34172.fb2
- Ці не Сяляўка зробіць?
- Не трэба, браце, іроніі. Ты заўважаеш, Сяляўка вельмі пасябраваў з Маркічам? А Маркіч з яго можа зрабіць усё, што хоча, а Сяляўка цябе добра ведае. Глядзі, хлопча, шкадаваць будзеш. Прыпячэ табе Маркіч такое...
- Я, аднак, не разумею, што ён можа трымаць на мяне за пазухай? I, галоўнае, за што?
- Сляпы ты. Чуеш? Сля-пы! - захваляваўся Янка.- Ад кар'ерыста, ды яшчэ няшчасна закаханага, чакаеш добрага.
- У каго "няшчасна закаханага"?
- Сам разбярыся. Павінен мець вочы, не маленькі.
- Не веру. Маркіч непрыемны чалавек, але ён не падлец, - упэўнена сказаў Уладзіслаў. - І ты мне не кажы больш пра гэта.
- Ну і дурань, - плюнуў Янка. - Скажыце, які дон-кішот палескі, "кавалье дэ мезон руж". Вось падкладуць табе свінню - будзеш тады сябе за ўласны скальп цягнуць, а скальпа ўжо не будзе. Сяляўка гэта проста нявінная мятуліца, нават нядрэнны хлопец, а Маркіч - гэта воўк добры. Ён адзіны закон прызнае - закон доўбні і клыка. У яго, брат, валасатыя грудзі пітэкантрапа пад гальштукам. І рукі таксама валасатыя. І жыццё ён лічыць чымсьці накшталт сваёй палюбоўніцы, якую ён можа абдымаць гэтымі рукамі заўсёды, калі захоча. Давядзецца, відаць, раскрыць у парткоме некаторым людзям вочы на гэтага чалавека.
Берасневіч задумаўся, пасля скалануў галавою:
- Не, не веру.
- Ну што ж, відаць, давядзецца мне за цябе падумаць, калі ў цябе ў галаве замест мазгоў свіная тушонка. Я разбяруся ў гэтым пытанні і, на ўсякі выпадак, падгатую сістэму абароны і зброю.
- Не трэба... І наогул, хопіць пра гэта. Я пайшоў на семінар, - трохі раззлавана сказаў Берасневіч і пайшоў.
Янка дакурыў папяросу, сплюнуў і сказаў ціха:
- Як, бач, яго... Не трэ-эба. Так я цябе і паслухаў. Так я табе і даў галаву скруціць па ўласнаму жаданню, ёлуп хвашчоўскі. Я гэтую справу разведаю.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Семінар адбываўся разам са "славянамі" ў вялізнай халоднай аўдыторыі, былой малой зале універсітэта. Рэзанансу амаль не было, нават калі гаварыў Маркевіч з яго гучным і прыгожым голасам. Але зараз Маркевіча часова замяняў старшы выкладчык Холадаў, вялікі зух і, на жаль, вялікі фармаліст. Пасля Маркевіча было неверагодна цяжка сядзець на семінарах, якія раптам сталі нуднымі, як дажджлівы панядзелак. Форма стала галоўным, слова стала галоўным, а на сэнс забыліся нават лепшыя студэнты, тым больш што Холадаў і сам не вельмі працаваў галавою, ужываючы толькі зазубранае "адсюль-дасюль". Яго і не слухалі. Да дрэннага рэзанансу ў аўдыторыі далучыўся яшчэ дрэнны голас, як быццам чалавек набіў рот кашай з малаком і зараз выпускае словы праз кашу. Лекцыі былі развясёлымі. На задніх лаўках бегалі ў руках некаторых студэнтак не аўтаручкі, а пруткі, хлопцы гулялі ў "марскі бой", азартна вышыбаючы лінейныя караблі напарніка. Той-сёй чытаў.
Карацей кажучы, на лекцыях панавала тое, што паэт Броўка трапна назваў "Абыціхабыло". Нельга было толькі не хадзіць на лекцыі і семінары, выказваць самастойныя думкі, спрачацца і адказваць "сваімі словамі". У гэтых выпадках лектар заўсёды пачынаў хрыпець і налівацца крывёй.
- Зараз яго радзімчык схопіць, - казаў тады Янка.
Яму і Берасневічу з іхнім вечным імкненнем "разабрацца", "падумаць" на семінарах зараз бывала цяжка, і яны за які-небудзь месяц заслужылі з боку Холадава непрыязнае, амаль варожае стаўленне да сябе.
Але ж і не любілі Холадава! Уся прыязнь да Маркевіча ператварылася ў адносінах да Холадава ў дыяметральную процілежнасць. Яму не маглі дараваць бяздарнасці і з жорсткасцю, уласцівай у такіх выпадках маладосці, называлі "адукаваным мясам", "Балалайкіным нашага часу", выдумвалі лухту, што ён некалі нібыта чытаў спецкурс па трацкізму, называлі "ваяўнічым ілжэчалавекам" і, ужо зусім не дасціпна, "вялікай Тадорай". Непапраўны Янка казаў, што гэта менавіта пра яго, Холадава, і пра ягоную шляпу калісьці быццам сказаў Маякоўскі:
Прафесар, падстаўце шляпу-парашу.
Замест даверлівых адносін панавала варожасць. Цікавы, жывы прадмет ператвараўся ў нешта такое, чаму і назву цяжка было падабраць, у схаластыку, у догму.
Нават Маркіч называў лекцыі Холадава "курсам гамілетыкі".
Было ясна, што доўгі час мірнае становішча не пратрымаецца.
На гэтым семінары ішла мова пра перамогу сацыялізма і камунізма ў адной краіне.
- Хадзячая догма чытае пра жывую сутнасць марксізма, - нявесела жартаваў Янка.
Берасневіч сядзеў, не вельмі і паглыбляючыся ў тэму, калі пачуў голас лектара:
- Ну, а як думае Берасневіч... кгм. Якая ўсё ж такі была думка Энгельса адносна перамогі сацыялізма ў адной краіне?
Берасневіч сабраўся з думкамі і пачаў гаварыць:
- Энгельс у сваёй рабоце "Прынцыпы камунізма"...
- Чакайце, - перарваў Холадаў, - гэта работа ёсць у спіску, які я вам даваў?
- Даруйце, - разгублена сказаў Берасневіч, - але ж думка Энгельса з найбольшай яснасцю выказана менавіта тут. Я чытаў гэту работу, і я думаю...
- Не трэба залішне думаць. З Энгельсам усё адно вам не зраўнавацца.
- Я і не раўнуюся, - пакрыўдзіўся Берасневіч. - Гэта было б глупствам. Але чытаць яго работы звыш праграмы...
- Менавіта, менавіта... Але чытаць тыя яго работы, якія прадугледжаныя праграмай для філолагаў толькі пры здачы экзаменаў на кандыдацкі мінімум, - гэтага ад вас ніхто не патрабуе.
Невялічкі шматочак паперы апынуўся пад рукою Берасневіча: "Скажы, што памыліўся. Капасевіч".
Берасневіч адсунуў яго ўбок і ціха сказаў Холадаву:
- Ніхто не патрабуе, але ніхто і не забараняе. За тое, што хочаш глыбей ведаць марксізм, як я думаю, не лаяць трэба, а...
- Ну добра, - супакоіўся раптам Холадаў, адчуваючы, як бачна, што перагнуў палку. - Далей, мой юны дружа.
- Энгельс лічыў, што пабудова сацыялізма ў адной, асобна ўзятай краіне немагчыма. Гэта была, з пункту гледжання сучаснай марксісцкай навукі, памылка, але памылка, абумоўленая агульным узроўнем ведаў таго часу. Ленін, які...
Берасневіч не адразу зразумеў, што здарылася ў аўдыторыі. Студэнты, гледзячы на твар Холадава, адразу прыціхлі.
Стала чуць, як на акне білася з натужлівым гудзеннем муха, імкнучыся вылецець з пакоя. Твар у Холадава стаў чырвоным, вусны крывіліся. Рукі раптам сціснуліся і зламалі аловак.
- Што-о-о!!??!!
- Я не разумею, у чым справа?
- Памылка ??!!?? - выціснуў Холадаў з глоткі. - У Энгельса памылка! І хто яго, бясхібнага чалавека, думае крытыкаваць?!
Берасневіч стрымліваўся як мог.
- Прабачце, таварыш лектар, можа, я і памыліўся ў слове. Мы не ведаем, вядома, усяго, што ведаюць выкладчыкі. Таму мы і сядзім тут, на студэнцкіх лавах, а не за сталом выкладчыка. Растлумачце нам, і яшчэ раз прашу дараваць мне.
- Хіба ў Энгельса маглі быць памылкі!!! - не слухаў Холадаў.
- І яшчэ раз даруйце. Але я сказаў "памылка з пункту гледжання сучаснай марксісцкай навукі". Калі б рэвалюцыя адбылася ў той час, калі Энгельс пісаў сваю работу, калі яшчэ не было развітога імперыялізму, тады...