32464.fb2
Брыгада, як адна сям'я, iшла па заводскiм двары, любуючыся мяцелiцай тапалiнага пуху. Славiка быццам не пачулi. Гэта кранула яго самалюбства.
"На мяне, значыцца, можна не звяртаць увагi? Чакайце ж!"
Але праз хвiлiну адгукнуўся Лапацiн:
- А можа, праўда, хлопцы?
- Ты забыўся на ўмову? - спытаў Тарас.
- Як лёгка ты iдзеш на спакусу, - зласлiва кiнуў Лапацiну Ходас.
- Не спакушай мяне, галубка! - жартаўлiва праспяваў Косця.
- Мяне чакае Зоя, - па-прафесарску паправiў акуляры Генрых.
- Глядзi, як бы ён не перавярнуў цябе ў сваю веру.
- Хто "ён"? У якую веру? Хто - "ён"? Я? Дык я - тут, жывы, здаровы. Iмя Уладзiслаў Шыковiч. - Хлопца заела, што Ходас сказаў "ён", нiбы яго, Славiка, няма тут цi ён не роўны iм. Але раскрычаўся ён знарок, каб другiя рабочыя каля прахадной пачулi, што не такi ўжо лад i дружба ў гэтай камунiстычнай брыгадзе.
Тарас балюча сцiснуў яго локаць:
- Славiк, сцiхнi!
- А чаму ён увесь час глядзiць на мяне з завоблачных вышынь? Я што нiжэйшая iстота?
- Што ты мелеш? Як я на цябе гляджу?
- Калi чалавек залiшне высока ставiць сябе, яму ўвесь час здаецца, што другiя хочуць прынiзiць яго. Гэта - манiя, - сказаў Генрых, прыветлiва махаючы камусьцi рукой.
Варэнiк быў заўсёды падкрэслена ветлiвы, i нечаканы фiласофскi вывад яго збянтэжыў Славiка, ён не адразу знайшоў, што адказаць. А тут яшчэ напорыста даводзiў Тарас:
- Не будзь ты такiм пеўнем. Не прыдзiрайся да слоў. Свае ж хлопцы, усе. I, як ты кажаш, жывыя, здаровыя. Не гаварыць жа нам з рэверансамi.
- Хлопцы! Кампрамiснае рашэнне: у сталоўцы чыгуначнiкаў п'ём пiва, прапанаваў Вася Лапацiн.
- А як ты абыдзеш свой дом? Вера даўно пiльнуе, - засмяяўся Косця.
Размова пайшла ў другiм кiрунку, i Славiк хутка забыў сваю крыўду.
А вось сёння пасля новай сутычкi з Ходасам успомнiў усё да драбнiц, пачынаючы з першай сваркi за сталом на дачы.
"Чаму ён чапляецца? Што яму трэба? Кiну да д'ябла! Ну iх!.. Не, так лёгка я не кiну. Я вам наладжу салодкае жыццё. А пайду - дык з музыкай", - пагражаў ён усёй брыгадзе.
Але падышоў Тарас. Паглядзеў, як ён працуе. Сказаў па-сяброўску шчыра:
- Слава, ты няправiльна трымаеш ключ, таму ён у цябе зрываецца. Вось так трэба, - i паказаў, як трэба.
Маленькая ласка - i знiкла злосць на ўсiх, засталася на аднаго хiба Ходаса.
Панядзелак, кажуць, "цяжкi дзень". Але той панядзелак быў незвычайны, пачынаўся ён амаль святочным настроем, асаблiва ў Тарасавай брыгадзе. Сам Тарас, Генрых i Косця прыйшлi на завод з газетамi i вiталiся словамi:
- Чытаў?
- Ага.
- А ты, Косця?
- Усяго не паспеў.
- А я, браткi, да цешчы ездзiў. Галава балiць, - шчыра прызнаўся Лапацiн, вiнавата зморшчыўшыся.
- Няхай жывуць цешча i шчырасць! - весела выгукнуў Славiк. - Нават я пра галаву не прызнаўся б. - I гарэзлiва аглянуўся: - Ша! Каб нiхто не пачуў.
- Не блазнуй, калi гавораць пра такiя рэчы, - асек яго Iван.
Ужо тады Славiку хацелася счапiцца з iм. Але размова сапраўды iшла занадта сур'ёзная. Славiка яна таксама цiкавiла, праўда, больш з iншага боку-усё з таго: шчыра хлопцы так зацiкаўлены i так блiзка бяруць да сэрца ўсё, што запiсана ў надрукаваным учора праекце Праграмы, цi па звычцы выказваюць "газетныя пачуццi"? Гэтае пытанне ўзнiкла ў яго яшчэ ўчора ў адносiнах да бацькi i Яраша. "Класiк" (так Славiк называў бацьку ў яго адсутнасць) прылiп да дачы; калi не трэба на работу, яго немагчыма сiлком выпiхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулi i грыбах, абы не ехаць лiшнi раз. А тут раптам у добрую спякотную нядзелю паляцеў пасярод дня - знарок па газеты. А Яраш адмовiўся нават пайсцi на раку - так нецярплiва чакаў гэтых газет. Яны абодва зачынiлiся ў пакоях i чыталi да самага вечара. А потым да позняй ночы спрачалiся каля кастра.
Славiк спачатку паставiўся да павышанай цiкавасцi бацькi i Яраша даволi скептычна. Ён чуў размовы, што ў Праграме будзе запiсана наконт прыватнай уласнасцi - дач, машын. Цi не гэта пагнала старога па газеты?
Адвячоркам бацька загадаў яму катэгарычна i не дужа прыязна:
- Прачытай! Можа, паразумнееш.
Ён разгарнуў "Правду" i ўпотай свiснуў: гэтулькi чытаць, дзесяць газетных палос! Але асобныя раздзелы прачытаў. I адразу ж, з першых радкоў, зразумеў, якое ў яго было вузкае i прымiтыўнае ўяўленне аб будучай Праграме, пра якую многа гаварылi. Партыйны дакумент захапiў юнака незвычайнай шырынёй фiласофска-палiтычных i эканамiчных палажэнняў, грандыёзнасцю практычных планаў. Быў яшчэ адзiн нечаканы вынiк азнаямлення з Праграмай: бадай, упершыню Славiк зразумеў, як мала ў яго, "тэарэтыка новай маралi", ведаў. Да ўсяго ён ставiцца скептычна, нiгiлiстычна. А сам што ведае? Што адкрыў? Што зрабiў? Па-свяцiў на тэлестудыi? Завiнцiў сотню гаек? Гэтыя думкi спалохалi i засмуцiлi. "Э-э, пачынаю здаваць пазiцыi. Уступаю пад напорам прапаганды", падумаў ён i акуратненька, без паказной, а з сапраўднай пашанай згарнуў газету. Мацi, якая не спускала з яго вачэй, сказаў:
- Не для майго маленькага розуму такiя высокiя матэрыi.
Самакрытычнасць сына, якi раней быў даволi высокай думкi пра свой розум, спадабалася Валянцiне Андрэеўне. Яна лагодна сказала:
- Але, усяго адразу не ахопiш. Гэта трэба вывучаць паступова, удумлiва.
...Калi хлопцы спыталi, цi чытаў Праграму Славiк, ён прыгадаў словы мацi i тут жа перакруцiў iх, як кажуць, дагары нагамi - усё тое ж недарэчнае жаданне вызначыцца, не быць падобным на другiх.
- А навошта? Прымусяць вывучаць - тады прачытаю.
- А без прымусу ты не можаш? - зноў не стрымаўся Ходас. Была другая прычына пасварыцца з iм. Але Тарас умеў спрытна адвесцi размову ад Славiкавых часам залiшне гарэзлiвых, часам празмерна сур'ёзна-песiмiстычных i амаль заўсёды недарэчных заўваг i адказаў.
Хлопцы гаварылi аб Праграме так, што ў Славiка зноў з'явiлася захапленне яе велiчнасцю, i ён слухаў моўчкi i сур'ёзна. Ды раптам выявiў, што Iван Ходас не чытаў Праграмы, нават газету не бачыў (Славiк зразумеў гэта па тым, як ён разглядаў Тарасаву газету). А робiць выгляд, што чытаў. Паўтарае ўсё, што гаворыць разумны Генрых Варэнiк.
"Ах, вось ты якi маралiст, ханжа! - узрадаваўся Славiк "падзенню" свайго ворага. - Чакай жа, я зараз цябе злаўлю", - i ўжо пачаў успамiнаць тыя раздзелы, якiя прачытаў учора, каб на iх выкрыць Ходаса. Але перашкодзiў гудок.
Праз якую паўгадзiну яны сутыкнулiся ля станiны. Страсцi накалялiся. Славiк гарэў помстай.
У часе абеду ён знарок сеў за той жа стол, што i Ходас. Але ад iх не адступаў Тарас. Брыгадзiр хiтра нейтралiзаваў усе прычэпкi i наскокi вучня. Ды i ад Iвана ўсе Славiкавы словы - што гарох ад сцяны. Пакуль Косця (яго чарга) выбiваў чэкi i падносiў талеркi з супам, Iван густа намазваў хлеб гарчыцай i еў. Гарчыца, вiдаць, была пякучая, хлопец крывiўся, чмыхаў, з вачэй сыпалiся слёзы, але еў са смакам. Славiка давяла да шаленства такая Iванава абыякавасць да яго прычэпкi:
- Ты за ўсю брыгаду жарэш хлеба.