35440.fb2 Цыганскі кароль - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Цыганскі кароль - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

I

Палявыя гваздзікі пахлі ваніллю, як святочны пірог. Міхал Яноўскі ўздыхнуў, зрабіўшы такое адкрыццё, бо любіў хатнія пірагі, а ўжо два дні, як еў хлеб з халодным мясам і не ведаў, ці давядзецца яму яшчэ калі-небудзь пакаштаваць цудоўных праглаў і перапечак. Нават печка, дзе іх звычайна пяклі, больш не належала яму. Яноўшчыну разрабавалі, загонавая шляхта Ваўчанецкага зжэрла ўсё, аж да зялёных, цвёрдых, як палка, груш, а сам ён, Яноўскі, - злачынец, якога, напэўна, шукаюць. Трэба хутчэй ехаць да незнаёмага дзядзькі па маці Якуба Знамяроўскага. Ён, кажуць, моцны чалавек, не пабаіцца Ваўчанецкага, ён абароніць. Дзядзька павінен сустрэць яго ветліва, паспачуваць, а там - хто ведае - можа, адбярэ ў Ваўчанецкага запаскуджаную Яноўшчыну і зганьбаваныя магілы продкаў. Ён гэта зробіць! Ён сіла, а сіла - усё на зямлі.

Цікава толькі, чаму сустрэчныя ў адказ на запытанні Міхала стрымана ўсміхаюцца (Ого! Паспрабавалі б яны ўсміхнуцца нахабна!) і кажуць:

 - А-а, цыганскі кароль. Вам трэба па гэтай дарозе, пане.

Па маладосці год і легкадумнасці Міхал не звяртаў увагі на "важлівыя дробязі", і ўсё яму было хоць бы што. У сіле ён звыкнуў бачыць дабрадзейнасць, хоць скончыў школу пры калегіуме і павінен быў ведаць на прыкладах з Катула, што не заўжды дабрачынны Цэзар і што курульнае[1] крэсла часта займае вадзянка. Бацька, чалавек, настроены па-старасвецку, таксама выбіваў з яго такія думкі цытатамі з Сымона Буднага. Гэта не дапамагала. Свет быў няўстойлівы, моцныя пагражалі адусюль, кароль не мог абараніць, схізматаў не крыўдзіў толькі лянотны. Катул быў паганец, а Буднага яшчэ дзвесце год назад абвінавацілі ў амярзіцельнай швейцарскай ерасі, і таму ён не меў рацыі. Сіла, і толькі сіла!

Ён не ведаў яшчэ, чым канчае кожная грубая сіла, і таму амаль весела падганяў каня ў напрамку да Знамяроўшчыны. Надзея калыхала яго.

Як добра, як прамудра ўсё на божым свеце!

Каля самай дарогі стаяў нацэлены кудысьці аглоблямі воз без каня. Абады колаў былі збітыя, і воз стаяў як быццам на чатырох сонцах, бо спіцы нагадвалі праменні.

Каля воза хадзіў, скрабучы патыліцу, чорны кучаравы чалавек. Срэбная, паўмесяцам, завушніца. Вопратка, як з сабачага вяселля. Цыган.

- Што гэта ты робіш, чалавеча?

- Рапарую воз. Да заўтра пасяджу.

- А потым?

- А потым павязу на сабе дадому. - Цыган павярнуў да Яноўскага нядобры чарнабровы твар.

- Што ж гэта ты так... забаўляешся? - іранічна спытаў Яноўскі.

Цыган пакалупаў пальцам у цыбуку і раптам выбухнуў:

- Конь, бачыце, яму спадабаўся. Даём яму ад кожнага здабытага дзесятка аднаго каня. Ад катлоў таксама... Па закону... Мала. Я спрачаўся. Ну і вось. Гэта ж ганьба цыгану так цяжка працаваць за сваю ж маетнасць. Абады з колаў пазбівалі... Каб яго везлі на такіх колах, калі ён атрымае па заслугах рану ў жывот: са спіцы на спіцу, з байрака на байрак.

- Хто гэта? - спытаў непаразумела Міхал.

- Хто?! Знамяроўскі! Кароль наш, каб яму кадук... Я казаў: жывіце вольна, роме. Не, пасадзілі на сваю галаву шляхцюка. Ён быў голы як бізун, а цяпер ён кароль. Дзівуйцеся на цыганскую дурасць: першы раз такое дзіва бачыце... Каровін праснак!

Яноўскі слухаў, здзіўляючыся з бясконцых перыядаў, аж пакуль не абрыдла. Уласна кажучы, варта было правучыць нахабніка за непачцівыя словы пра шляхту, але цыган так гаротна і тужліва стагнаў, што Міхалу стала шкада яго.

І ён паехаў далей на сваёй шкапе, якая бразгала напалову адарванай падковай.

Шлях збочыў ад пушчы. Ля рачулкі, пад дубамі, паказаліся шатры - нешта каля сотні, - агні каля іх, зграбныя постаці цыганак і куцапыя - цыганоў. Чуліся крыкі дзяцей, стук молата па кавадле, брэх сабак.

Дзесяткі два гэтых сабак, жоўтых, са стаячымі вушамі, абкружылі конніка з відавочным намерам зжэрці. Гледзячы на іх рэбры і чырвоныя зяпы, Яноўскі падумаў, што гэта можа здарыцца, але ад вогнішча наблізілася чацвёра цыганоў. Сабак адагналі. Чорныя, як д'яблы, худыя, у калматых кажушках, з чырвонымі павязкамі вакол галавы, з ражнамі ў руках, цыганы вельмі нагадвалі разбойнікаў.

- Куды едзеш, бацю? - спытаў паважны, прыкметна сівы цыган.

- Прапусці, - замест адказу з гонарам сказаў Яноўскі. - Я беларускі шляхціц.

Гэта гучала, як "не руш мяне, я рымскі грамадзянін".

Цыган павольна агледзеў Яноўскага ад высокіх кабцяў, пацёртых ля стрэмяў, ад скураных нагавіц, пацямнелых ад конскага поту, і аж да звычайнай, зусім не панскай магеркі з абламаным пяром. Пасля плюнуў на зямлю і спаважна паказаў Міхалу на слуп, ля якога яны стаялі. Слуп быў упрыгожаны дошкай з сілуэтам каня з надпісам:

Знамяроўскае каралеўства, бог хай літуе яго. Душ русінскіх два ста, егіпецкага племя - ад зямлі ўсёй весі. Халупы. Жыдзішкі, Чэрнеў брод. Пры іх зямля ворная і пасавіска. Урочышчы Альховы востраў і Княгініна, а таксама тэж балота Недабыліха. Не торкайся з табунамі, калі гонар беражэш і не хочаш на смерць прыправіцца.

Яноўскі прачытаў варварскі надпіс, і ў яго пачала пацепвацца шчака.

 - Я не з табунамі? - спытаў ён з жудасным спакоем.

Цыган у адказ пачухаў грудзі пад кажухом.

- Вяртайся, бацю, або давай грошы за праезд крэса. Тут табе не задрыпанца якога зямля, а яго крулеўскае мосці пана Якуба Знамяроўскага з Ліды. Наша, цыганскае, царства! Калі грошай няма, дык прызнавай яго за караля, злазь са сваёй спірэпы і шыбуй пешака да палаца. Не - атрымай дубцы і гэн хоць да д'ябла! Дзевяць год мы тут гаспадары, прывілею зацвердзіў кароль польскі, хоць мы ім платы падпіраць можам, калі захочам.

 - Я табе паразмаўляю, цыганская храпа! - Яноўскі выцягнуў шаблю, хоць добра бачыў, што ражны ў цыганоў даўжэйшыя.

 Цыган у адказ флегматычна сунуў амаль пад нос конніку кулак, падобны на валасаты гарбуз, і... атрымаў плазам удар па галаве.

 - На калені, хлопы!!!

У той самы момант яго атакавалі. Ён закруціўся, адмахваючыся шабляй і атрымліваючы адчувальныя штуршкі ражноў. Адзін з нападаючых спрытным ударам ражна па падкаленных жылах каню прымусіў жывёліну спатыкнуцца. Яноўскі прыпомніў, што цыганы мастакі адным такім ударам зваліць быка, які імчыць "на поўны намёт", і таму, не чакаючы ганебнага фіналу, сцёбнуў каня карбачом пад пах і так пусціўся дарогаю, што толькі пыл закурэў.

Каня ўдалося стрымаць толькі тады, калі за павароткаю дарогі ўстаў ва ўсёй прыгажосці "стальны град" цыганскага каралеўства. Злева была рэчка, справа, з-за далёкіх узгоркаў, выглядалі стрэхі вёскі, а паміж ракою і вёскай, бліжэй да ракі, размясціўся "град". З трох бакоў абкружаў яго ці то вельмі запаскуджаны і запушчаны сад, ці то ліставы лес, сярод якога сям-там узнімаліся ў неба чорна-зялёныя конусы ялін. З чацвёртага боку быў выган з атрутна-зялёнай травой і мноствам каровіных праснакоў. Дарога, па якой ехаў Яноўскі, ішла выганам і пераходзіла бліжэй да "града" ў змрочную і вільготную, як нара, алею з пакручаных, хворых ад вільгаці, нізкарослых ялін, алешніку, абламаных кустоў туі, карычкі і хмелю, які буйна абкручваў усё гэта багацце. Нізкія берагі, мярзота пустэчы вакол, глухая крапіва, няўцешны выган.

Ды і палац стаў перад Міхалам ва ўсёй сваёй несамавітай галізне. У той сваёй часціне, што была бліжэй да рэчкі, гэта былі астанкі нейкага храма. Без званіцы, падобны на княжацкі старадаўні саркафаг, храм гэты быў пабудаваны з плоскіх каменных плітак, і на франтоне ледзь выступалі збітыя літары "Anno Domini 1550". І тут была пустэча, толькі вітражы ў вокнах блішчалі ўмыта і радасна пад праменнямі нізкага вячэрняга сонца. Будынак, як бачна, адыгрываў ролю камяніцы ("Што гэта за магнат, калі поруч з новым замкам няма старой вежы? Яны-то, праўда, не дапамагаюць, але ж гонар").

З камяніцы цягнулася над пушчай з лопухаў і здзічэлых жоўтых вяргінь "галдарэя" да астатняй часткі палаца.

Гэта была вялізная драўляная хата, складзеная не з бярвенняў, а з чатырохгранных дубовых брусоў. Шалёўка збераглася толькі сям-там, але магутна падтрымлівалі сцены бэлькі, пакладзеныя крыж-накрыж. Дах з пачарнелага дору, галерэя вакол хаты на драўляных слупках. Акенцы малюсенькія, затое ганак на каменных калонах раскошны, хоць і самому каралю сядзець. Ад камяніцы падаў шэры адбітак на хату, сад, на ўсё вакол.

Каля ганка, поруч з пазелянелай гарматай, спаў вартаўнік, адклаўшы ўбок павязку з пер'ямі, голым жыватом да зямлі. У валасах вартаўніка была салома.

Яноўскі спешыўся і крануў яго нагою пад рэбры. Пасля трэцяй спробы вартаўнік ачмурэла ўскочыў, схапіў тлеўшы ў збане фіціль... і як пярун гахнуў над палацам. Грукаючы, пакацілася кудысьці рэха, чорнай хмарай зляцелі з дрэў вароны. У доме пачаўся сапраўдны "аларм" - мітусяніна, крыкі.

І тут адбылося такое, што ў Яноўскага вочы палезлі на лоб.

Зарыпелі дзверы, і на ганак выплыў, як павіч, чалавек у звычайным, але празмерна яркім уборы паюка: залатым цюрбанам з пяром, шаўковым жупане - на голае цела, з яркім шалем замест пояса.

Чалавек узнёс жазло і абвясціў:

 - Літасцю бога кароль Якуб Першы. Кароль цыганскі, вялікі намеснік Ліды, уладар Мацыевіцкі і Беларускі, гаспадар усіх мясцін, дзе ступаў капыт цыганскага каня, гаспадар егіпцян беларускіх, падляшскіх, абедзвюх Украін і Егіпта, Якуб - кароль. На калені!

За спіною ў Яноўскага заспявала труба. Трубіў надоешні сонны вартаўнік.

А цырымоніймайстар цягнуў далей:

 - Сіла і моц, апора бога, уладар вандроўных сцежак і аброці, за ўсё вышэй - шляхціц!

Зноў заспявала труба. У трубача вісела пад носам вялізная кропля і вочы былі чырвоныя, як у трусіка.

Не паспеў ён скончыць, як у дзвярах з'явіўся чалавек, які аніяк не мог быць уладаром вандроўных сцежак, бо насіў манашую расу. У чалавека была голая галава, патройны падбародак і валасатыя рукі. Яго не паспелі затрымаць, і ён, хістаючыся на нагах, раўнуў: