32464.fb2 Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

- А я нiчога не ўмею, - уздыхнула яна.

- Вам здаецца так. Пражыць такое жыццё...

- Хiба я жыла!

- Прафесiю можна набыць.

- У трыццаць шэсць год?

- Хiба гэта многа?

- Я ўмею трохi шыць. Там я шыла. Але не люблю. Гэта цяжка i нецiкава. Каб вы ведалi, якая пакутлiвая работа - прыёмшчыца кравецкай арцелi. Людзi жорсткiя i грубыя.

- Людзей кепска абслугоўваюць. Я не думаю, што ў вашым атэлье добра шылi.

- Дрэнна. Але падымаць крык з-за няправiльна прышытага гузiка.

- Гузiк можа сапсаваць чалавеку настрой.

Яна крыва ўсмiхнулася.

- Тады, - ён зразумеў сам - у падполлi, - вам мог сапсаваць настрой гузiк?

- Кожны час мае свае законы i нормы.

- Людзi пачынаюць патрабаваць замнога ўвагi...

- Па-мойму, гэта натуральна. Бяда ў iншым, што яе мала яшчэ ў нас, узаемнай увагi. У грамадстве, дзе чалавек чалавеку брат...

- Брат? - Зося, як бы спалохаўшыся, сцерла хусцiнкай з вуснаў скептычную ўсмешку i сказала мякка, ласкава: - У вас добрае сэрца, Антон Кузьмiч, пэўна, каб такiм чынам скончыць гэтую маленькую фiласофскую спрэчку.

Яраш разумеў яе. Занадта многа людзi прынеслi ёй гора i пакут. Яе шчасце, што яна зусiм не страцiла веры ў жыццё i ў людзей, верыць яшчэ, што побач са злоснымi ёсць людзi добрыя.

Нейкi момант яны маўчалi. Яраш, магчыма, упершыню за ўсю сваю практыку адчуў некаторую няёмкасць каля ложка хворай. Можа, таму, што без пэўнай мэты ён нiколi так доўга не заседжваўся. У яго i цяпер была мэта, але зусiм не прафесiйная.

Даследаваннi i здагадкi Шыковiча, нечаканая сустрэча з Зосяй не толькi распалiлi i яго цiкавасць да справы доктара Савiча, больш таго - ён адчуў сябе вiнаватым, што нiчога не зрабiў дагэтуль. Цяпер яму хацелася ўсяляк дапамагчы Кiрылу. Той, нецярплiвы, гарачы ў рабоце, дамагаўся сустрэчы з Зосяй. Ён, Яраш, як хiрург i як псiхолаг, ашчаджаў хворае сэрца пацыенткi i асцерагаў яе ад цяжкiх успамiнаў. Таму i цяпер яму нялёгка было падвесцi размову да ўспамiнаў пра яе бацьку.

Зося, напэўна, сама адчула няёмкасць зацяглай паўзы. Яна сказала:

- Ад мяне толькi што пайшла Маша. Мы доўга гутарылi.

- Я рады, што вы пасябравалi.

- Яна цiкавая. Спачатку мне здалося, што яна iграе... А ў жыццi нельга iграць! Некалi, яшчэ ў школе, я хацела стаць актрысай. I таксама iграла выдуманую ролю. Дома, на вулiцы, у гасцях - усюды... Смешна i наiўна.

- Чаму смешна? Маладыя ўсе рамантыкi. Вунь мае дзецi, Тарас, Вiця... Якiя ў iх мары i жаданнi! I я не сказаў бы, што гэта iгра.

- Дзе ён быў тады, Тарас?

- Яго схавалi добрыя людзi. Суседзi.

- Я шукала яго.

- Я ведаю. Мне казала цётка Люба.

- Яна не паверыла мне.

- Не крыўдуйце на яе. Яна была залаты чалавек i найлепшая канспiратарка.

- Яна загiнула?

- Не, памерла год назад.

Зося памаўчала, як бы ўшаноўваючы памяць чалавека, з якiм лёс звёў яе на кароткi мiг.

