34155.fb2 У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

- Паненка? Якая?

- Такая, што ўсё аддай - і мала!

- Ну, хто ж такая?

- Кажа: хацела б пазнаёміцца з цельшынскім настаўнікам.

- Можа, завітанская чараўніца?

- Яна, калега, яна! Як гэта вы адгадалі?

- А ў мяне бабка - знахарка; я ў яе лекцыі па знахарству бяру.

- А ўсё ж такі цікава, чаму вы дагадаліся, што гэта яна?

- А вельмі проста: усе кавалеры - сем пар вінных і сем пар нявінных і вы ў тым ліку - закахаліся ў панну Людмілу. У яе аж галава закружылася ад радасці і дух заняўся. Але яе засмучае адно: чаму не ўсе кавалеры нясуць падатак яе хараству? Я, калі хочаце, той гарбач у казцы «Царэўна - чырвоная краска», які не пакланіўся царэўне. І не буду ёй кланяцца.

- Вось вы які! - сказаў Саханюк і засмяяўся.

- А што ж вы думалі!

- І не пазнаёміцеся з ёю?

- Ва ўсякім разе сам да яе не пайду.

- Чаму?

- Проста не пайду, і ўсё.

Саханюк гаварыў, часамі смяяўся, але Лабановічу здавалася, што чагось самага галоўнага яго калега не кажа, бо не можа быць, каб ён прыехаў сюды толькі дзеля таго, каб паведаміць, што дачка каморніка хоча пазнаёміцца з цельшынскім настаўнікам.

- Выбачайце, я зараз вярнуся.

Лабановіч выбег у кухню.

- На табе, бабка, пяцьдзесятку, прынясі гарэлкі.

- Вы яго, панічок, частавацімеце? - шэптам спыталася бабка.

- А што?

- Не варта, панічыку! Гэта ж ён, панічок, прыехаў гарцы збіраць!

- Якія гарцы?

- Ссыпку з нашага вобчаства на школу!

- Каму ссыпку?

- Сабе, панічыку!

Бабка, гаворачы гэта, аж сіпала ад абурэння.

Лабановіч пазіраў на яе і дзівіўся. Уся гэта справа для яго была незразумелаю, хоць у значнай меры пралівала святло на прыезд Саханюка.

- Ну, бабка, прынясі гарэлкі; вып'ем, тады, можа, да сэнсу прыйдзем.

Бабка сярдзіта накінула на сябе світку, моцна стукнула дзвярамі і накіравалася да Лявона Секача.

Лабановіч вярнуўся да госця. Яшчэ нічога не разумеючы, ён зірнуў на Саханюка.

- Ведаеце, што кажа мая бабка: быццам вы прыехалі збіраць нейкую ссыпку. Што вы на гэта скажаце?

Саханюк апусціў вочы, як бы пачуўшы нейкую нялоўкасць, а потым ускінуў іх на калегу.

- Так, мне належыць ссыпка ад вашага сяла, - прамовіў ён спакойна.

- Вы не жартуеце? - здзівіўся Лабановіч.

- Не, кажу зусім сур'ёзна.

- Ха-ха-ха! - Лабановіч так і паехаў ад смеху.

Саханюк пазіраў на калегу, таксама ўсміхаючыся.

- Што вы знаходзіце тут смешнага? - спытаў ён.

- Ну, як жа не смяяцца? Вы прыехалі да мяне адбіраць мой хлеб. Я буду вучыць, а вы толькі будзеце гарцы браць.

- Чакайце! - загарачыўся Саханюк. - На валасным сходзе была зроблена пастанова, каб на хатовіцкую школу давалі ссыпку. Ад вашага сяла мне належыць дванаццаць пудоў трыццаць фунтаў жыта. Ну? Я і маю поўнае права ўзяць сваё.

- Выбачайце. А калі была зроблена такая пастанова? Напэўна тады, калі Цельшына не мела свае школы? А раз гэта школа цяпер ёсць, то было б па меншай меры смешна браць ссыпку ад свае школы і даваць у чужую. І наогул гэта справа такая простая і відавочная, што і дзіця зразумее ўсю недарэчнасць вашага дамагання.

Саханюк ніколечкі не пакрыўдзіўся.

- Я грунтуюся на цыркулярах дырэкцыі народных вучылішчаў, які зазначае, што раз была пастанова валаснога сходу даваць ссыпку, дык ваша вёска не мае права яе адабраць. Вось чаму я і прыехаў забраць гэту ссыпку.

- Але вы яе не атрымаеце.

- Вазьму!

- Не, не возьмеце!

Колькі хвілін Лабановіч узіраўся ў Саханюка. Саханюк таксама глядзеў на калегу. У яго жаўтаватых вачах блукаў нявінны смех.

- Ведаеце што, - прамовіў Лабановіч. - Мне не шкада гэтае ссыпкі, Бог з ёю. Аднак, калі пайшло ўжо на рызыку, магу вас не толькі запэўніць, але і перазапэўніць, што вы адгэтуль не возьмеце ні аднюсенькага зярнятка.

- Ну, пабачым, - сказаў Саханюк.