32464.fb2 Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 87

Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 87

Здраднiк закацiў вочы пад лоб, быццам намерваўся прачытаць пакаянную малiтву.

- Усё зло ў свеце ад грошай. Хацеў выбiцца ў людзi... - Ён цяжка ўздыхнуў.

- На смерцi другiх?

Спачатку Кiрыла слухаў спакойна. Больш было прафесiйнай цiкаўнасцi да гэтай быццам выкапанай пачвары, да таго, як ён паводзiць сябе, i наогул да ўсяго працэсу допыту, чым абурэння, гневу. Але калi дайшло да Савiча, калi здраднiк з цынiчным прытворствам пахвалiў нябожчыка, у Кiрылы перавярнула ўсю душу. У яго не было выпрацаванага гадамi спакою Сербаноўскага. Яго прафесiя дазваляла яму даваць волю сваiм пачуццям. Ён адчуваў, як усё мацней i мацней грукае сэрца, аж пачало звiнець у вушах. Ён зняў са стала рукi свае, каб яны былi далей ад цяжкага чарнiльнага прыбора. Мабыць, маёр адчуў, што робiцца з iм, бо сурова сказаў арыштаванаму:

- Давайце, грамадзянiн Дымар, без фiласофii. Што дало вам падставы напiсаць такую запiску?

- Чуццё. Я ды каб не ведаў Савiча! Хе. Як аблупленага. Я нiколi не верыў, што ён шчыра служыць немцам. Ён заказаў у мяне касцюм. Я на прымерках пачаў "мацаць", чым жа ён дыша. Даверлiва расказаў яму пра зверствы гiтлераўцаў. А ён кажа: мы самi вiнаваты. I супраць партызан нешта сказаў. Хе, Савiч супраць партызан! Я падумаў тады: "Каго ты хочаш правесцi, доктар Савiч? Хе".

- Ну i гнiда! - кiнуў Шыковiч з агiдай.

Здраднiк уздрыгнуў, але тут жа натапырыўся, як певень, вiскнуў:

- Прашу не абражаць! Я чалавек...

- Якi ты чалавек! Ты горш вошы тыфуснай!..

- Кiрыла Васiльевiч! - дакорлiва пакiваў галавой Сербаноўскi.

- Калi да мяне будуць вось так, я не скажу больш нi слова. - I Дымар надзьмуўся, ужо з iнакшым выразам адвесiўшы скiвiцу.

Шыковiч толькi цяпер убачыў, што ўсе зубы ў яго ўстаўныя. Ад гэтага зрабiлася так брыдка, што Кiрыла баяўся, каб не званiтавала.

- Гэта вы засвоiлi, - сказаў Сербаноўскi, набiраючы нумар тэлефона. - Ало. Швагерава да мяне. - Паклаўшы слухаўку, паўтарыў: - Свае правы вы засвоiлi, i сказаў Шыковiчу: - Аднойчы, калi ён вывеў мяне з цярпення вось так, як вас, i я павысiў голас, ведаеце, што сказаў гэты "законнiк"? "Можа, ударыць хочаце? Ага, баiцеся! Не той час". Нiколi, нi ў якi час, я не стаў бы пэцкаць рукi аб вас, Дымар. Брыдка.

Шыковiч спытаў ужо амаль спакойна?

- Усё ж цiкава, што вас прымусiла прадаваць людзей фашыстам? Лепшых людзей.

Дымар заплюшчыў адно вока, быццам крыўляўся, як блазен, i не адказваў.

- Раскажыце, як вы сталi Беразоўскiм, - загадаў маёр.

Здраднiк заплюшчыў другое вока i звесiў сiвую галаву на грудзi.

Расказаў сам Сербаноўскi:

- Вам гэта павiнна быць цiкава, Кiрыла Васiльевiч. Знiшчыўшы дакументы на Дымара, ён сiмуляваў прыступ эпiлепсii. Упаў на вулiцы ўвечары. У Куйбышаве гэта было. Так, Дымар? Натуральна, трапiў у бальнiцу. Апрытомнеў - цап-мац, пуста ў кiшэнях. Усё нiбыта вычысцiлi: дакументы, грошы, гадзiннiк. Прозвiшча? Беразоўскi, Сяргей Пятровiч. Па даведцы з бальнiцы атрымаў новы пашпарт. Хутка асталяваўся ў Вольску. Лепшым краўцом лiчыўся ў рабочых цэментавых заводаў.

Дымар на мiг падняў галаву, i дзiўная ўсмешка скрывiла яго бяскроўныя вусны.

У пакой, атрымаўшы дазвол, увайшоў каранасты барадач у ватоўцы, у высокiх юхтовых ботах. Постаць яго, хада, рукi выдавалi чалавека фiзiчнай працы. Можа, таму недарэчнымi i непатрэбнымi здавалiся акуляры на яго барадатым шырокiм твары.

Шыковiч угледзеў, з якой нянавiсцю зiрнуў на дзябёлага барадача мiзэрненькi Дымар.

Швагераў - былы следчы палiцыi - прывiтаўся i дысцыплiнавана пачакаў каля парога, пакуль Сербаноўскi не паказаў яму, куды сядаць.

- Ну, чым вы займаецеся? - спытаў маёр.

- Аглядаю горад. Якi горад вырас! Якi горад! - i ўздыхнуў на поўныя грудзi не то ад захаплення, не то шкадуючы, што горад збудаваны без яго.

- Горад - песня, - згадзiўся Сербаноўскi.

- Песня?! Гэта вы добра сказалi. - Швагераў, не здымаючы акуляраў, выцер чыстай хусцiнкай вочы.

- Скажыце, Швагераў, што даносiў вам Дымар пра Кузьму Кляшча?

Падследчы насцярожана павярнуў галаву да сведкi. Швагераў задумаўся.

- Я вам напомню. Пра таго хлопца, якi пакараў Лучынскага.

- Ах, пра Яраша?

- Скажыце, адкуль вы ведаеце яго сапраўднае прозвiшча?

- Пасля таго здарэння хутка ўстанавiлi, што нiякi ён не Клешч, а студэнт медтэхнiкума Яраш. Уся палiцыя была паднята на ногi, каб знайсцi яго.

- Хочаце ведаць, у каго ён хаваўся? У доктара Савiча.

Кашлатыя бровы Швагерава варухнулiся ад здзiўлення. А Дымар каўзануўся на крэсле i праскрыпеў:

- Пра Кляшча я нiкому слова не сказаў.

Швагераў пакiваў галавою:

- Мне пра Яраша ён не гаварыў.

- Швагераў, я не хачу вам лiшнi раз напамiнаць, што значыць для вас шчырасць i сумленнасць.

- Таварыш маёр! За сваю вiну я пятнаццаць год меў. Нядаўна пачаў жыць нанова. Адчуў сябе чалавекам. Вы чыталi мае характарыстыкi... Дык няўжо вы думаеце, што я буду цяпер выблытваць гэтага... павука?

- Сам ты павук! - злосна агрызнуўся Дымар.

- Быў, - спакойна згадзiўся Швагераў. - Але цяпер стаў чалавекам.

- Вы ведалi, - Сербаноўскi глянуў у паперы, - Лотке? Механiк у пажарнай быў перад здарэннем з Лучынскiм.

- Лотке? - Швагераў хмыкнуў. - Якiх толькi прозвiшчаў у яго не было. Гэта Ганс Крафт. Каланiст з Украiны. Шпiён.

- Агент СД?

- Безумоўна.

- Дымар быў знаёмы з Крафтам?

- Не, не быў! Не ведаю нiякага Крафта! - паспяшаўся адмовiцца стары правакатар.