- Як мне хацелася знайсцi яго, гэтага хлопчыка! Я не проста помнiла вашу просьбу. Я доўга жыла ёй. Для мяне гэта было першае баявое заданне падпольшчыкаў. I мне хацелася хутчэй выканаць яго. Але бацька... Вы ведаеце, як ён асцерагаў мяне. Навошта ён так асцерагаў? Дзiўны чалавек!.. Употай ад яго я пайшла да цёткi Любы. Сказала пароль. Усё, як вы гаварылi. Яна адказала не зусiм так, але пусцiла ў дом. Я сказала, што вы прасiлi даведацца, цi вядома ёй што-небудзь пра сына Паўла Ганчарова. Яна адказала дзiўна i незразумела: "Перадайце Вiцю, што дзядзька Рыгор запрашае на заручыны Веты. У суботу пад вечар". Я сказала, што перадаць нiчога не магу, бо вас пераправiлi ў лес. "Да каго?" - спытала цётка Люба. Я не ведала, да каго. Тады, вiдаць, у яе ўзнiкла падазронасць. Яна больш нiчога не спытала пра вас. Але калi я зноў паўтарыла сваё пытанне пра Тараса, яна адказала, што нiчога невядома. Мяне пакрыўдзiла, што яна такая абыякавая i да лёсу дзiцяцi i наогул... Хаця б пацiкавiлася, хто я i што я. Не, нiшто, здавалася, яе не цiкавiла. Праўда, паводзiла я сябе неразумна i няўмела. Цётка Люба ўсё-такi спытала, як маё iмя. Я адказала, што Вольга. Чаму Вольга i навошта мне было падпольнае iмя - сама не разумею. Мабыць, ад жадання сыграць ролю падпольшчыцы.

На другi дзень я пайшла на Каштанавую, дзе жыў Павел. Там я таксама надзiвачыла. Ведаеце, што зрабiла? Я - сястра Паўлавай жонкi, шукала iх, жывых. Людзi, якiя жылi ў тым доме, збянтэжана пацiскалi плячамi: яны тут нядаўна i нiкога не ведаюць. Заплаканая, я паказвала пiсьмо, якое сама напiсала: "Яны жылi тут, вось адрас. Што ж мне рабiць? Я прыехала ажно з Харкава". Хадзiла па суседзях. Адны рабiлi выгляд, што нiчога не ведаюць. Другiя не таiлi сваю падазронасць. Але потым дзве старыя жанчыны, мабыць, паверылi мне i сказалi страшную праўду. Я плакала шчыра. "А хлопчык? Дзе хлопчык? Тарасiк". - "Кажуць людзi, у нямецкiм дзiцячым доме", - паведамiлi старыя. У той вечар я спытала ў бацькi, цi ёсць у горадзе дзiцячыя дамы. "Навошта табе?" Я расказала яму пра вашу просьбу i як я шукала малога. Бацьку гэта спалохала. Ён сярдзiта сказаў, што я загублю i сябе i яго сваiмi неразумнымi ўчынкамi. Тады я сказала яму, што больш не буду вартаваць дом i смажыць Гроту трусяцiну. "Трэба жыць i змагацца, як ён", - кiўнула я ўгору, маючы на ўвазе вас, Антон Кузьмiч. "Ён салдат, - сказаў бацька, - а мы з табой цывiльныя людзi, я - стары лекар, ты - дзяўчынка, дзiця". Я сказала яму тады многа тых слоў, якiя пачула ад вас. Бацька мусiў здацца. Толькi папрасiў, каб я нiчога сама не рабiла, пра ўсё даведаецца ён.

Праз тыдзень, можа, не помню, бацька сказаў, што я магу наведаць дзiцячы дом у Высокай Будзе, гэта кiламетраў пятнаццаць ад горада.

- Я ведаю. Там i цяпер дзiцячы дом, - кiўнуў Яраш.

