32464.fb2
- Ну, ну!.. Каго я бачу! - выгукнуў ён, калi ў дзвярах з'явiлася мажная постаць Яраша. - Прашу, прашу. А то вы, Антон Кузьмiч, старшыня камiсii, а ў гарсавет заглядваеце рэдка. Дый ты, Кiрыла, даўно ўжо не быў, - пацiскаючы руку Шыковiчу, усмiхнуўся Гукан. - Усё ездзiш? Шукаеш герояў?
- Шукаю, - адчуўшы хiтра схаваную iронiю ў Гуканавых словах, сур'ёзна i цвёрда адказаў Шыковiч.
- Прашу, прашу, - паказваў на мяккiя крэслы каля рабочага стала Гукан.
Калi яны прывiталiся з Кушнерам i селi насупраць адзiн аднаго, Гукан зiрнуў на вялiкi гадзiннiк, што стаяў у куце, даючы зразумець, што на доўгiя размовы ў яго часу няма. Спытаў напалову з жартам:
- Якi клопат звёў разам медыцыну i лiтаратуру?
Яраш сказаў проста, без дыпламатыi:
- Сямён Парфёнавiч, трэба памагчы аднаму чалавеку.
- Трэба - паможам. Калi хадайнiчаюць два дэпутаты...
- Жанчыне, - сказаў Шыковiч, зазiраючы старшынi ў вочы.
Гукан увесь час, з самага парога, адчуваў, што Шыковiч не зводзiць з яго вачэй, i гэтыя дапытлiвыя позiркi - "Што ён хоча ўбачыць?" - нервавалi яго.
- Тым больш неабходна памагчы.
- Трэба невялiчкая, на адзiн пакой, але асобная кватэрка.
Гукан цiха свiснуў:
- Таварышы дарагiя, дэпутаты мае, вы не ў курсе нашых кватэрных спраў.
- Жанчына ў бальнiцы. Пасля цяжкай аперацыi.
- На сэрцы, - падказаў Шыковiч, разглядаючы на гэты раз Гуканавы рукi, у якiх ён круцiў тоўсты зялёны аловак.
- Яшчэ адна аперацыя на сэрцы? - зацiкаўлена спытаў Кушнер, падняўся з крэсла каля стала для пасяджэнняў, дзе было прымасцiўся, каб не перашкаджаць размове, падышоў да Яраша. - Што ў яе - нiкога няма родных?
- Няма.
- А дзе яна жыла да аперацыi?
- Наймала прыватны куток. На ўскраiне. А ёй цяпер неабходны меднагляд.
- Безумоўна, - згадзiўся Кушнер i пакiваў галавой. - Выпадак цяжкi. Трэба нам падумаць, Сямён Парфёныч.
Гукан падсунуў да сябе вялiкi настольны каляндар, нацэлiўся ў яго алоўкам:
- Як яе прозвiшча?
- Савiч, Соф'я Сцяпанаўна, - хутка адказаў Кiрыла, ва ўпор гледзячы на старшыню.
Аловак уздрыгнуў. Расшырыўся вузкi твар каля вачэй i тут жа звузiўся шчокi аплылi ўнiз. Абяскровiлiся глыбокiя залысiны. Гукан залiшне доўга не ўзнiмаў вачэй. А потым схамянуўся, хутка глянуў, i нешта накшталт сумнай усмешкi скрывiла яго вусны:
- Гэта не таго Савiча?
- Таго, - жорстка адказаў Кiрыла.
- Яна прапiсана ў нас? - спытаў Гукан абыякавым голасам.
- Чатыры гады жыве. I працуе.
Шчокi аплылi яшчэ раз - нiбы пад гладка паголенай скурай перакочвалiся нейкiя валiкi.
"Чорт! - вылаяўся Сямён Парфёнавiч у думках. - Трэба мiлiцыi накруцiць, каб такiх без майго дазволу не прапiсвалi".
