32464.fb2 Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 39

Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 39

- Хвiлiначку, сябры. Сумнавата робiцца за нашым сталом. Сепаратныя размовы, шаптанне... Давайце паспрабуем пагаварыць калектыўна. Пра што? Адкажам, напрыклад, на такую анкету: мае мары, маё ўяўленне пра будучыню, чаго я хачу, да чаго iмкнуся. Ша! Не хаваю нашага з Кiрылам Васiльевiчам хiтрага намеру - выпытаць пра вашы мары. Мы тут з iм часта спрачалiся наконт iдэалаў маладога пакалення. Толькi ўмова: адказваць шчыра, не баючыся, што адказы вашы трапяць у друк. Карэспандэнтаў тут няма.

- А Кiрыла Васiльевiч?

- Ён без пяра. Акрамя таго, у яго прынцып: калi ем...

- То глух i нем. Адно мурлыкаю, як кот.

Засмяялiся, заварушылiся, трохi ўзрушаныя нечаканай прапановай. Кожны, безумоўна, адразу падумаў: пра што сказаць? Хiба мала iх, мар? А якая галоўная?

Славiк хмыкнуў. I здзейснiў намер, якi з'явiўся хвiлiн колькi назад: апусцiў руку пад стол, дакрануўся да Машынага голага калена. Яна ўздрыгнула, тузанулася, ушчыпнула яго за руку. Сказала спакойна:

- Славiк, схопiш аплявуху.

Iра здагадалася, што ён зрабiў, i вочы яе пад шкламi акуляраў сталi жоўтымi ад гневу.

- Славiк! Паскуда! Я маме скажу.

- Закрычы, ябеда. Ты ўсё жыццё нагаворвала.

Бацькi ўжо звярнулi ўвагу на iх злоснае перашэптванне. Валянцiна Андрэеўна зноў падышла да сына, ласкава папрасiла:

- Прынясi, сыне, пiва з пограба.

- Чакай, паслухаю людзей будучага.

- Дык хто пачне, хлопцы? - запрашаў Яраш.

- Косця! - падказала жонка Лапацiна.

Той самы Косця, якiм захаплялася Iра, маленькi, рухавы, смяшлiвы i самы малодшы ў брыгадзе, падскочыў, як школьнiк. Чорныя вочы яго загарэлiся, як вугалькi. Можа, ён не адразу зразумеў, што ад яго патрабуюць.

- Сядайце, Косця. Што вы! - адразу запярэчыла Валянцiна Андрэеўна. - Гэтак будзе не сяброўская гутарка, а непрыемны экзамен. Ты сам, Антон Кузьмiч, пачнi.

- Не, я пасля скажу, пра што я марыў, калi мне было столькi ж гадоў. Параўнаем...

- Я скажу, - адгукнуўся Косця. - Я думаю пра ўсё... Пра дзяўчат...

- Вось гэта шчыра! - засмяяўся Славiк.

Але яго смеху не падтрымалi, можа, таму, што Косця тут жа запэўнiў горача, з дзiцячай непасрэднасцю:

- Я хораша думаю пра дзяўчат... Жанчына дае жыццё i красiць яго, усё прыгожае ад жанчыны. Я многа думаў пра касмiчныя палёты. Але, ведаеце, самому мне чамусьцi не хочацца ляцець туды.

- Баiшся? - зноў гукнуў Славiк i быў рады, што ў гэты раз выклiкаў смех.

- Не, не баюся. Але я люблю зямлю... дрэвы i кветкi. Для мяне найвялiкшая радасць бачыць вось гэты лес. Я так мяркую, што ў камунiзме ўсе людзi павiнны жыць сярод дрэў i кветак. Тады ўсе стануць добрыя, вясёлыя...

- Правiльна! Я таксама за тое, каб усе сталi дачнiкамi.

- Слава! Вылецiш з-за стала, як корак з бутэлькi, - не стрымаўся ўрэшце Шыковiч-старэйшы.

- Маўчу, як фаршыраваная рыба. - Славiк зацiснуў рот далоняй.

- Карацей кажучы, я хацеў бы пажыць у грамадстве, дзе не будзе людзей злосных, несправядлiвых, дурных, несумленных...

- У Косцi хрысцiянская мараль, - перапынiў сябра Iван Ходас. - Яму здаецца, што такое грамадства нехта падасць на талерцы, калi ласка, Косця, жывi, расцi кветачкi, гадуй дзетачак... А для мяне - радасць у змаганнi. I я думаю, што камунiзм - гэта найвышэйшая форма барацьбы.

- Супраць каго?

- За што?

- Супраць дурняў, бюракратаў, дармаедаў... Я не кажу ўжо пра ворагаў знешнiх, iмперыялiстаў розных...

- А калi iх не стане? Знiшчым?

- Ага!

- Я не заглядаю так далёка! I ў царства ўсеагульнага цалавання не веру. I сярод анёлаў жыць не жадаю! Нудна. Я сам злосны i, магчыма, бываю несправядлiвы. Малы быў - маму крыўдзiў. Дык што ты, i мяне знiшчыш? - горача насядаў Ходас на Косцю.

- Завёўся ўжо! - папракнула яго Вера, жонка Лапацiна.

Iван асекся, павярнуўся да гаспадароў: як рэагуюць яны? Яраш з ухвалой кiўнуў галавой. Шыковiч сказаў:

- Я згодзен, Iван. Камунiзм пабудуюць не святыя, а мы з вамi, кожны са сваiм характарам, даволi часта вельмi супярэчлiвым i складаным. Але бясспрэчна i тое, што мы павiнны стаць лепшымi, чым ёсць. Пазбавiцца перажыткаў... Як гэта зрабiць хутчэй? Што, па-вашаму, мае першаступеннае значэнне ў выхаваннi камунiстычнай культуры пачуццяў?

Iван задумаўся. I ўсе змоўклi, задумалiся таксама.

- Калектыў, - першы адгукнуўся Тарас.

- Праца, - амаль адначасова з iм выказаўся Лапацiн, прынiмаючыся за кавалак пiрага, якi падсунула яму клапатлiвая жонка.

- Барацьба! - не адступаў Ходас ад сваёй пачатковай думкi.

- Праўда! - Славiк сказаў гэта сур'ёзна, цвёрда, пераканана. - Пакуль будзе ханжаства, падман...

Кiрыла Васiльевiч пераглянуўся з жонкай i, вiдаць, хацеў нешта адказаць сыну. Але перапынiў Косця.

- Любоў! - крыкнуў ён.

Усе маладыя засмяялiся. Акрамя Славiка.

- Цябе ўсё-такi хiлiць да Езуса, - падкалоў сябра Iван.

- Чаму любоў, Косця? Растлумач!

- Любоў не ў вашым вузкiм разуменнi. А наогул. Любоў з вялiкай лiтары. Да радзiмы, да працы, да людзей, блiзкiх i далёкiх...

- Якая шчодрая душа, - з добрай усмешкай сказала Галiна Адамаўна так, што пачулi толькi свае - Майзiсы i Шыковiч. - Можна падумаць, што яго нiхто нiколi не крыўдзiў.