32464.fb2
- Як вы думаеце, таварыш Шыковiч, што вырасце з дзiцяцi, якому бацькi нi ў чым не адмаўляюць? Усё падносяць на залатой талерцы. Машыну, дачу, вучобу, работу... Не паступiў у iнстытут - куды жадаеш, сынок? На тэлестудыю? Калi ласка. Выгналi адтуль - навошта прымушаць яго падумаць, папакутаваць, пашукаць... З помпай, як героя, - на лепшы завод, у лепшую брыгаду. У брыгаду камунiстычнай працы! Падумайце, таварышы! Цi не выклiк гэта?..
Цяпер словы Гукана балюча бiлi сваёй несправядлiвасцю. Ён мог усё гаварыць пра бацькоў. Кiрыла, бадай, з усiм згадзiўся б: нiчога не скажаш, выхоўваць-такi не ўмеем. Але калi Гукан робiць вунь якiя вывады з таго, што Славiк пайшоў на завод, калi вядзе да таго, каб патрабаваць выгнаць хлопца з брыгады, - з гэтым Кiрыла не мог згадзiцца. Зноў хлынуў пот. Стрымлiваў i супакойваў Тарасаў; глядзеў добрымi вачамi i нават кiўнуў: трымайся.
- Мы ж добра ведаем, Шыковiч - лепшы сябра хiрурга Яраша. А Ганчароў прыёмны сын Яраша. Добры хлопец, а, на жаль, не вытрымаў такога нацiску, паддаўся.
- Эх, чорт! - абурыўся Грыбок. - I тут блат! Ну, не! Тут яго не будзе! Дарожку закрыем! Такiх сынкоў на вярсту не падпусцiм да камунiстычных брыгад!
Флегматычны Тужыкаў рэзкiм рухам зняў акуляры, махнуў iмi, гатовы запярэчыць.
Але яго апярэдзiў Шыковiч.
- А такiх - куды? - усхапiўся ён з месца. - У турму, цi што? Дык няма ў кодэксе...
- Вы чулi, Сяргей Сяргеевiч? - таксама ажно падскочыў Грыбок.
- Чулi! - адказаў яму Тужыкаў. - А праўда - дзе такiх выхоўваць?
- Дзе? - сумеўся Грыбок i асеў, з'ядаючы вачамi першага сакратара.
- Я мушу заявiць, таварышы сябры бюро, - працягваў мiж тым Шыковiч, - з усёй сур'ёзнасцю i адказнасцю сябра партыi, што абвiнавачванне мяне, Яраша, Ганчарова, усяе брыгады ў нейкiм блаце... - гэта, мякка кажучы, глупства. Ганчароў i яго хлопцы самi прапанавалi Ўладзiславу пайсцi да iх у брыгаду. I я лiчу, што яны паступiлi правiльна. I радуюся, што сын згадзiўся. Значыцца, разумее... Мяне не здзiўляе, Сямён Парфёныч, ваш погляд на такiя рэчы. Цяжка глянуць на свет па-новаму. Здзiўляе малады Грыбок.
- Я?
Гукан стаяў, упёршыся алоўкам у стол, i спакойна чакаў, пакуль выказвалiся другiя. Нiхто, магчыма, не прыкмецiў, як змянiўся ён пры апошнiх словах Шыковiча: на шчоках выступiлi сiнiя плямы, а карак налiўся крывёю, дзiўна неяк скрывiлiся вусны. Калi ўсе нарэшце сцiхлi, Гукан сказаў усё тым жа роўным голасам:
- Прапаную вынесцi Шыковiчу суровую вымову, - i сеў.
Прапанова з'явiлася нечаканасцю для ўсiх - i сябраў бюро, i прысутных. Гамбiцкi быццам прылiп да крэсла, у Левановiча выцягнуўся i без таго доўгi твар. Не менш спалохалiся i другiя бацькi: калi Шыковiчу вось так, дык што будзе iм?
Ашаломлены Кiрыла спытаў шэптам:
- Завошта?
- За няправiльнае выхаванне дзяцей, - Гукан стукнуў алоўкам па стале, раз. За грубыя паводзiны ў калектыве, за парушэнне партыйнай этыкi, - i зноў стукнуў, - два. За прыватнаўласнiцкiя тэндэнцыi, - не стукнуў. - Мiж iншым, мне вядома, што дача Шыковiча i Яраша збудавана незаконна. Няправiльна, зноў-такi па блату, я не баюся паўтарыць гэтае слова, адведзены ўчастак. Лiчу, што гарком павiнен высветлiць усе акалiчнасцi.
"Што гэта ён так уз'еўся на Шыковiча? - думаў Тарасаў. - Праўду кажуць: сааўтары - што палюбоўнiкi адной жанчыны. Абавязкова счэпяцца. Трэба будзе разабрацца".
Калi на пасяджэннях узнiкалi вось такiя складаныя сiтуацыi, Тарасаў любiў паназiраць за людзьмi. Хто як рэагуе? Хто каго падтрымлiвае? Гэта лёгка чыталася па тварах. Бо здаралася, што чалавек займае ўпачатку адну пазiцыю, а ў канцы - зусiм супрацьлеглую, зрэдку бывае i так, што ў думках ён за адно, а на словах - за другое. Такiх Тарасаў не любiў. Маўклiвага для прапагандыста, упартага, цяжкаватага па характару Тужыкава ён паважаў за тое, што той заўсёды трымаўся пэўнай думкi. Такога лёгкi вецер не паверне, толькi добрая бура. Мабыць, адчуваючы, што сябры бюро разышлiся ў сваiх адносiнах да таго, што сказаў Гукан, Тужыкаў шчыра раiў вачамi: "Скажы ты, Сяргей Сяргеевiч". Тарасаў паслухаўся гэтай парады.
- З дачамi мы разбяромся, - сказаў ён да Гукана, потым - да Шыковiча: Паводзiны вашага сына, таварыш Шыковiч, - ганебныя паводзiны. I мы вас сур'ёзна папярэдзiм. Не толькi вас. Увогуле будзем сурова патрабаваць ад камунiстаў, каб яны адказвалi за сваiх дзяцей, за выхаванне моладзi. Гэта закон нашага жыцця. Я асабiста ўхваляю, што ваш сын пайшоў на завод. Калi праўда, што хлопцы з брыгады Ганчарова самi яго ўзялi, то хвала iм i чэсць. Думаю, што яны больш шырока разумеюць сваю ролю ўдарнiкаў камунiстычнай працы. Правiльна разумеюць. Не замыкаюцца. Змагаюцца за кожнага чалавека. Як, таварышы прапагандысты? Правiльна я разумею, што такое брыгада камунiстычнай працы? - Ён глядзеў на Грыбка, i ў светлых вачах яго скакалi iскаркi хiтрага смеху.
- Правiльна, Сяргей Сяргеевiч! - умомант згадзiўся Грыбок.
"Ну i флюгер!" - ужо без злосцi i абурэння падумаў Шыковiч. Разам з усведамленнем, што пагроза быць выгнаным з брыгады ад Славiка адведзена, прыйшла дзiўная фiзiчная слабасць. Зашумела ў вушах, самлелi ногi, высахла ў роце. Наступiла разрадка пасля нервовага напружання гэтага багатага на ўражаннi, цяжкага дня. Ён нават дрэнна чуў, хто яшчэ што гаварыў пра яго i Славiка. Помнiў: Гукан настойваў на сваёй прапанове.
"Завошта?" - хацелася спытаць зноў, але Кiрыла i гэтага не здолеў зрабiць, толькi са здзiўленнем падумаў: "Што мае да мяне гэты чалавек? Што яму не спадабалася? Я да яго заўсёды з адкрытым сэрцам".
Адкрытае сэрца...
