34155.fb2 У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Калі чалавек любіць жыццё, дык што змушае яго на самагубства. Кажуць, у чалавека слабая натура, яму бракуе сілы змагацца з нягодамі жыцця. Калі і сапраўды натура яго слабая, скуль жа гэта сіла перамагчы страх смерці і падняць на сябе руку?.. Нейкая недарэчнасць. Адно супярэчыць другому.

Лабановіч зацікавіўся гэтым пытаннем, яму хацелася як бы стаць на месцы гэтых самагубцаў і паглядзець іх вачамі на справу жыцця і смерці. Цікава тут яшчэ адна акалічнасць: кожны самагубца мае нахіленне да таго ці іншага спосабу самагубства - адны страляюцца, другія вешаюцца, трэція топяцца, кідаюцца пад машыну, труцяцца, рэжуцца брытваю. А ўсе, наогул, імкнуцца выбраць найболей лёгкі спосаб расквітання з жыццём. І яшчэ некаторыя з іх маюць звычай пакідаць перад гэтым запіскі, кароценькія, а то і доўгія. Лабановіч нядаўна чытаў у газеце запіску аднаго самагубцы. Ён пісаў: «Каб не так страшна было ўміраць, трошкі выпіў».

Нечакана для самога сябе, Лабановіч чамусь доўга затрымаў свае думкі над самагубцамі і самагубствам, непрыметна пачаў уваходзіць у ролю самагубцы.

«А што такое смерць? Момант - і больш нічога няма. Тады і думаць аб смерці не прыйдзецца, і нічога чалавеку не трэба будзе», - разважаў ён.

Нічога не помнячы і не даючы сабе яснага адказу ў тым, што ён робіць, нічога не ведаючы, што ён будзе рабіць, Лабановіч адчыніў шуфлядку ў стале. У самым канцы шуфлядкі, завалены паперамі і кнігамі, ляжаў рэвальвер, просценькі, на шэсць патронаў рэвальверчык. Часамі хадзіў Лабановіч у лес, каб пастраляць у цэль з гэтага рэвальверчыка.

Цяпер гэты рэвальвер у яго вачах меў зусім другі выгляд і значэнне. Узяўшы яго ў рукі, настаўнік аглядзеў рульку, адкуль выглядала куля.

«Вось толькі прыставіць да віска, паціснуць дужку, узвёўшы гэту брамку, - і болю не пачуеш!.. Не, боль, напэўна, будзе, але ўсё гэта зробіцца так борзда, што мозг не паспее вызначыць выніку падзеі».

Нейкія злачынныя думкі навялі як бы туман на маладога хлопца і прычаравалі яго да свайго страшнага круга.

Ён зноў узяў рэвальвер. І цікава: нейкую ўладу меў цяпер гэты рэвальвер над настаўнікам. Яго прыцягала і гэта кулька, што выглядала з рулі, як галоўка нейкага гада. Ужо колькі разоў пазіраў ён на яе. Але раптоўна нейкі промень асвятлення бліснуў у галаве. Ён адкінуў ад сябе рэвальвер. Халодны пот выступіў на лбе. Цяпер толькі заўважыў Лабановіч, што рукі яго трэсліся, як бы па яго душы прабег нейкі віхор, усё засцілалася нейкім туманам. Ён пачуў вялікую палёгку, нібы пасля цяжкае хваробы, а ўсё тое, што пранеслася так нядаўна перад ім, здавалася нейкім сном.

- Панічыку! - пазвала бабка, толькі што ўвайшоўшы на парог пакойчыка. - Мусіць, вы, панічок, нядобрае пісьмо атрымалі?

Настаўнік моцна здзівіўся.

- Чаму ты, бабка, так пытаеш?

- Відаць было, панічыку, па вас, - прамовіла яна, акінуўшы яго бачлівым поглядам. - І ведаеце, панічыку, - таемна прамовіла бабка, - я ізноў вам шаптала! Шаптала, далібог, шаптала! Вы любіце шуткаваць з мяне і з маіх шэптаў, а я ўсё ж шаптала вам, бо мне стала вас шкада.

- А проці чаго ты мне шаптала? - запытаў зацікаўлены настаўнік.

Бабка глядзела на яго колькі хвілін.

- Каб адхіліліся ад вас нядобрыя мыслі, - ціха прамовіла бабка, гледзячы настаўніку ў вочы; яна як бы хацела штось адгадаць у іх.

Лабановіч пачуўся так, як бы яго злавілі ў чымсі непрыемным. Непрыемна было і тое, што бабка ў гэты момант мела над ім перавагу.

«Цікава», - падумаў настаўнік.

Цяпер нябожчык Андрэй як бы адышоўся ад яго, а разам з ім адышліся і думкі аб смерці.

«На свеце, мусібыць, усё робіцца шмат прасцей, як гэта нам здаецца», - заключыў ён свае думкі аб смерці.

XXIV

Златаіскрыя вобразы, як усмех вясны, момантамі ўставалі ў памяці Лабановіча, хвалявалі яго, асыпалі праменнямі радасці і разгортвалі прад ім малюнкі не так даўно мінулага дзяцінства. Яны прыходзілі самі, аб чымсі гаманілі і кудысь клікалі, пакідалі ў душы лёгкі след засмучэння. Аб чым? Аб нейкай страце, аб тым, што не вернеш і што складае скарб, дарагі скарб памяці. Ён бачыў дубы на беразе Нёмана, крэпкія, пышныя дубы з развіслымі вярхамі. На жаралістых камлях гэтых дубоў адбіла свае пячаці несупынная плынь часоў. Яму ўсміхалася светла-сіняе неба і яркім блісканнем асвятляла далёкія прыгожыя вобразы: пахучы луг, роўныя пакаты ўзгоркаў у мутна-сіняй далі, старую хвою з буславым гняздом... Бліскучы дзень, таемнае грукатанне надземных абшараў - гоман-воклік грознапавабных хмар, што шырокаю сцяною засланялі неба і выбухвалі купчастымі клубкамі бела-ружовых воблакаў... Не! Іх не зловіш, не замацуеш словамі, але імі жыве-гарыць душа!

Лабановіч адчуваў нейкую радасць. Яму было лёгка і прыемна. Ён чуў, як моцна звязан ён з жыццём. Яму па душы было гэта адзіноцтва, гэты лес і дарога, па якой ён цяпер ішоў. Куды ён ішоў? Нікуды. Яму проста люба было пабыць у лесе, паглядзець на слаўныя адзінокія хвоі, на старасвецкія дубы па краях палянкі. Ён многа разоў хадзіў тут і цяпер дзівіўся сам сабе, як гэта не зварачаў ён раней увагі на тыя малюнкі, якія бачыў прад сабою цяпер. Вакол было ціха і глуха. Усюды ляжаў снег, але ў паветры патыхала чымся новым, і чулася скорая вясна. Лабановіч сеў на роўна спілаваны пень, сядзеў і штось думаў. Але хіба гэта былі думкі? Не, перад ім праходзілі вобразы за вобразамі, цэлы іх шнур плыў і плыў у яго ўяўленні. Так праседзеў ён некаторы час, пакуль не пачуў глухі тупат конскіх ног і лёгкае шорганне і пасвістванне вузкіх, кованых жалезам палазоў. Ён падняў галаву. Бойкі конік, што дружнаю рыссю зараз жа выскачыў з-пад навіслых ялін на прасторную палянку, борзда імчаў лёгкія прыгожыя сані, у якіх звычайна ездзіць заможная шляхта або сярэдняй рукі панкі. На высокім сядзенні, па-запраўску трымаючы туга нацягнутыя раменныя лейцы, сядзела маладая паненка. На ёй было лёгкае футра; зімняя шапачка, надзетая крыху набок, вельмі ішла да яе твару. Здаровы холад зімы авеяў і разрумяніў ёй шчокі. Ад стройнае фігуркі так і патыхала здароўем і жыццём. Яна кінула зацікаўлены погляд на незнаёмага хлапца. Відаць, яе здзівіла гэта спатканне, а можа, нават і крыху спалохала: чаго сядзіць зімою на дарозе гэты чалавек? Яна шпарчэй пагнала каня. У колькі хвілін вазок знік з вачэй Лабановіча, зноў ускочыўшы ў лес пад шалаш калматых ялін і хвой. Але ён паспеў разгледзець і запамятаваць твар гэтае паненкі: тонкія бровы, бойкія сіняватыя вочы, пухлыя, прыгожа абрысаваныя губы. Дзяўчына была досыць прыгожая, як здалося Лабановічу.

