32464.fb2 Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 44

Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 44

Загнаўшы машыну ў двор рэдакцыi, ён iшоў сюды цераз парк, пастаяў над абрывам каля ракi, углядаючыся ў засмужаную лугавую даль. Гэта хораша супакоiла, ён пачаў думаць пра свой "хiрургiчны" эксперымент з гумарам.

Аперацыя працягвалася, калi ён пайшоў з бальнiцы, - значыцца, усё ў парадку.

А тут - зноў перад вачамi сэрца. I трывога... Не, больш чым трывога. Амаль страх за жыццё жанчыны, якую ён упершыню ўбачыў на аперацыйным стале, але якая здавалася цяпер вельмi блiзкай i роднай, як сястра, як жонка, як дачка... Дзiўна.

Ён спытаў у сакратаркi:

- Ларыса Пятроўна, вы сэрца бачылi?

- Чыё? - усмiхнулася яна, вiдаць, думаючы, што ён спытаў з алегарычным сэнсам.

- Чалавечае.

- Бачыла. У анатамiчным музеi. Наглядзелася - тыдзень не магла есцi.

Кiрыла паморшчыўся; жаданне расказаць пра аперацыю адразу знiкла. Ён зноў застаўся сярод людзей у адзiноце са сваiм незвычайным, да болю вострым уяўленнем, прыгожым i страшным.

Пазванiў у бальнiцу. Дазванiцца туды было нялёгка: то нiхто не адказваў, то занята. Нарэшце адазвалiся.

- Скажыце, калi ласка, аперацыя скончылася? - спытаў ён далiкатна, ветлiва.

- Якая?

- Якую рабiў Яраш.

- Так.

- Як "так"? Што?

- Нармальна.

Сястра (цi лекар) адказвала голасам манахiнi - халодным, бясстрасным. Шыковiча гэта ўзлавала.

- "Нармальна"! Чорт бы вас!.. Калi вы навучыцеся адказваць па-чалавечы? Фармалiсты ў белых халатах! Паклiчце Яраша!

Голас адразу змянiўся, зазвiнеў ручайком: вiдаць, там, у бальнiцы, падумалi, што гаворыць нехта з высокага начальства.

- Антон Кузьмiч не можа падысцi. Ён у палаце. Каля хворай. Пасля такой аперацыi, зразумейце... Што перадаць доктару Ярашу?

- Вось так заўсёды гаварыце з кожным, хто вам пазвонiць.

Шыковiч паклаў слухаўку.

- Хто-небудзь з вашых блiзкiх? - спытала паўшэптам Ларыса Пятроўна.

Ён кiўнуў: але!

- Цяжкая аперацыя?

- На сэрцы. Набыты парок.

Яна ўстрапянулася, паглядзела на яго спачувальна. I ўсе, хто пачуў, таксама зацiкавiлiся.

- Я магу сказаць Сяргею Сяргеевiчу, што ў вас такi дзень. Сказаць?

- Не, не трэба.

- Вас будуць крытыкаваць.

- Мяне заўсёды крытыкуюць. Такая ў мяне прафесiя.

Бясшумна адчынiлiся абабiтыя дэрмацiнам дзверы ў кабiнет першага сакратара. Групай вывалiлi работнiкi тэлестудыi: галоўны рэжысёр, сакратар партбюро, загадчыкi рэдакцый, акторы тэатра. Вiдно было, што iм не церпiцца пагаварыць, паспрачацца, таму i спяшалiся хутчэй у калiдор, на вулiцу. Толькi актор Павел Стэльмах затрымаўся, прывiтаўся з Шыковiчам за руку.

- А ты чаму не быў? Ты ж таксама сябра мастацкага савета.

- Хапае другiх клопатаў.

- Далi нам за перадачы для моладзi, - паведамiў шэптам, азiрнуўся на дзверы: - Тукала - дуб. Не слухаў мяне. Ну, будзь...

Шыковiча крыху закранула, што яго не запрасiлi на абмеркаванне работы тэлестудыi: ён з'яўляўся бадай самым актыўным сябрам савета.

"Хто гэта пастараўся? Тукала? Цi гаркомаўскiя "палiтыкi"? Каб перад персанальнай справай патрымаць для строгасцi ў прыёмнай?"

Ён не вызначаўся залiшняй самалюбiвасцю, але яго заўсёды абурала, калi дзе пачыналася палiтыканства - гульня ў важнасць i строгасць. А галоўнае, у яго ёсць што сказаць пра тэлеперадачы.

Ларыса Пятроўна сутыкнулася ў дзвярах з Тукалам. Той далiкатна ўступiў ёй дарогу ў кабiнет. Убачыўшы Шыковiча, Тукала прыветлiва, па-сяброўску ўсмiхнуўся i накiраваўся да яго. Але Кiрыла знарок адвярнуўся да акна.

"Што, накiвалi табе - лезеш цалавацца? Не, ты мяне папросiш яшчэ, кар'ерыст няшчасны".

- Заходзьце, таварышы, - запрасiла Ларыса Пятроўна.

Шыковiч рушыў першы, абмiнуўшы разгубленага Тукалу.

Павiтаўся з сябрамi бюро. Усе - знаёмыя людзi, з якiмi прыходзiцца сустракацца амаль штодня i якiя нязменна праяўляюць цiкавасць да яго працы шаблонным запытаннем: "Чым новенькiм парадуеш нас?"

Цяпер на яго "добры дзень" адказаў адзiн Тарасаў. Гукан не адарваўся ад папер i не глянуў нават. Затое сакратар гаркома камсамола Васiль Грыбок тарашчыў крыху лупатыя бясколерныя вочы з бесцырымоннай нахабнай цiкаўнасцю. Так глядзяць у судзе на злачынцу.

Шыковiча перасмыкнула ад гэтага.

"Што ты ўставiўся, як малады баран на новыя вароты?"

Сакратар па прапагандзе Тужыкаў таксама разглядаў Шыковiча праз свае вялiкiя, у рагавой аправе акуляры, але зусiм iнакш, бяскрыўдна. На прывiтанне ён адказаў кiўком галавы, сумна ўсмiхнуўся i цяпер як бы хацеў нешта падказаць цi здагадацца загадзя, пра што ён, Шыковiч, будзе гаварыць. Яму было балюча, што большасць з тых, каго сёння будуць слухаць па такiм незвычайным пытаннi, людзi iдэалагiчнага фронту, яго памочнiкi. Злосцi на iх сакратар не меў. Былы дырэктар школы, ён, магчыма, лепей, чым хто другi, ведаў, якая гэта складаная рэч - выхаванне дзяцей.

Дырэктара машынабудаўнiчага завода Лукашэнку нават самыя нечаканыя персанальныя справы мала цiкавiлi, калi яны не мелi дачынення да выпуску станкоў.

Лукашэнка быў сам канструктар i вынаходца i на ўсiх такiх пасяджэннях займаўся тым, што абдумваў дэталi новых канструкцый, занатоўваў у вялiкую запiсную кнiжку разлiкi i формулы. Ён адарваўся ад сваёй запiсной толькi таму, што сярод вiнаватых бацькоў быў iнжынер яго завода. Дырэктар дакорлiва пакiваў яму галавой. Пакуль рассаджвалiся, Гамбiцкi падышоў да Гукана i нешта шаптаў яму на вуха.

Тарасаў пачакаў, пакуль яны скончаць шаптацца. Не дачакаўся. Сказаў: