32464.fb2
- Не бясплатны. А ўваходзiць у кошт страў. Пабудуеш з такiмi камунiзм!
- Слава! Як не сорамна! - абурыўся Тарас. - Табе хлеба шкада? Няхай есць на здароўе. Хлеб застаецца на сталах.
- Гэта крык душы iндывiдуалiста, якi не можа дараваць, што нехта з'еў больш за яго, - спакойна, быццам аб нечым пабочным, сказаў Варэнiк з суседняга столiка.
А для Славiка яго словы - што аплявуха. Ён зразумеў, наколькi недарэчны папрок, якi ён кiнуў Iвану. Ганебны. Як не сорамна яму, сыну iнтэлiгента, якi рос у выгодзе, папракнуць за кавалак хлеба рабочага чалавека? Пры ўсёй сваёй развязнасцi Славiк збянтэжыўся i змоўк. Раптам адчуў, што цяпер самому страшна працягнуць руку за хлебам. А хлопцы ўжо гаварылi пра другое. Кiнулi дзве рэплiкi - i далей, нiколi не перажоўваюць адно i тое ж. У размовах, як у працы, у жыццi, не спыняцца, iмклiва рухацца ўперад - такi дэвiз iх.
Славiк сербануў гарачага супу i адставiў талерку.
- Ты што? - заклапочана спытаў Тарас.
Хлопец зморшчыўся.
- Нясмачна? Ды не, сёння якраз што трэба, малайцы кухары. Еш.
Суп Славiку падабаўся, есцi хацелася, i яму зноў стала ледзь не да слёз шкада сябе. Следам за гэтым прылiвам жаласцi да сябе - злосць на ўсiх, нiбы яны вiнаваты, што з-за сваёй упартасцi ён застанецца галодны. А Ходас, накiдаўшы ў суп гарчыцы, сёрбаў з такiм смакам, што ажно варушылiся паружавелыя вушы i раздзьмулiся ноздры.
"Чаўкае, як свiння", - падумаў Славiк, каб хоць як-небудзь прынiзiць свайго непрыяцеля. Да iх падышоў сакратар парткома завода Гарачкiн. З тонкiмi рысамi твару, белымi валасамi, сакратар здаваўся маладзей сваiх год. Але на заводзе ведалi, што ён дваццаць пяць год праслужыў у армii палiтработнiкам. Чалавек ён памяркоўны, далiкатны, але напачатку спрабаваў заводскую дэмакратыю ператварыць у вайсковую.
- Я вам прынясу супу, Пятро Савелевiч, - прапанаваў Косця, калi сакратар падсеў да iх стала.
- Дзякую. Няма калi. Тысяча спраў. Я пазней паабедаю.
"Калi ў сталоўцы не будзе рабочых?" - хацеў уедлiва спытаць Славiк, але стрымаўся.
- Хлопцы, пасля змены правядзём мiтынг. Скажам наша рабочае слова аб Праграме. Трэба, каб хто выступiў ад вашай брыгады.
- Тарас.
- Ды ну, хлопцы, няёмка! Усё я ды я.
- Правiльна. Лепш, каб хто з сябраў брыгады.
- Тады Iван. Ён народжаны прамоўца.
- Значыцца, дамовiлiся: Ходас, - звярнуўся сакратар да рабочага.
Iван кiўнуў галавой.
- Падумайце, што вы можаце яшчэ зрабiць да з'езда, - сказаў сакратар да Тараса. - Паглядзiце свае абавязацельствы.
Тады Славiк гучна, здзеклiва i зларадна хмыкнуў:
- Хэ! А што ён скажа, Ходас? Ён жа газеты ў вочы не бачыў.
Iван падскочыў, твар яго ўмiг налiўся крывёю.
- А ты бачыў?
- Я не толькi бачыў. Я чытаў! А ты ўпершыню ў Тараса пабачыў. А збiраешся выступаць. Балбатун ты!
- Сам ты балбатун! Большага за цябе...
- Ах, я балбатун? Тады скажы шчыра i сумленна - чытаў ты? Ага, маўчыш! Ты ж з Валькай на пляжы пракачаўся.
- Ну, ты! - Iван сцiснуў кулак.
- Слава!
- Што "Слава"? А я выкрываю няшчырасць i ханжаства.
Славiк знарок амаль крычаў, каб пачулi другiя рабочыя, каб прыцягнуць iх увагу. Ён бачыў, як Тарас i ўсе хлопцы стараюцца "спусцiць на тармазах" гэтую непрыемную размову. Тарас пацягнуў за палу пiнжака Iвана, прымусiў яго сесцi, сцiснуў локаць i сказаў да сакратара:
- Мы абмяркуем, Пятро Савелевiч... Выступленне ад брыгады будзе.
Гарачкiн стаяў i моўчкi слухаў, пiльна разглядаючы Славiка. Пранiклiвы позiрк сакратара i бянтэжыў i яшчэ больш раздражняў няўрымслiвага юнака.
- Славiк, дай папяросу, - працягнуў руку Лапацiн.
- "Люблю грозу в начале мая", - дэкламаваў у талерку Генрых.
- Што вы загаворваеце зубы? - не сцiхаў Славiк, яшчэ больш павышаючы голас. - Вам хочацца быць добранькiмi? Чаму ты змоўк, прамоўца? Няма чаго сказаць? Дэмагогi!
Гарачкiн раптам ляпнуў далоняй па стале.
- Даволi мiтынгаваць, Шыковiч! Абед канчаецца, - сказаў сярдзiта i пайшоў у другi канец залы.
Славiк, як бы дэманстратыўна выконваючы загад сакратара, пачаў на поўны рот есцi катлеты. За сталом усталявалася цяжкая цiшыня. Нават жавалi бясшумна. Не ўзнiмалi вачэй. Толькi Генрых, разглядаючы шклянку з рэдкiм ружовым кiсялём, цiха дэкламаваў:
Дорогая, сядем рядом,
Поглядим в глаза друг другу.
...Сакратар парткома выклiкаў Тараса.
- Але i экземплярчык ты прыцягнуў. Мне казалi - я не верыў. Развалiць ён табе брыгаду.
- Калi ён можа развалiць брыгаду, то грош нам цана. Чаго мы варты?
- Ты самакрытычны. Але май на ўвазе, Славiк твой не такi наiўны, як табе здаецца. У яго даволi цвёрдыя перакананнi. Не Ходасу ён крычаў, а ўсiм, хто абедаў. Хацеў памiтынгаваць раней... Ходас - зачэпка...
Тараса здзiвiў такi нечаканы паварот у разважаннях сакратара. Баяцца Славiка? Смешна.
- Ты чуў, што ён крычаў? "Дэмагогi!" Хто - дэмагогi? Хто не прачытаў. Шмат хто не паспеў прачытаць.
- Але не меў Ходас маральнага права згаджацца выступаць! - запярэчыў Тарас. - Тут Шыковiч праўду сказаў. Iншая рэч, як ён гэта сказаў. Непрыязь у iх адзiн да аднаго - вось што дрэнна.