32464.fb2
У калiдоры гаркома Кiрыла неспадзявана сустрэўся з Тарасавым. Прывiталiся.
- Ну, як - вычухаў? - спытаў сакратар як быццам жартаўлiва, але без усмешкi.
- Што?
- Галавамойку. Не апелiруй. Другiм дасталося больш.
- А я i не меў намеру апелiраваць, - адказаў Шыковiч i падумаў: "Ну, вось, я так i ведаў".
Дайшлi да дзвярэй прыёмнай. Спынiлiся. Тут Тарасаў адчуў, што Шыковiч, якi пры сустрэчы неяк даверлiва пацягнуўся да яго, раптам, пасля гэтых слоў, быццам палез у панцыр. Сакратар падумаў пра сябе: "Гэтыя ўмоўнасцi, згары яны, мiмаволi робяць нас бюракратамi. Iнстанцыя, дыстанцыя... А пасля глядзiш: усё па форме правiльна, а па сутнасцi... Нялёгка нам вяртацца да ленiнскага стылю", - i шчыра запрасiў, адчынiўшы дзверы:
- Заходзь - пагутарым.
На нейкi момант Шыковiч застыў у нерашучасцi - iсцi цi не iсцi? Пра што ён мае намер гутарыць са мной? Зноў пра сына?
Тарасаў зразумеў, чаму ён вагаецца. Пажартаваў:
- Не бойся. Маралi чытаць не буду.
Ужо ў кабiнеце, скiнуўшы пiнжак i расслабляючы гальштук, спытаў:
- Каго там з тваiх блiзкiх аперыравалi? Мне Ларыса Пятроўна сказала.
I Шыковiч пачаў расказваць усё з яшчэ большымi падрабязнасцямi, чым ранiцой расказваў Сербаноўскаму, - пра Савiчаў, бацьку i дачку, пра падпольшчыкаў, iмёны якiх раней нiдзе не ўпамiналiся, пра свае здагадкi, меркаваннi, пра суб'ектыўнасць кнiгi Гукана. "Вось яно што, - падумаў Тарасаў, прыгадаўшы, як Гукан выступаў на бюро. - Зразумела. "Старому" нялёгка адмовiцца ад старых поглядаў. Яму здаецца, што ён адзiн усё сказаў. I хочацца любымi сродкамi збiць з тропу гэтага няўрымслiвага чалавека, свайго сааўтара, якi можа ўсё перавярнуць дагары нагамi. Метад той. Але час не той, Сямён Парфёнавiч".
- Я тут чалавек новы, Кiрыла Васiльевiч. Але ведаю, што пасля вайны гарком разы чатыры, здаецца, займаўся падполлем.
- I кожны раз у спiс падпольшчыкаў заносiлi дзесяткi новых iмён. Хiба гэта не доказ таго, якi размах мела барацьба нашых людзей? Хiба для выяснення i ўслаўлення гэтай барацьбы не варта папрацаваць? - Шыковiчу здалося, што Тарасаў супраць таго, каб яшчэ раз вяртацца да падполля, i ён выказаў гэта горача, з наступальным запалам.
- Але, для гэтага варта папрацаваць, - задумлiва згадзiўся сакратар гаркома, шукаючы ў спiсе пад шклом нумар тэлефона.
- Першапачаткова нават iмя Яраша нiдзе не ўпамiналася. А ён выконваў спецзаданнi гаркома.
Тарасаў павярнуўся да столiка з тэлефоннымi апаратамi i набраў кароткi нумар.
- Ало. Вагiн? Добры дзень. Тарасаў. Многа шпiёнаў злавiў? Што? Вывелiся, кажаш? Глядзi, як бы мы не прытупiлi пiльнасць. То-та. Андрэй Астахавiч, што гэта ў цябе баяцца паказаць дакументы часоў вайны нашаму пiсьменнiку? Чалавек цiкавую працу задумаў. Трэба памагчы. Што? - Тарасаў змоўк i слухаў даволi доўгае тлумачэнне, кiдаючы час ад часу кароткае: "Ыгы".
Кiрыла заўважыў, што ў нейкi момант ён шчыльней прыцiснуў слухаўку да вуха. Сакрэт. Кiрыла падняўся з крэсла i адышоў да акна. Неба зрабiлася шэра-попельным. Сонца рассеяла свае праменнi ў гэтых сухiх i высокiх аблоках. Не пякло больш. Але нерухомае паветра не астывала, яно як бы згушчалася, ад чаго духата нават мацнела - ажно цяжка рабiлася дыхаць.
"Але, паедзем з Парэчкам на луг. Пад навальнiцу. Станем на беразе i будзем гукаць грому: о-го-го! Некалькi гадзiн першабытнага жыцця. Васiль умее арганiзаваць яго. Каб нi пра што не думаць..."
- Добра. Давай у чатыры.
Шыковiч схамянуўся, узрадаваны, што гэта яму назначае Вагiн сустрэчу на чатыры. Глянуў на гадзiннiк: было без чвэрцi тры. Тарасаў паклаў слухаўку.
