32464.fb2 Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 52

Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 52

Але ў гэты момант нехта са слесараў заляпаў малатком так, што зазвiнеў увесь метал у цэху. Нiна не разабрала нiводнага слова. А Славiк пачуў, як яна кiнула з вышынi, як камень:

- Пiжон!

"Запiшам i гэта на твой рахунак, дарагi "дзятлiк", - падумаў Славiк i, нахiлiўшыся, спрытна нырнуў пад станiну, што па тэхнiцы бяспекi таксама забаранялася. З'явiўшыся на другiм баку, надзеў парусiнавую рукавiцу i... "павёў" станiну на месца. Рабiў ён гэта спачатку лёгка i няўважлiва, як вопытны майстар. Але паставiць "дэтальку" на месца - на другую станiну аснову станка - не так проста, як Славiку здавалася спачатку. Пры ўсiм уменнi i спрытнасцi кранаўшчыцы станiна гойдалася i адыходзiла то ў адзiн, то ў другi бок. Пасля дзвюх-трох спроб Славiк зразумеў, што яму не вытрымаць гэтага, па сутнасцi, першага экзамену, i вырашыў, што ва ўсiм вiнавата чортава "дзятлiха". Там, у будцы, яна знарок робiць так, каб паказаць яго няздатнасць. Здзекуецца. Чакай жа!

Ён задраў галаву i крыкнуў:

- Гэй,ты! Варона!

Але Нiна была такая засяроджаная, што востры тварык з доўгiм носiкам, за што Славiк адразу ахрысцiў яе "дзятлiкам", яшчэ больш завастрыўся i выцягнуўся. Славiк азiрнуўся, каб паклiкаць Тараса. Гонар дазваляў яму ў цяжкiх абставiнах звяртацца за дапамогай да Тараса i да Косцi - больш нi да каго. Але ў той мiг з'явiўся Iван Ходас. Славiка ажно перасмыкнула: зноў Ходас. Гэты востры на слова, зласлiвы i непрымiрымы Iван заўсёды аказваецца побач, калi ён, Славiк, трапляе ў няёмкае цi цяжкае становiшча. Быццам назiрае за iм.

Ходас ледзь прыкметнымi, дырыжорскiмi рухамi левай рукi паказаў Нiне, у якi бок скрануць станiну. Павёў яе на сябе, глянуў па зрэзу бакавой плiты, нiбы прыцэлiўся, i, даўшы каманду кранаўшчыцы ад'язджаць, лёгка i проста паставiў станiну на месца - паз у паз, шчылiна ў шчылiну.

Калi кран з грукатам ад'ехаў, Ходас, аглядаючы аснову будучага магутнага станка, спытаў быццам мiж iншым:

- Ты працаваць сюды прыйшоў цi забаўляцца?

- А што? - адразу натапырыўся Славiк.

- А тое, што ў цэху працуюць. А крыўляцца можаш у парку.

- Калi я не здолеў паставiць гэтую штуковiну, значыцца, я крыўляюся? Добранькая дапамога!

Iван узняў галаву, i вочы яго, звычайна блакiтныя, як два лясныя азяркi ў ясны дзень, пацямнелi, быццам на iх упаў цень ад навальнiчнай хмары. Славiк ужо i раней прыкмецiў незвычайную зласлiвасць колеру яго вачэй i забаўляўся гэтым.

- Крыўляўся пад кранам. Вытанцоўваў перад станiнай, як дурань перад труной.

- Дзякую, маэстра. Вось гэта зусiм па-кам... - Славiк пракаўтнуў слова, бо Iван неспадзявана схапiў яго за нагруднiк камбiнезона i гнеўна прашаптаў:

- Ты-ы! Не кiдайся гэтым словам дзе папала! Для мяне яно святое. Зразумеў? Пiжон! - i, расшчапiўшы пальцы, сказаў звычайна: - Замацуеш асноўныя балты. Прывiнцiш кранштэйны. - I вочы яго сталi блакiтнымi.

Знешне грубаваты i цынiчны, Славiк быў уражлiвы i па-дзявочы сентыментальны. Застаўшыся каля станка адзiн з цяжкiм ключом у руках, ён раптам адчуў сябе прынiжаным i абражаным. Рукi дрыжалi - ключ зрываўся з гайкi, i яму хацелася плакаць. I работа здалася ненавiснай, прынiжаючай яго чалавечую годнасць. Якi здзек лёсу! Столькi найвышэйшых мар, i раптам завiнчваць гайкi. З'явiлася жаданне кiнуць усё да д'ябла, пайсцi з завода i нiколi больш не вяртацца. Але за апошнi тыдзень, як ён працуе ў брыгадзе, у яго з'явiлася новая рыса - нейкi своеасаблiвы гонар: дакажу, што i я не горшы за вас - за Тараса i яго брыгаднiкаў, за бацьку, за Яраша. Разам з тым ён працягваў сваю ранейшую лiнiю: пераконваў самога сябе, што ўсе другiя не лепшыя за яго, што яны проста па-ханжаску прытвараюцца, iграюць, як акцёры, высакароднасць i высокую свядомасць. Сябра брыгады, ён радаваўся, калi ў брыгадзе нешта не ладзiлася цi нехта дрэнна гаварыў пра яе. У першы дзень да яго падышоў стары рабочы. Славiк адразу адзначыў, што чалавек худы, i падумаў: "Не дужа сыта, вiдаць, харчуецца".

Рабочы спытаў з хiтраватай усмешкай, кiўнуўшы ў той бок, дзе хлопцы збiралi станок:

- У брыгадзе будзеш?

- Ага.

- Вучнем?

- Хацеў за iнжынера - не бяруць.

- Як пралез? Па блату?

- Куды?

- У брыгаду.

"Ага, значыцца, i ў гэтую брыгаду могуць пралазiць па блату", - амаль узрадаваўся Славiк i адказаў:

- Па блату. Я - сваяк Ганчарова.

- Ясна. Сваяк сваяка...

- Ага.

Славiку хацелася, каб рабочы пачаў ганiць брыгаду i нават Тараса, хоць у душы быў удзячны Тарасу за сяброўскую падтрымку. Але рабочы сказаў iншае:

- Ганчароў - чалавек правiльны, але дзiвак. Лепшы зборшчык. Пяты разрад. Працуй - заганяй манету. Дык не - хочацца яму вучыць такiх смактункоў, як ты. Няхай у фазаў iдуць. А ён - у брыгаду. Не было на зборцы брыгад. Яны перайначылi. Даюць сто пяцьдзесят працэнтаў. Але што ён мае ад гэтага, Ганчароў? Вось чаго я не магу зразумець. У яго пяты разрад, у Косцi - другi, а прагрэсiўку дзеляць пароўну. Дзiвак!

- У Тараса бацька багаты, - вырашыў падыграць Славiк.

- Яраш? Ён жа не родны.

- Але ўсё адно грошай дае - колькi хочаш.

- Манiш, - усмiхнуўся рабочы. - Навошта ж яму тады жылiцца так на зборцы?

- Свядомасць.

- Але, ёсць такiя людзi, - уздыхнуў чамусьцi стары, можа, пашкадаваў, што ён пражыў сваё жыццё не зусiм так. Сказаў: - Ну, Ярашу не шкада. Залатыя рукi мае чалавек. Люблю людзей умелых. Такiм i тысячу можна плацiць.

- А колькi вы выганяеце?

- Ды як калi. Паўтары-дзве.

Славiк свiснуў.

- Што ж гэта па вас не вiдно? - I, уцягнуўшы шчокi, сцiснуў iх пальцамi, разявiў рот, маўляў, чаму ж такi худы?

Рабочы ў адказ мазануў Славiка па твары намасленай веташшу.

- Вытры нос.

Стары, вiдаць, пакрыўдзiўся. I Славiк абразiўся таксама. Каб хто ў iншым месцы гэтак зняважлiва пэцнуў па твары - не паглядзеў бы нi на ўзрост, нi на пасаду, нi на што. А тут прыйшлося змаўчаць.

Увогуле, у першы дзень яму не пашанцавала. Як пэцнулi па твары - гэтага хоць нiхто не бачыў. А вось другое яго ўнiжэнне бачылi многiя. Ён стаяў i з цiкавасцю разглядаў вялiзныя станкi. Раптам - званок угары. Ён задраў галаву i жахнуўся: на яго паўзла агромнiстая станiна. Ён не ведаў яшчэ тады, якая паслухмяная машына кран i як спрытна i лёгка можа пранасiць па цесным праходзе шматтонныя дэталi беленькая хударлявая дзяўчынка-кранаўшчыца. Здалося, што нiхто не здолее спынiць iнерцыю гэтай махiны i яна вось-вось раздавiць яго. I ён адскочыў, як спалоханы заяц. Моцна выцяўся аб станок нагой i ледзь не распластаўся на чорнай прамасленай зямлi. Калi ж убачыў, што станiна нерухома павiсла, а з вышынi, з будкi, выглядае дзюбаты тварык i весела смяецца, Славiку захацелася правалiцца скрозь зямлю.

У той момант ён узненавiдзеў кранаўшчыцу. I вось цяпер бравiруе смеласцю да парушэння правiлаў тэхнiкi бяспекi. За гэта яго не раз ужо лаялi: майстар, Тарас, хлопцы. Усялякiя маральныя павучаннi Славiка раздражнялi. Лаянка майстра Галыгi яму спадабалася: той па-кручаста мацюкнуўся i пагразiў, што выганiць з завода - без лiшнiх слоў i настаўленняў. Славiк, сам балбатлiвы, паважаў людзей немнагаслоўных i рашучых: сказаў - зрабiў. Пагроза майстра крыху падзейнiчала, днi два ён не выкiдваў нiякiх "конiкаў".

Увогуле ўзаемаадносiны памiж людзьмi на заводзе яму падабалiся. Няма той iнтэлiгенцкай ветлiвасцi, як на студыi, але няма i прытворства. На студыi Славiк бачыў, як асобныя рэдактары, акцёры часам нават падхалiмнiчалi перад дырэктарам, перад галоўным рэжысёрам.

На заводзе людзi ўвесь час заняты працай. Не збiраюцца, каб расказаць новыя анекдоты цi пагуляць у шашкi, як на студыi. Не пляткараць. Калi часам лаюцца, дык вось так, як Галыга: на ўсю моц, адкрыта i шчыра.

А галоўнае - падабалася прадукцыя. Гэта табе не асвятляльны штатыў. А спецыяльны, па асобаму заказу Балгарыi, гарызантальна-працяжны аўтамат з цягай у шэсцьдзесят тон! Цi вунь другая "штучка" - вертыкальны станочак вышынёй з добры дом! Вiдаць, павiнна з'яўляцца нейкае асаблiвае пачуццё, калi ўласнымi рукамi збярэш такi станок, электрыкi ўставяць яму "душу", прыйдуць iнжынеры i пачнуць выпрабаванне. Хлопцы здалi ўжо адзiн такi станок, i Славiк прысутнiчаў на выпрабаваннi. Ён прыдзiрлiва назiраў за брыгадай i ўпершыню тады сур'ёзна падумаў, што недарэмна пiшуць у кнiгах пра асобую рабочую гордасць. Гэтыя мурзатыя чэрцi могуць ганарыцца! Не станок - цэлая паточная лiнiя. Аўтаматычная загрузка i разгрузка дэталей, аўтаматычная ачыстка стружкi i 300 трактарных утулак за гадзiну... Няхай радуюцца браты-балгары! Добра было б, каб пiсалi дзе-небудзь у пашпарце, хто збiраў станок. Глядзi, неўзабаве магло б з'явiцца: Уладзiслаў Шыковiч.

Славiк падумаў пра гэта зусiм сур'ёзна, без звычайнай iронii над уласным жаданнем. Гэтак жа сур'ёзна прапанаваў у канцы змены: