32464.fb2
"...Пан фельдкамендант!
Сваёй прафесiяй i грамадскай дзейнасцю я жадаю паслужыць стварэнню ў маiм родным горадзе новай цывiлiзацыi i новай культуры, якую прынесла вялiкая армiя фюрэра.
Сцяпан Савiч, лекар".
Чалавек эмоцый, Шыковiч не стрымаўся - i ўголас вылаяўся, калi прачытаў гэта. Сербаноўскi паглядзеў на яго з дзiўнай ухмылкай, здавалася, здзеклiва пытаў: "Што ты будзеш даказваць цяпер?" Кроў ударыла Кiрылу ў твар, ён пачырванеў. З'явiлася адчуванне, што мёртвы Савiч груба i нахабна ашукаў яго, жывога. Каб той, як другiя здраднiкi, галаслоўна i агульна паклёпнiчаў на савецкую ўладу i кляўся ў вернасцi акупантам, гэта пераконвала б менш, чым вось такая бiяграфiя. Бо калi ў ёй усё праўда, то зусiм натуральна, што стары iнтэлiгент мог мець крыўду на савецкую ўладу i гэтая крыўда павяла яго да ворага.
Але ў наступную хвiлiну Шыковiч падумаў пра Заслонава, пра Кузняцова, потым - пра Яраша: колькi ў таго было падпольных бiяграфiй i якую заяву ён пiсаў, калi па заданню гаркома паступаў у пажарную: сын кулака, асуджаны i ўсё, што хочаш.
Не, адступаць нельга! Яраш не жадае, каб ён узнiмаў архiўны пыл, - баiцца за Зосю, гуманiст. Ён i Зося ўпэўнены, што бацька яе - сумленны чалавек, "не герой, але i не вораг". Яраш баiцца, раптам дакументы дакажуць другое. Пакуль што пра здраду Савiча напiсаў адзiн чалавек - Гукан, напiсаў адзiн сказ, на якiм наўрад хто з чытачоў затрымлiвае ўвагу. Прайшло шмат год, вырасла новае пакаленне, якому няма нiякай справы да нейкага доктара Савiча, лёс яго нiкога не цiкавiць. Дык навошта выцягваць яго з небыцця? Так, напэўна, разважае Яраш. Але ён, Кiрыла, трымаецца iншай думкi. Нарэшце, гэта справа яго гонару: завяршыць пачатую працу!
I Шыковiч пачаў вывучаць гэты бадай што галоўны дакумент абвiнавачвання. Цiкавы дакумент. Ён чытаў пераклад, надрукаваны на машынцы. Але тут жа быў падшыты i арыгiнал. Савiч вырашыў паказаць сваё веданне нямецкай мовы. Вiдаць, сам камендант з нямецкай акуратнасцю зялёным чарнiлам выправiў у заяве ўсе памылкi (iх было многа), падкрэслiў няправiльныя выразы i напiсаў рэзалюцыю ўнiзе пад подпiсам Савiча:
"Пану Цiшчанку. Рэкамендую даручыць пану Савiчу ахову здароўя цывiльнага насельнiцтва", - i вельмi неразборлiвы подпiс, замест якога ў перакладзе стаiць пытальнiк.
"Ахову здароўя! Якi цынiзм!" - падумаў Шыковiч, перачытваючы пераклад заявы яшчэ раз.
Наступны дакумент - пастанова ўправы ў сувязi з эпiдэмiяй брушнога тыфусу, якая ўспыхнула ў горадзе ўлетку сорак другога года. Доўгi тэкст на штучнай беларускай мове. Аднак чамусьцi ў друкарнi замест "н" кiрылiцы часта набiралi "п" лацiнскае. Слова "насельнiцтва", напрыклад, было надрукавана як "пасельнiцтва". Подпiсы - Цiшчанкi i Савiча. Параграф, у якiм гаварылася, што кожны, хто парушыць вышэйпералiчаныя санiтарныя правiлы, будзе асуджаны па законах ваеннага часу, абведзены сiнiм алоўкам. Яшчэ адзiн доказ вiны Савiча. Але тэкст пастановы сведчыў, што напiсана яна чалавекам, якi ведаў, як змагацца з эпiдэмiяй, i сапраўды дбаў пра ахову здароўя цывiльнага насельнiцтва.
- На месцы вашага калегi я не далучаў бы такi дакумент да справы. Ён апраўдвае Савiча, - сказаў Шыковiч капiтану.
Сербаноўскi адказаў холадна, амаль непрыязна, не адарваўшыся нават ад папер:
- Тут падшыты ўсе дакументы, якiя знойдзены.
- Мяркуючы па заяве, захоплены архiў управы... Так?
- Не ведаю.
- Няўжо там больш нiчога не знайшлося, што характарызавала б дзейнасць Савiча?
- Не ведаю. Прачытайце выразкi.
Выразак з газет было некалькi. З розных - нацыяналiстычных, нямецкiх, партызанскiх. Фота: у прэзiдыуме сходу беларускай iнтэлiгенцыi - Савiч, над галавой яго пастаўлены крыжык. Здымак цьмяны, невыразны, твары расплылiся, але ўсё-такi пазнаць можна, што чалавек, адзначаны крыжыкам, той самы, што i на фота, якiм адкрываецца справа. Вельмi прыкметны лоб.
Узнагароджанне шчырых служкаў "новага парадку" ордэнамi рэйха. У спiсе ўзнагароджаных Савiча няма. Але на фота, на якiм адбiта цырымонiя ўручэння фашысцкiм генералам узнагарод, на заднiм плане, праўда, - зноў той жа лоб выглядвае з-за галоў другiх. Нарэшце доўгi слязлiвы некралог, якi Шыковiч чытаў яшчэ тады, калi пiсаў кнiгу Гукана. Спачуваннi ў нацыяналiстычнай i нямецкай газетах. Паведамленне аб пахаваннi "актыўнага дзеяча беларускага вызваленчага руху", праслаўленага доктара медыцынскiх навук Сцяпана Савiча, "якi загiнуў ад рук бандытаў". Кароткая iнфармацыя ў газеце партызанскай брыгады "За Радзiму": "Падпольшчыкi горада выканалi прысуд народа над здраднiкам Радзiмы доктарам Савiчам. Такая кара чакае кожнага фашысцкага сабаку!"
Шыковiч загарнуў папку, моцна пляснуў па ёй далоняй. Настрой у яго быў такi, што хацелася з кiм-небудзь пасварыцца. З Сербаноўскiм, цi што? Яго ўзлавала, што капiтан нiяк не зрэагаваў на тое, як ён скончыў сваю працу. Нават не ўзняў галавы.
- I гэтыя дакументы вы баялiся паказаць мне? Ва ўсiх iнстанцыях узгаднiлi? Фармалiсты!
- Нiчога цiкавага для вас няма? - як бы шкадуючы, спытаў Сербаноўскi, адкiнуўшыся на спiнку крэсла i працiраючы пад акулярамi стомленыя вочы.
- Апроч прашэння Савiча, усё гэта я чытаў дванаццаць год назад. Без усялякай гульнi ў хованкi.
Капiтан, мiж iншым, падумаў:
"А следчы з цябе не надта. Каб ты быў больш уважлiвы, то ўбачыў бы, што папка расшывалася i адзiн дакумент з яе вынялi".
- Не сакрэт, што вы намерваецеся рабiць далей?
- У маёй працы сакрэтаў няма. Плюну на архiўны пыл, як раiў мой сябра Яраш. Буду шукаць жывых людзей, якiя ведалi Савiча, працавалi з iм. - Шыковiч падняўся, пацягнуўся, каб распрастаць самлелае цела. I раптам павярнуўся да капiтана, спытаў ва ўпор: - Скажыце, Сербаноўскi, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёмiўшыся са справай Савiча? Што падказвае вам чуццё старога чэкiста?
Сербаноўскi падняўся, падышоў да сейфа, дастаў з кiшэнi ключы, адчынiў тоўстую дзверку.
- Я пакажу вам маленькi дакуменцiк, якi мне ўдалося адшукаць. - I дастаў з верхняй палiчкi блакнотны пажоўклы лiсток, доўгi i вузкi, працягнуў Шыковiчу. Той у адзiн позiрк прачытаў:
"Хведзя!
Я абсалютна уверен, что аграбление аптечного склада не абышлося без Савича. О, ты не знаеш, какая эта хитрушчая лиса! Гарантируй тысячу марак - и я табе раскушу эты арех. Имею "ключик". Табе - слава и спасибо гестапо, а мне - грошы. Давай согласие. Не тяни
Твой Кравец".
Напiсана алоўкам, па-расейску, з памылкамi.
