32464.fb2
Шыковiч убачыў, што Сербаноўскi непрыкметна прытулiў руку да левай стараны грудзей i задумлiва паўтарыў:
- Маленькае...
- А ведаеце, што за суткi сэрца пераганяе дзесяць тон крывi?
- Дзесяць тон?!
- Я вас пазнаёмлю з Ярашам. Ён можа цэлую ноч расказваць пра сэрца. Прыязджайце да нас на дачу. Вы не рыбак?
Чэкiст раптам цяжка ўздыхнуў:
- У мяне хворая жонка. Таксама сэрца. Стэнакардыя.
Ледзь-ледзь падняў чалавек заслону над сваiм асабiстым жыццём i адразу ўвесь раскрыўся. Цяпер Шыковiчу ўсё стала зразумела: i яго стомлены выгляд, i загрубелыя рукi, i смутак у вачах. Нялёгкая ў яго праца - нялёгкае i жыццё. Кiрыла адчуў яшчэ большую прыязь, давер, добрую сiмпатыю. I пачаў падрабязна расказваць, як Зося ратавала Яраша, як пасля шукала сына Ганчарова. Гадзiны дзве гаварыў. Факты i свае здагадкi. Сербаноўскi слухаў уважлiва, не перапынiў нiводным пытаннем цi заўвагай. А потым раптам глянуў на гадзiннiк i сказаў:
- Вы амаль пераканалi мяне, што Савiч - наш чалавек. Але скажу вам шчыра: даказаць гэта будзе нялёгка. Нам прыслалi з спецархiва яго справу, - ён кiўнуў на сейф. - Там - нiводнага дакумента ў яго карысць.
- Можна паглядзець справу?
- Не! - катэгарычна адмовiў чэкiст i ў той жа мiг быццам замкнуўся на сто замкоў. Куды дзяваўся просты, стомлены чалавек, якi дома абiрае бульбу, мые бялiзну, даглядае хворую жонку!
- Чаму?
- Вы для нас пакуль што прыватная асоба. Хто вас упаўнаважваў?
- Маё партыйнае сумленне. Хiба не аўтарытэтны орган?
- Таварыш Шыковiч, парадак ёсць парадак. Дакументы, якiя з'яўляюцца дзяржаўнай тайнай...
- А па-мойму, нiякi гэта не парадак, а ўсё тая ж бюракратыя. Не веру я ў сакрэтнасць гэтай справы! Праз дваццаць год вы ўсё яшчэ лiчыце такiя дакументы дзяржаўнай тайнай? Што там ёсць, чаго нельга паказаць камунiсту?
Капiтан не адказаў. Ён зноў разглядваў свае натруджаныя рукi.
- Нiчога там няма! Калi вы кажаце, што нiводнага дакумента ў карысць Савiча. - Шыковiч падняўся. - Пайду да Вагiна.
- Дарэмна.
- Што трэба?
- Адносiна партыйных органаў. Зайдзiце ў гарком - вас там добра ведаюць.
- Значыцца, трэба паперка - i ўсяго?
Капiтан развёў на стале рукi i, падняўшы вочы, усмiхнуўся па-сяброўску шчыра:
- Што зробiш.
Але ўсмешка гэтая ўжо больш не падзейнiчала на Шыковiча. Ён не меў злосцi на Сербаноўскага - радавы работнiк, дзейнiчае па iнструкцыi. Аднак развiтаўся холадна, расчараваны i ўзлаваны ўвогуле. У думках лаяўся:
"Не можаце паказаць дзве паперкi без гаркома".
Яму страшэнна хацелася хутчэй заглянуць у справу - што i як там iнкрымiнуюць мёртваму Савiчу? Але не хацелася iсцi ў гарком. Пасля ўчарашняга. Каб не падумалi, што ён выстаўляе сябе, iграе гэткага дзеяча, якога цiкавяць матэрыi больш высокiя, чым клопаты пра сына.
