32464.fb2
"Што ты падрыхтаваў мне? Гора? Хiба ў мяне яго было мала? Радасць? Няўжо радасць?.."
Пачала чытаць прагна, нецярплiва, маланкава хутка. Лiсткi трапяталiся ў руках, як жывыя птушкi. Пабляднелi, а потым загарэлiся шчокi. Яны абодва не зводзiлi з яе вачэй. Але вось яна, перагортваючы старонку, з палёгкай уздыхнула. Прыцiхлi лiсты, перасталi трапятаць. Павольней пачала чытаць яна. Пад канец, было вiдаць, зусiм супакоiлася i здавалася нават крыху расчараванай. Задумалася глыбока. Яны доўга, нiводным рухам не парушаючы цiшынi, цярплiва чакалi, калi яна вернецца з успамiнаў.
Шпарка-шпарка, нiбы надзвычай спяшаўся - цiк-цiк-цiк, - адганяў у нябыт секунды прыгожы гадзiннiк на кнiжнай палiцы. За акном у лiсцях таполi шумеў дождж.
Нарэшце Шыковiч не вытрываў:
- Пра што вы думаеце?
Яна не ўздрыгнула, не схамянулася, - паглядзела сухiмi, але напоўненымi святлом удзячнасцi вачамi, спакойна адказала:
- Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такiя людзi, як Антон Кузьмiч, як вы... Дзякую вам.
- Падзякi пасля. Ды i не мне павiнны быць адрасаваны. Антону - справа iншая. А за тое, што ў нашы днi ўсюды аднаўляецца справядлiвасць, вы ведаеце, каму дзякаваць. Цяпер вы разумееце, што мяне цiкавiць. Як загiнуў доктар Савiч? Хто яго забiў? Вы былi пры гэтым?
Зося пакiвала галавой: не, не была. Потым сказала:
- Я думаю, тата застрэлiўся...
- Сам?
РАСКАЗ ЗОСI САВIЧ
- Вы помнiце, Антон Кузьмiч, я расказвала вам: бацька вельмi асцерагаў мяне. Я, па сутнасцi, была схавана ад свету. Толькi ваша з'яўленне, ды калi я шукала Тараса... А больш я нiчога не зрабiла. Мне нiхто нiчога не даручаў. Я ведала: бацька сумленны чалавек. Але цi проста сумленны лекар цi змагар? Я здагадвалася, што нейкiм чынам ён памагае нашым. Але як? Спрабавала гутарыць з iм пра гэта. Ён умеў адвесцi размову ўбок. А разы два ўзлаваўся i загадаў, каб я не совала носа куды не трэба. "Малая яшчэ! - сказаў ён. - Не нам з табой займацца палiтыкай. Не думай, што гэта рамантыка, як у кнiжках. Ты ў мяне адна". Яшчэ тата часта казаў, каб я не думала, што ён служыць чужынцам, ён лячыў i лечыць сваiх людзей. А людзi - гэта самае каштоўнае, астануцца людзi гiсторыя не спынiцца i не пойдзе назад. Будуць жыць людзi - будзе жыць краiна i тая ўлада, якой народ даражыць. Вось так ён гаварыў. Гэта я помню, бо словы гэтыя ён казаў часта. Я не згаджалася: а хто ж будзе ваяваць? Ён злаваўся: "Не многа будзе карысцi, калi пойдуць ваяваць дзецi, як ты, цi такiя старыя, як я". Я пасля толькi зразумела, што бацька проста асцерагаў мяне, любым чынам, абы я была далей ад таго, што рабiлася навокал. I раптам... Гэта было перад Першым маем, днi за два. У той дзень нашы ўзарвалi электрастанцыю. Пасярод дня. Так грымнула, што нават у нас - а гэта ж вунь дзе! - вылецела шыба ў мансардзе, у пакоi Грота. Нямецкi лекар у нас жыў. Казалi, што мiну ўкiнулi ў топку i выбухнуў кацёл...
- Група Шылава, - сказаў Шыковiч. - Пiшу пра iх.
- Што? - не зразумела Зося.
- Хто ўзарваў станцыю. Камсамольская група. Загiнулi хлопцы. Валодзя Шылаў зачынiўся ў трансфарматарнай будцы i адстрэльваўся да апошняга патрона. Жывым не здаўся. Залiшняя смеласць i рызыкоўнасць загубiла...
Зося памаўчала, як бы ўспамiнаючы, на чым перапынiлася.
- Бацька прыехаў позна, калi сцямнела. На санiтарнай машыне. Заехалi ў двор. Ён нiколi не заязджаў у двор. Я выскачыла насустрач. Тата папрасiў мяне памагчы шафёру аднесцi на кухню мяшок бульбы i мяшок мукi. Мы аднеслi.
Грот быў дома. Добра помню, ён сустрэў бацьку словамi:
"Калi ласка, пан Савiч... Неяк вы сказалi, што мы бываем задужа жорсткiя... Не, мы мяккiя. Мы, немцы, увесь час пакутуем ад сваёй мяккасцi i дабраты. А жорсткасць там. Жорсткасць i дзiкунства! Каму перашкаджала электрастанцыя? Давала святло ў вашу бальнiцу, у мой шпiталь, у наш дом..."
Ён так i сказаў - "наш".
"А цяпер будзем палiць... Як гэта вы сказалi, Софа? - звярнуўся ён да мяне. - Лучыну? О, лучыну! Свечак i тых няма. Я ледзьве раздабыў дзесятак. Божа мой! Якое дзiкунства i фанатызм! Сёння ў нас арыштавалi сястру. Вашу. Мы далi ёй работу. Добрую работу з добрай аплатай. Яна магла жыць культурна, прыгожа. А яна шпiёнiла, карыстаючыся тым, што ведала нашу мову. Жахлiва!"
"Сёння многiх арыштавалi, - сказаў бацька i таксама паўтарыў: - Жахлiва! Жахлiва!"
"Я рад, пан Савiч, што вы разумееце, - узрадаваўся Грот. - Не, мы не жорсткiя. Мы мяккiя i добрыя".
Ён жыў у нас год i з дня на дзень трубiў аб дабраце нямецкага характару. Я часам не магла вытрымаць i гаварыла, якую яны "дабрату" праяўляюць. Тады ён пачынаў чытаць цэлыя лекцыi, прыводзiў прыклады з нямецкай гiсторыi, чытаў на памяць Гётэ i Шылера. Аднойчы я незнарок знайшла ў бацькавай бiблiятэцы Гейнэ, прачытала, i мне зрабiлася весела. Я прачытала яму, Гроту, што пiсаў пра нямецкi характар Гейнэ. Грот разумеў крыху па-расейску, я - па-нямецку... Звычайна спакойны, ён узлаваўся. Сказаў, што Гейнэ жыд, а ўсе жыды злейшыя ворагi нямецкай нацыi. Забраў кнiжку i, напэўна, спалiў. А на другi дзень цэлы вечар капаўся ў нашай бiблiятэцы - шукаў крамолу.
Але што я расказваю вам пра гэтага немца? Я пасля бачыла iх тысячы, розных, добрых i звяроў. О, каб вы ведалi, што такое эсэсаўцы!
Зося заплюшчыла вочы i ўздрыганулася, прыцiснулася да спiнкi канапы, закрыла халацiкам горла, быццам ёй раптам зрабiлася холадна. I тут жа вiнавата ўсмiхнулася, просячы прабачэння.
- Калi Грот, павячэраўшы, падняўся да сябе, бацька прыйшоў на кухню, дзе я мыла талеркi, абняў за плечы, прашаптаў:
"Зося, дзiця маё, у нас у садзе хаваецца чалавек. Я пайду да немца гуляць у шахматы. Ты адсунь свой ложак, пасцялi за iм на падлозе. Адчынi акно. У твой пакой Грот нiколi не заходзiць".
О, каб вы ведалi, што я адчула! Калi я схавала вас, Антон Кузьмiч, я хавала вас i ад бацькi, бо не ведала, як ён паставiцца, што зробiць, калi даведаецца. Гэта вельмi цяжка - любiць i не верыць. А верыць лёгка, калi людзi робяць адну справу, калi яны аднадумцы. Разумееце? Я няскладна расказваю, але вы зразумееце... I з вамi, i з Тарасiкам я вымушала бацьку нешта рабiць, ведаючы, што дзеля мяне ён зробiць усё, выканае i сур'ёзную просьбу i капрыз. А тут раптам усё мянялася. Ён даваў мне заданне. Як старэйшы. Як кiраўнiк. Давяраў такое...
Хто гэты чалавек, думала я, калi адсоўвала ложак i сцялiла на падлозе пуховую коўдру, найчысцейшыя прасцiны. Наiўна, але мне захацелася, каб гэта зноў былi вы, Антон Кузьмiч... Прабачце. Дзверы ў мой пакойчык - пад лесвiцай на мансарду. Я пакiнула ў пакоi свечку, узышла на лесвiцу - цi не вiдаць ложак? Колькi пражыла, колькi хадзiла малая, я нiколi не зазiрала з лесвiцы ў адчыненыя дзверы - што вiдаць у пакоi?!
Грот, якi бесцырымонна лазiў нават у кухонныя каструлi, у бочкi ў пограбе, нi разу не адчынiў дзвярэй майго пакоя. Гэта праўда. У гэтым ён быў iнтэлiгент.
З радасцю i страхам я адчыняла акно. А потым стаяла ў калiдоры i слухала... Калi ён залезе... I баялася, каб у цемры не нарабiў грукату. Ён зрабiў гэта вельмi асцярожна, я пачула толькi, як рыпнуў незнарок закрануты ложак. Пасля гэтага я доўга яшчэ стаяла, потым сядзела на кухнi - думала, што рабiць далей. Бацька не сказаў: можна мне заходзiць у пакой цi нельга. Можа, чалавека трэба накармiць? Урэшце я рашуча са свечкай у руках увайшла ў свой пакой. Убачыла, што коўдру i прасцiну ён палажыў назад на ложак. Я заглянула за ложак.
Чалавек быў доўгi, худы, барадаты. Такi доўгi, што каб выпрастаўся, то, напэўна, ногi высунулiся б з-пад ложка. Таму ён сагнуў iх, i вострыя каленi траха не вытыркнулiся над ложкам. Вочы яго блiснулi насцярожана i падазрона. Ён ляжаў у ватоўцы, у ботах i трымаў руку за пазухай. Ад яго пахла зямлёй. Я спытала шэптам:
"Прынесцi вам вячэру?"
Ён палажыў далоню на бараду, на вусны i пакiваў галавою: не.
Але я ўсё-такi прынесла яму кавалак хлеба з маслам, бутэльку чаю i яшчэ нешта... Я знарок хадзiла шумна, як звычайна, ляпала дзвярамi. Можа, праз гэта ён зiрнуў на мяне злосна i зноў прыкрыў рот рукой.
Калi роўна без чвэрцi адзiнаццаць (самая цiкавая партыя адкладвалася на заўтра, такi ён быў акуратны, Грот) бацька спусцiўся з гарышча, я паведамiла, што ён тут. Бацька адказаў надзiва спакойна, быццам размова iшла пра самае звычайнае: "Добра, дачка". Я спытала, дзе мне спаць. "Дзе хочаш, абы Грот нiчога не ўгледзеў".
Пакуль немец чысцiў зубы, умываўся, я ў сваiм пакоi перабiрала бялiзну, знарок пакiнуўшы дзверы крышку прачыненымi.
Я лягла ў мамiным пакоi. Але не магла заснуць амаль да ранiцы. Усё думала, думала... Радавалася. I палохалася. За бацьку. За гэтага чалавека. Хто ён такi? Адкуль? Можа, толькi што прыляцеў з Масквы? Але больш за ўсё я думала пра бацьку. I, далiбог, нiколi гэтак не любiла яго, як у тую ноч. Здаўся ён мне такiм героем, такiм мужным, разумным, самым галоўным падпольшчыкам у нашым горадзе. Наiўна. Але я думала, што пра тату ведаюць у Маскве... Я думала пра маму. Каб яна пабачыла, што мы робiм з татам! Яна больш не ўпiкала б: "Мяккацелы iнтэлiгент дарэвалюцыйнай закваскi! Не псуй мне дачкi сваiм слiнявым гуманiзмам! Не той час!" Мама была рашучая. Яна яшчэ ў грамадзянскую з бранецягнiком на фронт паехала. Мама злавалася, што я баюся крывi. Прымушала мяне рабiць самую брудную работу. З-за гэтага яны сварылiся часам, тата i мама... Многа я ўсяго перадумала... Добра мне запомнiлася тая ноч. Ёсць такiя днi i ночы, якiя запамiнаюцца, выдзяляюцца i свецяцца, як маячкi, у памяцi. Праўда? А ўсе iншыя злiваюцца ў адну плынь i цякуць, як магутная рака. На адным месцы вада заўсёды новая, а ўсё адно такая ж...
Спала я, можа, якiя дзве гадзiны. Прачнулася раней за ўсiх. Калi Грот роўна ў сем спусцiўся ў ванную, я "прыбiрала" свой пакой i спявала. За снеданнем немец сказаў: "У вас добры настрой, фрэйлейн Софа. А ў мяне дрэнны. Ад свечкi балiць галава".
Тата нiчога не гаварыў. Пацалаваў у лоб, калi адыходзiў на працу, як заўсёды, усмiхнуўся:
"Вопыт ты маеш. Глядзi".
Наступiлi тыя дзённыя гадзiны, калi я заставалася адна. Помнiце, Антон Кузьмiч? Адной мне было сумна... На кухнi i на кухнi.
...Прыйшла Маша з пакупкамi, мокрая, шумная, вясёлая. Гукнула з калiдора:
- Кiрыла Васiльевiч! "Беламора" няма. Купiла "Казбек". Добра?
Зазiрнула ў пакой, убачыла iх, засяроджана-ўважлiвых, сур'ёзных, насцярожылася.
- Сядайце, Маша, паслухайце, - сказаў Шыковiч, хуценька занатоўваючы нешта ў запiсную кнiжачку.
Маша паставiла сумку каля парога.