Ён падняўся, выпрастаўся на ўвесь рост, быццам узлез на п'едэстал, засунуў рукi глыбока ў кiшэнi штаноў. Сказаў афiцыйна i катэгарычна:
- Што ж... Паглядзiм. Можа, возьмем на чаргу.
- Не будзь бюракратам! - амаль пагрозлiва папярэдзiў Шыковiч.
Гукана ашаламiлi не столькi словы, колькi тон, тое, што "пiсака гэты" вось так да яго - на "ты".
- Дзён праз дзесяць Савiч можна выпiсаць, - спакойна паведамiў Яраш i наском чаравiка наступiў сябру на нагу, каб той трымаўся спакайней.
- Праз дзесяць дзён, Антон Кузьмiч, i размовы не можа быць. - Гукан звяртаўся цяпер толькi да хiрурга. - Што вы! Ды яшчэ асобная... Такiх i кватэр няма для аднаго чалавека. Ёсць дзяржаўная норма.
- Тады яна зойме свой дом. Судовага рашэння аб канфiскацыi маёмасцi няма. Дом належыць ёй, - сказаў Шыковiч, гледзячы ў гэты раз не на Гукана, а на Яраша.
- Яслi? - на мiг аслупянеў старшыня, а потым шырока махнуў рукамi, як журавель на ўзлёце крыламi, i закрычаў, здавалася, узрадавана: - Цудоўна! Цудоўна! - Да Кушнера: - Ты чуў? Выкiнем на вулiцу дзяцей! Сотню дзяцей! I аддамо дом, у якiм, дарэчы, амаль нiчога не засталося Савiчавага, ён перабудаваны i надбудаваны намi з табой... аддамо гэты дом - каму? Дачцэ...
- Вiна Савiча не даказана! - злосна перапынiў яго Кiрыла.
Гукан шырокiмi крокамi выйшаў з-за стала i стаў перад Шыковiчам у непахiснай паставе, з цвёрдасцю i жорсткасцю ў твары.
- Не, таварыш Шыковiч, даказана! Вельмi добра даказана! Усiмi органамi. А вы не думайце, што калi знайшлi нейкую знахарку i яна напляла вам казак, дык вы ўжо ўсё даказалi, зрабiлi пераварот у гiсторыi падполля. Вы наiўны чалавек, Шыковiч. Для мяне цяпер ясна, чаму напiсаны ваш артыкул. Як толькi паявiлася гэтая асоба...
- Пра асобу гэту ты памаўчы. - Кiрыла хацеў сказаць: "Хто, як не ты, загнаў яе ў Сiбiр?", але Яраш зноў штурхануў яго нагой.
Антону Кузьмiчу хацелася патушыць гэтую нечаканую ўспышку. Цяпер галоўная мэта - кватэра. Ён даў сабе слова любымi сродкамi вырваць для Зосi пакой, i сварыцца з Гуканам зусiм не ўваходзiла ў яго планы.
- Не прэтэндуе яна на дом, - сказаў ён. - Налiха ёй той дом!
- А вось камунiст, работнiк рэдакцыi прэтэндуе. - Гукан адступiў ад Шыковiча, павярнуўся да свайго намеснiка. - Дзеля гэтага ён гатовы выкiнуць дзяцей... Чаго хочаш... Абы даказаць сваё...
"Ох i дэмагог, сабачы сын. Выдаў бы я табе", - думаў Шыковiч, але пад выразнымi позiркамi i жэстамi сябра маўчаў.
- А чаму, сапраўды, мы не можам даць кватэру гэтай жанчыне? - неспадзявана для Гукана спытаў Кушнер. Ён не ўсё зразумеў са спрэчкi, але, чалавек сумленны, просты i шчыры, адчуў, што праўда на баку хiрурга i пiсьменнiка, што жанчына гэтая мае ўсе правы на кватэру.
Гукан аж крутнуўся на адной назе - да намеснiка: