34172.fb2 У снягах драмае вясна - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

У снягах драмае вясна - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Берасневіч ведаў, што няпэўны адказ дасць Маркічу і Холадаву радасць, але не мог прыдумаць нічога. Ён маўчаў. Нельга ж было сказаць, што ён і зараз думае так. Маўчаў і зал, адчуваючы, што ўдар быў смяротным.

Маркіч з трыумфальным выглядам павярнуўся да Сяляўкі, які сядзеў са змярцвелым пакутніцкім тварам:

- Праўда гэта ці не, Сяляўка? Гаварыў ён такое ці не?

Сяляўка ўстаў, крыва пасміхаючыся, паглядзеў на Маркіча, на Берасневіча. Твар яго стаў белым і жорсткім.

- Ну дык як? Як? - дамагаўся Маркіч.

- Падла ты, злодзей! - нечакана загрымеў, несамавіта закрычаў Сяляўка, адразу пераходзячы на віцебскі дыялект. - Такім свінням, як ты, у вочы пляваць трэба! Нашто топіш добрага чалавека, дрэнь?

Таму што чалавек закрычаў так утрапёна ў першы раз за тыя гады, што яго ведалі, усім стала страшна. Усе адчулі, робіцца нешта неймаверна гнюснае, але адчулі толькі на хвіліну.

Звон алоўка.

- Рыгор, навучыся трымаць сябе. Агіднасць якая! Маўчы!

- Няма чаго, Касмач, мне маўчаць! Ты вось зараз і Уладзіку спачуваеш і Маркіча баішся, хвост па ветру! На тваіх вачах чалавека без нажа рэжуць!!! Што ж ты сабе думаеш?

Зноў звон алоўкам.

- Я не буду з табою спрачацца. Маўчы пакуль што, - сказаў Касмач.

...Выступаў пасля гэтага Холадаў і гаварыў разгромную для Берасневіча прамову, гаварыў дэкан, які толькі і сказаў, што ў Берасневіча не ніцшэанства, а самаўпэўненасць.

Справы Берасневіча рабіліся ўсё горшымі і горшымі.

Група маўчала. Маркіча баяліся, бо ведалі: такі здатны на ўсё.

Гаварыў і Паўлюк, гаварыў у лірычным тоне і скончыў на тым, што сказаў: "Не той герой і камсамолец, хто мянціць языком, а той, хто камень над сябрам падтрымае".

Маркіч толькі ўсміхнуўся ў адказ на гзта і сказаў з нядобрай грымасаю:

- Гер-рой. Гэта ён, Берасневіч, яго падвучыў сказаць такое. Бачыце, адны толькі яго сябры і выступаюць.

Чорныя бровы Паўлюка таргануліся.

- Я шкадую, што мы тут, на зборах, у прысутнасці выкладчыкаў. За такія словы ў прыстойнай кампаніі б'юць па мордзе. Гніда ты!

Паўлюка прымусілі пакінуць аўдыторыю за сваю грубую выхадку. Словам, ён яшчэ больш сапсаваў і без таго не бліскучую справу.

Папрасіла слова Капасевіч толькі дзеля таго, каб паручыцца за Маркіча сваім партыйным сумленнем, пасля чаго Маркіч сказаў толькі:

- Я не крыўджуся на абразы з боку такіх людзей, як Берасневіч. У яго ўсё толькі ў асабістых інтарэсах. Ён згадзіўся б, каб правалілася ўся зямля, толькі б быў яго дамок і садок і каханая жонка поруч.

Берасневіч ледзь не крыкнуў, што гэта перакручаныя словы яго ліста, які не дайшоў да Алёнкі, што, відаць, ліст гэты ўзяў Маркіч, але паглядзеў на сухі, невыразны і жорсткі твар Алёнкі і... нічога не сказаў. Каму гэта было патрэбна зараз? Ён усё адно не назаве яе імя, а значыцда, заява будзе галаслоўнай, яшчэ падумаюць, пгго ён гэта зрабіў для таго, каб скампраметаваць Маркіча. Не трэба.

А Маркіч паглядзеў на студэнтаў, зрабіў суровы выраз на твары і сказаў разважліва:

- Ну што ж, справа, здаецца, ясная. У каго будуць якія прапановы наконт студэнта Берасневіча? У вас, Капасевіч?

- Так, у мяне, - засакатала Марыя. - Мне здаецца, што такім людзям не месца ні ў камсамоле, ні ва універсітэце. Берасневіча трэба выключыць з камсамола і хадайнічаць перад рэктарам аб выключэнні яго з універсітэта.

