34155.fb2 У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 38

У палескай глушы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 38

Яна ідзе на свой двор. Зноў пазірае на гэтыя цёмныя вокны. І месячык адышоўся ад іх, бо яны мёртвыя і іх не ажывіш. Не ажывіш, бо душа выйшла з гэтага дома. Ядвіся глядзіць на іх і не верыць, што была там. Гэта проста ёй прыснілася... Няхай бы ён ужо і не прыязджаў сюды і не даваў бы жыцця гэтым вокнам. А яны ажывуць. Яны зноў ажывуць! Але жыцця яна ўжо не ўбачыць, бо гэта апошні яе вечар тут: яна сама так захацела. Чаму? Яна проста спыніла сваё шчасце і сказала: «Даволі!» Але хто ж вырве з яе сэрца гэта шчасце цяпер? Ніхто. Яна будзе з ім жыць, будзе жыць і з тым, хто сядзеў унь там і праводзіў рукою па сваіх цёмных, маладых вусіках.

Але сэрца ёй кажа: «Я хачу яшчэ болей гэтага шчасця! Я хачу выпіць яго ўсё, усё, да самага дна!» «Не, няхай яно будзе лепш недапітым, бо, можа, на дне яго наліта атрута. Так лепей!» - гаворыць Ядвіся да свайго сэрца, ды яно ніяк не згаджаецца з ёю. Яна хоча думаць аб іншым: аб дарозе, аб тым невядомым, што на гэтай дарозе яе напаткае. А ўдумныя, добрыя вочы пазіраюць на яе, як бы просяць, каб аб іх, толькі аб іх думала яна. І сэрца ёй зноў кажа: «Нашто ты лгала яму?..»

Малады месячык схіліўся над ветракамі. Яго ўжо не цікавіць гэта дзяўчына і гэтыя вокны, якія імкнуўся ён ажывіць. Ён яшчэ не акрэп. Яго цягне край зямлі, няясны і мілы. Ідзе ён туды адпачыць, каб набрацца новых сіл на заўтрашнюю ноч. І ён ажывіць гэтыя вокны.

Нявідная рука поўначы ціха праводзіць граніцы між ноччу і днём, і ў вечнасць адходзіць гэты вечар Ядвісі.

XXXVI

Ціхая ноч ляжала над Палессем.

Аднатонную песню вялі колы вагонаў. Бясконцы рой залатых іскраў выпускаў паравоз, агністаю паласою вызначаючы сабе дарогу. Ціха гулі і судрыгаліся балоты побач чыгункі, дзе бегла машына. Раскаціста і гучна грымелі салаўі: звону іх песень не маглі заглушыць грук і шум вагонных колаў. Месцамі ўзнімаўся белаваты туман і нерухома звісаў над маладымі асокамі і цёмнымі абрысамі разложыстых купчастых лазнякоў. І калі спынялася машына на станцыях і паўстанках і заціхаў шум поезда, з балот даносіліся хвалі незвычайна мяккіх зыкаў крахтання жаб. Нейкі невыразна маркотны і разам з тым прыемны гоман стаяў над балотамі, як бы яны апавядалі гэтай ціхай ночцы і гэтым людзям, што не спалі, адвечную скаргу сваю і смутак свой...

Ізноў шуміць машына, ізноў заліваюцца салаўі.

Вось і станцыя. Дарога скончана. Далей у свет пабяжыць машына.

Лабановіч выйшаў з вагона, крыху пастаяў, падумаў і, не заходзячы на станцыю, пайшоў па палатне дарогі. У галаве яшчэ стаіць шум вагонных колаў, а экзамены, гэтыя новыя ўражанні ўсё блёкнуць і блёкнуць. Пачынае развіднівацца, разам з гэтым абуджаецца Палессе. Далёка ў лесе такуе цецярук, як бы нехта багамольны чытае там малітвы. Яшчэ больш гучна, яшчэ з большым натхненнем правяць салаўі раннія літанні. Як падзяку небу, як дым пахучай смалы, узносяць угару балоты свае туманы, і, здавалася, адпраўляюць набажэнства гэтыя лясы, ахінуўшыся тонкімі тканкамі пары. Усход святлее, ціха грае і пераліваецца гэта ясната, залатая багра - шчаслівы ўсмех дня, - каб дыяментамі разбіцца на свежых маладых лісціках, на чысцюткіх кроплях расы і запаліць іх бляскам найдарожшых каменняў.

Дзесь уперадзе пагруквае, як бы пасмейваецца і перамаўляецца з рэйкамі дрызіна, і гэты вясёлы смех адбіваюць сцены лесу, што стаіць побач чыгункі. Едуць рабочыя, палешукі-хлопцы. Яны вясёлыя, перакідаюцца жартамі і крэпка налягаюць на тоўстыя палкі, падганяючы дрызіну. Збоку дзесь голасна і музычна выводзіць трэлі пастухова труба; балоты падхватваюць голас трубы, нясуць яго далёка па краях лесу і кідаюць невядома дзе. Залаты пажар сонца залівае верхавіны лесу.

Настаўнік падыходзіць да пераезда, паварочвае ўправа ў лес і выходзіць на дарогу, што ідзе на станцыю з яго вёскі. Колькі часу ідзе ён між маладых хвойнікаў, выходзіць на круглую палянку, дзе калісь спаткаўся з паннаю Людмілаю. Адгэтуль ужо блізка вёска. Але раніца такая слаўная, у лесе так добра, што ён садзіцца на пень і слухае, як спяваюць дразды, як дзесь на ўзлессі кукуе зязюлька. Ён думае, чым зоймецца цяпер, калі так многа вольнага часу, колькі пабудзе яшчэ ў школе. Напэўна, яшчэ досыць доўга і, ва ўсякім разе, не будзе спяшацца, пакуль тут яшчэ застаецца і панна Ядвіся. Чым бліжэй ён да яе, тым з большаю сілаю ажываюць у ім пачуцці, тым жывей устае прад ім гэта слаўная дзяўчына. Ён падымаецца, ідзе далей.

Дарога выходзіць з лесу на грэблю. За грэбляю відаць Сяльцо, карчма старога Абрама, капліца, высокія дзікія грушы, а за сялом, нерухома падняўшы крыллі, стаяць два ветракі, захоўваючы ўсё той жа выраз здзіўлення. Ён праходзіць грэблю, мінае карчму і хвілін праз пяць адчыняе дзверы і ўваходзіць у кухню.

Каля печы стаіць з вілкамі ў руках старожка, прыстаўляе гаршчочак.

- Дзень добры, бабка!

- Дзень добры, панічок! - прыветна адказвае бабка. - Хіба ж, панічыку, вы пяхотам прыйшлі?

- Так, бабка, на пары сваіх прыехаў.

- Любіце вы хадзіць, панічыку. Няхай бы таварнага пачакалі ды да раз'езда ехалі б.

Бабка чымся заклапочана і як бы нават засмучана.

- А як жа вам, панічок, там Бог паводзіў? - пытае яна.

- Добра, бабка. Хлопцы выдатна паздавалі экзамены. Можна сказаць - лепш ад усіх школ.

Бабка весялее. Відаць, і ёй прыемна гэта навіна, і яна сапраўды рада ёй. Але зноў чагось засмучаецца і ціха ўздыхае.

- Што ты, бабка, як бы нечага зажурылася?

- Не, нічога, панічыку, - кажа яна.

Лабановіч ідзе ў свой пакойчык, раздзяваецца. Следам за ім туды ўваходзіць і бабка.

- Можа, вам чаю, панічыку, паставіць? - пытае яна.

- Хіба пастаў, - згаджаецца ён.

- Паехала ж, панічыку, наша паненка, - ужо зусім смутна прамовіла бабка.

Лабановіч пачуў, як сціснулася яго сэрца. Колькі моманту пазірае на бабку. Яму робіцца цяжка-цяжка на душы.

- Паехала, панічок, паехала! Учора і паехала. Яшчэ сюды забягала. «Кланяйся, кажа, бабка, свайму панічу!» Паехала, панічок, - у засмучэнні кажа бабка,

- Ну, што ж, - стараючыся быць спакойным, гаворыць Лабановіч. - Можа, ёй там лепш будзе.

- Я ж пайду самавар ставіць.

Бабка выходзіць. Настаўнік застаецца адзін, садзіцца каля стала, сціскае галаву і моцна-моцна задумваецца.

Паехала!..

Ён колькі хвілін думае над гэтым словам. Звычайнае, простае слова. А колькі гора і смутку для яго сэрца ў гэтым слове!

Паехала!.. Нават і не развіталася з ім. А як многа хацеў ён сказаць ёй у гэтыя апошнія дні! Чаму так здарылася?

Ён устае і ідзе ў другі свой пакойчык, глядзіць праз акно на дом, на палісаднічак пана падлоўчага, на ганак, абсаджаны дзікім вінаградам. На гэтым ганачку ён бачыў яе апошні раз. А цяпер ні там, ні ў гэтым доме яе няма. Там цяпер пуста, і ўсюды стала пуста.

Вуліца жыве сваім звычайным жыццём. Дзве кабеціны-паляшучкі, убраныя па-святочнаму, аб чымся гутараць, спаткаўшыся на сярэдзіне вуліцы. На прызбе каля старасты сядзяць мужчыны з люлькамі, па вуліцы перабягаюць свінні і пужаюць вясёлыя гурткі верабейчыкаў. Усё гэта так нецікава, усё гэта так далёка ад яго і так чужое яму.

Ён чуе страшэнную адзіноту. Штось перахватвае яму горла. Цяжка, невыказна цяжка.

Ён падыходзіць да стала, бярэ паперу, чарніла, садзіцца, нахіляецца над лістком паперы і думае. Трэба напісаць ёй, трэба выліць з сэрца ўвесь гэты жаль. Ён думае, як звярнуцца, як назваць яе, але не знаходзіць адпаведнага слова і піша:

«Вас ужо няма тут. Вы паехалі, разам з сабою забралі ўсё, што звязвала мяне з гэтым месцам, з гэтым кутком Палесся. Цяпер ён не жыве для мяне, бо ўсё тое, што прыдавала яму прыгоства і нейкую чароўнасць, забралі вы. Я тут адзін, усё тут стала няміла для мяне, як бы тое, што раней гарнула і вабіла мяне, памерла і знікла. І толькі цяпер я адчуў сваю вялікую страту. Мне так хацелася пабачыць вас, пачуць ваш голас, ваш смех, глыбока зазірнуць у вашу душу і даведацца, якое гора ляжала ў ёй. Цяпер жа, пішучы вам, я толькі хачу прынесці вам падзяку за тое, што вы аздобілі маё жыццё тут, што вы былі тою яснаю, чыстаю зоркаю, якая свяціла мне ў гэтай цемры жыцця, радавала мяне і ўхіляла ад рознага бруду, і калі ў мяне захавалася жывая іскра, то толькі дзякуючы вам...»

Настаўнік перачытаў напісанае і падумаў: «Усё гэта выходзіць не так, як бы хацелася». Ён задумаўся. «А куды пасылаць?» - спытаў ён сябе самога і не мог даць адказу.

Бабка прынесла самавар.

- Гатоў, панічыку, чай: выпіце ды спачывайце сабе, бо вы ж з дарогі.

- Добра, бабка, я зараз буду піць.

Ён выйшаў на двор.

Бабка, пазіраючы на яго, паківала галавою. «Па паненцы нудзіцца», - зазначыла яна сабе.

Зірнуўшы на маладую грушку, Лабановіч заўважыў, што вяршок яе быў зломан і гаротна нахілен да зямлі.

- Гэта яна зламала, - прамовіў сам сабе настаўнік, - нашто яна зрабіла так? Няўжо яна хоча, каб я выкінуў яе з сэрца?

Яшчэ большы жаль ахапіў яго. Ён хацеў зрэзаць адломаны вяршок.

- Э, усё роўна! - сказаў ён і адышоўся.