32464.fb2 Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 97

Сэрца на далонi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 97

- Калi ты паважаеш мяне, памажы аформiць развод. Самой мне цяжка i... непрыемна...

Усяго чакаў Тарас - i слёз, i скарг, i праклёнаў, але такога заключэння не толькi не чакаў, але нiколi нават не падумаў. Спачатку, ашаломлены, замаргаў вейкамi, з надзвычайнай пiльнасцю ўглядаючыся ў заплаканы твар жанчыны, якая гадавала яго. Ён сапраўды любiў яе, як мацi. Але ў той мiг яна здалася чужой i варожай. З'явiлася злосць на яе, i ён амаль закрычаў:

- Гэта вы самi надумалi? А ў Наташы вы спыталi? А ў Вiцi?

Яны, Наташа i Вiця, разумелi, што падслухоўваць чужыя размовы нядобра. Спальня - найблiжэйшы пакой ад кухнi, i яны мiмаволi пачулi першыя словы мацi. Каб больш нiчога не чуць, яны, не згаворваючыся, паднялiся i перайшлi ў бацькаў кабiнет - самы iзаляваны пакой. Селi там, адно - на канапе, другое - у крэсле, i моўчкi сядзелi. Не чыталi, не размаўлялi, нават не маглi чамусьцi паглядзець адно аднаму ў вочы, быццам саромелiся. Проста чакалi, як у прыёмнай бальнiцы цi суда. Доўга чакалi. Можа, праўда саромелiся за мацi? Цi шкадавалi яе?

Калi нарэшце Тарас вярнуўся, яны паглядзелi на яго з надзеяй, з запытаннем. Наташа нават саскочыла з канапы i памкнулася насустрач. Тарас усмiхнуўся iм знясiлена, але паабяцаў з ранейшай упэўненасцю:

- Я iх памiру.

34

- ...Не, скажы, верыў ты, што Савiч наш чалавек? Хоць як можна было не верыць!..

- Ты не ўяўляеш усёй складанасцi барацьбы.

- Дапусцiм, што акрамя цябе ёсць людзi, якiя таксама ўяўляюць гэтую складанасць. Вярнуўшыся ў брыгаду, ты сказаў, у каго хаваўся ў горадзе?

- Не.

- Чаму?

- Тваё пытанне наiўнае. Ты думаеш, што гэтым прызнаннем я мог бы рэабiлiтаваць Савiча? Хто б мне паверыў? Я дзесяць дзён прабыў у горадзе i трапiў у час, калi нiчога нельга было зрабiць, калi iшлi арышты, правальвалiся яўкi. Пасля гэтага я прыйшоў бы i паведамiў: мяне хаваў Савiч, якога забiлi падпольшчыкi, а немцы з пашанай пахавалi. А можа, цябе хавала СД, спытаў бы, вiдаць, кожны партызан. Дакажы, што ты не лысы. Ты забываеш, якi быў час.

- Карацей кажучы, ты пабаяўся.

- Ну пабаяўся, пабаяўся! Калi табе так хочацца, каб я сказаў гэта слова. Я эвакуiраваў горад - не баяўся. Адступаў да Масквы - не баяўся. Мяне паслалi назад у тыл - я не баяўся, не бегаў па камiсiях, як другiя. Нi разу не скакаў з парашутам - скочыў у ноч, у балота, пад бокам у нямецкага гарнiзона. Вадзiў людзей на аперацыi - не баяўся. Пайшоў у горад на сувязь, каб наладзiць разбiтае падполле, - не баяўся. Ну не выйшла, як хацелася, не атрымалася...

- Не крычы. I не бразгай сваiмi медалямi. Тое, што рабiў ты, рабiлi тысячы, мiльёны... Мы выконвалi свой абавязак.

- Але, я пабаяўся. А другiя не баялiся?! Усе, хто перажыў трыццаць сёмы! Адна справа памерцi ад кулi ворага. А памерцi ад рук сваiх таварышаў, аднадумцаў, адчуваючы, што ты нi ў чым не вiнаваты... Ты ўяўляеш? Ты думаў калi-небудзь пра гэта?

- Думаў. I цяпер зноў падумаў, як адчувала сябе Соф'я Савiч, калi пасля фашысцкага канцлагера трапiла ў Сiбiр.

Паўза. Гучна, з лёгкiм меладычным звонам адбiваў секунды вялiкi медны маятнiк стаячага гадзiннiка. Астматычна дыхаў адзiн з двух, што прысутнiчалi ў кабiнеце.

