34172.fb2 У снягах драмае вясна - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

У снягах драмае вясна - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

Ён ледзь паспеў прычасаць мокрыя валасы, як пабачыў, што ў двух кроках ад яго, спіною, стаіць Маркіч. Стаяў моцна, як гаспадар, амаль што фертам. Брыдка было глядзець на гэту невымоўна нахабную, самазадаволеную спіну, на чырвоны карак.

Але, можа, Берасневіч так і прайшоў бы паўз яго, у калідор, каб не пабачыў ля яго тонкую постаць Алёнкі. Яна стаяла напаўпаварота да яго, і вочы яе былі долу. Яна таксама яго не заўважыла.

Маркіч засмяяўся з той паблажлівай пагарднасцю, якой Берасневіч не схільны быў дараваць нікому, і сказаў ёй:

- Ну, дык сколькі ж гэта ты будзеш адчуваць сябе ў дрэнным гуморы? Не век, я спадзяюся?

- Я не ведаю, напэўна, я не пайду, - сказала Алёнка.

- Ат, пойдзе ж цэлая кампанія, не адны мы. Ёсць білеты...

- Н-не ведаю.

Берасневіч не паверыў сваім вушам, калі Маркіч раптам сказаў самазадаволена, з невымоўна агідным мяккім мурканнем у голасе:

- Ну, не трэба быць дурненькай, дзетухна. Чаго табе нудзіцца? Як той казаў, уладай, дадзенай мне ад пана бога, прымушаю цябе. Нічога, усё будзе добра... I не сумуй, гэта нават добра, што ты трошкі навучылася разбірацца ў людзях.

Берасневіч ніколі не дазваляў сабе такой амікашонскай размовы з Алёнкаю. Ён не мог нават зараз, калі ўсё было скончана, дазволіць каму-небудзь такое, тым больш што размова, здаецца, вялася аб ім. Ён кашлянуў.

Маркіч павярнуўся і пабачыў Берасневіча, але не разгубіўся і не засароміўся, працягнуў яму руку.

- А-а, гэта ты, - з той самай паблажлівай пагарднасцю, легкаважным, трошкі апякунскім тонам сказаў Маркіч. - Схуднеў ты як, браце. Нічога, нічога. Выпраўляйся, ставай на верны шлях, мы дапаможам.

I збіраўся быў пайсці, але Барасневіч затрымаў яго:

- Пачакай. Мне трэба спытацца ў цябе аб нечым.

Да іх павярнулася некалькі галоў. Пяць-шэсць чалавек падышлі і сталі непадалёк.

- Справа ў тым, - голасна сказаў Берасневіч, - што некаторыя людзі дазваляюць сабе пускаць паўсюль брыдкія плёткі.

Цяпер ва ўсёй аўдыторыі не было чалавека, які не павараціў бы да іх галавы, не падышоў бліжэй і не замёр. Шум сціхнуў. Запанавала злавесная цішыня, і толькі й было чуваць, як лупіў па шыбах дождж.

Берасневіч бачыў твар ворага, вялікія залысіны, бегаючыя вочы і раптам адчуў шалёную радасць.

"Зараз", - падумаў ён.

I спытаўся ціха, але так, што ўсім было чуць і ва ўсіх папаўзлі па спіне мурашкі:

- Дык ты кажаш, што я контррэвалюцыянер? Ты пусціў гэтую плётку, а некаторым нават "даказаў" яе.

- Я не казаў, - цвёрда сказаў Маркіч.

- Не? Добра. Вы ўсе чулi, ён не казаў гэтага.

Твар Сяляўкі, худы і стрыманы, выплыў аднекуль справа.

- Рыгор, казаў ён пра мяне гэта? - пайшоў ва-банк Берасневіч. - Казаў ён, што мяне хутка чакае дрэнны канец?

- Казаў, - ні хвіліны не вагаючыся, надзвычайным для яго, жорсткім тонам сказаў Сяляўка. - Усё казаў, і нават пераконваў некаторых. I той-сёй, у каго замест галавы качан, нават паверыў.

Берасневіч зноў звярнуўся да Маркіча:

- Дык ты кажаш, я контррэвалюцыянер, я, сын рабочага і сам былы рабочы. Табе мала маёй ганьбы - ты хочаш яшчэ адштурхнуць ад мяне сяброў, адштурхнуць тых, хто мне дарагі. Але не, я хаця іх, я хаця аднаго чалавека выратую ад цябе, смоўж.

Напэўна, выгляд яго быў такі жахлівы, што Маркіч зразумеў, змяніўся ў твары і падаўся назад, але далёка адысці не паспеў. З нясцерпнай асалодаю, з ясным усведамленнем таго, што робіць, Берасневіч адвёў руку, уклаў у яе ўсю сваю нянавісць і свой боль і паслаў яе наперад.

Пад скляпеннямі старой аўдыторыі гулка пралунала поўха. Пасля яшчэ адна.

Яшчэ.

Усе стаялі моўчкі. Ніхто не затрымаў яго рукі. Усе ведалі, гэта была не проста поўха, Гэта быў учынак чалавека, які разрываў кола. Гэта была мужнасць.

У цішыні прагучалі крокі да дзвярэй. Усе ведалі: чалавек уходзіць назаўсёды. Толькі калі ён быў у дзвярах, пачуўся за яго спіною прыдаўлены ўскрык:

- Ула-а...

I зноў стала цішыня.

Ён выйшаў з аўдыторыі, прайшоў па калідоры, спусціўся па сходах, і толькі на вуліцы яго моўчкі дагнаў Паўлюк і пайшоў поруч. Так моўчкі, не карыстаючыся трамваем, яны прайшлі горад, дайшлі да інтэрната, увайшлі ў пакой.

Паўлюк, не пытаючыся, дапамагаў Берасневічу ўкладваць яго чамадан, пасля ўзяў яго. Берасневіч паглядзеў на Паўлюка і раптам прыцягнуў к сабе.

- Дзякую, браце. Не сумуй, яшчэ пабачымся. Проста я не магу тут больш.

- Куды ж ты? Дадому?

- Не, я проста даведаўся, што ў вобласці, у вёсцы Вавуліцкі Млын, ёсць яшчэ да гэтага часу вакантнае месца настаўніка. Так будзе лягчэй... для яе. А экзамены здам пасля... каб толькі не бачыць. А можа, мяне яшчэ і выганяць.

- Не забывай нас, Уладзік, - журботна прамовіў Паўлюк. - Мы цябе любілі.

- I я вас вельмі, вельмі любіў. На вось, трымай адрас.

...Было рана, але цягнік ужо стаяў на пуцях. Вечар быў шэры і змрочны, масляніста блішчэлі рэйкі. Берасневіч узяў ад Паўлюка чамадан.

- Не трэба далей. Я пасяджу сам у вагоне. Бывай, дружа.

...Паўлюк пайшоў, а Берасневіч зацягнуў у вагон чамадан, паставіў яго на месца і зноў выйшаў на пуці. Агні далёкага горада ззялі недзе на ўсходзе, мокры водар паркаў далятаў аж сюды, пачынаў імжыць дробны дождж.

А Паўлюк між тым выйшаў у горад, падумаў хвіліну і рашуча накіраваўся да тэлефона-аўтамата. Там ён набраў нумар Алёнкі і, злуючы на сябе, спытаў:

- Хто ля тэлефона? Алёнка?

- Не, гэта яе маці. А ў чым справа?

- Прабачце, ці не можаце мне сказаць, дзе яна? Я яе знаёмы і бываў у вас. Студэнт.

- Яшчэ не прыйшла з універсітэта.