34155.fb2 У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

- Ну, якраз восьмая нядзеля і пайшла, - сказала Аўгеня.

- Мабыць, свята такі сёння, - пасля развагі прамовіў дзед Стукач, кінуўшы на зямлю лапаць, і пачухаў галаву ніжэй лысіны.

- Матка! А калі гэта да нас Шпак з будкі прыходзіў? - спытала адна маладзіца сваю свякроў, бабку Тацяну. - Тады казалі, што да гэтага свята засталося адзінаццаць дзён.

Дзед Стукач, бабка Тацяна, нявесткі і старэйшы сын Стукача, Апанас, пачалі вылічаць, калі ў іх быў Шпак з будкі. Выходзіла, што адзінаццаць дзён якраз прайшло. Бабка Тацяна вынесла сваю прасніцу, маладзіца Мар'яна сказала, што куцця ўжо даўно стаўклася; крупы выбралі, а ступу выкацілі вон у сені. Раз свята, дык свята. Аўгеня пайшла дадому, пэўная ў тым, што сёння свята. Не заходзячы ў хату, яна заскочыла да Лукаша ў клуню і накрычала на яго, што ён не святкуе і яе збіў і ўвёў у грэх.

- Ты ж паслухай, стары пень, ці малоціць хто?

Югасю, у сваю чаргу, занепакоіла старая Лукашыха: а можа, і праўда, што заўтра свята? Накінуўшы кажух, яна пайшла да свае кумы Насты. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца.

- Я ўжо чула, што некаторыя збіраюцца святкаваць сёння, але свята, я напэўна ведаю, заўтра. Піліпавы хлопцы ўжо даўно паехалі ў лес з сякерамі.

Не прайшло і чвэрці гадзіны, як па ўсёй вёсцы толькі і было гутаркі што пра свята, пры гэтым ясна адзначыліся два станы: святочны і будны. Кожны стан меў вельмі паважных прадстаўнікоў свайго кірунку, што ніякім чынам не маглі дайсці да згоды, бо кожная рука мела вельмі моцныя доказы, на якіх засноўваліся іх пазіцыі наконт свята.

Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца. На працягу ўсяе вуліцы то там то сям стаялі кучкі палешукоў і паляшучак, дзе меншыя, дзе большыя, і ў кожнай кучцы ішла спрэчка аб свяце. Усе цельшынскія законнікі і законніцы сышліся тут і горача судзілі погляды супраціўнага стану.

Мікіта Тарпак, вылажыўшы ўсе доказы за заўтрашні дзень і ніколечкі не зрушыўшы станоўкасці поглядаў сваіх супярэчнікаў, плюнуў, сярдзіта павярнуўся і пайшоў да свайго двара. Яго рашучая хада і выраз твару ясна казалі, што ён надумаўся зрабіць нешта такое, што павінна стварыць моцнае ўражанне і прынізіць тых, хто быў не згодзен з ім. Ён выцягнуў панарады, палажыў на іх дошкі і стаў навальваць гной, хоць вывозіць яго цяпер ніколі не меў на ўвазе. Наклаўшы воз гною, ён запрог каня і важна паехаў уздоўж вуліцы, высока паставіўшы сахор. Пад'ехаўшы да тае кучкі народу, дзе ён нядаўна вёў дарэмную спрэчку, Мікіта прыпыніўся і стаў папраўляць хамут, не зварачаючы ні на кога ўвагі, усё роўна як бы гэта была яго звычайная работа. Як толькі Мікіта павярнуў з вуліцы ў поле, зараз жа, з таго боку, адкуль ён выехаў, каля студні, пачуліся два жаночыя крыклівыя галасы. Галасы ўсё мацнелі і набіралі болей злосці. Гэта лаялася Аўдоля Латачыха з жонкаю Мікіты, Акуляю. Яны даўно ўжо былі не ў ладах, цяпер жа гэта свята сталася зачэпкаю для таго, каб даць волю языкам. Латачыха сыпала словы, як гарох. Мусіць, не раз практыкавалася яна ў сваіх мыслях у гэтай лаянцы. Здавалася, яна толькі адчыніла рот, а словы самі, як з мяшка, сыпаліся і сыпаліся. Акуля не паддавалася. Жанкі крычалі то па чарзе, то адначасна. Палаяўшыся з паўгадзіны каля студні, яны разышліся: адна пайшла ў адзін канец вуліцы, другая - у другі, бо ім збрыдла лаяцца, і гэта не давала жаданых вынікаў. І, каб дапячы адна другой, яны пайшлі па вёсцы выстаўляць адна другую перад людзьмі. Тут мелася на ўвазе, галоўным чынам, вастрэй падцяць свайго ворага.

