штатнаму распiсанню, - холадна адказаў сакратар.
Гукан змаўчаў. Успомнiў, як аднойчы ў прыватнай гутарцы Тарасаў сказаў усё з той жа сваёй хiтрынкай:
"Ты ж не адмаўляешся ад ганарару за сваю кнiгу, хоць пiсаў яе не ты?"
Цяпер Сямён Парфёнавiч падумаў:
"Ясна. Стаiць за Шыковiча. Як я не ведаў дагэтуль, што яны так спаяны".
Паспрабаваў змякчыць, каб Тарасаў не падумаў, што ён хоча ўтапiць свайго сааўтара:
- Хоць, безумоўна, за такiмi шалапутамi хiба ўсочыш. Добра, што мае ў вайну выраслi. У эвакуацыi. Уведалi i цану хлебу i цану капейкi.
Тарасаў весела крыкнуў у слухаўку: