34155.fb2 У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

- Нічога вы не пабачыце!

У самы разгар спрэчкі рыпнулі дзверы з кухні. Старожка прасунула галаву.

- Вось, панічыку, вам грошы: нідзе не дастала! Была і ў Лявона, і ў Губаровых - няма.

- Ну, то давай будзем абедаць.

Саханюк адмовіўся абедаць. Ён прыехаў сюды з Дубейкам і ўмовіўся з ім па дарозе заехаць на пачастунак. Куды, Саханюк не сказаў. Цяпер жа ён мусіць ехаць, бо Дубейка ў старасты яго напэўна ўжо чакае.

Саханюк развітаўся з калегам, заклікаючы яго да сябе ў госці.

- Дзякую, - сказаў Лабановіч, - але, калега, майце на ўвазе, што ссыпкі вы не атрымаеце.

- Буду судзіцца, - не адступаўся Саханюк. - Вось прыеду і земскаму жалабу падам на вашага старасту.

Пад вечар таго ж самага дня стараста сабраў гарцы і прывёз іх Лабановічу.

- Што, панічок, звар'яцеў ён, ці што? Як-то мы аддамо яму ссыпку, калі ў нас ёсць свой настаўнік!

У старасты быў важны начальніцкі выгляд і пачуццё выпаўненага абавязку перад школай і настаўнікам.

- Хоць бы ён пасаромеўся, - абурліва гаварыла бабка. - Як гэта можна забраць ссыпку з чужое школы?

Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў.

XX

Панна Ядвіся была ў незвычайна вясёлым настроі. Яна і малая Габрынька пойдуць заўтра на раз'езд, сядуць на машыну і паедуць у госці. У Гарадзеншчыне ў іх былі сваякі, і татка дазволіў паехаць туды тыдні на два пагасцяваць. Габрынька кружылася каля мачыхі, жартавала, смяялася такім вясёлым дзіцячым смехам, што нават пераважна смутная і заклапочаная пані падлоўчая не магла захаваць свой звычайны настрой і таксама смяялася.

- Адстань, адстань: ты ўжо не дзіця.

Пані падлоўчай, здавалася, было крыху нялоўка, што панна Габрынька так дурэе пры чужым чалавеку. А гэты чужы чалавек быў Лабановіч.

Але Габрынька не зварачала на гэта ўвагі. Яна выдумала кароценькі вершык і раз-пораз дэкламавала яго сваёй мачысе:

Мама така слічна,

Слепа, дыхавічна.

- От распуста, - ківала галавою пані падлоўчая, зварачаючыся да настаўніка.

- Я буду пісьменніцай. Хачу напісаць аповесць, як на Палессі жылі дзве прыгожыя краскі-панны і што з гэтага выйшла, - смяялася Габрынька.

- А што з гэтага выйшла? - пацікавіўся Лабановіч.

- Выйшла тое, чаго ніхто не спадзяваўся! Гэтыя дзве красуні пакахалі аднаго маладога паніча і кінуліся яму на шыю. А ён, небарака, з гора пайшоў і ўтапіўся ў Целяшовым Дубе.

- Габрынька, устыдзься! - прамовіла пані падлоўчая.

А Габрынька ўся хадзіла ад смеху. Таксама смяялася і панна Ядвіся, крыху засаромеўшыся такой непасрэднасці, прастаты і смеласці жартаў свае сястры.

- У вас, як бачна, ёсць здольнасці пісьменніцы, - смяяўся і Лабановіч. - Але чаго ж ён, гэты ваш паніч, тапіцца пайшоў?

Габрынька хітра зірнула на сястру. Ядвіся, відавочна, зацікавілася яе жартам і, смеючыся, адказала за сястру:

- Мусіць, той паніч спалохаўся свайго шчасця.

Немаведама чаго, сёстры пераглядаліся і перасмейваліся. Проста ім было весела, іх цешыла і радавала гэта паездка, змена ўражанняў, новыя месцы, новыя знаёмствы.

Лабановіч пачуў нейкае засмучэнне. Скуль яно, ён не ведаў і сам. Ці не з таго, што панна Ядвіся так радуецца? Як відаць, яе нішто не прымацоўвала тут, ніхто не цікавіў, і яна з лёгкім сэрцам гатова была змяняць гэту глуш Палесся на кожнае новае месца, бо сэрца яе было вольнае, а можа, шукала другога сэрца, каб забіцца яму ў адзін тон? А можа, гэта сэрца было ўжо там?

І пачуванне адзіноты закралася ў душу настаўніка: ён тут - чужы і лішні. І смешнымі цяпер здаліся тыя думкі, якія яшчэ так нядаўна цешылі яго маладое сэрца.

Пані падлоўчая выйшла. У пакоі засталіся адны дзяўчаты. Каля печы пад канапаю ляжаў стары Негрусь і зрэдку павільваў хвастом, калі міма яго праходзіла панна Ядвіся.

- Я ні разу не бачыў вас у такім добрым гуморы, - сказаў да яе Лабановіч. - Вы сёння такая вясёлая, як ніколі.

- А вы хацелі б, каб я плакала? - спытала яна.

- Не, я гэтага зусім не хацеў бы. Але, як я заўважаю, у вас тут няма нічога такога, аб чым вы маглі б пашкадаваць. І калі б вам напаткалася такое здарэнне, што вы маглі б ніколі сюды не варочацца, вы і ніколечкі аб гэтым не пашкадавалі б.

- О не! - прамовіла панна Ядвіся.

На хвілінку яна як бы аб чымсі задумалася. Твар яе стаў сур'ёзны. Але ў момант вока выраз яе перамяніўся, уваччу забліскалі іскаркі смяшлівасці і хітрасці.

- О не! Вы памыляецеся! - сказала яна. - У мяне тут ёсць нехта такі, каго мне вельмі цяжка пакінуць і аб кім вельмі непакоіцца маё сэрца.

Лабановіч замёр у салодкім і разам трывожным чаканні. Панна Ядвіся акінула яго бачлівым поглядам. Яна раптоўна ўсхапілася і накіравалася да Негруся.

- Негрусь, мілы мой Негрусь! - сказала яна і лашчыла сабаку, прытуліўшы да яго сваю шчаку. - Мы разлучымся з табою на цэлыя два тыдні!

- Тым прыемней будзе часіна спаткання пасля разлукі, - сказаў Лабановіч і ўстаў. - Ну, зычу вам усяго найлепшага: шчасліва заехаць, весела гуляць і лёгка перанесці разлуку з тым, аб кім так непакоіцца ваша сэрца.

Гаворачы гэта, Лабановіч чуў нейкую крыўду, і, як ні сіліўся захаваць яе, гэта крыўда вызначалася на яго твары.

- Куды ж вы? - спытала Ядвіся.

- У мяне, бачыце, ёсць адна работа. Вам жа трэба збірацца ў дарогу - не буду вам замінаць... Бывайце здаровы!

Ядвіся нічога не сказала. Яна толькі вінавата і як бы пужліва заглядала яму ў вочы. Можа, яна каялася ў сваім апошнім, праўда, грубаватым жарце, але прызнацца ў гэтым чамусь не хацела.

- А можа, вы заўтра пройдзецеся з намі на раз'езд? - спытала Лабановіча Габрынька.

- Нашто турбаваць пана настаўніка? - прамовіла Ядвіся. - Татка заўсёды пасылае з намі лесніка Грыгора.

Што гэта? Новая абраза ці панна Ядвіся проста не хоча яго кампаніі? А можа, яна не хоча мець сведку свайго спаткання з Сухаваравым?

Вясёлы настрой пакінуў Ядвісю, і яна засталася маўкліваю, замкнёнаю.

- Зразумела, - сказаў Лабановіч, - панне Ядвісі будзе шмат прыемней пайсці ў кампаніі Грыгора і Негруся, які напэўна сам назавецца ў праважатыя.