34172.fb2
- Мне ўсё адно (Берасневіч малаціў яго галавою). Прасі прабачэння, чуеш, зараз жа прасі.
- Пусці яго, Уладзік… не трэба… ты заб'еш…
- Прабач, - здаўлена прабурчаў зрынуты.
- То-то ж бо, - сказаў Берасневіч, устаў і ўзяў Алёнку за руку.
Яны пайшлі да Маркавіча, які ўсё яшчэ стаяў наводдаль. Гнеў Берасневіча адразу астыў. Адчуваючы, што з носа можа пайсці кроў, ён прыкрыў да яго хустачку і сказаў:
- Бедная. Спудзілася ты.
- Спудзілася, - прызналася Алёнка. - за цябе.
I Берасневiч падумаў, што за такiя словы ён згодзен бiцца кожны дзень.
- За што ты так яго… галавою? - сказаў Маркіч.
- Не ведаю. Такія нам - горшыя ворагі. Як бандзюгі, як шпегі. Псуюць наша жыццё, абражаюць дзяўчат. Чуў, нядаўна Саркісян памёр, камуніст з 1903 года?
- Чуў!
- Не памёр, а забілі… такія вось, у парку. Здабыў для іх светлае жыццё, для шчанюкоў такіх. Іх страляць трэба, каб да камуны не дайшлі, не дажылі.
- Не, гэтыя не бандзюкі, - сказаў Маркіч. - Проста дробныя хуліганы.
- Такіх, вядома, трошкі нават нейк шкода. Маральна-дэфектыўныя, не будуюць, не змагаюцца - толькі і ведаюць, што на месяц выць ды лаяцца, як сабакі якія.
Яны адышлі даволі далёка ад месца бойкі, калі Берасневіч раптам сказаў:
- А гэты… "сын адказнага"… Студэнт, напэўна. Чорт, можа , некоторыя з іх не так ужо і вінаватыя. Інтарэсаў няма, шляхі ў навуку вузкія, аспірантаў бяруць зусім не па прынцыпу таленавітасці, а, у большасці выпадкаў, па прынцыпу гнуткасці спіны… асабліва ў нас, у філолагаў.
- Ну, табе абурацца няма чаго, - сказаў Маркіч, - за цябе вучоны савет. Ты, братка, верны аспірант. Што паробіш, талент. Гэта не тое што я…
І Маркіч уздыхнуў.
- Пакінь, - папрасіў Барасневіч. - Што там будзе - гэта яшчэ невядома. Адно скажу, таленавітай моладзі патрэбен прастор, патрэбна, каб жыццё было цікавым. А гэтага ў нас часта няма. І вось часам добры хлопец ідзе ў кампанію п'янюг, бывае, што й бандзюкоў. А маральных прынцыпаў мы таксама амаль не прышчэпліваем або прышчэпліваем дрэнна. Вось паглядзіце, дзе сярод студэнтаў больш за усё крымінальшчыны ў нашым універсітэце? Сярод юрыстаў. Звыклі лёгка глядзець на законы. А дзе сярод моладзі больш за ўсё вось такіх… малойчыкаў? Сярод дзяцей людзей нядрэнна забяспечаных. Бо звыклі на грошы лёгка глядзець. І не працаваць. Мне за кнігаю або рабочаму за станком такое глупства ў галаву не палезе.
Маркіч неяк надзвычайна ўхмыльнуўся.
- Што ж, выходзіць - выхаванне наша дрэннае?
- Не выхаванне, а нядбайнасць. Самазаспакоіліся. Працоўныя бацькі вырашылі выгадаваць панічоў.
- Як гэта… вырашылі. Выходзіць - яны перараджэнцы?
- Магчыма, я не так сказаў. Я факт даю. Ты прыпомні, як бацькі жылі. Галодныя, халодныя, а героі. А сынкі ў некаторых такіх бацькоў занадта тлушчам абраслі. Пагнаць бы іх з год дзесяці на некаторы час у працу, працу да мазалёў - верна кажу, была б карысць. А то жыве такая цаца бацькам на дрэнную ўцеху, а айчыне на невялікую славу.
- Глядзі, хлопча, - сказаў Маркіч. - Нешта ты мудрагеліш. Ты што ж, прапануеш дзяцей адбіраць?
- У бацькоў, якія хуліганаў выхоўваюць, - так. Дый чаму адбіраць? Жылі б у асаблівых установах, звыкалі да калектыву, ведалі б з пялёнак, што ўсе аднолькава хочуць жыць. Дый сам ты прыпомні Энгельса…
- Пакіньце, - сказала Алёнка. - А то палаецеся яшчэ.
- Добра, - заспяшаўся Маркіч, - я пабег.
…Берасневіч і Алёнка доўгі час стаялі ля яе дома, і потым, калі ён паціснуў яе руку і дробна застукалі па ўсходах яе абцасікі, доўга глядзеў на вокны.
Рука яго пахнула вярбенай, і ён усю дарогу не трымаўся ёю ні за які прадмет, як быццам рука балела. Ён баяўся спудзіць гэты надзвычайны, лёгкі водар.
Думкі, падобныя да тых., што выказаў у той вечар Берасневіч, прыходзілі да яго даволі часта. Магчыма, вінен тут быў бацька, які часта распавядаў сыну пра першыя крокі дзяржавы і многае з сучаснага крытыкаваў, кажучы, што гэта не па-ленінску, магчыма, Берасневіч проста пачынаў думаць.
Аднойчы на гэтай глебе ў Берасневіча з Паўлюком адбылася сур'ёзная размова. Былі яны ўдвух у пакоі. Трэці, Рыгор Сяляўка, ляжаў на ложку і спаў. Дзіўны, наогул, быў хлопец гэты Сяляўка. Худы, маленькі, з віслым носам і галавою клінам, ён пакідаў у іншых адно і тое ж уражанне: "вось слабы, бездапаможны чалавек". А ён і сапраўды быў такі. Вечна спіць, вечна не мае сваёй думкі, вечна толькі й думае, каб прыляпіцца да кагосьці мацнейшага і гаварыць яго словамі, жыць ягонай адказнасцю. І заўсёды "так, як усе".
- Сяляўка,- казаў яму часам Берасневіч,- а калі наш курс задумае, скажам, падпаліць універсітэт - ты б пайшоў?
- Н-не ведаю. Курс не падпаліць.
- Ну добра. А калі б мы вырашылі ўкрасці экзаменацыйны білет і адказаць па яму, мяняючы кожны раз нумар свайго білета на нумар папярэдняга, які ў нас у кішэні. І адказаў бы ўвесь курс, і ўсе атрымалі павышаную стыпендыю, падманулі б дзяржаву ў месяц на тры тысячы, а ў семестр на васемнаццаць тысяч?
- Н-не ведаю. Ты пра гэта ў Маркіча спытай, ён ведае. А я баюся так адразу...
Нават сакратар факультэцкага бюро, Мікола Касмач, здзіўляўся:
- Чорт яго ведае, што за чалавек. Ну нічога, Маркіч яму не дасць з'ехаць з дарогі.
- А на фронце таксама Маркiч будзе за iм глядзець? - пытаўся Берасневiч.- Глядзi, начальства, праваронiш чалавечую душу.
І злаваўся. Але на Касмача злавацца было нельга. Так ён чыста смяяўся, як сумленны чалавек, такі быў даверлівы і просты, такі наіўна-дыпламатычны, так любіў пасядзець з добрым чалавекам за парай піва і паразважаць пра розныя мудрагелістыя рэчы. I, галоўнае, быў добрым сябрам.
Берасневіч, урэшце, толькі рукою махаў.
..."Санеты" скончыліся. Ужо трэці дзень сакавік паліваў зямлю дажджом, з'еў апошнія снягі, зусім па-летняму булькацеў у рынвах. Шумелі глуха старыя таполі пад інтэрнацкімі вокнамі, і быў гэты шум жывы, вясенні.
Паўлюк ляжаў на ложку і чытаў "Чытальнік-дэкламатар" за 1912 год. Там былі вершы Бадлера, і Паўлюк пасля кожнага верша рагатаў, як быццам "Танец смерці" быў немаведама якой вясёлай штукай.
