34172.fb2
Хлопцы пабеглі за бервяном. Маркіч і Паўлюк паімкнуліся былі да Берасневіча, але ён са страшнай, змучанай грымасай на твары ледзь выціснуў з грудзей:
- С-с-спачатку яг-го.
Лом Янкі падважыў пліту, Паўлюк пацягнуў да сябе вызваленую нагу Сяляўкі, ускінуў яго на плячо і пабег з сутарэння. Янка стаў поруч з Берасневічам, але пліта ціснула не менш: занадта спаўзла.
- Кідай! Кідай пліту! - у роспачы закрычаў Маркіч Берасневічу, на якога споўз амаль увесь край пліты.
Вочы Берасневіча трохі не закаціліся пад лоб.
- Н-нельга... Адразу ўпадзе. I ты... не паспееш.
Пачуўся тупат. Хлопцы з Паўлюком уцягнулі ў склеп невялікае бервяно і паставілі падпорку ля галавы Берасневіча. І тады з амаль жывёльным рыкам з грудзей ён упаў на калені. Яго падхапілі пад рукі, пацягнулі далоў, з сутарэння.
Ледзь яны выбраліся, як пліта яшчэ спаўзла на які аршын, пачуўся трэск дрэва, і, відаць, арматура не вытрымала, вялізная брыла абурылася ўніз, загрукацела, упала, узняла ў паветра вялізную хмару рудага пылу.
Дзяўчаты ля дрэў толькі зараз зразумелі, што ў хлопцаў адбылося нешта надзвычайнае. Ад іхняга гурту аддзялілася маленькая фігурка і паляцела з гары ўніз.
Берасневіча правялі яшчэ некалькі крокаў, але раптам ён апусціўся на калені:
- Пусціце мяне... Жывот баліць... Я, здаецца, падарваўся.
А тая, што бегла з гары, падбегла да Берасневіча, расштурхала людзей, упала ля яго на калені.
- Уладзік! Любы! Уладзік! Што з табою, Уладзік?!!
"Як яна галосіць, - падумаў Берасневіч. - Як вясковая жанчына..."
І ўсведамленне яго пачало некуды правальвацца, у нейкую чорную бездань. Ён і зусім даў бы сабе волю праваліцца, але нешта цёплае і мокрае заказытала яму твар.
"Алёнка... плача, - падумаў ён. - Бедная".
І ён з сілаю расплюшчыў вочы, узняў руку і дакрануўся да яе галавы. Пальцы яго заблыталіся ў валасах Алёнкі, ён не меў змогі вынуць іх стуль і толькі прыціснуў яе галаву да сваёй.
- Нічога... Нічога... Не плач, не смей плакаць... Нічога, любая, нічога...
На шчасце, усё скончылася добра. Давялося праляжаць тыдзень у бальніцы - і толькі, ды яшчэ засцерагацца некаторы час насіць цяжкае. Доктар, нізенькі, наліты тлушчам чалавек, сказаў толькі:
- Ну, дарагі, нарадзіліся вы, калі сава кугакала, або, як кажуць англічане, са срэбнай лыжкай у роце. Здзіўляюся, вельмі здзіўляюся. Нават грыжы, даруйце, не зарабілі. Вось толькі спіна параненая.
З'яўлялася кожны дзень Алёнка, прыносіла кветкі і тое-сёе са смачнага. Доўга сядзела ля яго, трымала ягоную руку ў сваёй. Прыходзілі студэнты. З'явіўся аднойчы Сяляўка, жывы і здаровы (абышоўся толькі жахам). Сядзеў ля ложка, уздыхаў, хацеў штосьці сказаць і не сказаў нічога.
А за акном біліся вераб'і, спявалі пад ветрам таполі, рухалася сонца. І ўсё гэта называлася шчасцем, асабліва калі яна была поруч, калі адчуваў яе цеплыню, калі схілялася яна над ім і валоссе яе казытала яму шчокі.
Стаў як маленькае дзіця, скараўся ўсім яе патрабаванням і толькі цалаваў яе руку ды глядзеў у вочы закахана і радасна.
Прыносіла новыя звесткі. Хлопцы амаль расчысцілі за гэты час пляцоўку пад стадыён, хаця рэктар і пратэставаў спачатку супраць работ.
З'явіўся Мікола, прынёс у кішэні вялізны яблык (скуль дастаў яго ранняй вясной - невядома). Сказаў, жмурачы добрыя вочы:
- А, святы пакутнiк. Як справы? А я да цябе. Плацi ўзносы, хоць кроў з носа.
Засмяяўся і дабавіў:
- Ну, я жартую, безумоўна. Проста пасядзець хачу. Аж дзіўна неяк... "пасядзець". Забегаўся я, браце, зусім. Камсамольцы мае з'едлівыя, утрапёныя, свалачныя, накшталт цябе. Лезуць паўсюль, усё ім давай, усё ім рабі...
А потым зноў была Алёнка. Любая, яна так непакоілася. Берасневіч ведаў, што ніколі, ніколі не забудзе яе рук, яе сумных вачэй, рухаў, якімі яна папраўляла яму падушку. Ён мог і сам паправіць, але лепей усё ж яна.
Адышлі і экзамены, якія Берасневіч здаў на "выдатна", хоць давялося папацець з Холадавым (прычапіцца яму ніяк не ўдалося), прыйшло лета, цёплае, добрае, з частымі сляпымі дажджамі. Берасневіч затрымаўся ў горадзе амаль на цэлы тыдзень, пакуль Алёнка не паехала на Чорнае мора.
Прасіла пісаць і, на ўсякі выпадак, напісаць адзін ліст на універсітэт, бо, можа, ёй давядзецца на які тыдзень зрабіць перапынак, прыехаць ад сваякоў у горад па справах. Прапанавала і яму ехаць з ёю, але яму было трошкі сорамна - адмовіўся.
На вакзале, перад развітаннем, яны стаялі пад адным плашчом. Лёгкі дожджык шумеў па асфальце, блішчэлі мокрыя вагоны. Аб'явілі адпраўку.
Уладзіслаў абняў яе, прыціснуў да грудзей, адчуваў усю, такую маленькую, навекі сваю.
I, цалуючы яе вочы, толькі і сказаў, як быццам заклінаючы:
- Кахай, чуеш? Кахай мяне. А я ніколі, ніколі не пакіну кахаць цябе.
Цягнік рушыў, набіраючы хуткасць. І доўга-доўга бачыў Берасневіч яе руку, што махала яму ў акне зялёнага вагона. Праз гадзіну паехаў і ён, адчуваючы, што з радасцю саскочыў бы з вагона і пабег за ёю.
Чакала восень. Чакала шчасце. І ніколі ён так не чакаў гэтай восені, як зараз. Праз напаўзакрытыя павекі ён бачыў палі, шырокую раку і вялізную яскравую вясёлку, што павісла над адыходзячай хмарай у тым баку, куды імчаў цягнік.
Залеск. 25 чэрвеня 1952 г.
Вось я нарэшце і ўдома. Не ведаю, ці прыехала ты на тыдзень у горад, як абяцала, ці, можа, усё яшчэ на моры? На ўсякі выпадак пішу, як дамаўляліся, на універсітэт. Не ведаю, што пісаць. Словы здаюцца бязглуздымі, слабымі. Хочацца проста ўзяць сшытак і напісаць тысячу разоў "кахаю, кахаю, кахаю". Пабачыць бы цябе зараз, зноў узяць у рукі твае маленькія лапкі, адчуць голас. Гэта жахліва, не бачыцца два месяцы. Наступным летам ні на якое мора ты не паедзеш. Паедзем да мяне. У нас вельмі добра: дом над самым Дняпром, разумны бусел на ліпе. Ля хаты яблыні, старыя, каравыя, і цэлае мора кветак.
Мы возьмем човен і паедзем уверх па цячэнню. Човен плыве, месяц вялізны, чырвоны, вада вячэрняя, ружова-блакітная, і такое ж неба. І здаецца, што човен плыве ў паветры, як казачны карабель.
А раніцою прачнешся ў сене: трава росная, хмызы гараць расою над сонцам. Нейкі дзядзька ідзе з вобраццю лавіць каня, а балабон аддаецца недзе ў лугах, чысты, ясны, як звон той царквы, якая патанула калісьці ў Чырвоным возеры.
Скажу табе па сакрэту: я яшчэ больш закахаўся. У яе валасы, як золата, у той час як я называў цябе проста бялявай. У яе голас у дзесяць разоў прыгажэйшы за твой, і ўся яна прыгажэйшая за ўсіх на зямлі. Завуць яе Алёнкай.
І цяпер, калі я сустрэнуся з табою, я ніколі не паверу, што яна - гэта ты. Ты заўсёды будзеш для мяне ў дзесяць разоў лепшай, як на самай справе, хоць і так ты лепшая за ўсіх на зямлі, і я не ведаю, за што мне даў лёс такое шчасце. Я згадзіўся б, каб правалілася зямля, толькі б ты была са мною.
Любая мая, дарагая! Пішы! Тысяча разоў цалую рукі твае.
Твой Уладзіслаў
Ліст гэты не дайшоў да адрасата, бо Алёнка не прыехала ў горад, і не вярнуўся да Берасневіча. Універсітэт і летам наведвалі некаторыя студэнты. Можа, Маркіч, які жыў пад горадам, узяў яго, каб пераслаць Алёнцы, а пасля забыўся на яго, можа, яшчэ што здарылася?
Наступны ліст Берасневіч паслаў ужо на адрас сваякоў Алёнкі.
Залеск. 5 ліпеня 1952 г.
Чамусьці ты не адказала мне на ліст, які я паслаў на універсітэт. Напэўна, не была ў горадзе. Непакоюся і яшчэ больш кахаю. Часам думаю, ці не плюнуць мне на ўсё, ці не кінуцца ў раку, ці не даплыць па цячэнню да мора, да цябе?