32464.fb2
- Мала каму я шыў! Усiх...
- Ясна! - перапынiў Сербаноўскi. - А цяпер паўтарыце коратка свае паказаннi па справе Савiча.
Швагераў зразумеў, што паўтарыць трэба для гэтага, другога, незнаёмага яму чалавека ў цывiльным, i павярнуўся да Шыковiча, пачаў расказваць яму:
- Ну, Савiча мы лiчылi надзейным. Вядома, для "новага парадку". Многiя дзеячы выклiкалi падазрэнне. Ён - не. I раптам яго запiска, - кiўнуў на Дымара, потым на стол, - тая, што ў справе. Я ведаў яго манеру, - зноў кiўнуў на свайго былога сябра. - Там, дзе няпэўна, ён гаварыў вусна, дзе пэўна, заўсёды пiсаў, каб пакiнуць дакуменцiк, вiдаць.
- Хлусiш! - праскрыпеў Дымар.
- Навошта ж мне хлусiць? Я нават разгубiўся. Прызнаюся, было жаданне самому злавiць такога сама, як доктар Савiч. Падзяка, грошы, кар'ера, няхай яны спрахнуць... Мы ж там адзiн аднаму не верылi, адзiн аднаго хавалiся, каб перахiтраваць, вырвацца ўперад. Але пабаяўся я сам... Вялiкая адказнасць. Куды мне! Начальнiку сказаў. Той, помню, таксама разгубiўся. Калi, кажа, Савiч з iмi, з нашымi, значыцца, з партызанамi, нiкому, кажа, з нас не будзе веры ад СД. Уцячэ Савiч - труба будзе нам. Узяць яго без доказаў - таксама не лягчэй. Адным словам, ламаў галаву начальнiк. Мне нiчога не даручыў, хоць справай з медыкаментамi займаўся я. Але мы яшчэ раней дамовiлiся весцi яе, як звычайную крымiнальную. Гэта, ведаеце, куды прасцей: крымiнальнымi справамi менш цiкавiлiся. Хто з iх данёс у гестапа, - ён, - зноў кiвок у бок Дымара, - цi начальнiк палiцыi - гэтага я не ведаю.
- Сам ты!.. Сам данёс! - раптам закрычаў Дымар. -А цяпер хочаш звалiць на мяне? Хочаш быць чысценькiм? Не выйдзе!
- Не, я не чысценькi. Але я ў сорак чацвёртым прыйшоў з лесу. Вось я, судзiце. А ты дзе быў? Не я пачаў шпiёнiць за Савiчам. Я наогул нi за кiм не шпiёнiў. Я вёў справы як следчы.
- Па сутнасцi, - заўважыў Сербаноўскi.
Швагераў зноў павярнуўся да Шыковiча.
- Натуральна, што Савiчам занялося само гестапа. Не паспелi мы агледзецца, як усё здарылася... Пасля я даведаўся, што ў дзень налёту i смерцi доктара гестапа стала вядома, што ў яго хаваецца прадстаўнiк партызанскага штаба. Ад каго, якiм чынам яны даведалiся пра гэта, нiхто мне не сказаў. Але, безумоўна, гэта паскорыла развязку. У палiцыi казалi, што Савiч адстрэльваўся. Сапраўды, былi забiты два гестапаўцы i тры цi чатыры ранены. Забiлi Савiча цi сам застрэлiўся - пра гэта маўчалi. Хто мог разявiць рот, калi афiцыйна было аб'яўлена, што доктара забiлi партызаны? Пасля нашаму начальнiку расказаў п'яны ад'ютант фельдкаменданта лейтэнант Крэйман, што ў часе аперацыi "Доктар" - яны назвалi гэта цэлай аперацыяй - машыны гестапа былi абстраляны з суседняга саду з аўтаматаў. Вiдаць, тады i былi забiты i ранены гестапаўцы. Мяркую, што гэта i навяло iх на думку аб'явiць, што Савiч забiты партызанамi. Вы пыталiся, навошта трэба была акупантам такая правакацыя? Я так думаю: баялiся прыкладу. Калi агласiць, што шасцiдзесяцiгадовы доктар, кiраўнiк аддзела гарадской управы, вёў актыўную барацьбу, як бы гэта ўзняло дух падпольшчыкаў i ўсiх патрыётаў. А так, наадварот, магло дэмаралiзаваць тых, хто быў звязаны з Савiчам. Па гэтай справе я ведаю яшчэ, што лекар iнфекцыйнай бальнiцы Акулава...
- Вакулава, - паправiў Шыковiч.