Шыковiч прачытаў другi раз, трэцi, здзiўлены i ўзрадаваны. Потым з удзячнасцю паглядзеў на капiтана. Зачынiўшы сейф, Сербаноўскi круцiў на пальцы ключы i тлумачыў:
- Гэта з "архiва" следчага палiцыi Хведара Швагерава. Яго судзiлi ў сорак пятым, далi пятнаццаць год. Я вось разбiраю судовыя матэрыялы. На жаль, тады нiхто не расшыфраваў гэтай запiскi. Хто пiсаў? Калi? З якой прычыны? Вiдаць, палiчылi, што намёк на Савiча - непаразуменне. Прыйдзецца расшыфроўваць цяпер.
Яны глядзелi ў вочы адзiн аднаму, глядзелi з той шчырасцю i разуменнем, якое яднае людзей, робiць сябрамi. Сербаноўскi адчуў, зразумеў, як раптам змянiў сваю думку аб iм пiсьменнiк, i парадаваўся, хоць лiчыў, што яму не да твару выяўляць якiя б там нi было пачуццi. А Шыковiч, наадварот, адчуваў, што ён не можа, не мае права апусцiць вочы, пакуль не скажа гэтаму, на першы погляд, сухому чалавеку нейкiя асаблiвыя словы.
- Слухайце, Анатоль Барысавiч!.. Каб мы з вамi былi ў больш блiзкiх адносiнах, эх, як я зараз вылаяў бы вас! Ведаеце, ёсць такiя нецэнзурныя словы, якiя пры адпаведнай iнтанацыi лепш i мацней за любую пахвалу.
- Мне не трэба пахвалы, Кiрыла Васiльевiч. Толькi, калi ласка, не думайце, што я i мае калегi заўсёды падбiралi толькi тыя дакументы, якiя абвiнавачваюць. "На месцы вашага калегi..." Эх, Кiрыла Васiльевiч! Паверце, што для мяне самая радасная работа - даказаць, пацвердзiць сумленнасць савецкага чалавека.
Шыковiч працягнуў яму руку. Яны застылi ў моцным сяброўскiм поцiску рук.
- Памажыце нам. А я памагу вам.
- Дзякую, Анатоль Барысавiч.
15
Шматтонная станiна павольна плыла ў цесным праходзе памiж станкамi, паўсабранымi i гатовымi, шэрымi i ярка пафарбаванымi для экспарту. Высока над дахам цэха сунулася шкляная будка крана. Дзяўчына ў сiнiм чысценькiм камбiнезоне, стракатай, як вясновы луг, касынцы пiльна сачыла за рухам станiны, за людзьмi ўнiзе, занятымi працай. Зараз нехта са зборшчыкаў возьме гэтую "дэтальку", павядзе па праходу i пакажа месца, дзе яе паставiць. Павiснуць аслабленыя тросы, лёгка адчэпяцца крукi. Яна падцягне iх на небяспечную для людзей вышыню, i тады кран з грукатам i звонам ад'едзе назад. Часам ёй доўга прыходзiцца сядзець без працы, чакаць, пакуль механiкi i зваршчыкi дадуць новую цяжкую дэталь. Яна азiрае цэх з вышынi i зайздросцiць слесарам - яны працуюць увесь час ад гудка да гудка. Сярод вялiзных машын маленькiя людзi - як мурашкi. Але машыны гэтыя, прыгожыя i разумныя, збiраюцца iх рукамi. Праўда, без яе працы, без крана, яны нiчога не сабралi б, бо не здолелi б падняць нават невялiкi "вузялок". Гэтая думка заўсёды суцяшае Нiну: не апошнi "вiнцiк" i яна ў цэху.
Нiна пазванiла: "Прымайце сваю дэтальку".
З-за станка вынырнула знаёмая постаць. Хлопец у берэце спынiўся ў праходзе, спiной да яе, глядзiць некуды ў канец цэха, дзе працуюць упакоўшчыкi, i быццам не чуе i не бачыць, што на яго паўзе двухсотпудовая аграмадзiна. Нiна рэзка затармазiла кран. Станiна небяспечна гайданулася. Кранаўшчыца пазванiла гучна, злосна. Хлопец - нi з месца.
Нiна высунулася з будкi i закрычала:
- Гэй, ты! Доўга варон будзеш лавiць? Разява!
Тады Славiк павярнуўся, ухмыльнуўся на ўвесь замурзаны твар, блiснуў прыгожымi зубамi, сарваў берэт i прыветлiва махнуў iм.
- Ах, гэта вы, лэдзi?! Рады вас вiтаць! I пачуць анёльскi галасок i арыстакратычны стыль...