32464.fb2
- А што Сажань, Соф'я Сцяпанаўна? Правялi вы яго? - спытаў Шыковiч, каб вярнуць яе да паслядоўнасцi.
- А як жа! Мы выйшлi на Вiшнёвы. Цёмна было. Нi агеньчыка. Замаскiравана ўсё. Я пачула, што за намi нехта iдзе. Мы пабеглi. На Клiмаўскай нас сустрэў Вася. З'явiўся як з-пад зямлi. Я сказала яму, што нехта iдзе. Ён адказаў, што гэта свае. З-пад палы блiснуў лiхтарыкам у адзiн бок вулiцы, потым у другi. Яму адказалi адтуль i адтуль. Вунь яны як ахоўвалi таго чалавека! Вася сказаў: "Ты, Зоська, герой!" - i пацалаваў мяне ў шчаку. Мне стала сорамна: яшчэ Сажань падумае што! А я таго Васю, можа, якiх пяць разоў бачыла ўсяго. Мне тады - зноў! - вельмi захацелася, каб на развiтанне ён падзякаваў мне. Смешна! Ён не сказаў звычайнага дзякуй. Ён сцiснуў маю руку i сказаў:
"Усяго добрага табе, Зося. Скончыцца вайна - сустрэнемся".
Разбудзiла мяне бургамiстарша рыданнем. Упала на каленi перад маiм ложкам:
"Мужайся, дзетачка. Бог мiласэрны, ён усё бачыць. Партызаны забiлi твайго бацьку".
Я не закрычала. Здаецца, нават не заплакала. У адзiн мiг я ўсё зразумела. У той мiг я пасталела, можа, на дваццаць гадоў. Шаптала сабе: мужнасць, толькi мужнасць. Прасiла Бога, у якога не верыла, каб ён даў мне яе, гэтую мужнасць, каб я здолела ўсё перажыць. I маўчаць. Маўчаць, маўчаць!
Ашалелая ад жаху баба ўгаворвала мяне ў тую ж хвiлiну ўцячы з ёй на край свету, у манастыр, яна ведае такi манастыр. "А то яны ўсiх нас заб'юць". Я маўчала.
Два агенты гестапа везлi мяне на рамiзнiку па горадзе. Выказвалi спачуванне. Я маўчала. Дадому мяне не павезлi. Бацька ляжаў ужо ў вестыбюлi гарадской управы. Калi толькi яны паспелi перавезцi i ўбраць яго? Ён ляжаў у сваiм вячэрнiм гарнiтуры, у сарочцы, якую я за дзень да таго памыла. Толькi гальштук чужы, бабачка, тата нiколi не насiў бабачкi. Да вайны гэта было нямодна, i мама, напэўна, першая пасмяялася б. На твары яго застыў спакой, не было нi пячацi страху, нi пячацi пакут. Вiдаць, ён памёр адразу. Толькi чамусьцi пасiнела левая скроня. Я спытала ў начальнiка палiцыi Магнатава, куды трапiла куля. Ён пацiснуў плячамi.
"У сэрца. У самае сэрца, - адказаў адзiн з тых, што не адыходзiлi ад мяне нi на крок. - Бандыты стралялi ва ўпор".
Да мяне падыходзiла ўся здраднiцкая сволач, выказвала спачуванне. Раней яны здавалiся мне смешнымi i дурнымi, гэтыя людзi. У той дзень я адчула, што такое нянавiсць. О, як я iх ненавiдзела! Мне хацелася пляваць на iх, бiць па мордах. Але я маўчала. Я мусiла маўчаць.
Калi з'явiўся фельдкамендант, пстрыкалi фотаапараты. Ён не падышоў да мяне. Спачуванне паднёс перакладчык. Мне запомнiўся позiрк афiцэра-гестапаўца. Ён доўга сачыў за мной, i я адчула гэты позiрк. Глянула на яго. Якiя ў яго былi вочы! Ён усё ведаў i смяяўся, злосна, нахабна, пераможна. Вочы яго смяялiся.
Скажыце, навошта iм спатрэбiлася гэтая камедыя з пахаваннем?
Зося змоўкла i чакала адказу ад Шыковiча: на яго глядзела. Адказаў Яраш:
- Правакацыi былi розныя. У залежнасцi ад фантазii таго, хто iх арганiзоўваў. Бругер быў з фантазiяй, я ведаю.
- У маi сорак трэцяга Бругера ўжо не было, - удакладнiў Шыковiч. Начальнiкам гестапа быў Гiльберт, штурмбанфюрэр.
- Вы таксама былi ў падполлi? - здзiвiлася Зося.
- Не. Я пiшу кнiгу, а таму мне трэба дакладна ўсё ведаць.
Маша, выкарыстаўшы паўзу, прапанавала:
- Я вам падам каву.
- Але, але, - падтрымала Зося.
- Стамiлася? - ласкава спытаў Яраш. - Дай руку.
Можа, ад таго, што ён нечакана сказаў ёй "ты", яна зардзелася, засаромелася.
- Не, не.
