34155.fb2
- Ой, хітры ж вы, хітры!
- А як вы думаеце: святасць і хітрасць не шкодзяць адно другому?
- О не! Вам яны не шкодзяць.
- Ну, гэта іншае пытанне, але ці можна быць святым, астаючыся і хітрым?
- У пытаннях святасці я нічога не разумею, - адказала панна Людміла. - Але пакінем аб гэтым. Скажыце, чаму вы тады так борздзенька ўцяклі, памятаеце, у Абрама?
- Я ніяк не думаў спаткаць вас там, і мне стала нялоўка... Скажу вам праўду: я не хацеў, каб вы падумалі, што я зайшоў туды дзеля таго, каб пабачыць вас.
- А хіба вам так непрыемна было пабачыць мяне?
- Вот вы і злавілі мяне. Цяпер выкручвайся як хочаш, - сказаў, смеючыся, Лабановіч.
- Вы мне кажыце праўду, чуеце? Чыстую праўду, - горача наступала панна Людміла.
- Я проста не хацеў падманваць вас.
- Што гэта значыць? Я нічога не разумею, - крыху нахмурыўшыся, сказала панна Людміла. - У чым вы маглі мяне падманваць?
- Усяго ведаць няможна, бо часта веданне разбівае наша шчасце.
- Цяпер я ўжо зусім не разумею вас.
- А вы больш размаўляйце з разумнымі людзьмі, - параіў ёй Лабановіч.
- А чым жа я вінавата, што вакол мяне дурні?
Лабановіч засмяяўся.
- Кепскага ж вы здання аб вашых кавалерах, і я на гэты раз вам вельмі рады, што не ў іх ліку.
- Аб чым гэта галубкі варкуюць? - запытаўся Сухавараў, падыходзячы да іх. Яму было крыху не па сабе, што панна Людміла аддавала перавагу Лабановічу, а не яму.
- Проша сядаць, - паказала панна Людміла яму месца каля сябе.
Сухавараў сеў, залажыў нагу на нагу і пакруціў свой чорны вусік. Але пагаварыць яму так і не ўдалося: гаспадыня запрашала гасцей за стол. Госці ўздыхнулі лягчэй і, няспрытна топчучыся і аказваючы знакі ўвагі адзін другому, рушылі ў другі пакой. Праз увесь доўгі стол цягнуўся цэлы рад бутэлек гарэлкі. Лабановіч сядзеў поруч з Максімам Гарошкам і Дубейкам. Яго суседзі былі добрыя выпівакі і кампанейцы па частцы закусвання. Кожная новая чарка дадавала больш руху, ажыўлення, развязнасці. Шум, смех, жарты поўнілі пакой. Пілі за здароўе пісара, пісаравых дачок. Сухавараў падняў чарку за каханне, Дубейка за панну Людмілу. Госці ўставалі, стукаліся чаркамі, разлівалі гарэлку. Ураднік запрапанаваў заспяваць «Боже, царя храни...». Госці мусілі падняцца, рад быў хто ці не рад гэтаму.
Максім Гарошка незвычайна ўпадабаў свайго суседа Лабановіча і, развязаўшы язык, плявузгаў рознае бруднае глупства.
- Да кожнае бабы падкаціцца можна, - гаварыў Максім Лабановічу. - Я іх натуру ўжо добра ведаю. З выгляду здаецца - «ані вэзь», брыкаецца, абражаецца, а скончыць тым, што прыгорнецца да цябе.
- Ну, ведаеце, па некалькіх патаскухах нельга судзіць аб усіх, - сказаў Лабановіч.
- Нашто браць патаскух? - Максім зірнуў на суседа. - Няхай гэта будзе між намі. Мне матушка наша жалілася на свайго бацьку Кірылу: «Такі ён, кажа, хваравіты, слабенькі. Нічога не можа. Проста шкада яго». Ну, і я пашкадаваў нашага бацьку, - прамовіў Максім і захіхікаў.
- Няўжо гэта праўда? - спытаў Лабановіч і паглядзеў на Максіма.
- А вы думалі я - Юзаф прыгожы? Вы, прафесарка, як бачу, яшчэ не адукованы ў гэтым сэнсе чалавек, - сказаў Максім і засмяяўся.
- А хіба для гэтага трэба спецыяльныя курсы скончыць? - спытаў Лабановіч.
- Не, для гэтага трэба мужчынам быць, - адказаў Максім.
- А не проста разбэсціцца?
- Пры чым тут разбэшчванне? Прырода, брат, вымагае гэтага.
- Калі за прыродаю пайсці, то можна апраўдаць рознае глупства, асабліва калі пры гэтым пачнеш яшчэ патураць сабе. Вось вы нідзе не служыце, бацька ваш ужо стары, яму трэба ўтрымліваць вас, а вы скажаце: «І прырода вымагае таго, каб ён клапаціўся пра мяне».
- Разумеецца. Хіба я прасіў яго, каб ён пусціў мяне на свет? А пусціў, няхай і корміць, няхай патурбуецца... Слухай, прафесар, давай вып'ем на «ты»?
Максім наліў чаркі. Выпілі.
- Ведаеш, брат, што, - пачаў Максім, - я табе такую маладзіцу расстараюся, што з ёю пазнаеш ты радасці раю.
Лабановіч быў ужо досыць п'яны. Яму было лёгка і весела. Перад вачамі снаваўся нейкі прыемны туман і ўсё афарбоўваў у ружовы колер. І гэты самы Максім, і Дубейка, Сухавараў, і наогул усе, праўду кажучы, добрыя людзі. Максім яшчэ зусім малады, ён - хлапчук. А што ён за бабамі ганяецца, ды хто ж гэтага не робіць? Ды Максім і іншыя маюць смеласць адкрыта сказаць аб гэтым, а ён, Лабановіч? Ён шмат горшы ад іх, бо свае брудныя мыслі аб кабетах трымае пры сабе. А ці мала часу забіралі ад яго гэтыя думкі? Ён помніць спатканне з незнаёмаю жанчынаю, што ішла да яго, а ён прагнаў яе. Хіба ён добра зрабіў? Колькі разоў ён каяўся ў гэтым, і мыслі аб ёй распалялі яго. А каму ён аб гэтым казаў? Нікому. А чаму? Ясна чаму: яму, бруднаму ў такой жа меры, як і ўсе мужчыны, а можа, і больш таго, хацелася паказацца чыстым, нявінным, лепшым ад іншых. А ён... проста - манюка, хітрэц, фарысей, ашуканец, прыкіда, фальшываманетчык, бо выдае сябе не за тое, што ён ёсць... Ха-ха-ха! Ён - пустэльнік, ён - святы!..
Мутнымі вачамі ён акінуў гасцей. Уваччу ўсё калыхалася і траілася. І невядома адкуль перад ім з'явіўся вобраз панны Ядвісі. «Ядвіська, мілая, слаўная!» - казаў ён у сваіх думках. Ён схіліў галаву і штось думаў. Потым раптоўна павярнуўся да Максіма.
- Максім Грэк! Вып'ем, брат?
- Вып'ем, прафесар.
- За здароўе тае маладзіцы, з якою можна пазнаць радасці раю!
- Брава, прафесар!
Лабановіч ужо зусім ап'янеў. Праўда, цвярозых тут і не было, апрача паненак - яны былі толькі вясёлыя, - і Саханюка, які гарэлкі не піў. Тым не меней Максім і Лабановіч выдзяляліся сярод гэтае кампаніі. Яны громка гаманілі, разводзілі рукамі і цалаваліся.
Саханюк непрыметна падышоў да калегі.
- Слухайце, калега: зойдзем на мінутку да мяне!
- Чаго? Не пайду. Я яшчэ піць хачу. Хачу пахаваць цельшынскага педагога, бо ён - фальшывы.
- На адну мінутачку, калега. Выйдзем.
- Саханюк! Мілы мой Саханючок! Ты - мой старэйшы брат. Я пакараюся табе... Але... Стой! Ты, брат, хіцёр, Саханючок: я ведаю, ты хочаш ад мяне пад п'яную руку падпіску ўзяць, што я аддаю табе гарцы.
- Гарцы ж ты мне і так аддасі як падарунак к вяселлю.
- Праўда, праўда, брат! - схамянуўся Лабановіч. - Жаніся, брат!.. Аддам табе гарцы, бо ты - чалавек, а не яловы пень, як думаў я раней.
Саханюк пад руку прывёў Лабановіча ў сваю кватэру.