32464.fb2
Выслухаўшы просьбу Шыковiча - пашукаць у спецархiвах матэрыялы аб дзейнасцi патрыётаў i здраднiкаў у iх горадзе ў час акупацыi, - Вагiн шчыра загарэўся. Расказ пра падполле, пра першы гарком, групы Мельнiка i Дубецкага, пра Вараву, Ганчарова, цётку Любу, Яраша i, нарэшце, пра Савiча ён выслухаў з вялiкай цiкавасцю. Чалавек новы ў горадзе, малады i цiкаўны не толькi па абавязку службы, але i па прыродзе сваёй, ён, як губка, убiраў усё, што ўзбагачала яго веданнем людзей i абставiн. А справа Савiча - здалося Шыковiчу - проста-такi захапiла кiраўнiка абласной дзяржбяспекi. Ён тут жа выклiкаў капiтана, бадай разы ў два старэйшага за сябе, пасiвелага i ссутуленага.
Шыковiч, якi стараўся запомнiць усе дэталi паводзiн работнiкаў, пiльна прасачыў, як капiтан увайшоў. Не выцягваўся, не дакладваў. Аднак па-вайсковаму спынiўся каля парога, сказаў:
- Слухаюся, Андрэй Астахавiч.
- Сядайце, Анатоль Барысавiч, - запрасiў падпалкоўнiк i, калi той наблiзiўся да стала, спытаў: - Знаёмы?
Капiтан кiўнуў Шыковiчу галавой, але рукi не працягнуў. Сеў у крэсла насупраць, нязграбна неяк сеў, яшчэ больш згорбiўся i разглядваў свае вялiкiя мазолiстыя, як у дрывасека, далонi, сашчапiўшы пальцы.
"Чаму ў яго такiя рукi?" - падумаў Шыковiч.
Вагiн сам пачаў выкладаць сутнасць просьбы нечаканага наведвальнiка. Кiрыла здзiвiўся, што падпалкоўнiк адразу запомнiў прозвiшчы людзей.
"Зайздросная памяць".
Капiтан, здавалася, не слухаў - думаў пра нешта сваё, абыякавы да ўсяго на свеце. Разы два падняў вочы, але былi яны халодныя - нiводнай iскры цiкаўнасцi. Шыковiч ведаў гэтага чалавека, хоць знаёмы не быў. Нехта некалi яму сказаў, што гэты сiвы капiтан працаваў у iх горадзе яшчэ ў трыццаць сёмым годзе. I Кiрыла адчуў цяпер непрыязнасць да яго.
Перапынiўшы начальнiка, Шыковiч сказаў:
- З тых, што супрацоўнiчалi з акупантамi, мяне больш за ўсё цiкавiць Савiч.
Капiтан падняў вочы i кароткiм позiркам вопытнага следчага як бы прасвяцiў Шыковiча.
- У якiм сэнсе?
- Ёсць у мяне ўпэўненасць, што доктар памёр сумленным савецкiм чалавекам.
- Доказы, здагадкi?
- I тое i другое. Трэба дакументальнае пацвярджэнне.
- Вы думаеце пiсаць раман цi займацца пасмяротнай рэабiлiтацыяй?
- А вы лiчыце, што гэта несумяшчальна? - спытаў Шыковiч. - Я хачу напiсаць аповесць, якая была б праўдзiвым дакументам... Народ павiнен ведаць i герояў i здраднiкаў.
Капiтан паглядзеў на свайго начальнiка. Той хораша ўсмiхнуўся.
- Вы ведаеце, што ў горадзе жыве дачка Савiча? - спытаў пасля паўзы капiтан.
- Ведаю. - Кiрыла хацеў быў расказаць, што яна ў бальнiцы i ёй будзе зроблена вельмi складаная аперацыя, якая можа скончыцца трагiчна; нават Яраш не дае гарантыi.
Але капiтан раптам падняўся, звяртаючыся да свайго начальнiка ўжо больш афiцыйна, па-вайсковаму:
- Зраблю, таварыш падпалкоўнiк, усё, што можна.
I на развiтанне зноў толькi кiўнуў галавой. У той мiг Шыковiч падумаў пра яго iнакш. Калi Сербаноўскi гэтулькi год у органах i, як вiдаць, карыстаецца павагай маладога начальнiка, то вельмi можа быць, што гэта адзiн з сапраўдных чэкiстаў.
Шыковiч званiў Сербаноўскаму два разы. Той адказваў: "Пакуль што нiчога цiкавага няма".
Кiрыла не стаў больш званiць, а проста з бальнiцы рушыў у камiтэт.
Капiтан сядзеў адзiн у даволi вялiкiм ценявым пакоi - старыя лiпы засланялi шырокiя закратаваныя вокны. Калi Шыковiч увайшоў, Сербаноўскi спачатку паклаў у вялiзны сейф нейкiя паперы, з якiмi, вiдаць, працаваў, i толькi тады прывiтаўся за руку.
Хоць прайшло ўсяго нейкiя паўтары гадзiны рабочага дня, у яго быў выгляд стомленага i абыякавага да ўсяго чалавека.
Шыковiча ён пачаў цiкавiць сам па сабе. Як жыве гэты чалавек? Чаму ў яго мазолiстыя рукi? Чым яго разварушыць, выклiкаць на шчырую размову? Яшчэ нават не сеўшы, Кiрыла паведамiў:
- Учора Соф'i Савiч зрабiлi аперацыю. На сэрцы. Яраш аперыраваў.
Капiтан неяк устрапянуўся i ўпершыню ў прысутнасцi Шыковiча выявiў сапраўдную чалавечую цiкавасць: абапёршыся ўпалымi грудзьмi на стол, ён неяк па-дзiцячы падпёр кулаком шчаку, гатовы слухаць, i вочы яго засвяцiлiся.
- Я толькi што з бальнiцы. Яны ўсю ноч змагалiся за яе жыццё. Яраш радуецца: перамаглi! Будзе жыць!
- I будзе здаровая?
- Яраш кажа, што восемдзесят працэнтаў такiх аперацый даюць добрыя вынiкi.
- Восемдзесят?
- Гэта нямала, калi ўлiчыць, што аперыруецца. Сэрца!
- Але.
- А ведаеце, я прысутнiчаў на аперацыi.
- Сур'ёзна?
- Праўда, для мяне гэта скончылася трагiчна.
- У якiм сэнсе?
- Я самлеў.
- Проста там?
- Не. Паспеў выйсцi ў перадаперацыйную.
- I што?
- Упаў.
- Так нiчога i не пабачылi?
- Бачыў. Як раскрывалi грудную клетку. Як Яраш трымаў яе сэрца ў руках...
- У руках?