- Ах ты, чортава шлюндра! Пайшла па вуліцы зубамі званіць, языком мянціць, каб ён табе высах ды выпетраў! - крычала Акуля. - Ідзі, ідзі, так вось і павераць табе, брахусе. Думаеш, не ведаюць людзі, як ты да Міхалкі ў клуню бегала, га? Ведаюць людзі, за што цябе Крупеніч з раз'езда гарэлкаю частуе, каб цябе лейцамі частавалі... Ведаюць, не думай таго!.. Ты думаеш, не ведаюць, як ты з дарожным майстрам ночы гуляеш, як ты ў яго дзесяць рублёў падчапіла!.. Капач ты з-пад цёмнае хмары, хлеба замясіць не ўмееш, хаты ніколі, як людзі, не падмяцеш, каб табе вочы замяло!

Аўдоля, у сваю чаргу, ідучы ў другі канец вуліцы, вяла сваё казанне. Жанчыны зрэдку прыслухоўваліся адна да другой і, такім чынам, скарыстоўвалі словы адна другой для далейшай лаянкі.

- На мяне людзі глядзяць, бо я харошая, а на цябе і сабакі пазіраць не хочуць. Зайздросна табе?.. А ты забылася, як цябе бабка Тацяна на сваім дварэ злавіла! Чаго ж ты хадзіла туды? Чужых курэй сачыць? А гарбузы з гарода ў Рамковых хто цягаў, каб з цябе кішкі павыцягалі? А хто, калі не твой Мікіта, у дзеда Андрэя баранінку краў? Гэтага, можа, не ведаюць людзі, дык няхай жа ведаюць...

Палешукі стаялі, як строгія і справядлівыя суддзі, але сур'ёзныя твары іх часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу. Пры гэтым палешукі, як па камандзе, адкідалі назад галовы і выпучвалі жываты. Але гэта было толькі ў тых выпадках, калі якая-небудзь з кабет, пераступіўшы ўсякія граніцы жаночага ўшанавання, адпускала штось вельмі жыццёвае і сакавітае. І ўсё ж такі вёска не прыйшла да згоды. Адны святкавалі сёння, другія - заўтра. А некаторыя, каб не ашукацца, святкавалі два дні.

Гэта няяснае пытанне аб свяце адбілася і на школе. Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма.

- Чаму ж вас так мала прыйшло?

Дзеці перадалі гісторыю спрэчкі аб свяце, а разам з тым і прычыну адсутнасці вучняў.

XI

Работа ў школе наладзілася.

Малады настаўнік укладаў у яе сваю душу і сэрца. Кароткія зімнія дні праходзілі незаметна, іх не хапала на тое, каб як след правесці работу. Як толькі добра развіднялася і была магчымасць весці лекцыі, Лабановіч ішоў у школу, размеркаваўшы сваю работу між чатырох груп.

Многа патрабавалася ўмення на тое, каб кожная група была занята і не сядзела без работы. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Удзень вучні распускаліся на паўтары гадзіны для абеду. Пасля лекцыі зноў ішлі да самага вечара, пакуль не цямнела. Часта са старэйшымі вучнямі лекцыі вяліся вечарамі пры лямпе. Потым настаўнік яшчэ доўга сядзеў над сшыткамі і папраўляў іх. Маладых сіл было многа; здавалася, ніколі не вычарпаеш іх, і расходваліся яны так, як расходуе з восені заможны, але маладасведчаны і непрактычны гаспадар багаты збор ад свае нівы.

Але ў сваёй рабоце чэрпаў малады настаўнік і поўную чару высокага задавальнення, назіраючы, як дзеці набіраліся знання, лёгка асільвалі тое, што яшчэ ўчора здавалася ім незразумелым і трудным. Больш разбітных і здольных любіў ён той любасцю, якая можа быць толькі ў настаўніка да сваіх выхаванцаў. Ім і дазвалялася шмат таго, чаго не павінны былі рабіць звычайныя вучні, бо ў Лабановіча ў школе наогул быў строгі парадак. Хоць патуранне было і шкодна з педагагічнага боку, Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. З другога боку, трэба сказаць, што ад лепшых вучняў і вымагалася болей. І нейкая ўцеха брала маладога настаўніка, гледзячы на гэтых маленькіх змыслых палешучкоў.

Скончыўшы навучанне і перагледзеўшы работы вучняў, Лабановіч часта падводзіў падрахункі дню; пры гэтым разважаў ён і аб тым, як абысці тыя пахібы і памылкі, якіх так трудна бывае пазбегнуць у школе маладому, малавопытнаму настаўніку. Усе тыя спосабы, якія так гладка і проста апісаны ў методыках, часта зусім не падыходзілі і не адпавядалі ўмовам школы, трэба было тут жа выдумляць іх самому. А колькі часу прыходзілася траціць на тое, каб дастасаваць мову дзяцей да кніжнае мовы! І колькі смешных і непажаданых выпадкаў вынікала на грунце гэтага непаразумення ў школе, дзе мова мацеры зневажаецца і забіваецца!

Часамі Лабановічу здавалася, што школа адстае, што вынікі дасягнуты нязначныя і што, наогул, ён няважны настаўнік. Трэба ўжыць тут штось новае, трэба аджывіць школу, бо спосабы яго заняткаў так застарэлі, што напэўна перасталі быць цікавымі для дзяцей. У такія мінуты настрой яго спадаў, яму рабілася не па сабе.

«Трэба будзе даведацца да Турсевіча і пабачыць, як ён вядзе сваю справу», - падумаў Лабановіч і цвёрда вырашыў у першае ж свята паехаць да свайго старога настаўніка.

Ён абдумаў маршрут. Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз'езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Ад станцыі яго сябар жыў за вярсты дзве, а язды паўстанцыі. Калі ж не ўдасца паехаць машынай, дык у яго - маладыя ногі, да хады прывычныя. Развязаўшы пытанне такім чынам, Лабановіч заспакоіўся і хацеў засесці за кнігу.

Якраз увайшла бабка.

- А што, панічыку, чай піць будзеце?

- Чай? - спытаў настаўнік і заспяваў:

Чай, чай,

Прымячай,

Куды чайкі ляцяць!

Бабка падперла рукамі шчокі і пачала смяяцца.

- Смешны вы, панічок, далібог!.. Ах, няхай бы вы здаровенькі былі!

- А ведаеш, бабка, што я надумаўся?

- Бог вас ведае, панічок.

- У гэтую нядзельку, бабка... ці там нікога няма? - ціха і таемна кіўнуў настаўнік у бок кухні.

- Няма, панічку! - ціха адказала бабка, нарыхтаваўшыся пачуць нешта вельмі цікавае.

- Дык нават, бабка, не ў нядзельку, а ў суботу нанач надумаўся я паехаць у госці да таго паніча!

- А я ж, панічок, думала, што вы скажаце пра іншае, - сказала, смеючыся, бабка. - Чаму ж, панічок, не паехаць? Вядома, збярэцеся...

Дзверы ў кухню стукнулі, і туды хтось увайшоў.

- Гэта, мусіць, бабка, да цябе хтось лячыцца прыйшоў.

Бабка борздзенька павярнулася і ў дзвярах спаткалася з Чэсем.

- Татка прасіў, каб вы зайшлі да нас, - прамовіў Чэсь Лабановічу.

- Добра, Чэсь, я зараз прыйду. У вас там, можа, хто ёсць?

- Пан Сухавараў з раз'езда.

- Ах, Чэсь! Як жа гэта ты такую штуку мне ў школе ўдраў? - прыпомніў Лабановіч, як Чэсь, седзячы на лекцыі славянскай мовы, скруціў паперку ў трубачку і засунуў яе ў вуха Кандрату Кругламу.

Чэсь апусціў галаву ў знак свае віны і стаяў панурыўшыся.

- Не рабі ты, брат, так ніколі.

Чэсь выйшаў. Крыху счакаўшы, выйшаў і Лабановіч.

За сталом у падлоўчага сядзеў памочнік начальніка раз'езда, пан Сухавараў, нежанаты, яшчэ малады хлопец, адзеты ў парадны мундзір; ён падкручваў свае чорныя вусікі. На канапе насупраць яго сядзела панна Ядвіся. Яна была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Панна Ядвіся выглядала вельмі цікаваю і прыгожаю. Цёмныя вочы яе з доўгімі мігаўкамі як бы рассыпалі прамені. Яна была вясёлая і ў добрым настроі.