34155.fb2
- Прафесар велькіх букваў! О, прафесар! Чуеш? Уставай піць гарэлку!
Лабановіч спаў крэпка і нічога не чуў. Падлоўчы быў падвыпіўшы і не адступаўся. Яго кулак часцей і шмат мацней пачаў барабаніць па сярэдняй раме. Шыбы зазвінелі, а з некаторых пасыпаўся кіт.
Падлоўчы Баранкевіч, звярнуўшы на гэта ўвагу, засмяяўся і прамовіў сам сабе:
- Чорт яго бяры, прафесара: павыбіваю яму вокны!
Лабановіч на гэты раз пачуў грук і скрозь сон дагадаўся, што яго будзіць падлоўчы, але расчыніць вочы і падняць галаву проста не меў сілы. Калі ж грук пачаўся з новай сілаю, ён громка прамовіў:
- Га-а!
- Уставай, прафесар! - гукаў з двара Баранкевіч.
Лабановіч узняўся, адчыніў фортку і стаў прасіцца:
- Пане суседзе, не спаў тры начы - не магу!
- Што за «не магу»? Зараз жа адзявайся, бо, далібог жа, прыйду і павалаку так, як ты цяпер ёсць. А будзеш упірацца, то паклічу Рыгора і Язэпа і, далібог, прывалачом вось так, як цяпер ляжыш. А ў мяне і паненкі ёсць.
Лабановіч убачыў, што ад падлоўчага не адчэпішся, і стаў адзявацца. Памыўшыся халоднаю вадой, ён крыху асвяжыўся і прыйшоў да памяці. Ён пералез добра знаёмы яму пералаз і ступіў на ганак пана падлоўчага. Негрусь па свайму сабачаму звычаю забрахаў разы тры, павільваючы хвастом, як бы хочучы сказаць: «Гэта я так сабе брашу, без злосці».
- А што? Збаяўся: прыйшоў-такі! - спаткаў «прафесара» падлоўчы ў сваім пакоі.
Даўжэразны стол, якога раней настаўнік не бачыў у пана падлоўчага, стаяў каля сцяны, прыпёрты да яе шчыльна адным сваім краем. Гэты стол, як ёсць, быў завален пірагамі, бабкамі, мясам розных гатункаў і рознага прыгатавання. Штук шэсць шкляных банак з крэпкім хрэнам выглядалі з розных месцаў стала, тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Шынкі, як падушкі, абтыканыя зелянінаю, ляжалі важна зялёнымі ўзгоркамі.
На дзябёлым крэсле старасвецкай работы сядзеў чыгуначны майстар Грыгарэц, з шырачэзнаю спінаю, дубовага складу чалавек, ніколі ў жыцці не ведаўшы страху перад гарэлкаю. Ён быў тоўсты, крэпкі і меў выгляд навоя, на які толькі што навілі кросны ў дванаццаць губіц. Рыжая і ўжо з лысінаю галава яго насілу пакручвалася направа і налева на кароткім, але незвычайна тоўстым карку. Маленькія вочкі яго ўжо замасліліся, але ён не касаваўся перад чаркамі і ліў іх, як у бочку. Тут жа была і панна Людміла са сваім братам Анатолем. Анатоль, паздароўкаўшыся з настаўнікам, зараз жа пайшоў шукаць прыпынку для свае галавы, у якой цяпер малаціла нейкая малатарня. Людміла толькі правяла яго балесным поглядам. Яна была адзета ў лёгкую шаўковую блузку колеру льнянога цвету і выглядала вельмі прыгожаю і цікаваю. Ядвіся таксама была адзета з густам. На ёй была чырвоная атласная кофтачка, якая вельмі ішла да яе смуглага твару, а пышныя цёмна-каштанавыя валасы былі перахвачаны чырвонаю ж, як жар, стужачкаю. Габрынька стаяла каля музычнае скрыначкі, з якой нядаўна грымела музыка.
- Тут, пане мой, паненкі адны сядзяць, а ён спаць заваліўся, - адчытваў Лабановіча вясёлы падлоўчы.
Падышоўшы да Людмілы, Лабановіч спыніўся і сказаў ёй:
- Чаму вы, панна Людміла, не перахрысціліся, убачыўшы мяне?
Ядвіся зірнула на Лабановіча, потым на Людмілу, Людміла, асвятліўшы свой твар усмешкаю, пазірала на яго, штось прыпамінаючы, а потым весела засмяялася.
- Аднак жа вы злапомны.
- Зусім не, - адказаў настаўнік, - я толькі хацеў вам напомніць, што, угледзеўшы «святога», трэба перахрысціцца.
- Ну, годзе табе тут любошчы разводзіць, - падышоў падлоўчы і ўзяў настаўніка пад руку. - Вып'ем!
