34155.fb2
- Што за чорт? - пачуў Лабановіч нібы сярдзіты голас сябра.
Счакаўшы яшчэ з хвіліну, Лабановіч зноў пастукаў. Турсевіч сярдзіта сарваўся з месца і накіраваўся да дзвярэй. Лабановіч схаваўся за тоўстую бярозу. Турсевіч прыадчыніў дзверы, ледзь прасунуў галаву і стаў пазіраць. Нідзе нікога няма. Як толькі ён зачыніў дзверы і замкнуў іх на засаўку, Лабановіч - скок на ганак!
- Хто? - запытаў Турсевіч, не адчыняючы дзвярэй.
- Не скажу! - адказаў Лабановіч.
- Ах ты, мядзведзь цельшынскі! - крыкнуў радасна Турсевіч. - Ну, ідзі, ідзі, брат... Ах ты, фрукт гэтакі! - весела прамовіў ён і расчыніў насцеж дзверы ў сваю кватэру, каб было відно госцю.
Турсевіч крыху адышоўся ад дзвярэй і нарыхтаваўся спаткаць сябра, якому ён быў вельмі рад. Бойкія шэрыя вочы яго так і ўпіліся ў Лабановіча; з іх так і сыпаліся іскры смеху; разам з тым у іх адбівалася жывая мысль, нейкая станоўкасць і ўпартасць.
Лабановіч прыпыніўся каля дзвярэй.
Момант сябры азіралі адзін аднаго, а твары іх свяціліся вясёлым смехам.
- Няхай не падзе на цябе цень бярозы, пад якою сядзеў грэк! - важна і ўзвышальна прамовіў Лабановіч.
- Да не апынешся ты ў становішчы сабакі, які сядзіць на плоце! - адказаў гаспадар.
Перакінуўшыся жартлівымі прывітаннямі, сябры абняліся і сардэчна пацалаваліся.
Турсевіч прыйшоў у рух і ўзбуджэнне, трос сябра за плечы, громка смяяўся.
- Ну і малайчына! Далібог, маладзец... Я, па праўдзе сказаць, і думаў, што ты павінен праведаць мяне... Ну, сядай!
Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. У яго пакоі быў самы строгі парадак і чыстата. Уся кватэра яго складалася з аднае клятушкі, сялянскае хаты, але ён умеў надаць ёй нейкую прытульнасць. Прыводзячы ўсё ў парадак, Турсевіч увесь час вёў размову, закідаў сябра пытаннямі, хапаўся, гаварыў і за сябе і за сябра.
- Ну, вось што, Лабуня! Зараз закамандую гаспадыні самавар. Будзем сядзець, будзем піць чай і гаварыць. Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Эх, што ж я? Стой, брат! - спыніў Турсевіч самога сябе. - Мы наўперад закусім. У мяне, брат, вельмі слаўнае сала ёсць... Ну, ведаеш, чула душа, што ты прыедзеш: быў на станцыі і сала купіў. Чакай жа, брат. У нас ёсць зусім іншая музыка!
- Такія разумныя рэчы не кожнае вуха пачуе, - адказаў Лабановіч. - Адным словам, галава твая міністэрская!.. І дазволь мне, вялікі пустэльніча і мой настаўніча, сказаць колькі слоў на гэты выпадак?
- Валяй!
Лабановіч падняўся, састроіў важную міну і пачаў:
Люблю я слухаць шум ад таркі -
Дзяруць картофлю на бліны,
У печы піск люблю ад скваркі -
Прынадна пахнуць мне яны.
Няхай злуе айцец духоўны,
Няхай суліць мне пекла ён, -
Люблю я больш, як звон царкоўны,
Скаварады аб прыпек звон.
- Ха-ха-ха! - зарагатаў Турсевіч. - Ах ты, багахульнік! Толькі ў Цельшыне і можна дадумацца да гэтага:
Люблю я больш, як звон царкоўны,
Скаварады аб прыпек звон!
Лоўка, далібог, лоўка!.. Ну, я зараз!
Турсевіч выбег у сенцы, а адтуль да гаспадыні з загадам прыгатаваць вячэру і зараз жа вярнуўся.
- А ведаеш, Лабанок, - таемна прамовіў Турсевіч, панізіўшы голас, - можа б, ты выпіў чарку?
- Мілы ты мой друг! Мала таго што галава твая міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, адным словам - кудзеснік! - натхнёна прамовіў Лабановіч. - Чаму ж не выпіў бы, як кажа мая бабка?
- Дык, кажаш, добра было б выпіць? - спытаў з нейкаю сур'ёзнасцю Турсевіч.
- А які ж дурань асмеліцца сказаць, што нядобра?
- Дык няма ж, братка!
Твар Лабановіча крыху выцягнуўся.
- Ха-ха! - аж прысеў Турсевіч ад смеху, потым усхапіўся, не перастаючы смяяцца і паказваючы на сябра пальцам.
- Абязвечыў ты мяне гэтым, - прамовіў Лабановіч, спаўшы з настрою.
- На тое ж я кудзеснік, - не пераставаў смяяцца Турсевіч.
Ён падышоў да шафіка, пакапаўся ў ім і важна выцягнуў адтуль паўбутэльку.
- Не журыся, брат! - сказаў ён і патрос паўбутэлькай.
Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры.
- Што, можа, твая бабка патрапіць так зрабіць? - спытаў Турсевіч сябра, як толькі Лукашыха прынесла вячэру.
- Затое ж мая бабка шаптаць умее.
- Шаптаць-то яна ўмее, але капусты зварыць не патрапіць. Ведаю тваю бабку.
Сябры селі за стол. Выпілі па чарцы.
- Ну, закусвай, брат!
Увесь час ішла самая вясёлая, самая жывая бяседа. Гаварыў, галоўным чынам, Турсевіч. У яго была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Апрача гэтага, ён меў здольнасць намаляваць і жыва паказаць той ці іншы персанаж.