- Я думаў i бачыў многа разоў, як iшлi на смерць, каб ратаваць таварыша. I я гэта разумеў. А вось такi данос на людзей, якiя ратавалi цябе, - гэтага я зразумець не магу.

- Ну, змаладушнiчаў! Я ж не хаваю. Я напiсаў пра гэта ў тлумачальнай запiсцы. Прызнаюся табе. Так, пабаяўся, што прыйдзецца займацца старой гiсторыяй, даказваць... Нiчога ж не змянiлася ў сорак пятым, ты ведаеш.

- Мы перамаглi фашызм, i нiчога не змянiлася?! Для цябе нiчога не змянiлася?

- Цяпер лёгка разважаць.

- Ну добра, тады ты пабаяўся. Дрыжаў за сваю скуру...

- Я прашу...

- Чаго там "прашу"! Не iграй святую невiноўнасць. Дрыжаў, як апошнi баязлiвец. Страцiць партызанскую славу, кар'еру - вось чаго ты баяўся. Але прайшло дзевяць год, як яго няма, няма Берыi. Амаль шэсць год пасля дваццатага з'езда. Партыя сказала такую праўду! На ўвесь свет. Чаму ж ты не сказаў праўды пра сябе, пра другiх? Дзеля чаго, у iмя якой iдэi ты хаваў яе?

- Гэта што, допыт?

- Я не прасiў цябе. Ты прыйшоў сам, каб "раскрыць душу", параiцца.

- Я не думаў, што ты так настроены. Мы з табой разам разбiралi справы некаторых з тых, хто пiсаў даносы ў трыццаць сёмым. Мы былi аб'ектыўнымi.

- Мы разбiралi кожны канкрэтны выпадак. Хоць не скажу, што не праяўлялi часам лiбералiзму. Мiж iншым, некаторых з iх браў пад абарону ты. З пазiцый высокага гуманiзму. А Шыковiча хацеў выключыць за ўчынак сына.

- Падбiраеш факты?

- Не. Проста прыгадваю. Факта даволi аднаго. Якiя яшчэ патрэбны факты?

Зноў паўза. Чыркнула запалка. Патыхнула серай, пасля прыемна пахучым тытунём. Нервовыя цяжкiя крокi.

"Дзын-дзон, дзын-дзон", - дзiўны стук маятнiка ў гадзiннiка, здаецца, ён чапляецца за два розныя металы, якiя ад удару па-рознаму гучаць.

- Якое будзе рашэнне абкома? Як ты думаеш?

- Не ведаю. Як сябра бюро я магу сказаць толькi за сябе. Не хочацца мне пасля гэтага падаць табе руку. Тым больш - разам працаваць.

- Так нават?

- Уявi, што так. Дарэчы, ты запрашаў на Новы год у госцi. Не чакай, не прыйду.

- Ясна.

- Але, я люблю яснасць з пачатку да канца.

- Ну што ж, дзякую за шчырасць. Бывайце.

- Бывайце.

Тыя ж цяжкiя крокi, гулкiя на паркеце, мяккiя, з шоргатам, на дывановай дарожцы. Скрыпнулi дзверы. Ляпнулi другiя, з таго боку.

"Бывайце"? - Гукан не помнiў, што сам першы сказаў так, але, спускаючыся па шырокай гаркомаўскай лесвiцы, успомнiў, што так адказаў Тарасаў - на "вы". Гэта яго чамусьцi ўразiла больш, чым уся размова. Ён спынiўся, падставiў успацелую лысiну пад струмень халоднага паветра, што цёк з адкрытай фортачкi.

Безумоўна, усё ўжо вырашана. Каму-каму, а яму вядома, як вырашаюцца такiя справы. На каго цi на што ён мог мець надзею?! Павiнен быў здагадацца яшчэ пазаўчора, калi пазванiў Шыковiчу i папрасiў сустрэцца. Як той, нахабнiк, адказаў!

"Калi ласка, Сямён Парфёнавiч! Заходзьце заўтра пасля дванаццацi ў рэдакцыю. Уваход свабодны. Сакратарак у мяне няма".

Здзекаваўся, пiсака няшчасны!

"Ох, распусцiлi вас. Спахопiцеся!" - Ён выходзiў i пагражаў тым, хто заставаўся: маўляў, я пагляджу яшчэ, куды завядуць вас такiя метады кiраўнiцтва.

На першым паверсе яму зрабiлася цяжка дыхаць, нiбы ён спускаўся не ўнiз, а падымаўся высока ўгору. Ён спынiўся каля мiлiцыянера, патрымаўся за сэрца. Сказаў, як бы апраўдваючыся:

- Гады.