Нутро гарэла ад смагi. Але не хапiла смеласцi падняцца i налiць з графiна, што стаяў на сакратарскiм стале. Раптам з'явiлася боязь самлець - як там, у аперацыйнай. Грыбок цяпер амаль што абараняў яго i абмяжоўваў спагнанне папярэджаннем. Красоўскi падтрымлiваў Гукана. Кiрыла падумаў: "Цiкава, якая сям'я ў сакратара райкома? Дзецi ёсць? Трэба даведацца", - хоць адчуваў, што наўрад цi будзе займацца гэтым. Не хопiць энергii. Здавалася, што яе ўвогуле ўжо няма, энергii, што ён разрадзiўся, як акумулятарная банка, - увесь, ад галавы да ног.
Сябры бюро пагадзiлiся на вымове. Шыковiч не аспрэчваў, не апраўдваўся абы хутчэй. Нават не запытаў, якая вымова - без занясення цi з занясеннем ва ўлiковую картку. (Пасля даведаўся - не запiсана.)
Калi паднялi Левановiча, Кiрыла спытаў:
- Мне можна iсцi?
- Чаму? Паслухайце другiх. Вам будзе карысна. I цiкава, - сказаў Тужыкаў.
А Тарасаў, якi больш пiльна назiраў за iм, нечакана дазволiў:
- Iдзi.
13
Бадай што ён не толькi "не разрадзiўся" ў той дзень, як яму здавалася, зморанаму фiзiчна i душэўна, а, наадварот - "зарадзiўся".
Шыковiч адчуў гэта на другi дзень. У той вечар ён моцна выпiў. Гэтая слабасць была агiдная. Усё астатняе на адлегласцi ў адны суткi ўяўлялася зусiм iнакшым. Ён адразу ж падумаў пра Зосю. Цi жывая? Пазванiў у бальнiцу (начаваў у горадзе). Яраш да тэлефона не падышоў: ён не выходзiў з палаты.
Кiрыла прарваўся ў аддзяленне, яго ведалi па ўчарашнiм здарэннi i далi халат. Нясмела адчынiў дзверы. У маленькай пасляаперацыйнай палаце яна ляжала адна. I амаль так жа, як у часе аперацыi, да яе былi падключаны датчыкi прыбораў. Дзяжурылi лекары i сёстры. Трымалi на кiслародзе. Шыковiч не адважыўся пераступiць парог палаты, дзе iшла нябачная барацьба жыцця i смерцi.
Яраш выйшаў у калiдор. Магчыма, толькi пухлiны пад вачамi выдавалi, што ён не спаў. А больш - нiякiх прыкмет стомленасцi. Нават пагалiўся, як заўсёды ранiцой.
- Што? - нецярплiва спытаў Шыковiч, сцiснуўшы яго рукi каля локцяў, паверх халата, i зазiраючы знiзу ў вочы.
- Ты думаў, аперацыяй усё канчаецца? Аперацыя толькi пачатак барацьбы... Былi крытычныя хвiлiны. Але, здаецца, мы перамаглi...
- Дай я абдыму цябе.
Яраш баязлiва адступiў.
- Мне - не да тваiх жартаў.
- Ну, чорт з табой.
- Дзякую. Ты што замочваў учора?
- А што табе! Прэсны маралiст!
Павярнуўся i пайшоў па доўгiм калiдоры. Можна было падумаць, што яны пасварылiся. Але Яраш глядзеў услед сябру з добрай усмешкай, як часам глядзiць дарослы, шчыры i душэўна багаты чалавек на капрыз здольнага падлетка. Крыкнуў:
- Перадай маiм, што i сёння я не прыеду.
Шыковiч павярнуўся, адсалютаваў рукой. Гэтая кароткая, крыху дзiўная сустрэча з сябрам, як кажуць, "паставiла Шыковiча на рэйкi". А ўсё тое, што ён убачыў i перажыў учора, сапраўды надало энергii, iмпэту.
I Кiрыла зноў кiнуўся на пошукi.