34155.fb2
Паддаўшы такім чынам духу, настаўнік заходзіў да Трахіма Пятровіча, захоўваючы яшчэ на сваім твары тую смеласць і рашучасць, якімі ён толькі што начыняў сваіх вучняў.
Іншыя настаўнікі, наадварот, доўга заставаліся ў школе пры вучнях і тлумачылі ім, дзе, у якіх выпадках трэба паставіць той ці іншы знак прыпынку, і вялі нават папярэдні экзамен. Пакінутыя адны, вучні памаленьку пачыналі разварушвацца, знаёміцца паміж сабою - часта пры дапамозе кулакоў, штурханоў, высмейвання адных другімі і давання мянушак.
Звычайна на экзамены збіралася пяць-шэсць школ. Тут ужо можна было лягчэй паназіраць настаўнікаў розных тыпаў. Рознасць іх выяўлялася і з чыста надворнага выгляду. Тут можна было спаткаць прылізанага зуха са спрытам і нахіленнем да жаночага роду; былі і выяўна зняважлівыя да розных умоўнасцей грамадскай прыстойнасці: мелі доўгія валасы і, адным словам, насілі на сабе ўсе адзнакі нігілізму як пратэст супраць свайго бяспраўя і нязначнасці становішча ў грамадстве. Былі і такія, што ўсё асмейвалі, на ўсё пазіралі звысоку і, прачытаўшы Дрэпера або Бокля, лічылі сябе ў высокай меры свядомымі і начытанымі і ўжо на валаснога пісара глядзелі так, як вучоны на якога-небудзь мікроба. Людзі ж пажылыя, жанатыя, цікавіліся болей гаспадаркаю і кавалкам хлеба, чым школамі і навукамі; гэта былі ўжо людзі пакорлівыя, якія лічылі сваім абавязкам лішні раз пакланіцца начальству.
Само начальства, інспектар Хрысціцкі, прыехаў гадзіну таму назад, але ў школу яшчэ не прыйшоў. Ён спыніўся ў мясцовага папа-акадэміка Пражорыча, бо і сам інспектар таксама быў акадэмік; у настаўніка ён начаваў толькі тады, калі не было дзе прыпыніцца.
Настаўнікі сядзелі ў кабінеце Трахіма Пятровіча і аб сім-тым гаманілі, пераважна аб экзаменах і аб інспектару. Адны знаходзілі яго чалавекам, з якім яшчэ жыць можна; другія ж, наадварот, даводзілі, што ён - прыдзіра, з кожнага глупства робіць цэлую справу і, наогул, страшэнны бюракрат. У залежнасці ад таго, якое ў каго было дачынене да інспектара, і выяўляліся гэтыя погляды. Была адна рыска, агульная для ўсіх настаўнікаў: гэта асаблівая бледнасць і зямлістасць колеру твараў, якую можна заўважыць толькі ў тых, хто змушан жыць у падвалах і астрогах. І яшчэ што іх рабіла падобнымі адных да другіх - гэта тая семінарская закваска, якая так трудна вытыхаецца з настаўніка - выхаванца семінарыі.
- Ідзе!
Хтось з настаўнікаў заўважыў праз акно інспектара.
Усе крыху здрыгануліся, паправілі манішкі і гальштукі, а Лабановіч нават ускінуў плечы, каб падняць свой «лапсярдак», як паспелі назваць гэтае важнае адзенне для афіцыйных выступленняў. Сапраўды, да гэтае адзежыны больш падыходзіла слова «лапсярдак», чым сурдут, бо ён быў пашыты на чалавека шырынёю з аршын у плячах і на паўтары, а то і цэлых дзве галавы вышэйшага ад Лабановіча. Апрача таго, на сурдуце былі сякія-такія плямы, паходжанне якіх можна было б вытлумачыць неасцярожна ўпаўшымі капкамі верашчакі. Тым не меней нават і такі «лапсярдак», са спушчаным далёка ўніз станам, усё ж такі больш стасаваўся з важнасцю моманту, чым які-небудзь замухрысты пільчак вясковага настаўніка. Сярод настаўнікаў прайшоў нейкі рух. Тут ужо многа чаго належала ўзяць пад увагу: не паказаць свайго страху перад інспектарам, не паздароўкацца так, каб іншым кінулася ў вочы, што ён дагаджае начальству, а дагадзіць хоць трошачкі, а трэба было, і разам з гэтым таксама не ўраніць і сваю годнасць.