- Мне добра помнiцца, што начальнiк сказаў - Акулава. А можа, i не так... Столькi прамiнула год! Дык вось гэтая жанчына ў калiдоры гестапа, па дарозе на допыт цi з допыту, спрабавала вырваць у канваiра аўтамат. Вядома, была застрэлена на месцы. Мабыць, гэтага яна i хацела. Такi выпадак быў не адзiны. Скатаваныя людзi кiдалiся на аўтаматы.
- Швагераў, чаму ў вашых паказаннях на працэсе пра Савiча нiчога не сказана?
- Нi следчы, нi суддзi, пэўна, не надалi запiсцы ўвагi i не нацiскалi на гэты факт. А каму, грамадзянiн начальнiк, хацелася браць на сябе лiшнюю справу? Каб атрымаць "вышку"? Ваенны час. Ваенны трыбунал. Маё шчасце, што я сам з'явiўся.
Шыковiч спытаў пра другiя групы, пра правалы - хто вiнаваты, хто выдаў? Дымар маўчаў. Швагераў адказваў ахвотна i, здавалася, шчыра, але не без хiтрасцi: стараючыся так падаць усё, каб нiдзе не ўблытаць сябе. А вядома, што "палiцыя агульнага парадку" крымiнальнымi злачынствамi займалася мiж iншым i ў большасцi выпадкаў забойцаў, рабаўнiкоў, зладзеяў рабiла правакатарамi, агентамi; галоўная дзейнасць палiцыi, у тым лiку i следчага аддзела, была скiравана на выкрыццё савецкiх патрыётаў, на дапамогу гестапа i СД. Таму былы следчы з надзвычайнай асцярожнасцю абыходзiў небяспечныя мясцiны. Але Шыковiч i Сербаноўскi ведалi значна больш, чым думалася Швагераву; мелi магчымасць супаставiць факты, параўнаць яго паказаннi з iншымi крынiцамi. Што-нiшто ён усё-такi праяснiў i ўдакладнiў. Раскрыў, напрыклад, структуру i метады шпiянажу, даўшы Кiрылу новы матэрыял для кнiгi. Калi нарэшце арыштаванага адвялi, а сведка пайшоў чакаць вырашэння свайго лёсу: застанецца ён толькi сведкам цi сядзе на лаву побач з агентам, Сербаноўскi сказаў:
- Вось цяпер, я думаю, нiхто ўжо не затрымае ваш артыкул. Устаўляйце запiску, карыстайцеся пратаколам допыту - i друкуйце. Толькi назву прыйдзецца мяняць. Думаю, што больш не iснуе пытання, хто ж такi доктар Савiч?
- Асабiста для мяне яго даўно не iснавала.
- Але патрабавалiся доказы.
- Дзякую вам.
- Няма за што. Святы абавязак.
- Як вам удалося выкапаць гэтага дыназаўра?
- Няхай гэта застанецца нашай прафесiйнай тайнай.
Яны хораша, з разуменнем усмiхнулiся адзiн аднаму, як два добрыя сябры, якiя агульнымi сiламi зрабiлi карысную справу.
* * *
- Хадзем да Зосi. Я люблю прыносiць людзям добрыя весткi.
Яраш, надзвычай узбуджаны расказам пра Дымара, хадзiў па сваiм кабiнеце, прыгадваў паводзiны агента, калi той сачыў за iм, выкрываў фiласофiю здрады. Нечаканая прапанова Кiрылы захапiла яго знянацку.
- Да Зосi? - Ён спынiўся каля акна i як бы раптам патух: уся яго магутная i прыгожая постаць у чорным свiтэры ў нейкi мiг зрабiлася каржакавата-нязграбнай. Ён згорбiўся, выгнуў шыю, быццам убачыў нешта незвычайнае ў белай ваце памiж рамамi.
- Няўжо баiшся? - укалоў Кiрыла без злоснага намеру.
Яраш крута павярнуўся да сябра. На твары яго з'явiлася пакутлiвая грымаса.
- Я даў клятву... Галi.
- Ух, людзi добрыя! Да чаго мы дажылi!
- Я нiколi не парушаў сваiх клятваў. - Голас Антона Кузьмiча ўпаў да шэпту.
Кiрыла ўзлаваўся. Падхапiўся, адскочыўшы ад крэсла, як гумавы мяч, пакацiўся да кнiжных палiц, што займалi ўсю сцяну. Загрымеў на поўны голас, забыўшыся, што ў суседнiм пакоi Наташа:
- Ты прабач... Я паважаю клятвы... Паважаю Галiну... Але калi на кожны бабскi капрыз... Не будзе ж жыцця...
