34155.fb2 У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

- Вясёлая, харошая паненка! - і аб чымсі задумалася.

Праз хвіліну бабка сама ўвайшла ў пакойчык. Ёй хацелася дазнацца, якую штуку выкінула там паненка.

- Красачак прынесла, няхай падумае пра мяне.

Бабка ўзяла ў рукі букецік, паглядзела на яго, паднесла да носа і палажыла зноў на стол. Яна чагось уздыхнула і выйшла.

Гэта было на захадзе сонца.

Калі ўжо добра сцямнела, прыйшоў Лабановіч. Ён запаліў лямпу. Пры яе святле заўважыў кветачкі.

«Хто ж гэта палажыў іх сюды?» - спытаў ён сябе самога і стаў разглядаць букецік.

Вечар быў цёплы і ціхі, Лабановіч падышоў да акна і расчыніў фортку. Вокны пакояў пана падлоўчага былі цёмныя. Там, значыць, нікога не было; можа, яшчэ рана. З двара далятаў сюды шум сельскае вуліцы. Дзесь у канцы вуліцы пілікала скрыпка, там жа чуўся радасны смех дзяўчат і іх крык і піск. Відаць, за імі ганяліся хлопцы, лавілі і дурэлі з імі. Потым дзяўчаты хорам спявалі «вяснянкі». Звонкія, маладыя галасы будзілі спакой гэтага ціхага вечара, і водгулле іх замірала дзесь у соннай цішы балот.

На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі, пераліваліся, як бы там трапяталі крыльцамі нейкія дыяментныя матылі. І было штось незвычайна важнае і велічнае ў гэтым далёкім харастве недасяжных зор і ў гэтай маўклівасці цёмнага бяздоннага неба, і перад велізарнасцю і тайнасцю яго заціхаў дробны клопат зямлі.

«Колькім людскім пакаленням свяцілі гэтыя зоркі! - разважаў настаўнік. - Людскія пакаленні даўно сышлі з твару зямлі, і вецер даўно параздзімаў іх магілы і разнёс па свеце прах касцей іх, а яны, спакойныя зорачкі, кожную ясную ночку будуць свяціць сваім немяцежным бляскам, неўспагадныя на ўсе мітусенні і трывогі ўсхваляванай душы чалавека. А мы перабудзем свой век, колькі нам прызначана, гэты страшэнна кароткі міг, малюпасенечкае звенца ў бясконцым ланцугу жыцця, і ніякага следу не захаваюць па нас бязлітасныя часы. І ці варта так прырастаць да гэтага жыцця, да гэтага нязначнага моманту ў ходзе часаў?»

І нейкая туга ахапіла настаўніка. Аб чым? Мабыць, аб тым, што такая мізэрная і нязначная людская доля, людское жыццё. Ён апусціў галаву над сталом і сядзеў нерухліва. Лёгкі і раптоўны шолах каля шыбы акна абудзіў яго. Ён узняў галаву, і ў гэты момант на стол упала некалькі такіх жа самых красачак, што былі і ў букеце. Відаць, некаторыя з іх не папалі ў фортку, а толькі лёгенька крануліся шыбак і засталіся за акном. Разважанні аб нязначнасці людскога жыцця былі таксама раптоўна распуджаны чыёюсь рукою, што кінула гэтыя краскі.

Лабановіч борздзенька кінуўся да форткі. Але там было ўсё ціха. І толькі шумлівая і многагалосая вуліца правіла маладыя гімны гэтаму жыццю.

- Няўжо гэта Ядвіся? - спытаў сам сябе настаўнік. - Бабка! - гукнуў ён.

- А што, панічыку?

- Ты не спіш яшчэ?

Дзверы скрыпнулі. Прыйшла бабка.

- Ці ты, бабка, не ведаеш, хто гэта прынёс сюды красак?

Бабка перш прыкінулася, што нічога не ведае, а каб пераканаць у гэтым настаўніка, узяла краскі і стала разглядаць іх. Але, як ні хітрыла бабка, настаўнік прачытаў на яе твары, што яна прыкідваецца.

- Ой, бабка! Грэх табе, старэнькай, хлусіць і падманваць. Не любіш ты мяне і не шкадуеш. Я ўжо і па той прычыне не паверу табе, што ты - знахарка. Ты павінна ведаць.

- Ой, панічыку! Ну, хто ж вам можа прынесці красачак, як не паненка?

- Якая паненка і чаму паненка, а не якая-небудзь маладзіца?

- Хто ж іх, панічыку, ведае, хто да вас лепей горнецца: ці паненкі, ці маладзіцы, - усё яшчэ хітрыла бабка. Але ёй самой неўтрыванне было, каб не сказаць, і яна пачала смяяцца. - Паненка, панічыку, сама сюды забягала і палажыла іх вам. Толькі яна, панічыку, прасіла, каб я вам не казала.

- Злаўлю яе калі-небудзь.

- Злавіце, панічок, злавіце! - прамовіла бабка, гатовая нават памагаць свайму панічу злавіць паненку.

- Чаму ты, бабка, не ідзеш на вуліцу песні спяваць?

Бабка паглядзела на настаўніка, ці ён праўду кажа, ці жартуе.

- Няма, панічыку!.. Адспявала я ўжо сваё.

- А ці шкада табе свае маладосці?

- А што яе, панічыку, шкадаваць? Ці шкадуй, ці не шкадуй - не вернецца назад.

- А ці хацела б ты вярнуць яе?

- Э, панічок! Ніколі я пра гэта і не думаю. Нікому яна не варочаецца.

- Дык трэба, бабка, карыстацца ёю і ўзяць ад яе ўсё, чым яна міла і люба!

- Так, панічок, што цяпер страціш, таго потым не знойдзеш.

Гэта размова зусім не цікавіла бабку, і яна колькі разоў пазяхнула. А ўрэшце сказала:

- Ужо ж, панічок, і позна. Заставайцеся здаровы!

Бабка даволі пасунулася ў кухню на сваю печ, адкуль хутка пачуліся нейкія мармытанні, не то яна сама з сабою размаўляла, не то малілася Богу.

У сяле яшчэ доўга спявалі песні, ды дзесь з двара даносіўся брэх патрывожанага сабакі. Апознены месячык загарэўся залатым пажарам за тым панурым лесам, што стаяў з боку чыгункі, і павольна ўзнімаўся над заспакоенаю зямлёю. Ноч цішэла і глушэла і цяжэй налягала на зямлю. Настаўнік яшчэ доўга сядзеў каля акна, і розныя думкі падымаліся ў яго галаве. Спаць не хацелася, і ён доўга варочаўся, пакуль сон замкнуў вочы. На століку каля ложка ляжаў букецік завяўшых красак.

Вясна ўступала ў сілу. Снегу ўжо зусім не было ў палях. Ажылі балоты. Жаласна застагналі кнігаўкі, цяжка лятаючы над вадою. Высока ў небе звінелі жаваранкі. Абсохшая зямля пачынала іскрыцца зялёным аксамітам кволай пахучай траўкі. То той, то другі з вучняў пакідаў школу.

- Вось што, дзеці, - сказаў раз вучням настаўнік, - сёння па абедзе прыходзьце з рыдлёўкамі. Будзем капаць ямкі, а заўтра ўсе пойдзем у лес, прынясём маладых дрэўцаў і абсадзім нашу школу.

Дзеці адзін перад другім спяшаліся запэўніць настаўніка, што яны прынясуць рыдлёўкі, і з вясёлым дзіцячым гоманам, як пчолкі з вулля, высыпалі з школы на вуліцу, напаўняючы яе звонкімі, шчаслівымі галасамі.

Пасля абеду дзеці весела беглі з рыдлёўкамі ў школу і таксама заяўлялі аб гэтым настаўніку, забягаючы да яго на кватэру. Нават маленечкі Паўлюк Рылка, самы меншы ў школе, горда нёс рыдлёўку, згінаючыся ад яе цяжару.

Настаўнік прыйшоў у школу і павёў дзяцей на двор. Разам з вучнямі размеркавалі месцы для ямак, потым настаўнік назначыў работу вучням, падзяліўшы іх на гурткі, і сам выкапаў першую ямку, каб паказаць дзецям, як гэта трэба рабіць.

- Што гэта вы робіце?

Панна Ядвіся непрыметна падышла да Лабановіча.

Гэты так добра знаёмы яму голас прывёў яго ў нейкае трапятанне. Сэрца застукала мацней.

- Хачу па сабе вам памяць пакінуць.

- А хіба ж вы паміраць збіраецеся? - засмяялася Ядвіся.

- Я памёр ужо, - трагічна прамовіў Лабановіч.

- Дык гэта вас хаваць тут будуць? - жартавала яна. - Можа, пабегчы пасклікаць баб, каб паплакалі па вас?

- А вы хіба не заплачаце па мне?