34172.fb2
- Добра, я скажу.
Паўлюк павесіў трубку, падумаў яшчэ трошкі, а пасля махнуў рукой і накіраваўся кудысьці, куды цягнулі яго ногі.
А Берасневіч усё яшчэ стаяў. Часам мозг забываўся на ўсё, і яму здавалася, што ён едзе на вакацыі, што яшчэ будзе лета, што зараз прыедзе праводзіць яго Алёнка. Патроху ён і сапраўды пачаў чакаць яе, і яму здавалася, што яна прыйдзе, што яна неадменна павінна прыйсці, таму што нельга не адазвацца на такое жаданне, на такі прызыў.
Жаданне вырастала, запаланіла яму ўсё сэрца, ён глядзеў на гадзіннік, на якім шалёна скакалі стрэлкі, крочыў па платформе, не заўважаючы халоднай імжакі.
- Грамадзяне пасажыры, цераз пяць хвілін адыходзіць цягнік...
Як, ужо? Гэтага не можа быць.
Ён глядзеў на пуці, сэрца яго замірала ад кожнай жаночай фігуркі, якая бегла да вагонаў... Здаецца, яна! Не, не яна... Тры хвіліны засталося... Вось, здаецца... Дзве хвіліны... Адна... Гудок цягніка. Гудок! Гудок!
Цягнік рушыў.
I ўсё ж ён стаяў у тамбуры і глядзеў у дзверы, пакуль не зніклі з вачэй перон, вакзал, вялікія будынкі горада, пакуль не пачалі скакаць абапал рэек сады прадмесцяў. Пасля паставіў каўнер паліто, усміхнуўся нявесела і сказаў сам сабе:
- Вар'ят. Усё ж было ясна.
Цягнік ішоў.
Знік горад. Змрок залёг за рэйкамі, пачалі пісаць нетры, яліны, цьмяная вада балотцаў.
Хто ж населіць гэту краіну казкі? Хто песнямі напоўніць маўклівыя лясы? Дзе ты, Алёнушка?!
Светлыя плямы ад вокан беглі па ялінах; гулка аддавалі рэхам пад коламі масты.
9 лістапада 1952 г.
Вось ужо месяц, як ты паехаў, але лістоў ад цябе ўсё няма. Хачу напісаць табе, што дрэнна так забываць сяброў. Відаць, твой ліст у ЦК дапамог, таму што ніхто не збіраецца лаяць цябе за гісторыю з той поўхай. Напэўна, у гэтай справе разбіраліся. Карацей кажучы, я дамовіўся: ты не выключаны і можаш вучыцца завочна, узімку здаць экзамены, а вясной абараніць дыплом. Як хаця ты там?
Мы жывыя, здаровыя. Хлопцы вельмі шкадуюць цябе: не падтрымалі своечасова. Янка кажа, што не трэба было быць баранамі і чакаць разумных рашэнняў з ЦК, калі ёсць на плячах уласныя галовы.
Ты будзеш здаваць, гэта галоўнае. Над галавою Касмача, здаецца, была з-за цябе навальніца, але мінула.
У аспірантуру замест цябе мяркуюць Маркіча. Вось, здаецца, усе пакуль што навіны.
Ва унiверсiтэце нудна i брыдка. Я не магу глядзець на твары Холадава i Маркiча. Хочацца хутчэй скончыць i паехаць. Нават святыя гады студэнцтва, нашу Alma mater, запаганiў гэты мярзотнiк.
Але ўсё нічога. Пакуль што бывай.
Твой Паўлюк.
16 лістапада 1952 г.
Вавуліцкі Млын
Прабачце, што цэлы месяц не пісаў вам. Але спраў было так шмат, як ніколі ў жыцці. Мой Вавуліцкі Млын - гэта вялікая, двароў на пяцьсот, вёска са старым клубам і новаю, але ўжо запушчанаю школай у вялікім садзе. Людзі добрыя, і маркічаўшчыны менш, ніж у нас. Вельмі многа працую і вучуся, пішу дыплом. У мяне цудоўныя дзеці, і з імі я адчуваю сябе, як быццам другі раз нарадзіўся. Хоць прайшоў толькі месяц, але яны мяне ўжо палюбілі і, між іншым, невядома для іх саміх выратавалі ад вялізнай небяспекі. Справа ў тым, што мне першыя дні было так нудна, такія халодныя, жахлівыя пайшлі дажджы, так я ўспамінаў былое шчасце, што не мог вытрымаць і з гора некалькі разоў выпіў. Напэўна, і сур'ёзна пачаў бы піць, каб не яны і не праца. Зараз я ведаю не адным толькі адцягненым разуменнем, а і сэрцам, што толькі ў ёй адной для такіх, як я, паратунак і шчасце. Я быў бы зараз зусім шчаслівы, каб не думка пра тое, што Маркіч жыве на свеце і працвітае. А нарэшце, чорт мне ў гэтай гнідзе?!! Горш тое, што здароўе зусім сапсавалася. Уначы прачнуся - сэрца баліць і калоціцца, круціцца галава, як біч на цапільне. Але і гэта, пэўна, пройдзе.
Гаспадар мой цікавы чалавек, шмат чаго бачыў у жыцці, толькі што трошкі любіць выпіць. Учора ноччу выйшаў я са свайго пакоя і бачу: гаспадар сядзіць з кумам за сталом, п'е гарэлку і трымае ў руках вялізную шчыкеціну з цвіком. Перабірае па ёй пальцамі і спявае "Бандуру". Вось тут, кажа, "Ма", а вось тут - тут "ру", а дзе "сы" - не ведаю. Ага, вось.
Ма-ру-сы-ыно сэрца-а-а!
Пасля пачаў філасофстваваць. Кажа:
- Усё на свеце паразіт. I мурашка паразіт, і пчала паразіт, і ты (да кума) паразіт.
- Я не паразіт, - абураецца кум.
- Як не паразіт?! А хто ў калгасе торбу кукурузы ўкраў, - з месца выдумляе гаспадар.
- У нас кукурузу не садзяць.
- Ну ўсё адно паразіт. Бо ў сумленных людзей чуб на галаве, а ў цябе плеш.
Кум раптам зусім лагічна і паслядоўна заяўляе:
- А я сала ем.
- Ну вось бачыш, - радуецца гаспадар, - дзе ж гэта ты бачыў, каб сумленныя людзі сала елі. Яны хлеб з лебядой ядуць. А ты кажаш, не паразіт.
Школа даволі занядбаная, і энергічны чалавек можа многае зрабіць. Мы, напрыклад, ужо вырашылі справу з ботамі для дзяцей-сірот, папоўнілі бібліятэку. Я дапрасіўся ў раёне свідравальнага станка, і абяцаюць такарны. Словам, працую. Працаваць мне трэба, сябры мае, вельмі многа. I я буду працаваць. I яшчэ скажу: я буду змагацца. Я даб'юся свайго, я зраблюся яшчэ вучоным.
Пішыце мне, сябры дарагія.
Ваш Уладзіслаў
30 лістапада 1952 г.
Пішу табе пра вялікую радасць: прыехаў нарэшце Маркевіч, худы, але здаровы. І тут адразу кранулася твая справа. Касмач атрымаў вялізнага прачухана за тое, што не звярнуў дастатковай увагі на ліст ЦК. Маркевіч вельмі шкадуе, што ты паехаў, але думае, што іначай нельга было. Ён кажа, што ты малайчына. Я не пісаў табе, бо мне было цяжка бачыць, як Маркіч трыумфуе, як ён збіраецца стаць аспірантам, як сур'ёзна збіраецца помсціць тваім сябрам і табе. Зараз гэтаму канец. Былі яшчэ адны зборы, і на іх хлопцы так паўсталі супраць Маркіча, што люба было. Усім было сорамна перад табою (між іншым, па твайму жаданню я ніколі і нікому не сказаў, дзе ты. I не скажу. Ніхто не ведае нічога - даю табе ў гэтым слова гонару).
Выступаў і Сяляўка. Зусім іншы стаў хлопец, цвёрды, самастойны. Паўлоўскі, парторг (памятаеш, ён сядзеў на тых зборах і ўвесь час маўчаў), зацікавіўся гэтай справай і да прыезду Маркевіча добра ў ёй разабраўся. Ёсць такія чэрці, маўчаць-маўчаць, а пасля...
Справа атрымала характар скандалу. Пра цябе, праўда, не ўспаміналі, шмат хто баяўся (усё ж ты, з іх пункту гледжання, перагнуў палку), але ўсе зразумелі, што твая справа была штуршком. Нічога, браце, міне некалькі год - гэты жах будзе ў мінулым і ніхто не папікне цябе. Ва універсітэце выявіўся такі клубок гора-важакоў, чынуш і бюракратаў, што зараз сорамна студэнтам адзін аднаму ў вочы глядзець. Як мы толькі не маглі пабачыць! Зараз большасць з іх павыганялі, застаўся ў нас Паўлоўскі, Касмач (з добрым прачуханам), яшчэ некалькі чалавек. Камсоргам курса зараз я. Янка - прафорг. У бюро новыя хлопцы, між іншым, Чудзікаў і Сяляўка.
Я ўсё ж думаю: чаму ёсць у нас гэтыя "ідэальныя" сухары-пурытане, чынушы, іншым разам яўныя нягоднікі накшталт Маркіча? Думаю, што гэта адрыў ад рабочага асяроддзя, ад народа. Эх, такіх бы малойчыкаў на рабочыя зборы, на завод - там бы з іх зрабілі такое, што па нітцы хадзілі б. А мы ўжо занадта інтэлігентныя сталі.
Але якое шчасце рабіць разам з усімі (не пад гора-кіраўніцтвам аднаго "правадыра курсавога маштабу") наш універсітэт лепшым, сапраўдным! Цяжка, але і добра.
Маркіч за некалькі дзён да збораў паспрабаваў высветліць адносіны з намі і з адной вядомай табе асобай, але атрымаў такі паварот, што яшчэ і зараз баіцца дыхаць. На зборах Паўлоўскі сказаў пра Маркіча:
- Такія, як вы, яшчэ больш шкодныя, чым адвертыя ворагі. Толькі што за шчэлепы вас не возьмеш, бо вы склізкія, як ваш язык.
Да збораў Маркіч сустрэўся адзін на адзін у калідоры з Маркевічам, працягнуў яму руку, і, мы выпадкова чулі, Маркевіч сказаў:
- Няўжо вы сур'ёзна думаеце, што пасля такой подласці вам нехта пацісне руку?