34155.fb2
Пан падлоўчы весела павітаўся са сваім суседам, узяў яго пад руку і павёў да панны Людмілы.
- Проша быць знаёмымі: пан Лабановіч, прафесар велькіх букваў.
Панна Людміла ўсміхнулася сваёю прыветнаю ўсмешкаю і жартліва прамовіла:
- Мы бадай што і знаёмы. - І падала сваю мяккую ручку.
- Дык наш прафесар шмат дасціпнейшы, як гэта я думаў, - прамовіў пан падлоўчы.
- У ціхай букце чэрці водзяцца, - дадаў і Сухавараў і распусціў свае мокрыя губы ў крыху абразлівую ўсмешку.
Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі і звысоку пазіраў на ўсіх тутэйшых кавалераў.
Павітаўшыся з усімі, Лабановіч сеў адзін у больш спакойным месцы і стаў прыглядацца да гасцей. Старэйшая пісаранка, як гаспадыня, часта адлучалася; кавалеры з далікатнасці ўдзялялі ёй шмат увагі, што прыдавала ёй гонару і здавальнення.
- Ну, як жывяце? - спытаў Лабановіча Дубейка. - У нас, бачыце, не тое, што ў вас - публікі многа, паненкі... Як вам падабаецца наша Людміла?
- А чаму яна ваша, а не наша? - спытаў і Лабановіч. - Ну, што ж? Дзяўчына як дзяўчына.
- Вы паглядзіце, як каля яе гэты жалязняк увіваецца!
- А вам зайздросна? Чаму ж вы не ўвіваецеся?
- Маё ад мяне не ўцячэ, - горда зазначыў Дубейка.
Яму нядаўна абяцаў земскі начальнік пісарскую пасаду.
Падышоў Максім Гарошка.
- Што вы так рэдка ў нас бываеце? - спытаў і ён Лабановіча.
Максім быў вяртлявы, нізкага росту дзяцюк, з тонкімі чорнымі дугамі-брывамі і жывымі вачамі. Ён быў досыць прыгожы хлопец і сярод паненак лічыўся цікавым кавалерам, хоць і нявыгадным жаніхом. Максім любіў весці размовы на грамадскія тэмы. Ён не меў службы. Чаму? А проста таму, што ніякая пасада яго не здавальняла і ніякая прафесія не адпавядала яго поглядам на жыццё. Ён проста быў трохі шалапай і распуснік. У яго быў востры язык і нахіленне да высмейвання людзей.
То той, то другі з гасцей падыходзіў да цельшынскага настаўніка і што-небудзь казаў яму. Саханюк сыпаў жарты паненкам. Да панны Людмілы ён не падыходзіў, хоць спотайку сачыў за ёю вельмі ўважна.
Панна Людміла ўжо колькі разоў памыкалася падысці да Лабановіча, бо страціла надзею на тое, што ён калі-небудзь падыдзе да яе сам. Ёй проста было цікава пабачыць, што ён за чалавек. «Ну і бервяно нейкае!» - сама сабе зазначыла панна Людміла. Тым не меней яна папрасіла прабачэння ў свайго кавалера і з мілаю ўсмешкаю падскочыла да Лабановіча.
- Можна каля вас прысесці? - спытала яна салодкім галаском.
- Проша, проша! - прамовіў Лабановіч і падставіў ёй крэсла.
- Вы як бы за штось гневаецеся на мяне, праўда?
- О не, барані Божа! - горача прамовіў шчаслівы настаўнік. - Хіба на вас можна гневацца? Дый за што?
- Ну, скажыце мне праўду: чаму вы ніколі да нас не зайшлі?
- Я жыву ўсё ж далёка ад вас, з вамі да сённяшняга дня быў незнаёмы, і так не было здарэння.
- А яшчэ якія былі прычыны? - дапытвалася панна Людміла.
- Другіх прычын я вам не скажу.
- А яны былі?
- І пра гэта прамаўчу.
- Ну, скажыце! Ах, які вы нядобры.
- Што зрабіць? І нядобрыя людзі жывуць на свеце.
- Не, вы - добры! Я чула, што вы добры.
- Мала што хто гаворыць. Ды яшчэ ці гаворыць?
- Дык вы мне не верыце?
- Я і сам сабе не веру.
- Вось гэта міла! Як жа гэта вы сабе не верыце? - пытала панна Людміла.
- А вось бывае так, што думаеш адно, а робіш другое, хочаш жыць так, а жывеш іначай.
- А чаму гэта так выходзіць?
- А таму і выходзіць, што чалавек па сутнасці сваёй часта змяняецца. На яго мае ўплыў надвор'е, людзі, асабліва ваш брат...
- А які ўплыў мае на вас наш брат?
Лабановіч падумаў і адказаў:
- І добры і кепскі.
- Ха-ха-ха! - засмяялася панна Людміла. - Няўжо на вас мае ўплыў, як вы кажаце, наш брат? Не верыцца нешта. Вы, выбачайце, дапраўды нейкі... святы.
- Я ведаю, - з ноткай лёгкага засмучэння сказаў Лабановіч, - што паненкам святыя не падабаюцца, хоць, праўда, святым я з'яўляюся з вашага пункту погляду...
- Не, не! Вы не крыўдзіцеся, прашу вас. Я толькі хацела сказаць, што вы... ну, зусім не такі, як іншыя, не такі ў лепшым сэнсе.
- Вельмі вам дзякую, але, зняўшы галаву, па валасах не плачуць. І крыўды тут ніякай няма. Людзі часта ўсё жыццё б'юцца і думаюць аб тым, каб святым стаць, а мне гэта лёгка далося.
- О! Маладзец прафесар велькіх букваў, - жартаваў пан падлоўчы, падышоўшы да іх. - Адзін завалодаў паннаю Людмілаю.
- Гэта я завалодала прафесарам, проста гвалтам узяла яго, не пытаючыся, ці рад ён гэтаму, ці не рад, - адказала панна Людміла.
- Выбачайце, - усміхнуўся Лабановіч і глянуў ёй у вочы так, нібы ён ведае шмат болей таго, як думае панна Людміла. - А ці так гэта?