«Напэўна, гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры, - падумаў Лабановіч. - Ну, не такая ўжо яна цікавая, як можна было б спадзявацца». Тым не меней ён устаў і рушыў у той бок, куды паехала дзяўчына. Праўда, ён пайшоў не дзеля таго, што ў гэты бок паехала завітанская красуня, ён проста падаўся дадому. Але, сказаць праўду, у яго такі была думка - а можа, ён спаткаецца з ёю. Усё ж было б цікава паглядзець на яе яшчэ раз, разгледзець лепей. Ды ўжо, калі на тое пайшло, трэба зрабіць так, каб і на мезены палец не даць падумаць ёй, што ён шукае спаткання або зацікавіўся ёю. Не, няхай на гэта яна выбачае. Ён проста зробіць так, каб гэта выйшла зусім выпадкова. Мінуўшы Сяльцо, Лабановіч надумаўся зайсці да старога Абрама выпіць бутэльку піва і крыху адпачыць.

У Абрама была чыстая каморка, куды часамі заходзілі больш важныя госці, чым простыя цельшынцы, якія звычайна таўкліся ў агульным памяшканні-карчме, яшчэ па старому звычаю, калі Абрам трымаў шынок. Увайшоўшы ў гэту каморку, Лабановіч раптоўна спыніўся: за столікам сядзела тая самая дзяўчына, якая нядаўна праехала і аб якой ён усё ж такі думаў. Яна разглядала карталюшкі, якія падаў ёй стары шынкар, і падрахоўвала лічбіны. Лабановіч ніяк не спадзяваўся спаткаць яе тут і прыйшоў у такое замяшанне, што не ведаў, як яму быць: далей ісці ці вярнуцца назад. Панна Людміла - бо гэта была яна - зараз жа падмеціла яго нясмеласць і замяшанне, і гэта ёй, як відаць, спадабалася. Яна ўскінула на яго свае сінія вочы. Лёгкая ўсмешка бліснула на яе твары. І гэта ўсмешка як бы казала: «А я і ведала, што ты да мяне прыйдзеш». Панна Людміла была крыху знароўлена кавалерамі, бо ўсе яны ў тутэйшай акрузе лічылі сваім абавязкам аддаць ёй падатак свае кавалерскае ўвагі. Адзін толькі Лабановіч ухіляўся ад гэтага і ўпарта не хацеў пазнаёміцца з ёю.

«Напэўна думае, што я шукаю спаткання», - падумаў настаўнік і яшчэ больш замяшаўся.

- Выбачайце! - прамовіў ён, крута павярнуўся і выйшаў вон з каморкі.

«Як дрэнна і па-дурному выйшла ўсё гэта, - разважаў сам з сабою Лабановіч. - Выходзіць так, як бы я збаяўся яе і збег. Фактычна гэта так і ёсць. І яна, напэўна, смяецца з мяне. І другім яшчэ раскажа». Ён моцна быў нездаволены сабою, бо трымаўся, як які-небудзь школьнік у прысутнасці дзяўчыны, што хоць і незнаёма з ім, але добра ведае яго, як ведае і ён яе. А панна Людміла, застаўшыся адна, шчыра пашкадавала аб тым, што гэты дзівак так неспадзявана знік адгэтуль, як неспадзявана і з'явіўся тут. Ёй цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які шчэ аж дасюль не быў у Завітанках. З другога боку, ёй чулася і нейкае зняважанне яе дзявочае асобы, бо ніякі кавалер не зрабіў бы таго, што зрабіў гэты пустэльнік, як у сваіх думках называла панна Людміла цельшынскага настаўніка.

Выйшаўшы на вуліцу, Лабановіч пачуў незвычайны крык і лаянку. Супраць стараставай хаты стаяла грамада палешукоў. Усярэдзіне яе метушыліся два палешукі, пабраўшыся загрудкі. І па меры таго як пасуваліся байцы, расступалася і грамада палешукоў, даючы ім месца. Зацікаўлены Лабановіч прыбавіў кроку і накіраваўся да грамады. Першы кінуўся яму тут у вочы Лявон Шкурат. Ён быў бледны, без шапкі, адна шчака яго была акрываўлена. Але ён моцна трымаў свайго праціўніка, Кандрата Куксу, стрыечнага брата старасты. Тут жа ў якасці наглядальніка стаяў і сам стараста.

- Як вам не брыдка, мужчыны, - звярнуўся Лабановіч да грамады. - Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх!

Некаторыя з палешукоў, якія стаялі бліжэй, прыветна ўсміхнуліся настаўніку, некаторыя падалі яму руку. Другія былі захоплены бойкаю і не звярнулі на настаўніка ніякай увагі. А Шкурат і Кукса куксілі адзін аднаго, і не знайся. Стараста, як і ўсе іншыя, таксама трымаў строгі нейтралітэт.

- Стараста! Які ж вы начальнік? - напаў Лабановіч на Рамана. - Як жа вы дапушчаеце, каб людзі на вашых вачах калечылі адзін другога?

Стараста правёў рукавом па носе, састроіў сваю звычайную кіслую міну і важна прамовіў:

- Не трэба, панічок, мяшацца. Няхай сабе яны патузаюцца - самі разыдуцца. Умяшайся - горш будзе.

- Госпадзі! Што вы за людзі такія!

Лабановіч, праціснуўшыся скрозь грамаду, апынуўся побач з байцамі.

- Што вы робіце, дурні?! - крыкнуў ён раз'яраным байцам і стаў паміж імі.

- Ён маю юшку ўкраў, чорт каравы, ды яшчэ біцца са мною будзе?! - крычаў Лявон Шкурат.

- Ты мяне злодзеем называеш, дзяркач ты смярдзючы?! Адыдзіся, паніч!

Кандрат Кукса замахнуўся. Лабановіч і сам пачуў нейкую злосць і таўхануў яго ў грамаду, а сам схапіў Лявона і борздзенька адвёў яго ў другі бок. Палешукі ўзварухнуліся, прытрымалі Кандрата.

- Завошта вы біліся, Лявон? - спытаў настаўнік.

- Юшку маю забраў.

- Якая гэта твая юшка? Калі хочаш ведаць, дык гэта казённая юшка: ты яе са школы ўзяў, як школа будавалася, - казаў усё яшчэ сярдзіты Кукса.

- А каб яна ж згарэла была, гэтая праклятая юшка, - сказаў Лабановіч. - Ну, падумайце, паварушыце мазгамі: ці варта гэта юшка, каб з-за яе так калаціцца? Ну, колькі яна каштуе?

- Рубель я заплаціў за яе, - адказаў Лявон.

- Украў ты яе, а не рубель заплаціў!

- Ну, на табе рубель, супакойся і ідзі дадому. Ляж на печ і ляжы, покі не астыне твая кроў.

Настаўнік дастаў кашалёк, выняў срэбраны рубель і аддаў яго Лявону.

Лявон узяў рубель і пашыбаваў у сваю хату.

- Бярэ рубель, - з зайздрасцю прамовіў Кукса, - а каб цябе, гад, за жывот узяло.

Лабановіч таксама пайшоў да сябе ў школу, думаючы, што ён зрабіў вельмі добра, і нават ганарыўся сваім учынкам.