- Ой, паночку, за што вы на мяне ўгневаліся? З раю ў пекла цягнуцца? - скардзіўся Лабановіч, гледзячы на паненак.
- І ў пекле паненкі ёсць, ды яшчэ такія, якіх і ў раі не знойдзеш, - прамовіў падлоўчы і, пакланіўшыся паненкам, папрасіў прабачэння, што забірае ад іх кавалера.
- Але нічога, - заспакоіў ён іх, - пан прафесар шмат цікавейшы будзе, вярнуўшыся ад стала.
Падлоўчы Баранкевіч наліў чаркі.
Грыгарэц вельмі спрытна кульнуў сваю чарку; здавалася, што ён яе і не піў, а так толькі ўскінуў галаву, каб паглядзець, як высока столь у пакоі падлоўчага. Закусваючы, ён штурхануў локцем Лабановіча і ціха прамовіў:
- Ну, як наконт маладзічак?
Настаўнік нічога не паспеў сказаць, бо перад ім ужо стаяла другая чарка.
- Выпі, тады будзеш закусваць. Мы тут, пане мой, мардаваліся, а ён сабе спаць палажыўся.
І гаспадар прымусіў яго выпіць яшчэ чарку.
Лабановіч пабег да паненак, запрашаючы іх да стала.
- Пойдзем! - прасіў ён іх. - Я раскажу вам гісторыю, як на Палессі такія, як вы, прыгожыя дзяўчаткі з'явіліся.
Паненкі зацікавіліся і ўсталі. Ён узяў іх пад рукі і пайшоў разам да стала. Наліў па чарцы віна і вельмі ўпрашаў выпіць, называючы іх дыяментамі Палесся, божымі летуценкамі. Яму было надзвычайна весела, язык развязаўся, ён забаўляў паненак; яны слухалі і смяяліся.
- Ну, а гісторыю калі скажаце? - пыталі яны.
- А вось як віна вып'еце!
Дзяўчаты выпілі.
- Ну, слухайце... Стварыў Бог Палессе і пайшоў аглядаць балоты. Доўга хадзіў Бог, і стала яму маркотна. І стварыў ён дзяўчыну незвычайнага хараства і сам залюбаваўся ёю. Вочы ў яе былі, як у панны Ядвісі, і такія ж самыя пышныя валасы. Бровы... - тут Лабановіч глянуў на бровы панны Людмілы, а потым на бровы Ядвісі.
- Усё ў яе было, як у панны Ядвісі, - сказала панна Людміла і хітра ўсміхнулася.
- Не, не ўсё - адказаў Лабановіч - бровы былі, як у Габрынькі, губы і рот - як у вас. Доўга пазіраў на яе Бог, а потым сказаў: «Не, няможна цябе пакідаць людзям: яны будуць калаціцца з-за цябе». Паставіў яе Бог на сваю руку і дзьмухнуў. Дзяўчына рассеялася і зрабілася хмаркаю. «Ты будзеш хадзіць над Палессем век-векам, і ад тых людзей, на якіх упадуць твае кроплі, будуць раджацца красуні». І вы, - сказаў Лабановіч паненкам, - маеце ў сабе тыя кроплі і радзіліся дзеля таго, каб на Палессі не маркоціліся маладыя хлопцы.
- Ну, годзе табе казанні казаць, - спыняў яго падлоўчы.
Лабановіч ужо не спрачаўся і піў многа. Гарэлка ўрэшце страціла над ім сваю сілу, ён піў ужо сам і падліваў другім.
- Слухайце, - спытала Людміла, - чаму вы ніколі да нас не зойдзеце?
- Добра, што вы запыталіся цяпер, - адказаў настаўнік, - бо я толькі тады і кажу праўду, калі добра вып'ю. Дык слухайце: буду казаць праўду. Я затым і не хадзіў да вас, што баяўся вас, бо душа мая чуе: тады, калі мае ногі пераступяць парог вашага дома, яна пападзе да вас у палон.
- Я вельмі шкадую, - смеючыся, прамовіла панна Ядвіся, - што ніколі не чула вас тады, калі вы добра вып'еце.
- Эх, панна Ядвіся, панна Ядвіся! - як бы ў нейкім незвычайным засмучэнні прамовіў настаўнік. - Калі я гавару з вамі, то тады я не толькі «добра выпіўшы», але і п'яны - і, стала быць, яшчэ большую кажу вам праўду.
- Хіба ж я бочка з гарэлкаю? - засмяялася панна Ядвіся.
- Вы - той напітак, які п'юць толькі багі.
Адным словам, Лабановіч стараўся развясельваць дзяўчат.
Падлоўчы хадзіў перавальваючыся, і здавалася, што яму вельмі было цяжка падымаць ногі. Але ён быў незвычайна вясёлы і, павярнуўшыся да Людмілы, заспяваў: