34172.fb2 У снягах драмае вясна - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

У снягах драмае вясна - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Ён не заўважаў яе сукні, яе рук. Ён бачыў толькі трошкі пасталелую постаць, вялікія вочы, нейкую вельмі складаную і прыгожую прычоску, яе вусны, яе тыя самыя, дзіцячыя і горкія вусны.

А он меня с тревогой все зовет, все зовет: "Цветок мой ароматный, Малютка дорогая", - Как прежде, называл он меня, лаская.

Гэта была тая самая арыя, але таксама і іншая, як і яна была той самай і іншай. Яна спявала зараз з не вядомым раней пачуццём, з вялікай страсцю. Яна перажывала. Яна ведала. I новым быў яе позірк, такі дзіцячы і наіўны раней. Зараз ён быў глыбокім, чыстым, абазнаным.

I гучэла, гучэла арыя:

Верь мне, моя Судзуки, Пройдут и наши мукн. Я знаю.

Горкае, светлае, напаўзабытае ахапіла яго душу, слёзы прасіліся з вачэй.

Любая! Любая! Вечна каханая! Цёплы агеньчык! Іскра ўначы! Кліча, кліча твой голас. Я іду, іду. Я ніколі не дайду да цябе, я чужы табе і невядомы, я ніколі не кіну і слова, ты нават не пазнаеш, што я тут. Але я іду.

Калі песня скончылася, Берасневіч хутка выйшаў з клуба і падышоў да дзядзькі Нічыпара.

- Дзядзька, давайце кажух, шапку, пугу. Спіце гэтую ноч спакойна, ідзіце слухаць канцэрт. Толькі нікому не кажыце, што я паеду замест вас. Добра?

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Берасневiч, загорнуты ў кажух i падобны да мядзведзя, у валёнках клубнага вартаўнiка, закруцiў амаль увесь твар шарфам, насунуў шапку на вочы. Ён цвёрда вырашыў, яна не пазнае яго. Ён давязе яе да станцыi, праедзе з ёю гэтых тры дзесяткi кiламетраў, пагрэецца ля свайго вечнага агню, а пасля хоць на ўсё жыццё зноў халодная дарога, праца i мары аб ёй, поўнае ўсведамленне таго, што яна - адзiная i што ён яе нiколi не пабачыць.

У сані ён намасціў сена, паклаў кілімок і яшчэ два кажухі. На шчасце, усе сядзелі ў клубе, і ніхто не бачыў яго ў новай ролі.

Яна выйшла, захутала цёплай хусткаю рот. Сказала, гледзячы на неба, якое вызарыла пасля снегападу:

- Ну й мароз!!!

Ён спрытна пасадзіў яе ў сані, зрабіў з вялізных кажухоў цёплае гняздо, паклаў больш сена ў ногі, захінуў яе, пакінуў толькі вочы, а сам, непазнаны, сеў на козлы.

Коні спора ўзялі з месца.

Пабеглі назад вярбовыя прысады, снежныя гурбы, масткі, загубіліся далёка ззаду скупыя вясковыя агні. I пайшла дзіч, пайшлі нетры. Дарога! Дальняя дарога. Ці то агеньчыкі блішчаць у далёкіх хатах, ці то ззяюць далёкія ваўчыныя вочы? Месяц закуўся ў вясёлкавы пярсцёнак. Трохі марозіць, белы і чысты ляжыць снег. Плывуць па гурбах сані, як човен па хвалях.

Яна маўчыць, беражэ голас. Што ж, маўчы і ты, слухай яе маўчанне, сядзі непазнаны, самы вядомы ёй хлопец на зямлі, а зараз самы далёкі і чужы. Спляліся на хвіліну і хутка зноў разыдуцца вашы шляхі, але сядзі, слухай яе маўчанне. Гэта шчасце, апошняе твае шчасце, будзе цягнуцца яшчэ цэлыя вякі, дваццаць шэсць кіламетраў. Яна не ведае, што ён тут, ён не скажа. I ўсё ж гэта шчасце! Можна ўяўляць, што ён вязе яе да сябе, што іх чакае светлы пакой і кнігі, - і ўсё жыццё яшчэ ў будучым. Можна думаць і пра іншае. Гэта было б шчасцем ведаць, што яна раптам можа нахіліцца і ціха спытаць: "Не халодна табе?"

А потым блізкія агні, сані спыняюцца, ён нясе яе па гурбах у хату. Нічога. Яны маўчаць, сані бягуць, ёкае селязёнка ў каня. Ён вязе яе ў апошні шлях ад сябе, непазнаны, і нікому, нікому ад гэтага не крыўдна. Ён чамусьці не падумаў, што яна можа загаварыць. I сапраўды, першыя кіламетраў пяць яна маўчала, і толькі калі ўстаў на дарозе цень пушчы, засыпанай снегам, спытала ціха:

- I ваўкi тут бываюць, таварыш?

Берасневіч, не ведаючы, што рабіць, адказаў сцісла:

- Так.

Відаць, няпраўду кажуць, што голас забываецца хутчэй за ўсё, бо яна трошкі занепакоілася. Берасневіч спіною адчуваў, як яна ўглядаецца ў яго, імкнецца пазнаць у гэтай фігуры, захутанай у футры, нешта даўно знаёмае. Пасля яна яшчэ раз паспрабавала загаварыць:

- Ці далёка яшчэ да станцыі?

Берасневіч адчуваў, што ён зрабіў вялікае глупства, калі задумаў гэту паездку. Не кажучы ўжо пра патрэбу размаўляць, - як ён будзе трымацца, калі трэба будзе пасадзіць яе на станцыі ў цягнік. Там будзе святло, ліхтары. Дарэмна ён ублытаўся ў гэта. Блазенскі выбрык!

Але рабіць было няма чаго, і ён з мужнасцю адчаю захрыпеў, як басэтля, і адказаў сцісла:

- Яшчэ кіламетраў дваццаць.

Яна відавочна заспакоілася. Дый сапраўды, адкуль яна магла ведаць, дзе ён, калі ніхто, акрамя Паўлюка і Янкі, не ведаў месца яго прыстанку. Ну й добра.

Пушча ахінула іх, як цёплы кажух, калі яна раптам упэўнена сказала:

- Берасневіч, вы...

I пасля гэтага (ён не адказаў) сказала рэзка:

- Спыніце коні, я пайду.

Маўчаць больш не было прычыны. Берасневіч павярнуўся да яе і сказаў:

- Прабачце, я зрабіў, як хлапчук. Не трэба. Я не перашкаджаю вам, маўчу. Маўчыце і вы.

- Спыніце коні, - патрабавала яна такім голасам, якога Берасневіч раней ніколі ў яе не заўважаў, халодным і цвёрдым.

Замест адказу ён пагнаў іх яшчэ хутчэй.

- Я выкінуся.

- Тут нельга гэтага зрабіць. Бачыце, пушча, гурбы, вы ў лёгкіх ботах. Замерзнеце. Што я вам, перашкаджаю, ці што?

- I ўсё ж я пайду.

- Паспрабуйце толькі, - жорстка сказаў Берасневіч. - Пакуль вы разблытаеце гэты кажух, я паспею спавіць вас так, што вы не зможаце рухацца. I наогул, хопіць гэтага, чуеце вы? Тут вам не горад, тут жывуць простыя, грубыя людзі, якія не разбіраюцца ў гэтых вашых псіхалагічных тонкасцях. Я затрымаю вас.

- Я...

- Калі хочаце, можаце пасля, на станцыі, паскардзіцца міліцыянеру на тое, што я затрымаў вас і давёз, куды трэба. Я не ўцяку, буду чакаць мяча Немезіды. Прозвішча маё вы, напэўна, памятаеце. I наогул, я просты вознік, мне даручылі давезці вас да станцыі. Нашто гэты залішні крык? Вы паспяхова дасягнеце мэты, калі дасцё мне на станцыі пяць рублёў на шклянку гарэлкі.

Напэўна, у голасе яго было акрамя жорсткасці і іроніі яшчэ тое, што ён дарэмна імкнуўся прыхаваць, затоены боль, бо яна раптам змоўкла. Берасневіч збіў шарф з рота, і твар яго напаўпавароту быў бачны ёй, нейкі новы, цвёрды, зусім мужчынскі твар. На веях голкі шэрані, касмыль валасоў, якія ўпалі на лоб, таксама сівы, твар абсівераны, грубы ад ветру. I такі жорсткі цвёрды рот. Толькі вочы ранейшыя, з усмешкай. I ўсё-такі гэта трэба было пакараць.

- Пазнаю, - сказала яна з іроніяй. - Вы заўсёды размаўлялі з дзяўчатамі такім абураючым тонам ці толькі сёння?

- Я ведаю, з кім мне трэба так размаўляць, - уладна сказаў Берасневіч. - Не, я размаўляў так яшчэ толькі раз, у канцы лютага пяцьдзесят другога года. Пасля гэтага я быў шчанюком, блазнам. Праўда, зараз я, здаецца, выправіўся.

Алёнка раптам схілілася тварам на далоні. Ён зразумеў, гэта быў занадта жорсткі ўрок, і таму прыбавіў з нечаканым сумам:

- Кіньце гэта. Вы ведаеце, мой голас мае і іншыя адценні. Але не трэба, не трэба гэтага зараз. Вы ведаеце, гэта ўсё скончылася, я чужы для вас. Сядзіце спакойна, размаўляйце са мною як са старым, напаўзабытым сябрам.

Ён зусім не чакаў гэтага, але плечы Алёнкі раптам затрэсліся. Ведаючы, што ў такіх выпадках лепей за ўсё дапамагае роўны, сухаваты тон, сказаў:

- Вы не ведалі, што я жыву тут, у гэтай вёсцы?

- Не.

- Веру вам. Я таксама кажу шчырую праўду: я ведаў, што паедзеце вы, і назнарок папрасіўся вознікам. А зараз бярыце хустачку, тут нічога няма страшнага. Глядзіце, усё добра на свеце. Месяц над раўнінаю, снягі.

- Дзякую, мой настрой не вельмі сапсаваўся, - ціха сказала яна. - Што казаць, я думала, што вы наогул дзесьці зніклі, хоць пасля да мяне дайшлі невыразныя чуткі, што Паўлюк з вамі перапісваецца. Як вашы справы?