- Днi праз два яны пакажуць табе, Кiрыла Васiльевiч, патрэбныя дакументы. У такiх органах нельга без некаторых фармальнасцей.
"Два днi, якiя, напэўна, расцягнуцца ў тыдзень!" - нецярплiвы даследчык расчаравана ўздыхнуў.
Сакратар нiбы прачытаў яго думкi.
- Не бойся, гэта не будзе праз два тыднi. У чатыры Вагiн будзе ў мяне, i я яшчэ раз напомню яму. Жадаю поспеху.
На трэцi дзень пасля аперацыi Яраш нарэшце пакiнуў бальнiцу i прыехаў на дачу. З'явiўся гадзiн у пяць дня на таксi, акуратна паголены, у новай чэшскай тэнiсцы (дома ведалi, што пасля ўдалай аперацыi ён заўсёды нешта купляе), з шампанскiм, цукеркамi, падарункамi. Быў уважлiвы, далiкатны, ласкавы, быццам не бачыў сям'ю i суседзяў цэлы год.
Галiна Адамаўна ўмела сустрэць яго ўрачыста. Калi ён затрымлiваўся ў бальнiцы на суткi, на двое пасля такiх вось аперацый, у яе не ўзнiкала нiякiх дурных думак. Нiшто не псавала настрою, i яна сама радавалася, што страчае мужа з чыстай душой. Пра аперацыi яна звычайна не любiла распытваць. Але на гэты раз выпадак быў асаблiвы.
- Па тваiм выглядзе бачу, што ўсё добра. Вiншую.
- Не трэба вiншаваць, Галка. Не трэба. Ты ведаеш, я не люблю вiншаванняў, калi размова iдзе аб жыццi чалавека. Ды i не ўсё яшчэ добра.
Але калi прыбегла з лугу Наташка i павiсла на шыi, спытала таямнiчым шэптам: "Ну, як там, тата? Што?", то ён адказаў:
- Добра, Наталка. Мы з табой перамаглi яшчэ раз.
- Раскажы.
Яна адна любiла слухаць, як бацька расказваў пра сваю работу, i даволi добра ўжо для свайго ўзросту разбiралася ў хiрургiчнай тэрмiналогii. А таму Яраш ахвотна пачаў перадаваць увесь ход аперацыi, амаль гэтак жа падрабязна, як расказваў бы студэнтам, трохi хiба больш спрошчана, з меншым ужываннем спецыфiчна медыцынскiх слоў.
Мацi не падабалася гэтае дзiўнае, не па ўзросту, захапленне дачкi хiрургiяй, але яна маўчала, рабiла выгляд, што таксама слухае з цiкавасцю. Неяк раней яна аднойчы сказала:
- Антон, я зусiм не хачу, каб Наташа была лекарам. Даволi ў хаце медыцыны!
Наташа горача запярэчыла:
- Хiба дрэнна быць такiм лекарам, як тата?
- Такiх нямнога... А быць такiм, як я... Вырываць гнiлыя зубы...
Антон тады абурыўся, закрычаў, што ён катэгарычна забараняе ёй гаварыць гэтак пры дзецях аб сваёй прафесii, ды i наогул аб любой прафесii. Дзецi павiнны паважаць кожную карысную працу! З таго часу яна не перашкаджала iх медыцынскiм размовам. Толькi радавалася, што медыцына зусiм не цiкавiць сына. Але не радавалася, што ён, як бацька, галубятнiк.
Вiктар дапамагаў мацi ставiць на стол з паважнасцю дарослага. Але ў душы раўнаваў да сястры, што яна захапiла бацьку. Яму таксама хацелася пахвалiцца, што ён перабудаваў галубятню, нечакана пазнаёмiўся з галубятнiкам з суседняй вёскi, тутэйшым настаўнiкам, i выменяў у яго пару рэдкiх паштавiкоў. Але не можа ж ён вось так з бухты-барахты, як тая Наташка, кiнуцца бацьку на шыю i прапанаваць: "Хутчэй лезем на гарышча!" У самым пачатку сустрэчы з бацькам Вiця паведамiў толькi адну навiну:
- Учора, ведаеш, якая навальнiца шуганула. Франтальная. За Студзёнкай на тры кiламетры лес палажыла. Максiм Рыгоравiч кажа - тысячы дзве кубаметраў буралому.
Пра галубоў сказаў пасля полудня, калi выйшлi на двор. Сказаў стрымана, мiж iншым.
Яраш усё зразумеў. Выгукнуў, нiбы нават з крыўдай:
- Што ж ты маўчаў? - i адразу палез на веранду. Праз колькi хвiлiн вясёлы, пранiзлiвы свiст абудзiў адвячоркавую цiшыню лесу i лугу.
Увечары, калi прыехаў з горада Шыковiч, яны палiлi свой касцёр i на агнi варылi юшку; Яраш з сынам паспелi налавiць рыбы.
Мокрае яшчэ ад учарашняга лiўня ламачча гарэла роўна i нягорача. Юшка варылася доўга. Елi яе ўжо ўпрыцемку. Накармiлi дзяцей.
- Наташа i Вiця! Спаць!