- Жонка бургамiстра Цiшчанкi, старая набожная баба, замольваючы грахi свайго мужа, займалася дабрачыннасцю - апекавала сiрот. Мы паехалi з ёй на машыне бургамiстра. Дзень, помню, быў халодны, дажджлiвы. Гэта ж была ўжо позняя восень. А яны, дзецi, худыя, сiнiя, амаль усе без верхняй вопраткi, у адных падраных сарочачках, абступiлi нашу машыну. Маленькая дзяўчынка адразу пацягнула мяне за рукаў i папрасiла: "Цётачка, дайце кавалачак хлеба". У мяне не было хлеба, я нiчога не ўзяла, бо не думала, што дзецi там такiя галодныя. У дзiцячым доме! Яна, бургамiстарша, прывезла нейкiя пернiкi, нейкае адзенне, магчыма, нарабаванае ў другiх такiх жа дзяцей.

"Дайце iм, Анiсся Паўлаўна", - папрасiла я. Старая ханжа, звычайна слязлiвая i чуллiвая, там трымалася важнай дамай. "Усё трэба рабiць па парадку, мiлая. Арганiзавана!" Не адразу дзецi знайшлi свайго "пана шэфа". Стары, непаголены, пакамечаны i п'янаваты чалавек, дырэктар цi начальнiк, не ведаю, як ён у iх называўся, сустрэў нас не вельмi ветлiва. Дзiўна, што i дзецi толькi ўпачатку праявiлi цiкавасць, а потым старэйшыя пайшлi ў лес па дровы. Я адстала ад патранесы i начальнiка, запытала жанчыну, работнiцу дома, цi ёсць тут хлопчык Тарас Ганчароў. "Не, у нас ёсць Косця Ганчароў. Ваня, паклiч Косцю". З'явiўся худы цыбаты хлопчык гадоў дзевяцi. Не, Тараса ў iх не было. I ўвогуле дзецi такога ўзросту да iх больш не паступалi. Толькi старэйшыя. Можа, гэтая жанчына паспела перадаць нашу размову дырэктару. Але ён дзiўна даверыўся мне. Пакуль бургамiстарша раздавала свае гасцiнцы, ён стаяў са мной побач i шаптаў:

"Слухайце, не трэба нам дабрачыннасцi. Нiчога нам не трэба. Нас кормiць насельнiцтва. Мы самi сябе кормiм. Але няхай яны не забiраюць дзяцей. Навошта яны забiраюць дзяцей? Учора пяць хлопчыкаў i пяць дзяўчынак. Куды? Для ўсынаўлення. Хто iх усынаўляе? Дзе? Я павiнен ведаць. Я адказваю за дзяцей. Не забiрайце маiх дзяцей!"

Гэта быў крык душы чалавека, якi падазраваў нешта нядобрае. Калi я расказала пра ўсё бацьку, яго таксама вельмi ўстрывожыла такая скарга дырэктара дзiцячага дома. Пасля я даведалася: ад дзяцей бралi кроў... iх вывозiлi ў Германiю i малых анямечвалi.

- Нямкамi рабiлi? Ой, горачка ж якое! - у вялiкай скрусе кiвала галавой старая, якая дагэтуль слухала моўчкi.

- Я там, у iх, усё пра Тараса думала: дзе ён? Што з iм?

- I не знайшлi хлопчыка? - бабуля, мабыць, не ўсё зразумела з iх размовы.

- Знайшоўся, - адказаў старой Яраш.

- Дзе ж ён цяпер? - Цiкаўнасць гаманкой старой расла, яна як бы ўзнагароджвала сябе за многа хвiлiн пачцiвага маўчання.

- Гэта мой сын.

- Праўда? А божачка! - шчыра здзiвiлася i ўзрадавалася бабуля. - Няхай жа яму Бог здароўечка дае. Вялiкi ўжо?

- У армii адслужыў. Я заўтра вас пагляджу, бабуля. Добра? - звыкла развязваючы завязкi на рукаве халата, сказаў Яраш.

- Добра, доктар. Цяпер вы частым госцем будзеце ў нас.