- Ну не, - прабурчэў даволі голасна Янка. - Я чакаў, я ўсё вагаўся, але цяпер бачу, з мярзотнікамі можна ўжываць і забароненыя між сумленнымі людзьмі прыёмы.

Ён устаў і папрасіў слова. Той-сёй загадзя засмяяўся, але хутка ўсмешкі зніклі. У Янкі быў такі надзвычайны твар, што многім стала непрыемна. Вялікі лоб пайшоў зморшчынамі, вочы глядзелі жорстка і суха, і нават сухарлявасць здавалася не камічнай, а велічнай.

- Я доўгі час думаў, - пачаў ён ціха, - выступаць мне або не выступаць. Уласна кажучы, тое, што я зараз зраблю, называецца на мове сумленных людзей подласцю, тым больш што я сам далёкі ад артадаксальнага пункту гледжання ў гэтым пытанні. Але, пакуль я вагаўся, здарылася тое, што можна кваліфікаваць як подласць. Сумленнага, сапраўднага чалавека збіраюцца выключаць. Таму я не вагаюся больш. Подласць дык подласць. З праціўнікам трэба біцца ягонай зброяю. Яшчэ больш узмацніла мае намеры тое, што гэты суб'ект напаў без абвяшчэння вайны, не паразмаўляў спачатку з Берасневічам па-сяброўску, не паспрабаваў пераканаць яго. Значыцца, гэта не ўчынак камсамольца, які дбае пра перавыхаванне сяброў, а нешта накшталт нажа ў спіну.

Ён змоўкнуў на хвіліну. Напружаная ціша стаяла ў аўдыторыі: усе адчувалі, што гатуецца нешта сур'ёзнае. Янка выцер хустачкай рот і спытаў у Марыі Капасевіч:

- Дык значыцца, калі толькі мяне не падвёў слых, ты ручаешся сваім партыйным сумленнем за гэтага чалавека? То-бок за Маркіча, прабачце.

- Ну вядома, я ж сказала гэта.

- I, значыцца, ты ручаешся, што ён не здатны на подласць, што ён нічога не скрывае ад нас, што ён увесь як на далоні перад намі?

- Н-ну, в-вядома, - закруцілася Капасевіч, адчуваючы, што гатуецца нешта нечаканае.

- I гэта добра, - сказаў з ледзяным спакоем Галавень. - Я, між іншым, таксама, як вы ведаеце, член партыі, член партыі ўжо чатыры гады (маю, значыць, роўна ў чатыры разы большую школу партыйнай вывучкі, ніж ты, Марыя), але тут мы прытрымліваемся, на жаль, розных пунктаў гледжання з таварыш Капасевіч. Я лічу, што ручацца партыйным сумленнем за чалавека, якога дрэнна ведаеш, гэта трошкі, я б сказаў, дзіўна і наўрад ці сумяшчальна з прабываннем у радах партыі. Н-да. Ёсць іншыя прадстаўнікі камсамольскіх важакоў. Яны працуюць, адбудоўваюць шахты, вучацца, а не займаюцца плёткамі на зборах. Што ж, нам не пашанцавала, мы трапілі ў месца, дзе такіх выявілася мала. Прыкра, але гэта не значыць, што не ў нашых сілах змяніць становішча.

Ён зноў змоўкнуў, і гэта паўза была таксама мёртвай. Хмары так згусціліся, што ўсе з нецярпеннем чакалі ўдару перуна. А Янка зноў загаварыў усё з тою ж павольнасцю, частымі паўзамі і паважнай грунтоўнасцю:

- Я даўно меў падставу чакаць гэтых збораў, ведаючы некаторыя асаблівасці адносін паміж студэнтамі Берасневічам і Маркічам. Праўдзівей кажучы, адносін Маркіча да Берасневіча. Ведаючы гэта, я схільны быў прадбачыць найгоршае, трошкі ведаючы асаблівасці натуры студэнта Маркіча. У той самы час я папярэдзіў Берасневіча, які, я не скрываю, з'яўляецца маім другам, але Берасневіч сказаў мне, што Маркіч добры, хаця і трошкі дакучлівы чалавек і ні ў якім разе не здатны на подласць. Шкадуючы дзіцячую наіўнасць таварыша Берасневіча, я вырашыў засцерагчы яго ад небяспекі насупор яго рамантычнаму жаданню. За гэтыя месяцы я ўзвёў вакол яго такія-сякія ўмацаванні. Мне хацелася б выкласці тут сутнасць слоў таварыша Берасневіча, якую з такой красамоўнай палкасцю перакручваў тут Маркіч, але думаю, што я паспею зрабіць гэта ў пісьме на адрас партыйнага бюро універсітэта. Партыя разбярэцца, хто тут сапраўдны, неартадаксальны камсамолец, а хто нягоднік вышэйшай маркі. А пакуль што я хачу спытаць, ці ведаеце вы, хто бацька Маркіча? Я ведаю, вы скажаце, што ён быў партыйным работнікам і памёр у 1934 годзе. Праўда, так значыцца ў дакументах, якія таварыш Маркіч здаў ва універсітэт. Я, аднак, не паленаваўся навесці спраўкі, і выявілася, што яго бацька быў арыштаваны ў 1937 годзе і памёр у 1938 годзе. Цікавая біяграфічная падрабязнасць, праўда? Толькі чамусьці яе няма ў нашых дакументах.

I тут голас Янкi нечакана загрымеў:

- Дык чаму ж ён зрабіў такое? Чаму ўтаіў гэта ад нас? Баяўся? Не, проста не верыў нам. А ў нас, між іншым, дастаткова добрыя мазгі, каб зразумець розніцу паміж бацькам і сынам. I ты, Марыя, будзеш яшчэ казаць пасля гэтага, што гэты чалавек перад намі як на далоні, будзеш ручацца за яго сваім партыйным сумленнем? А чым ты паручышся зараз, што ён не ўтаіў яшчэ які-небудзь факт біяграфіі, што ён не кар'ерыст, што ён не топіць Берасневіча з прычыны нізкай злосці. Я добра ведаю гэта, калі-небудзь зразумееш і ты. Ён, Маркіч, ведаў памылкі Берасневіча, якіх у таго не было, яшчэ ў мінулым годзе. Чаго ён не паразмаўляў з ім, не засцярог? Таму што хаваў камень за пазухай да зручнага выпадку? А можа, і зараз толькі таму паспяшаўся, што ведаў, хутка вернецца Маркевіч, які не дасць крыўдзіць сумленнага, удумлівага камсамольца? Ты подла зрабіў, Маркіч. Чаму? Можа, жадаў адвесці ўвагу ад сябе, улезці па трупах іншых у царства нябеснае? Не ведаю. Але ведай ты, у нас заўсёды знойдзецца чалавечая літасць, каб падумаць у такіх выпадках, як твой, нягледзячы на тое, што там было з тваім бацькам, быў ён вінаваты ці не. Няшчасная маці! Няшчасныя дзеці! Але калі гэтыя дзеці забываюць на ўласны боль, забываюцца на ўласнае сумленне, забываюць усё - і топяць сапраўдных людзей, сваіх сяброў, топяць з карыслівай мэтай, забыўшыся, што чалавеку можа быць балюча, - такіх "дзяцей" шкадаваць нельга. Гэта ўжо не людзі, а бруд.

I ён сеў. Цішыня ўсё яшчэ стаяла ў зале, мёртвае маўчанне. На Маркіча жахліва было глядзець, такі разбіты ён сядзеў. Капасевіч сядзела як вылупцаваная. Але Касмач, якога, відаць, пакрыўдзіла прамова Янкі, тым больш што ён сам згадзіўся на тое, каб Маркіч праводзіў зборы, зрабіў Галаўню заўвагу за грубы тон яго выступлення, і гэта надало Маркічу сілы. Разумеючы, што зараз трэба змагацца, змагацца, што б там ні было, ён сказаў з высакароднай мінаю:

- Мой бацька быў дзяржаўны злачынец, подлы чалавек. Я буду даваць тлумачэнні каму трэба з гэтай прычыны. Я зрабіў дрэнна, каюся. Але ж і ён назваў шкодніцтвам тое, што мы любім. Таму я яшчэ раз кажу, яго трэба выключыць.

Але як толькі ён вымавіў слова "выключыць", зборы, быццам абуджаныя, залютавалі:

- Ганьба!!!

- Нам не верыш, скрываеш - і такога патрабуеш.

- Досыць! Накамандаваўся!

- Самага шчырага хлопца...

- Маркіча замест яго выключыць!

- Ну-ну, ты глупства не плявузгай таксама. Усё ж і Берасневіч вінен.

- Трохі заганарыўся.