34172.fb2
- Не абаронім яго, дык Маркіч і нас заўтра выключыць, адзін у камсамоле застанецца... Сам п'ю, сам гуляю, сам кірую, сам выконваю.
Маркіч здзівіўся не на жарты. Зборы як падмянілі. Ён прывык, што апошнія год ці два яны маўчалі мёртвым маўчаннем, удавалася рабіць усё, што жадаў. I вось раптам. I ўсё гэты Янка.
Ён не разумеў, што яго дробязнае, прыдзірлівае, ханжацкае абыходжанне з сябрамі астабрыдла ім, што Янка зрабіў толькі першы ўдар ломам, а далей вада пайшла сама. I вада зрабіла тое, што не мог зрабіць Янка. Мікола Касмач, які быў, нягледзячы на дабрыню, вялікім дыпламатам, доўгі час прыслухоўваўся да крыкаў і пасля, відаць, зразумеў, што Маркіч сваёй прапановы не правядзе, спыніў іх і сказаў з дакорам:
- Цьху! Ну й загнуў ты, таварыш Маркіч. "Выключыць". Ты кажы, ды ведай меру.
I, відаць, прыпамятаў ранейшыя добрыя адносіны да Берасневіча, сказаў:
- Выключаць яго нельга. Калі такіх выключаць, дык хто ў камсамоле застанецца. I з універсітэта -таксама. Скончыць - працай у школе дакажа, хто ён. I я не думаю, каб ён працаваў горш за цябе.
- А павучыць трошкі варта. Я, напрыклад, прапаную даць Берасневічу строгую вымову... з папярэджаннем.
- За што? - голасна спытаў Янка. - За паклёп ілгуна?
- Перастрахоўшчык ты! А раптам усё ж у Берасневіча ў кішэнях гаўбіцы, а пад партаю полк узброеных нягоднікаў "Камплот вызвалення студэнтаў ад хлеба", - буркнуў Жэнька.
Але іх не падтрымалі. Зборы, давольныя тым, што Берасневіч застанецца ва універсітэце і ў камсамоле, на гэты раз не спрачаліся. За вымову прагаласавалі большасцю ў тры галасы.
- Такім у аспірантуры не месца! - паспрабавала крыкнуць Марыя Капасевіч, але гэта была ўжо зусім бязглуздая, злосная выхадка, і яе папрасілі змоўкнуць, хоць многія сапраўды думалі, што аспірантуры Берасневічу цяпер не бачыць як сваіх вушэй.
- Можа, Берасневіч хоча што-небудзь сказаць? - спытаў дэкан. Берасневіч устаў бледны, як крэйда, ад крыўды.
- Вы нядобра зрабілі, таварышы. Радуецеся, што мяне не выключылі? Лепей бы сапраўды выключылі, мне было б лягчэй. Гэта ж паклёп. I вы мне псуяце будучае і адносіны з людзьмі.
- Завёў панiхiду, заплакаў, - заўважыў Маркiч.
Сэрца ў Берасневіча сапраўды плакала, але сказаў ён апошняе слова цвёрда:
- Я не крыўджуся. Але вы пашкадуеце ў душы, што далi волю несумленнаму чалавеку...
Звон па графіне.
- ... які зрабіў мне такое з прычын, пра якія я не магу сказаць, але якія я зразумеў. Я ведаю і веру - такія людзі не вечныя ў маім камсамоле, маім, чуеце, маім, што б ні было. I калі гэтых кар'ерыстаў і ханжоў выкінуць з яго - узрадуецца сэрца ва ўсіх добрых камсамольцаў. Так будзе, бо нельга спекуляваць на такіх словах, як "камуна", "камсамол", а такіх, хто ўсё ж спекулюе, такіх не будуць проста выдзіраць з поля (як гэта істота сёння хацела зрабіць са мною), ім проста будуць адсякаць хвост па самую галаву. Я не забуду толькі аднаго: вы сёння маўчалі, некаторыя проста не спрачаліся, хоць ведалі - робіцца несправядлівасць. Вы дрэнна зрабілі, хлопцы, мне сорамна за вас.
Зборы скончыліся хутка і непрыкметна. Сапраўды, многім стала сорамна. Адчувалі, што зрабілі нешта несумленнае. Уладзіслаў паспрабаваў знайсці Алёнку, але яе не было, пайшла дадому. Янка загаварыў з ім - ён адказваў машынальна. Сяляўка падышоў да яго з прабачэннямі - Берасневіч паглядзеў на яго і сказаў:
- Нічога, нічога, хлопча. Ты добры сябра. Толькі рабіся цвёрдым. Сёння яны ледзь не зацягнулі цябе на ўчынак, якога ты мог бы саромецца ўсё жыццё.
I пайшоў у запаветную алею, думаючы, што, можа, Алёнка чакае яго. Але Алёнкі не было і там.
Першае жоўтае лісце каштанаў пачынала аблятаць на алею.
У першы дзень пасля збораў Алёнка яшчэ размаўляла з ім, хоць і была вельмі стрыманай, але пасля пачалося нешта дзіўнае і зусім не зразумелае. На месцы спатканняў яе ўжо не было разы тры, з лекцый яна знікала так нячутна, што нельга было ўгледзець.
Аднойчы ён усё-такі дагнаў яе, але яна была з сяброўкамі, якія ішлі з ёю да самага дома. Другі раз была адна, але сказала яму, што зараз невядома які час будзе адразу спяшацца дадому, бо захварэла маці. I пры гэтым глядзела на яго вялікімі, спужанымі вачыма, на дне якіх адбіваўся прытоены боль.