У рэдакцыi iшла лятучка. Калi Шыковiч з'явiўся ў кабiнеце рэдактара, выступаў Рагойша - разносiў яго фельетон. Прамоўца сумеўся на нейкi момант. Але "адбою" не даў, наадварот, пачаў крытыкаваць яшчэ больш бязлiтасна i зласлiва. Журналiсты заварушылiся ў прадчуваннi бойкi. Фельетон Шыковiча - не самы лепшы, гэта так. Але ў тым жа нумары надрукаваны артыкул самога Рагойшы. Калi Рагойша гаворыць, што фельетон сумны, то ад яго артыкула, напэўна, "падохлi мухi". Многiм карцела сказаць пра гэта, ды нiкому не хацелася заядацца з такiм iнтрыганам. Лепш далей ад яго, а то ён знойдзе выпадак сапсаваць табе кроў. Цяпер спадзявалiся на Шыковiча: ён не стрывае. Але Кiрыла праявiў поўную абыякавасць да крытыкi. Нават слухаў няўважлiва - думаў пра сваё. Некаторыя палiчылi, што гэта своеасаблiвая форма адказу - поўная знявага да крытыка. Нецярплiвы, гарачы Васiль Парэчка, загадчык аддзела культуры, шаптаў ззаду:
- Пляснi ты яго, Васiльевiч. Няхай не гаўкае. Артыкул яго блытаны...
Але Шыковiч не чытаў артыкула, не да газеты яму было ўчора. Ды каб i чытаў, то ўсё адно не выступiў бы: пасля аперацыi, гаркома, размовы ў КДБ яму здавалася: не на тое, на што трэба, ён часта трацiў сiлы i энергiю. У сорак пяць год усвядомiць гэта - не вельмi прыемна.
Выступiў Парэчка, па-юнацку ўлюбёны ў свайго кансультанта. Счапiлiся з Рагойшам.
Жывiцкаму прыйшлося "лiць халодную ваду". Асцярожны рэдактар, добры чалавек, ён не любiў сварак у калектыве. З-за гэтай дабраты з яго ўпотай кпiлi, але ўвогуле паважалi.
Маўчанне Шыковiча на лятучцы ўсiх здзiвiла. Звычайна ён кiдаў трапныя жарты.
Рэдактар тут жа, плануючы будучыя нумары, папрасiў яго з'ездзiць у раён, даць нарыс пра лепшага камбайнера.
Застаўшыся пасля лятучкi, Кiрыла адмовiўся ад задання.
Жывiцкi разгубiўся.
- Ты што, нездаровы?
- Не. Захоплены другой работай.
- Шкада. Вельмi шкада.
- Я дам у суботнi нумар апавяданне.
Жывiцкi любiў прозу i не любiў вершаў. З Парэчкам, якi кожны дзень адкрываў новых паэтычных генiяў, у яго iшлi бясконцыя баталii.
Кiрыла паспрабаваў працаваць - правiць матэрыял. Але ўсё здавалася сумным, непатрэбным - i чужое i сваё. У галаве круцiлiся нейкiя "касмiчныя думкi", далёкiя i ад газетных матэрыялаў i ад справы Савiча. Мабыць, ён доўга сядзеў нерухома, бо Парэчка, якi працаваў за суседнiм сталом, раптам прапанаваў:
- Давай махнём на раку, Васiльевiч. Будзе навальнiца. Люблю навальнiцу на лузе! I клёў будзе. Вось пабачыш.
Кiрыла паглядзеў у акно i ўбачыў, што неба, яснае з ранiцы, завалакла бела-попельная смуга. Аднак сонца, да ненатуральнасцi абстрактна-жоўтае (на яго можна было глядзець без акуляраў), пякло зямлю па-ранейшаму. Было цiха i душна. Вяла лiсце на маладых лiпах, прасiла пiць.
"Але, будзе навальнiца. I, магчыма, пачнуцца дажджы. Заўсёды, калi ў разгары ўборка, пачынаюцца дажджы. Сельскай гаспадарцы проста не шанцуе", падумаў Кiрыла i пашкадаваў, што адмовiўся ад паездкi ў раён; ён заўсёды адчуваў сябе як бы вiнаватым перад людзьмi сяла i пiсаў пра iх многа, з любоўю.
"А можа, праўда, паехаць на луг, пад стагi? I да нiткi вымакнуць пад дажджом".
Але тут жа прыйшло адчуванне, што ён не зрабiў нечага вельмi важнага. Не адразу нават зразумеў - чаго. А зразумеў - кiўнуў загадчыку аддзела:
- Пачакай мяне, - i знiк за дзвярыма.
Няхай што хочуць думаюць пра яго, абы дазволiлi паглядзець справу Савiча.