Яраш знясiлена апусцiўся ў тое ж мяккае крэсла, дзе толькi што сядзеў Шыковiч, выцер далонямi твар.
- Кiнь! Я сам ведаю. Але калi не хапае розуму i, я ўжо казаў табе, звычайнай iнтэлiгентнасцi... Што рабiць? Скажы, iнжынер душ?
Пасля прымiрэння Галiна вырвала ў яго гэтую клятву - што ён нiколi больш не наведае Зосi. Ён пакляўся з бяздумнай лёгкасцю, абы замацаваць прымiрэнне, бо бачыў, як цяжка перажываюць разлад дзецi. Пасля зразумеў, што такая клятва абражае яго. Хiба ён у чым вiнаваты? Магчыма, у яго i не было б патрэбы i ахвоты заходзiць больш да Зосi. А цяпер яму рабiлася брыдка за ўласную слабасць i бязвольнасць i часта хацелася пайсцi да Зосi на злосць жонцы. Дзiўна, што жаданне такое мацнела з кожным днём. Ён змагаўся з iм. Ён сумленны чалавек i сапраўды нiколi не парушыў свае клятвы. Урэшце, справа не ў клятве. Ён проста вышэй за ўсё гэта i не дазволiць, каб подласць плеткароў i жончына неразумнасць давялi iх да разрыву, што было б трагедыяй i для iх абаiх i яшчэ большай - для Вiктара i Наташы.
Так ён думаў. Але ад гэтай лагiчнай разважлiвасцi не рабiлася лягчэй. Ён мог усё дараваць, але нiчога не дараваў сабе - памылак, слабасцi, неразумных слоў, непатрэбных учынкаў. У той мiг ён пазайздросцiў Шыковiчу i ўзлаваўся за гэта на сябе i на яго.
Кiрыла раптам спынiў разважаннi, якiя ён было пачаў, аб ролi мужа ў выхаваннi жонкi. Мабыць, ён адчуў, што сябру непрыемна i цяжка выслухоўваць гэта. А можа, упершыню адчуў непавагу да таго, кiм захапляўся, хаваючы сваё захапленне за кеплiва-жартаўлiвымi словамi. Яшчэ ўлетку на дачы ён неяк сказаў пра Яраша: "Такi вялiкi i такi маленькi перад жонкай". Гэта быў жарт. Аднак, магчыма, падсвядома хацелася, каб яго лепшы сябра i герой быў вялiкi ва ўсiм. Зашпiлiўшы верхнi гузiк на сарочцы i падцягнуўшы гальштук перад чорнымi тамамi энцыклапедыi, Шыковiч грубавата сказаў:
- Чорт з табой! Пайду адзiн, - i рушыў да дзвярэй.
У суседнiм пакоi зiрнуў цераз Наташына плячо ў кнiгу, якую дзяўчынка чытала, дакрануўся далоняй да яе белых шаўкавiстых валасоў. Яна глянула на яго i ўсмiхнулася вiнавата, як бы просячы за штосьцi прабачэння, можа, за тое, што падслухала iх размову, цi, можа, за бацькаву нерашучасць.
Кiрыла апранаўся ў калiдоры. Калi выйшаў Антон, ён таксама пачаў моўчкi апранацца. Праз адчыненыя дзверы Наташа глядзела на бацьку з ухвалой i страхам, нiбы несла адказнасць за яго ўчынкi.
На дварэ добра прымарозiла. У паветры кружылiся сняжынкi. Але асфальт вулiцы быў сухi i шэры ў цьмяным святле лiхтароў, пабялелi толькi лункi каля лiп i каштанаў.
Шыковiч даўно ўжо прыкмецiў: у iх горадзе найбольшы рух на тых вулiцах, што iдуць паралельна цэнтральнай, а на тых, што перасякаюць яе, нават у нядзелю цiха i бязлюдна, хоць гэта бадай самыя прыгожыя вулiцы, нешырокiя, зялёныя, утульныя, асаблiва iх кароткiя ўчасткi ад Савецкай да ракi. Шыковiч любiў гэтыя вулiцы. Любiў гуляць па iх.
Яны iшлi не спяшаючыся. Звычайная рабочая хада ў Яраша такая, што побач з iм трэба iсцi ўподбег, каб не адстаць. А тут ён iшоў надзiва павольна магчыма, усё яшчэ вагаўся. Яны як бы знарок забылiся, да каго i з якой прычыны iдуць.
- Што, аднак, ты думаеш рабiць з дачай?
- Паеду, раскладу пасярод кабiнета касцёр, пагрэю вочы... Асалода на ўсё жыццё.
- Не вярзi лухты, Кiрыла.