Інспектар увайшоў, як цар: важны, строгі і з такім выглядам, як бы ён трымаў у руках лейцы, каб не разбеглася, спудзіўшыся, зямля, на якой мы жывём. На твары ў яго быў незвычайны клопат, думка яго была так моцна занята нейкаю важнаю справаю, што ён нават не меў часу паглядзець на таго, каму даваў руку. Не паспеўшы яшчэ прысесці, ён зараз жа звярнуўся да Трахіма Пятровіча з чыста дзелавымі пытаннямі: ці ёсць прылады пісьма, ці ўсё падгатавана ў школе, ці павешаны на сцяне карты. Адразу стала ціха і важна, бо ні ў кога не хапала смеласці парушыць работу мыслі начальства.
- Усе з'ехаліся? - спытаў інспектар. - Ну, пойдзем!
Начальства паднялося і накіравалася ў дзверы. За ім ішоў Грынько, а там ужо рухаліся як папала. Лабановіч у сваім «лапсярдаку» ішоў апошнім, маючы на ўвазе, каб яго вопратка не так ужо кідалася ў вочы. Працэсія была вельмі важная. Наплечнікі і бліскучыя гузікі інспектара зусім асляплялі палешукоў, боязна пазіраўшых вытарашчанымі вочкамі. Іх парассаджвалі, далі паперу. Яны павінны былі напісаць першае слова: «экзаменационная». Дзеці мардаваліся, мыляліся, некаторыя плакалі, пішучы гэтае слова. Потым само начальства пачало дыктаваць, не давяраючы настаўнікам.
Кажаноўскі настаўнік, Філюк, стаў воддаль ад сваіх вучняў, як бы вельмі спакойны за іх навуку і веды. Але там, дзе вучні павінны былі паставіць коску, ён браў сябе за кончык вуха, пазіраў кудысь у прасторы, як бы заняты нейкаю думкаю, і пакручваў вуха. Калі трэба было паставіць дзве кропкі, Філюк праціраў вочы, як бы ў іх набілася пылу. Кропка і коска - чухалася вока і кончык носа. А калі ўжо трэба было паставіць клічнік, то, падняўшы ўгару палец, Філюк чухаў ім брыво. Тут быў прыдуман цэлы рад умоўных знакаў, і не адзін раз былі паверачныя дыктоўкі, каб усвовіць гэтую хітрую сігналізацыю.
Канчалася дыктоўка, давалася другая работа - пераказ. За пераказам ішла пісьмовая задача. І ўсе гэтыя работы вяліся пад назіраннем самога начальства. Прамучыўшы дзяцей гадзіны дзве, іх пусцілі на пераменку, пакуль папраўляліся вучнёўскія работы. Тады пачаўся вусны экзамен.
На вусны экзамен прыйшоў поп Пражорыч. Гэта быў незвычайна пануры, чорнабароды бацька. У вочы ён рэдка каму пазіраў, не смяяўся. А калі здароўкаўся і падаваў руку настаўнікам, асабліва ў такім лапсярдаку, як у Лабановіча, то ў гэту хвіліну шчыра шкадаваў, што ў яго ёсць рукі.
На першае месца сеў інспектар, ён і быў старшынёю камісіі, на другое - Пражорыч. Трэці член камісіі быў той настаўнік, чые вучні экзаменаваліся. Вучні ж адчувалі сябе мала чым лепей за тых цялят, якіх загналі на разніцу.
Вучнёўскія сшыткі даюцца інспектару. Ён па спіску выклікае вучняў. Вучань, трасучыся, падыходзіць да стала.
- Што трэба напісаць у слове «телега» пасля л? - пытае вучня інспектар.
- Трэба напісаць яць, - адказвае вучань.
- А чаму ж ты напісаў е?
- Спужаўся, - адказвае вучань.
- Ну, чытай тут, - інспектар дае вучню кнігу, а сам, грозна насунуўшы бровы, зварачаецца да настаўніка: - Чаму вы падчыркнулі «не смотря»? Якая ж тут памылка?
Малады настаўнік пазірае на падчыркнутую памылку, на яго твары адбіваецца рашучасць і смеласць.
- «Несмотря», гаспадзін інспектар, трэба пісаць злучна.
- Вы самі слаба знаеце граматыку, - адказвае громка інспектар.
- Выбачайце, гаспадзін інспектар: «несмотря» пішацца злучна, - стаіць настаўнік на сваім. - Па Гроту «несмотря» - пішацца разам.
Які ні важны інспектар, якое ні вялікае яго начальніцтва, але пры слове «Грот» ён перастае спрачацца, хоць лёгка здавацца і не хоча.
- Трахім Пятровіч, - зварачаецца ён да Грынько, - прынясіце сюды Грота.
Трахім Пятровіч кажа:
- Так, гаспадзін інспектар, «несмотря» пішацца злучна, - але ідзе і выносіць з шафы Грота.
У тыя часы Грот сядзеў незвычайна крэпка на сваім троне. І калі ты казаў свайму супярэчніку, што па Гроту пішацца так, то ўжо ніякія довады чалавечага розуму не маглі зрушыць цябе з пазіцыі. Калі сказаў Грот, то - аман. Тут канец, і далей ісці няма куды.
Чарга прыходзіць да вучняў Філюка. Інспектар разглядае дыктоўкі.
- Вашы напісалі добра. Але па сінтаксісу яны значна крапчэйшыя, чым па этымалогіі, - зазначае інспектар.
- Не наладжана сігналізацыя па этымалогіі, - робіць ціхенька ўвагу Грынько на вуха Лабановічу.
Філюк, як ні ў чым не бывала, адказвае інспектару:
- Я наогул на граматыку зварачаю ўвагу.
- Гэта і відаць, - хваліць яго інспектар.
Вучнёўскія пакуты канчаюцца, іх пускаюць, а інспектар робіць увагі то таму, то другому настаўніку, вельмі важна кланяецца ім і з папом Пражорычам ідзе абедаць.
Настаўнікі застаюцца на некаторы час, абедаюць з выпіўкаю, віншуюць адзін другога са сканчэннем вучэбнага года і распаўзаюцца па сваіх трушчобах.
- А вы, калега, можа, паначуеце? - сказаў Грынько Лабановічу.
- Не, калега, я і так адну лішнюю ноч правёў у дарозе, трэба ехаць.
Лабановіч даўно ўжо маркоціўся па Цельшыне і вельмі быў рад, калі скончыліся экзамены. Ён яшчэ цэлую гадзіну чакаў на станцыі, пакуль прыйшоў поезд. Позна ўночы выехаў ён дадому.
«Гэта мой апошні тут вечар, - казала сама сабе Ядвіся. - І я не ўбачу яго!»
Яна задумалася, прыслухоўваючыся да голасу свае думкі. Няўжо ж і не ўбачыць яго? Ніколі не ўбачыць? І нашто яна зманула яго? Яна ж і тады ўжо ведала аб тым, што заўтра, у панядзелак, паедзе, а яму сказала, што не ведае, калі будзе выязджаць. Ядвіся зірнула на вокны кватэры настаўніка. Там цёмна і страшна, бо пуста. Дом толькі тады жывы, калі ў ім жыве гаспадар, бо гаспадар - душа свайго дома. Як смутна і тужліва пазіраюць гэтыя шкляныя вочы пустой і мёртвай кватэры! І дарэмна гэты малады бліскучы месячык стараецца ажывіць пагаслыя вочы: яны свецяцца, а жыцця няма.
Ёй нават страшна. Яна нізавошта цяпер не падыдзе да іх, як падыходзіла калісь, калі гэтыя вокны жылі і так прыветна пазіралі на іх двор светла-зялёным святлом. О, тады ёй было весела, і яна так ціхенька падыходзіла, як начны матылёк, да гэтых вокан, яшчэ цішэй падымалася на плот перад вокнамі і доўга пазірала туды. Шчаслівая ўсмешка прабягала па яе губках, бо ён нічога не ведае, сядзіць якраз насупраць, схіліўшы галаву над кнігай, і толькі зрэдку правядзе рукою па сваіх цёмных, зусім яшчэ маладых вусіках. Смешны ён, калі падымае свае вочы, такія добрыя і ўдумныя, і пазірае ў акно. І гэтыя вочы напэўна шукаюць яе. Яна ж тут, але яго вочы не бачаць яе. І смешна ёй і радасна. Але ён гэтага не ведае...
«Не! Ён многа не ведае чаго - і ніколі ведаць не будзе!»
І чаму салгала яму? Ну, чаму? А можа, заўтра не ехаць? Ад яе залежыць. Татка ж не гоніць яе. Ён цяпер такі добры з ёю! «Пагуляй ты, кажа, Ядвіська: не гарыць жа там у цябе!» Яе татка добры, але чагось яна баіцца яго. Ёй страшна, калі ён прыйдзе дадому, а вочы яго пазіраюць кудысь далёка-далёка, як бы яны сышлі з яго твару, а гэтыя грозныя, жорсткія вусы, як хмары ў навальніцу, апусцяцца ўніз.
Нашто яна салгала яму? Ёй хочацца пабачыць яго. Эх, каб ёй крылле! От бы ўзнялася цяпер і паляцела да яго, проста каб пабачыць яшчэ раз, вось так, як пазірала на яго тут, калі ён і не ведаў аб тым...
Не, гэта апошні яе вечар тут!
Тонкія, доўгія, цёмныя рыскі-бровы Ядвісі крыху насуваюцца і хмурацца, і твар яе робіцца строгім. Так, гэта апошні тут вечар!