Берасневіч падсеў да яго.
- Слухай, Паўлюк, вось ты зарагатаў, а ў мяне думка. Значыцца, мы здаровыя, моцныя людзі, зусім новыя людзі, калі верш, якога людзі сорак год таму пудзіліся, у нас выклікае толькі смех.
- Гм. Ну, скажам, што так, - зацікавіўся Паўлюк.
- І вось я думаю. Нашто гэта нас трымаюць за руку, даюць кнігі "адсюль-дасюль", каб, крый божа, не сапсаваліся, не адкусілі мы ад гэтага Бадлера, ад Андрэева. Толькі і чуеш: "Рэакцыянер Дастаеўскі", "Буржуа Гамсун". Я чытаў Гамсуна, і ён нічога, акрамя агіды, у мяне не выклікаў. Скажыце, якая тонкасць - пайсці на клады, каб адшукаць ногаць мерцвяка для люлькі. І таму, калі зараз мне кажуць, што Гамсун - дрэнь, я свядома згаджаюся, свядома, а не як папугай. Дакажыце ж іншым гэта на прыкладах, на творчасці, а не голым словам. Голае слова мала важыць. Трэба быць моцным. Уяві сабе, што ты спрачаешся з веруючым, не ведаючы Бібліі. Ён жа цябе на лапаткі ўмомант пакладзе. І я не лічу, што Луначарскі, або Яраслаўскі, або, бяры ніжэй, мой дзядзька, які змагаўся супраць сектантаў і перамагаў іх у трохдзённых дыспутах іхняй жа зброяю, былі горшымі камуністамі з той прычыны, што ведалі творы "айцоў царквы" так, як іх і мітрапаліты не ведалі. Нешта тут у нас не дадумалі, гэта памылка, і тут адсутнічае давер да нашага чалавека.
- Чакай, - сказаў Паўлюк. - Ты мне тут зараз Сяляўку перапудзіш да смерці. Будзе ў яго мядзведжая хвароба - мы цябе тады...
- Хай яго ліха. Спіць... Ты ведаеш, я свайго жыцця іншым не ўяўляю. Бацька мой у партыі з пятага года, дзядзька яшчэ раней. Я ўсё сваё куртатае жыццё пражыў добра, працаваў як вол, быў сувязным у партызан, яшчэ зусім хлопчыкам, пасля вайны - камсамольская праца ў Заходняй. Ледзь не забілі мяне там два разы. Я да гэтай справы нашай сэрцам прырос - толькі з крывёй і адарвеш. І вось мне нешта за апошні час тое-сёе пачынае не падабацца. Як злая воля нечая робіць многае, каб адштурхнуць сумленных людзей. Вось прыклад: пачаліся працэсы эканамічнай контррэвалюцыі. Добра, нягоднікаў трэба караць. Пры нашай беднасці яшчэ й мільённыя крадзяжы - за гэта вяроўкі мала. Але які дзіўны вынік вывелі некаторыя: "Хто вінен?! Жыды вінныя! Жонка кіраўніка кіеўскім малочным заводам ванны з малака рабіла!" Ах, сорамна! Як гэта яшчэ сядзіць у нашых душах дзікунства, цемрашальства... А я не веру! Няўжо Мішка Баўмфельд вораг? Ён жа са мною амаль поруч чатыры гады сядзеў, ягоны бацька быў камісарам яшчэ ў грамадзянскую... А размова з гэтымі, інгушамі рознымі? Скажам, былі здраднікі, але як жа можа адзін народ быць горшым за другі, што яго бяруць за шкірку, як шчанюка, і вывозяць з месца, дзе ён жыў, дзе нарадзіліся яго дзеці, дзе ён прызвычаіўся, дзе капцы бацькоў? Я не памятаю, здаецца, гэта Маркс сказаў: "Адносіны да яўрэяў - пробны камень цывілізацыі народа". Але няхай і не ён, усё адно- гэта праўда. Я не жадаю, каб нас, авангард чалавецтва, называлі дзікунамі. Сёння, выходзіць, іх, а заўтра мяне, беларуса.