34172.fb2
- Ч-чорт! У вас што на рамёнах сядзіць, галава альбо... Выходзіць, Энгельс быў дагматык.
Берасневіч адчуваў, што злосць так і кіпіць у яго сэрцы. "I што ён да мяне прычапіўся, прывязка", - падумаў ён. А голасна сказаў:
- Не, але я думаю, што ён пратэставаў бы, калі б быў жывы, супраць тых, што жадаюць зрабіць з яго дагматыка. Гэта быў геній, але гэта быў перш за ўсё Чалавек.
Холадаў, як быццам не жадаючы разумець яго, зноў крыкнуў:
- Значыцца, ён дагматык?
- Не перакручвайце маіх слоў, - не вытрымаў Берасневіч. - Іхні сэнс для ўсіх зусім ясны. А калі для некаторых і не зусім ясны, дык у гэтым ім трэба вінаваціць не мяне, а некаторыя ўласныя асаблівасці.
- Хто вас вучыў так размаўляць!!!
- Вы толькі што ледзь не назвалі мяне дурнем, уласна кажучы, назвалі. Я больш стрыманы. А вучыў мяне Маркевіч. Ён быў, між іншым, выдатны выкладчык і, як усякі сапраўдны камуніст, вельмі памяркоўны чалавек. Ён ведаў, што мы вучымся, што мы не можам ведаць усяго, і не крычаў, а імкнуўся нам усё растлумачыць.
У гэты момант чорт пацягнуў Берасневіча зірнуць на першую лаўку, дзе сядзелі сябры. Гэта было надзвычайнае відовішча: Алёнка была белая з перапуду за яго, Янка жоўты ад жоўці і злосці, Паўлюк чамусьці амаль сіні, Маркіч ружовы ад задавальнення (прадбачыўся скандал).
"Вясёлка!" - прамільгнула ў галаве Берасневіча, і ён усміхнуўся, зусім забыўшыся на тое, як паставіцца да гэтай усмешкі Холадаў.
А Холадаў знайшоў у ёй доўгачаканы выхад.
- Ах, яшчэ і рогат з мяне? Прэч з аўдыторыі! Прэч! Прэч!
Не растлумачваць жа было гэтаму чалавеку прычыну ўсмешкі. Берасневіч выпрастаўся, быццам яго сцебанулі пугай:
- Не крычыце на мяне! На мяне яшчэ ніхто не крычаў. Я не хлопчык, я адказваю за свае ўчынкі. І я не шчанюк, каб мяне выкідвалі за шкірку без усялякай маёй віны.
Зазваніў званок і даў магчымасць з годнасцю разысціся ўдзельнікам сцэны.
Але пад час перапынку дэкан Грушэвіч спыніў Уладзіслава ў калідоры і з дакорам сказаў яму:
- Эх, Берасневіч, Берасневіч! І собіла ж табе ляпнуць такое. Папярэджвалі ж цябе. І як Маркевіч будзе незадаволены, як даведаецца.
Берасневіч апусціў галаву, але сказаў упарта:
- Калі што мяне і трывожыць, дык гэта незадавальненне Маркевіча гэтай справай. Адносна ж Холадава - я не шкадую. Ён абразіў мяне, абражае студэнтаў, не карыстаецца ў іх ніякай павагай. Я не шкадую. І ніколі не буду шкадаваць.
Цераз некалькі дзён (студэнтаў ужо адпусцілі, і трохі пазней павінны былі адбывацца экзамены) камсамольскае бюро факультэта вырашыла зрабіць нядзельнік. Уласна кажучы, гэтага патрабавалі самі студэнты. У горадзе там-сям яшчэ засталіся руіны, і адна з такіх руін ляжала амаль за самым універсітэтам, у катлавіне, адгароджанай ад яго сцяною велічэзных ліп і каштанаў. Мясціна была зручная для стадыёна. А стадыёна для студэнтаў у горадзе не было, і Берасневіч аднойчы кінуў прапанову зрабіць стадыён сіламі пятых курсаў і падараваць яго праз год той моладзі, якая толькі прыйдзе ва універсітэт, калі яны будуць канчаць яго.
Ранак быў свежы і чысты, такія бываюць толькі ў канцы мая, калі кожнай ноччу ідзе дождж, а ранак устае з чыстым, трошкі затуманеным сонейкам, салодкімі спевамі залатога з зялёным гівала ў шатах мокрых дрэў, з чыстымі вясёлкавымі кроплямі на лісцях.
Сабраліся ля універсітэта, узялі рыдлёўкі, кіркі і ламы і рушылі за хімічны корпус. Янка выскачыў з радоў і пайшоў задам наперад.
- Гаворачку чую, гаворачку. Гэй ты там, вальнапісны Паўлюк, падабраць пуза! А гэта хто там? Студэнт Аляксандр Пушкін? Цягнешся, як цяжарны. Гэта табе не паэмы пісаць, Анегіяў Яўгеніных розных... Левай... левай! Пахаванне ідзе - галовы направа, глядзець весялей!
Берасневіч канфідэнцыяльна і голасна, каб усе чулі, сказаў Паўлюку:
- Вы, дзеці, на генерала Янку Галаўня не злуйцеся ўжо вельмі. Ён жа пра ўсіх вас думае. Ці лёгка гэта яму, без галавы, думаць?..
Янка пад агульны рогат хутка стаў у рады. Недзе нарадзілася песня. Яе падхапілі. "Салдаты" з рыдлёўкамі знікалі ў алеі, і песня грымела, цягнулася, знікала за заваротам дарогі:
У катлавіне адкрылася руіна. Больш зручнага месца пад стадыён цяжка было знайсці. Спадзісты адхон, амаль не засмечаны і правільнай авальнай формы, падыходзячы памер плошчы будучага поля. Вось толькі на полі рабілася нешта падобнае на Дантава пекла: глыбокія ямы, перакручаныя жудаснай сілай рэйкі і арматура, на якой віселі вялізныя пліты жалезабетону, купы камення і цэглы, ямы ўніз, у нейкія скляпенні. Яшчэ трымалася збоку невялічкая вежка і арка ўвахода, але ўсё астатняе ляжала ў такім хаосе, у такім перапляценні камення, цэглы, бетону, рэек, што невядома было, да чаго прыкласці рукі. Некалькі грузавікоў чакала непадалёку.
Берасневіч падышоў да камсорга факультэта, Міколы Касмача.
- Мікола, я думаю, што вывазіць нам адсюль камень амаль непатрэбна.
Мікола паскроб у патыліцы:
- Ты што, хлопча, звар'яцеў?
- Не, не звар'яцеў. Глядзі, што я прыдумаў. Цэглу трэба браць і насіць туды, пад дрэвы. Нашто нам пасля за яе грошы плаціць? Мы і з гэтай, - глядзі, цэлай сколькі, - можам зрабіць вакол стадыёна загарожу. Толькі муляраў трэба будзе наняць. З яе ж зробім і добрую браму. А можа, і муляраў не трэба будзе, самі навучымся.
- Што ж, добрая думка. Трэба будзе толькі бітую цэглу вывазіць. Ну а што ты з бетонам гэтым думаеш рабіць?
- А яго таксама. Глядзі, ёсць роўныя пліты. Можна будзе скласці з іх лавы для цэнтральнай трыбуны. Або ўкапаць іх у зямлю паміж лавамі - чыста будзе, як у метро. І яшчэ патрэбныя доўгія гарбылі, зробім з іх жолабы. Бачыш, якія тры вялізныя ямы. Тут, браце, бомбы не менш як па тоне падалі. Дык мы большую частку таго, што непатрэбна, скінем па жолабах туды, а калі да паверхні зямлі застанецца метры два з паловаю - засыпем астатняе добрай зямлёю. А камень таксама адцягнуць у адзін бок. Пасля можна будзе яго, каму трэба, па пяцьдзесят рублікаў кубаметр загнаць і на гэтыя грошы зрабіць апрацоўчыя работы. Хай на мяне сто пудоў ліха, калі гэта ўсё універсітэту хаця адзін рубель будзе каштаваць.
У Міколы твар расплыўся ўсмешкаю.
- Чорт бы цябе ўзяў, галава міністэрская. Так і зробім. Ты вось што, будзеш кіраваць зараз сваёй групай і "славянамі", а я да "раманцаў" пайду. Давайце там хутчэй з гэтымі скляпеннямі. Калі там расчысціце - грузавікам будзе больш зручна пад'язджаць. - І ён пабег да другой групы. Мікола быў з пароды тых камсоргаў, што на перапынках мітусяцца і кідаюцца па калідорах з пончыкам у адной руцэ і блакнотам у другой і кожнаму сустрэчнаму крычаць:
- Вось ты мне і патрэбны. Пачакай хвілінку, унь там Янка недзе, я зараз, толькі два словы яму.
Той, каго пакінулі, звычайна можа стаяць увесь перапынак і чакаць.
Берасневіч усміхнуўся і пайшоў да сваіх.
- Ну што ж, браткі, давайце пачнем. Вы, дзяўчаты, будзеце унь туды цэглу насіць. Папярэджваю, запалу павінна хапіць на шэсць гадзін. Цагліны старыя, цяжкія, кожная кілаграмы па тры-чатыры, так што больш як па дзесяць цаглін на насілы не браць. А то тут ёсць такія, у гарачай вадзе купаныя, падарвуцца яшчэ. А мы будзем рабіць так: вось гэты дзесятак зараз будзе скідваць гэтыя пліты зверху, а астатнія будуць цягаць. Папярэджваю, пад скляпенні не хадзіць. Крышаную цэглу адтуль будзем выбіраць пасля... Ну, пачынаем...
Ён узяў лом і з такой сілаю грохнуў ім па закраіне адной пліты, што ржавая арматура парвалася і вялізная камлыга абурылася, пацягнула за сабою яшчэ дзве ці тры.
За Берасневічам пачалі і астатнія. Крышылі ламамі каменне, скідвалі бетонныя камлыгі, цягнулі іх, як мурашкі.
- Гэй, шабадранцы! - крычаў Янка. - Да-а-вай, давай!
Відовішча было сапраўды фантастычнае. Паўсюль латкі, а то й проста дзіркі (апранулі, вядома, самае горшае), на тварах асеў пыл ад цэглы. Ці то індзейцы, ці то зграя катаржнікаў.
Хутка кашулі з торсаў пачалі знікаць, ільснілася потам бронзавая скура.
Берасневіч з насалодаю адчуваў, як ходзяць пад скурай грудкі мускулаў, як вызвалена дыхаюць грудзі, як адчуваеш цалкам сваё здаровае, моцнае цела.
- Давай! Давай! Давай! - бадзёрыў Янка.- Ану ўзялі! Ану ўдарылі! Хло-опчыкі! Д-давайІ Г-гахнем!
Цэгла лётала ў паветры, бурыліся глыбы. Пачалося ўжо ап'яненне, калі не заўважаеш стомы, не заўважаеш збітых пальцаў, калі прыходзіць "другое дыханне" працы.
Цераз якіх-небудзь чатыры гадзіны гэты край катлавіны выглядаў так, быццам тут рыўся вялізны крот. Гара цэглы пад дрэвамі расла.