32464.fb2
- Грамадзянiн... - Сербаноўскi як бы забыўся прозвiшча i заглянуў у паперы, - Дымар-Сокалаў-Беразоўскi... Я ўсё забываю, якое з гэтых прозвiшчаў ваша сапраўднае?
- Ну Дымар, Дымар, Ды-ы-ма-ар, - раздражнёна праскрыпеў стары.
Сербаноўскi ўскiнуў галаву, сказаў:
- Я прашу вас спакайней.
- Ды я спакойны, грамадзянiн следчы. Я ўжо спакойны, - раптам скiс, згорбiўся арыштаваны, нахiлiўся, кранаючыся кепкай падлогi.
- Чым вы займалiся да вайны, Дымар?
- Рабiў закройшчыкам у атэлье,
- У часе вайны?
- Трымаў сваю майстэрню, кравецкую. Невялiчкую.
- А яшчэ чым займалiся?
- Эх, грамадзянiн начальнiк! - ляпнуў раптам стары кепкай па падлозе, выпрастаўся, упершыню не хаваючы вачэй, паглядзеў на Шыковiча. - Не абрыдла вам цягнуць адно i тое ж па дзесяць разоў?
- Адказвайце на пытаннi!
- Ну, выконваў некаторыя заданнi палiцыi, - глуха, у падлогу, адказаў Дымар.
- Чые яшчэ заданнi выконвалi?
- У СД не служыў! - пiсклява крыкнуў арыштаваны. - Чаго не было, таго не было! Я ўсё вам сказаў. Нагаворваць на сябе мяне не прымусiце!
- Чакайце, чакайце. Не прыкiдвайцеся дурнем. Нам добра вядомы ўзаемаадносiны СД i палiцыi. I вам яны не горш вядомы. Якiя канкрэтна заданнi вы выконвалi?
Прозвiшча выпала ў Шыковiча з галавы - эпiзадычная асоба, а яму трэба было ў працэсе запамiнаць сотнi розных прозвiшчаў, беларускiх, расейскiх, нямецкiх. Але калi ён пачуў аб прафесii гэтага чалавека, то адразу прыгадаў Ярашаў расказ. Не стрымаўся, звярнуўся да Сербаноўскага:
- Прабачце, Анатоль Барысавiч. Як iмя, iмя па бацьку арыштаванага?
- Адказвайце, Дымар!
- У вас жа запiсана.
- Пытаюць у вас.
- Назар Авяр'янавiч.
- Гэты тып шпiёнiў за Ярашам, - сказаў Шыковiч маёру.
Дымар зноў выпрастаўся, з неўразуменнем паглядзеў на Шыковiча, якi задае пытаннi зусiм не прафесiйна. Значыцца, не чэкiст, не вышэйшы начальнiк. Хто ж? Сведка?
- Вы ведаеце Яраша? - спытаў у яго Сербаноўскi.
- Не, не, - хутка, не падумаўшы, адказаў здраднiк. - Такога прозвiшча не чуў.
- Кузьма Клешч. Пажарнiк. Ведалi такога?
Дымар на хвiлiну задумаўся, непрыгожа, па-старэчы, звесiўшы скiвiцу, ад чаго рот ператварыўся ў нейкую бясформенную шчылiну. Потым як быў узрадаваўся:
- Ах, Клешч? Пажарнiк? Помню, помню. Прызнаюся, меў заданне прасачыць за iм. Меў, меў... Але. Грамадзянiн начальнiк! Прашу запiсаць гэта. Не выдаў. Не. Не выдаў, хоць раскусiў, што гэта за птушка. Аро-ол! - на высокай ноце, як бы з захапленнем выгукнуў стары шакал i раптам хiхiкнуў: - Гэта ж ён Лучынскага... фота яго пасля размножвалi. А я не выдаў. Добры чалавек. Спадабаўся мне. Значыцца, жыве Кузьма Клешч? Хе-хе, Клешч. Вось вам яшчэ факт. Запiшыце. Не выдаў я добрых людзей!
- Гэта запiшам, - сказаў Сербаноўскi, сапраўды старанна занатоўваючы ўсю размову, яго проста-такi прафесiйна ўзрадавала, што Яраш ведае здраднiка i на працэсе будзе такi аўтарытэтны сведка.
- Ад каго вы, Дымар, атрымалi заданне шпiёнiць за Кляшчом?
- Усё ад таго ж Швагерава.
- А Лотке вы ведалi? - спытаў Шыковiч.
- Лотке? Немец? Першы раз чую.
- У той час, калi вы шпiёнiлi за Ярашам, Лотке быў механiкам у пажарнай.
- Я пажараў не тушыў, - нахабна i нечакана дзёрзка адказаў здраднiк.
- Вы iх распальвалi, - кiнуў Сербаноўскi, запiсаўшы i гэты дыялог.
Нечаканыя адкрыццi далi новы матэрыял, новых сведкаў.
У Шыковiча цудоўная памяць. У падполле ён улез грунтоўна. Але ён, Сербаноўскi, ведае, што больш за ўсё зараз цiкавiць пiсьменнiка. Дзеля гэтага i паклiкаў яго сюды.
Узяўшы з папкi пажоўклы аркуш з вучнёўскага сшытка, Сербаноўскi паказаў яго арыштаванаму.
- Вы пiсалi?
- Ну я. Я. Я! - зноў раздражнёна, перакасiўшы твар i прыцiснуўшы дзвюма рукамi кепку да грудзей, праскрыпеў Дымар.
Маёр падсунуў аркуш да Шыковiча. Кiрыла ўбачыў тую ж запiску начальнiку следчага адзела палiцыi пра Савiча, якую ўжо аднойчы Сербаноўскi паказваў яму.
- Ён?
- Ён. Паўмесяца адмаўляўся. Не хацеў прызнаваць нiякiх экспертыз. Пакуль не выклiкалi з далёкiх краёў таго, каму адрасавана запiска.
Здраднiк сядзеў, панурыўшы галаву, быццам i не слухаў, не чуў, пра што гавораць следчы i гэты, другi, незнаёмы.
- Грамадзянiн Дымар, што вы можаце сказаць пра доктара Савiча?
- Што я магу сказаць пра Сцяпана Андрэевiча Савiча? - Ён па-жаночы гаротна схiлiў сваю маленькую сiвую галаву набок, пакiваў ёй. - Я магу толькi сказаць, што гэта быў залаты чалавек. Я пятнаццаць гадоў шыў яму касцюмы i палiто. Прымяраў на даму. I заўсёды выходзiў з гэтага дома начаставаны вось так. Дымар правёў далоняй па шыi; дзiўна мянялiся iнтанацыi яго голасу: то ён скрыпеў, як старая асiна, то сыпаў, як гарохам, то цягнуў павольна, з амаль лiрычнай задумлiвасцю.
- I вы гатак аддзякавалi яму? - не вытрымаў Кiрыла.