Антон Кузьмiч падняўся з крэсла, палiчыў пульс. Шыковiч убачыў, што доктар застаўся давольны яе пульсам. А Зося, як бы iмкнучыся даказаць, што ёй гэта няцяжка, пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзiла, звiнела шклянкамi.
- Я думала, што мне будзе ўсё адно - як пахаваюць. Хто пахавае, што будуць гаварыць... Я ведала, што гэтым не скончыцца. I рыхтавалася, збiрала сваю мужнасць. Але калi бацьку неслi на могiлкi, я ўбачыла, як глядзяць людзi... рабочыя. "Туды яму i дарога!" - вось як яны глядзелi. Мне зрабiлася балюча. Страшэнна балюча. I крыўдна. I страх апанаваў. Сэрцам я прадчула тое, што пасля здарылася. На могiлках я страцiла прытомнасць.
Днi тры ляжала ў Цiшчанкаў, знясiленая, прастуджаная, разбiтая. З кватэры не выходзiлi тыя двое - "апекуны" мае. Яны, Цiшчанка, уся зграя дамагалiся, каб я падпiсала пiсьмо ў рэдакцыю, у якiм гнеўна кляймiла, як бандытаў, партызан, што забiлi майго бацьку, невiноўнага чалавека, лекара, якi займаўся толькi тым, што пазбаўляў людзей ад цяжкiх хвароб. "Чаму вы не хочаце падпiсаць, панна Зося?" - здзiўлялiся яны.
"Яны заб'юць мяне".
"Мы вас схаваем у такiм месцы, куды не дабярэцца нiводзiн бандыт. Не бойцеся".
А Цiшчанчыха шаптала: "Не падпiсвай. Заб'юць", - i ўсё ўгаворвала ўцячы разам з ёй у манастыр. Дурная, яна не бачыла, як мяне ахоўвалi.
Яны перавялi мяне ў iх, нямецкi, гатэль. Памясцiлi з нейкай немкай. Па-расейску яна гаварыла дрэнна, але "апрацоўвала" мяне моцна. Нават пiльнавала ўначы - што я кажу ў сне? Пасля нават адпусцiлi дадому. Яны былi яшчэ ветлiвыя: "Не будзеце баяцца адна?"
"Не буду".
Спадзявалiся, што да мяне нехта прыйдзе. Можа, паспрабуе вывезцi ў лес. У iх нямала было клопату - сцерагчы мяне. Але нiхто не прыходзiў, i хутка iм абрыдла гэта. Тыя ж два "апекуны" адвезлi мяне ў гестапа. Спачатку допыт, колькi дзён пра адно i тое ж: хто прыходзiў да бацькi, з кiм ён сустракаўся, як ён жыў i гэтак далей. На другi дзень тое ж самае ў iншым парадку - каб заблытаць. Потым вочныя стаўкi. Каго я пазнаю з гэтых людзей. Прыводзiлi чалавек пятнаццаць. Я пазнала толькi адну жанчыну, сястру з дзiцячай бальнiцы. Але яна глянула на мяне вельмi варожа, i я не прызналася, што ведаю яе. Калi прывялi Васю, я не магла адмаўляць наша знаёмства. Сказала, што гэта шафёр бальнiчнай машыны. Вася, збiты, сiнi ўвесь, прыветлiва кiўнуў галавой: ён ухвалiў маё прызнанне.
"Ён часта прыязджаў да вас?" - спытаў следчы.
"Не вельмi часта", - адказала я.
"Чаму ў той дзень, перад забойствам, ён прыязджаў тройчы?"
"Прывозiў бацьку. Потым бульбу. Мяшок".
"А яшчэ каго?"
"Тры мяшкi партызан", - засмяяўся Вася.
Гестапавец ударыў яго па твары. Я заплакала. Вася крыкнуў:
"Нiчога, Зоська! Не гаруй. Мы яшчэ патанцуем на тваiм вяселлi!"
Я пачала пратэставаць. Чаму мяне трымаюць у гестапа? Завошта? Гэта бесчалавечна! Такое гора, а мяне дапытваюць, як злачынцу. Я буду скардзiцца!
Тады з'явiўся той афiцэр, што глядзеў так на пахаваннi.
"Яна не ведае, чаму яе трымаюць тут? Няшчасная дзяўчынка!" - здзеклiва кiнуў ён па-нямецку. Потым сеў за стол, палажыў перад сабой пiсталет. Злосна сказаў цераз перакладчыка: "Даволi гэтай дурацкай камедыi. Ты добра ведаеш, чаму цябе трымаюць. Твой бацька быў звязаны з партызанамi. Ты памагала яму. У вас хаваўся камiсар. Мы злавiлi яго. Ён ва ўсiм прызнаўся".
"Хто ж забiў майго бацьку?"
Ён падскочыў:
"Шкадую, што гэта зрабiў не я!"
"А хто?"
"Яна што, вырашыла дапытваць мяне?" - спытаў афiцэр у перакладчыка. Я сказала па-нямецку:
"Я хачу знаць, хто забойца майго бацькi. А камiсара вы выдумалi. Калi Грот, хiрург шпiталя, i ёсць той камiсар, тады так, ён хаваўся ў нас".