А потым цэлы тыдзень яе зусім не было на лекцыях, відаць, зразумела, што Берасневіч вырашыў якраз у гэтыя дні паразмаўляць з ёю шчыра і да канца, што б там ні было. На лісты яго не адказвала, да дзвярэй на званкі ніхто не падыходзіў: як быццам кватэра вымерла.
Знерваваны, замучаны, ён вонкава трымаўся малайцом, нават жартаваў з Янкам, але Галавень быў добрым сэрцаведам, і ад кожнага жарту Берасневіча ў Янкі аж сціскала нешта ў грудзях ад жалю.
Ніхто нічога не заўважаў, лічылі, што Берасневіч нават бяздушна, нячула ставіцца да таго, што адбылося на зборах.
I зноў дзiўная справа: цераз некалькi дзён сябры з групы (за выключэннем Янкi i Паўлюка ды, можа, некаторых, якiя маўклiва спачувалi) пачалi як быццам не заўважаць яго, не размаўляць, хутка праходзiць паўз яго пры сустрэчах. Ён губляўся ў меркаваннях i здагадках, але так нiчога i не мог зразумець. А калi раз цi два спытаўся ў сяброў пра прычыну гэтага - тыя адказвалi неяк падазрона хутка:
- Ды не, не, што ты! Гэта табе здалося.
Нават Паўлюк пачаў нешта падазраваць, паспрабаваў паразмаўляць з некаторымі сябрамі - без вынікаў.
Берасневіч трымаўся, але аднойчы ўначы пачаў трызніць, назваў імя Алёнкі і нават разрыдаўся ў сне. Гэта жахлівая штука, калі мужчына, які стрымліваецца, які нават забыўся, калі даводзілася яму плакаць, пачынае рыдаць у сне. Паўлюк і Янка доўгі час сядзелі ля ложка ў цёмным пакоі, пасля Паўлюк перавараціў Берасневіча на правы бок і падуў яму ў лоб. Сонны кінуў трызніць.
Янка і Паўлюк селі на Паўлюкоў ложак і накрыліся адной коўдраю. Янка абхапіў рукамі калені і, гледзячы на нязграбныя свае ступні ў так-сяк зацыраваных шкарпэтках (ён толькі што прыйшоў), сказаў Паўлюку шэптам:
- Ведаеш, браце, я сёння бачыў гэты флюгер у сукне ў горадзе. I ведаеш з кім? З Маркічам, братка.
- I яна была вясёлая?
- Не, брахаць не буду, сумная была. Але гэта ўсё адно. Не дажыў я яшчэ да таго часу, каб над маім лепшым сябрам смяяліся дзяўчаты. А калі дажыву - можаш плюнуць мне ў морду, вось што.
- Трэба паразмаўляць з ёю, - ціха сказаў Паўлюк.
Янка паглядзеў на вочы сябра, прыгожыя, як у каровы, бліскучыя нават у цемры, і сказаў:
- Я б паразмаўляў, калі б не мая рэпутацыя. Трэба будзе пайсці табе. Ты, чорт, маеш талент: і хлопцы цябе больш як за свайго лічаць, і дзяўчаты таксама.
- А калі адмовіцца? - шэптам спытаў Паўлюк.
- Ну тады ўжо я, - рыпнуў зубамi Янка, - i няхай трымаецца.
Сiлком прывяду, дальбог, i буду адказваць хоць i перад судом.
Што за конікі такія?!! Калі злуешся на чалавека - растлумач яму, за што. А калі не хочаш, дык ты свіння.
I доўга яшчэ яны сядзелі на ложку пад адной коўдраю, напаўголасна размаўляючы пра гэту сумную гісторыю.
...Наступным ранкам Паўлюк, не ўзнімаючы вачэй, буркнуў Берасневічу:
- Я пагавару з ёю. Хочаш?
I Берасневіч, нечакана для сябе, згадзіўся. Паўлюк прычапурыўся, апрануў святочныя порткі, папляваў на шчотку, бо ваксы не было, і пайшоў.
Яго не было доўга. I гадзіна, і тры, і пяць прайшло, пакуль ён не з'явіўся. А пакуль тое, Берасневіч ляжаў і думаў. Не подласць, не несправядлівасць, не зацісканне рота, не здрада Алёнкі былі самымі жахлівымі ў гэтай гісторыі. Самым жахлівым было тое, што ўсё гэта рабілася вонкава зусім прыстойна і натуральна, рабілася камсамольскім імем. Ад імя камсамола рабілася тое, за што трэба было выганяць з камсамола. I што магчыма было зрабіць супраць гэтага, раз нягоднікі атаясамлівалі сябе з камсамолам, крычалі прыгожыя словы, а былі гладкімі і склізкімі ў сваім ханжастве, як уюны? Лайся - зробяць з цябе хулігана, біся - зробяць злачынцам. Хіба словамі, хіба ўражаннямі, хіба беспамылковай верай, што не такімі павінны быць сапраўдныя камсамольцы, верай, якая ўласцівая ўсяму чыстаму і здароваму, што-небудзь магчыма зрабіць?
I імя гэтаму "маркічаўшчына". I, як усякае ханжаства, маркічаўшчыну нельга, вельмі цяжка схапіць за руку. Яна перафарбуецца, яна самую лепшую, самую светлую мэту зробіць сродкам для кар'еры, яна ніколі не ўступіць у камсамол, калі гэта небяспечна, яна пад час варожай навалы закапае білет у зямлю, але яна затое будзе галасней за ўсіх лямантаваць на зборах, калі небяспека міне. Вось і зараз яна зрабіла такое яму, чалавеку, які жадаў для любімай справы яшчэ большай праўды і магутнасці, для якога палова жыцця была ў гэтай пашарпанай непрыгожай шэрай кніжачцы, што ляжала ў яго кішэні.
- Не, трэба біцца. Не, трэба тлумачыць. Хлопцы зразумеюць.