34172.fb2
І гэта будзе цягнуцца. Слабы зараз агеньчык - ён адчувае - можа разгарэцца.
- Ох, любая, любая! Мілая і чыстая, як святло! - выдыхнуў ён.
З першай сустрэчы бывае вельмі рэдка, але ў яго напэўна будзе так. Не можа быць, каб гэтая радасць чагосьці не абяцала.
Было ціха, храбусцеў пад нагою няпэўны лядок, і зоры, любыя зоры, падміргвалі яму, як змоўшчыкі, якія адны ведалі яго вялікую таямніцу.
Як магчыма быць сэрцу такім шчаслівым і не разарвацца?
Ён добра прамёрз, пакуль не вырашыў ісці дамоў. Вахцёрша пусціла яго, нягледзячы на позні час, бо Берасневіч заўсёды дзяліўся са старой папяросамі.
Госці доўно пайшлі. У душным пакоі было цёмна і чуўся хроп сяброў. Берасневіч спыніўся над Паўлюком. Святло вулічнага ліхтара падала на падлогу і на твар Паўлюка вялікімі жоўтымі квадратамі. Паўлюк спаў, і такім кранаючым здаўся Берасневічу яго дзіцячы твар, што ён ледзь не расцалаваў сябра.
Як добра, як хораша было жыць!
Было святло ліхтара, але яшчэ святлейшымі былі вочы Алёнкі; былі голыя дрэвы, у якіх пачыналі хадзіць сокі, - і была Алёнка; быў вялікі свет, былі спевы, была радасць - і была Алёнка.
Што ж рабіць? Як не памерці ад такога шчасця?
Паўлюк раптам прачнуўся і сеў на ложку, гледзячы непаразумела на Берасневіча.
І тады Уладзік прысунуўся да сябра і сказаў яму:
- Паўлюк, ведаеш што? Я, здаецца, хутка вельмі закахаюся. Вельмі.
А шчасце быццам звар'яцела, яно палілося на Берасневіча дажджом. Ён захлынаўся ім, хадзіў паўсюль з такой дурнавата-шчаслівай, да вушэй, усмешкаю, што на яго азіраліся.
У той дзень, калі яны слухалі Гілельса і Алёнка сядзела паміж Жэнькам і Берасневічам, ён упершыню падумаў, што ён занадта, бессаромна шчаслівы, што гэта можа дрэнна скончыцца.
Берасневіч не разумеў музыкі, ён проста любіў яе, уяўляў сабе пад яе гукі розныя малюнкі альбо цэлыя эпічныя палотны. Так, напрыклад, Шостая сімфонія Чайкоўскага была сечай, загібеллю і адраджэннем, рэквіемам і славай жыццю.
Больш за ўсё ён любіў праграмныя творы: там вядома было з самага пачатку, што трэба ўяўляць.
Вось і тут ён сядзеў, уткнуўшыся тварам у далоні (класічны тып беспрацоўнага, як сказала Алёнка), калі прагучэлі першыя, урачыстыя, велічна-спакойныя гукі "Манфрэда" (Гілельс павінен быў граць потым, у другім аддзяленні канцэрта). Гучэў успамін пра старыя бурхлівыя дні, якія так бязлітасна, так жорстка ўзрушылі самую душу. Пасля разлілася спакойная, чыстая мелодыя жыцця на прыродзе, між старымі вязамі над возерам, і раптам цяжкія, жахлівыя гукі пекла ахапілі ўсё навокал, туга імчалася ў паветры, і ў гэтым пекле Манфрэд сустрэўся са сваёй каханай.
У пекле? Чаму? Пад магутныя гукі Берасневіч зразумеў: да д'ябла рай, да д'ябла неба, і хай жыве пекла, калі ты адшукаў там кагосьці, якога лічыў навекі загубленым! Ты велічнае, ты прыгожае, пекла! Благаслаўляю цябе.
А пасля зал сарваў галас і адбіў далоні, апладзіруючы Гілельсу. Граў ён сапраўды фенаменальна. Але Берасневіч і Алёнка ўсё яшчэ не маглі вызваліцца ад дзіўнага агульнага пачуцця: музыка казала пра іх.
У Берасневіча вочы блішчэлі, як быццам слёзы падступалі да іх знутры. Алёнка адверта выцірала вочы.
Увесь вечар потым яны маўчалі, размаўляў адзін Жэнька. А Уладзіславу было проста добра прымярацца да яе маленькіх крокаў, добра прыціскаць рукою яе худзенькі пад паліто локаць, глядзець на тонкі профіль, на завіткі залатых валасоў на скронях, на чорную мехавую шапачку.
Ён ведаў ужо ад Жэнькі, што яна з паралельнага курса славянскага аддзела, што хутка ў іх будуць нават агульныя лекцыі, што яна займаецца ў вячэрный кансерваторыі, што вельмі добра спявае.
З яго хапала і гэтага, бо яна была тут, поруч. Нашто спевы, калі ёсць яе голас, які проста размаўляе, але лепшы за ўсялякую музыку?
Паркі над ракою, па якой плылі апошнія льдзіны, агні слабодкі за ракою. Гэта было занадта чароўна.
…Пачаліся, як і казаў Паўлюк, "марцавы санеты". Раптам паваліў снег на мокрую зямлю, пабялелі дрэвы. Зноў прыйшла зіма. Берасневіч, які раней не хадзіў на некаторыя лекцыі, лічачы, не без падставы, што гэта загублены час, калі лектары чытаюць нудна, і лепей прачытаць з тры дзесяткі кніг на тую ж тэму, і зараз на іх не хадзіў. Наведваў толькі лекцыі таленавітых выкладчыкаў і яшчэ тыя, на якіх мог пабачыцца з Алёнкаю ("славян" прыядналі да агульнай групы). Астатні час ён праводзіў у акадэмічнай бібліятэцы або проста ляжаў дома на ложку і пісаў вершы. Вершы былі кепскія, але як было іначай перадаць свой настрой?
З Алёнкай сустакаўся ён зараз не так часта і вельмі гэтым мучыўся, хоць яму было дастаткова ведаць, што яна непадалёку, дастаткова было бачыць яе, слухаць яе размову з іншымі; дастаткова было чуць званок у дзверы сябравай кватэры і адчуваць з нейкай назразумелай упэўненасцю, што гэта яна; зайсці ў залу, дзе сядзяць пяцьдзесят чалавек, і па раптоўнай радасці або адчаю беспамылкова ведаць, ёсць яна тут ці няма.
Так ён зразумеў, што кахае яе, як ніколі не кахаў у жыцці і , напэўна, ніколі не будзе.
Пад час "марцавых санетаў" здарыўся прыкры выпадак.
Берасневіч вёў Алёнку дадому паркам. Іх дагнаў Пятрусь Маркіч, камсамольскі сакратар курса, той самы, што атаясамліваў непрыемныя для сяброў заўвагі з камсамольскай адвертасцю.
Берасневіч нямала бачыў людзей такой пасады, прывык ставіцца да іх даверліва і шчыра, але да Маркіча звыкнуць ніяк не мог. Нават голас, якім той гаварыў на зборах, здаваўся яму непрыемным.
У Берасневiча быў добры iнстынкт, уласцiвы для ўсякай несапсаванай натуры: ён беспамылкова адчуваў, шчыры перад iм чалавек альбо дрэнь. I хаця Маркiч гаварыў заўсёды правiльныя словы - нейкай мяртвячынай аддавалi яны ў яго. Зусiм была адна справа, калi гэтыя словы казала газета, i зусiм другая - калi казаў Маркiч.
Апранаўся ён франтавата, але меў нейкі сонны, быццам закансервіраваны яшчэ ў мінулым стагоддзі твар: халодныя, тытунёвага адцення вочы, вусны, складзеныя іжыцай, лоб вузкі, касы, з вялікімі залысінамі. І вяртлявая стройная постаць, і гарачая, мокрая далонь. Бр-р-р.
Але Берасневіч нічога не мог сказаць дрэннага пра гэтага чалавека (а вонкавы выгляд кожны мае той, якім яго ўзнагародзілі бацькі) і таму ставіўся да яго проста, добразычліва, ветліва - больш ад яго і патрабаваць было цяжка.
Яны ішлі алеяю, калі ззаду іх пачуліся няверныя крокі: даганялі два чалавекі. Зусім яшчэ маладыя, з даволі інтэлігентнымі тварамі, яны параўняліся з Берасневічам, і адзін з іх спрытна цыркнуў слінаю акурат на бот Маркічу. Той змаўчаў.
Другі, высокі і моцны, глянуў скоса на Берасневіча і нахабна сказаў:
- Гэй ты, … куды гэта ты яе?!
І брыдка вылаяўся.
Берасневіча прарвала. Ён ціха сказаў Маркічу:
- Пастой з ёю, Пятрусь.
І накіраваўся да хуліганаў вельмі спакойна і павольна.
- Вось што, хлопцы, мы вас не чапалі. Вы зрабілі дрэнны, брудны ўчынак. У дзяўчыны трэба папрасіць прабачэння.
Высокі правёў далонню па паветры, як быццам жадаючы пачухаць патыліцу, і на гэтым шляху рабро яго далоні напаткала нос Берасневіча.
Іскры пасыпаліся ў Берасневіча з вачэй.
- Прабачце, - з'едліва сказаў высокі. - Я, здаецца…
Ён не паспеў скончыць. Берасневіча ніколі не білі.
Ён занёс кулак і, падаючы ўсёю вагою цела на руку, ударыў у падбародак ворага. Той паваліўся, жмякнуўся ўсім целам, як падсечаны.
У той жа момант другі схапіўся з Уладзіславам. Біліся моўчкі. Ніколі яшчэ Берасневіч не адчуваў такой злосці. П'яныя маглі зачапіць яго, ён бы, можа, і сцярпеў, але за што яе?!
Яго здзіўляла толькі, што Маркіч стаяў і глядзеў, у той час як Алёнка бегла да месца бойкі. Але ўсё было скончана яшчэ да таго, як яна падбегла. Берасневіч перакуліў ворага, сеў яму на спіну і некалькі разоў моўчкі торкнуў яго галавою аб жвір.