35440.fb2 Цыганскі кароль - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Цыганскі кароль - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

- Сапраўды добра, - расчулена сказаў хтось. - Воля. Ідзі і бяры каня. Захацеў - едзеш, захацеў - на месцы сядзіш. Коні свабодна сабе перамяшчаюцца з рук у рукі.

- Цю-у! Захлусіўся! Хіба хто на такую волю пойдзе, - загулі галасы.

Суд не атрымліваўся. Ледзь-ледзь удалося прымусіць усіх замаўчаць.

Узяў слова пракурор у доўгай шкалярскай світцы:

- Людцы! Вялікі натоўп цыганскі! Я абвінавачваю караля Якуба ў зложываннях уладаю, несправядлівых прысудах і празмерных паборах.

- Я кароль, - годна сказаў Якуб, што сядзеў пад вартаю на зэдліку.

- Ён не кароль, ён рабаўнік. Quousque tandem abutere, Знамяроўскі, patientia nostre[3]? Ён шмагаў нашых людзей, біў іх, хоць мы вольны народ... э-э... вы вольны народ. Несправядліва, жорстка каралі наш сумленны, абраны народ. Dura lex! Ён зрабіў нас жабракамі. Як мы жылі? Semper rapox, raro каша, miseria наша[4]. Ён узяў у нас нашы звонкія катлы, нашы вазы, нашых цудоўных коней, вараных, пісаных, спловацісаных, буланых, белых. У іх былі такія цвёрдыя, непарэпаныя, неабрэзаныя капыты, такія роўныя свае непадпілаваныя зубы, такія мяккія насы з чуллівымі валосікамі. Гарачыя без гарэлкі, моцныя... Ім не трэба было штурхаць кулаком пад пахвіну, калі пакупец крадзецца з саломінкаю да бяльма.

Народ пачаў усхліпваць, сям-там нават рыдалі мужчыны. Пасля пачаліся нясмелыя, але ўсё больш моцныя крыкі:

- Смерць яму! Смерць! Галаву прэч! Разумнік ты наш! Вучоная галава! Смерць каралю!

- Тыран! Забойца! Манарх! - крычаў шкаляр.

Пасля выступіў "аблакат". Хітра прыжмурыўшы чорныя, як вугаль, вочы, ён сказаў ціха:

- Так, кароль нас абражаў, ён браў з нас дзесяціну і больш. Мы пакутавалі пад яго ігам. Але хіба можа хто-небудзь папікнуць наш народ у тым, што ён жорсткі, што ён крыважэрны? Не, наш народ самы добры, самы мяккі, самы рахманы на зямлі. Я прашу пра літасць. Вось ён сядзіць, гэты няшчасны. Няўжо вы не бачыце, як ён схіліў галаву, як слёзы накіпаюць на гэтах добрых вачах, як ён стрымлівае ўздыханні сардэчныя? Майце жаль у сэрцах сваіх. А вось яго слаўны бацю глядзіць з нябёс на няшчаснага сына і плача. І няўжо вы забудзеце яго дабрату? Ён браў у нас коней, але непараўнальна больш ён даваў нам. У вялікіх паходах і войнах пад яго началам мы прыдбалі ўтрая больш коней, мы хавалі іх тут, і ніхто не асмельваўся іх зачапіць. А якія гэта былі коні! Божа мой, іх грывы былі, як хмары, вочы, як чорныя зоры! А якой славы дастала пры іх дзяржава цыганская! Як баяліся яе ворагі, як слухаў яе голас у сейме сам кароль!

Народ плакаў наўзрыд. Нават радцы, падобныя адзін на аднаго, шырока раскрыўшы зяпы, раўлі густымі галасамі:

- Ы-ы-ы!

- Ну што ж, - перапыніў роў аднавокі радца. - Адвядзіце арыштаванага караля прэч.

І кінуў уладна:

- Я думаю, хопіць. Падурэлі. Нарабілі агіднасцей, напіліся, нажартаваліся. Трэба канчаць. І я старажытнаю ўладай старэйшын даю загад. Гэта канчатковы прысуд.

Натоўп змоўк, і проста на галовы людзей упала кароткае слова:

- Чупнa!

- А што ж, нічога. Часам дапамагае, - загаварылі з розных бакоў.

- Дурні вы! Свінні! Вольнасць сваю прадалі, ёлупы! - крычаў Ян і яшчэ некалькі чалавек. - Хоць бы ён і не чапаў вас пасля, якія вы роме? Блюдалізы вы! Адкачоўваю ад вас!

І ён рушыў разам з часткай людзей да шатроў.

Аднавокі махнуў рукою, і шкаляр стаў чытаць вырак:

- Таго цыганскага круля Якуба Першага за злоўжыванні, морд, падступныя намеры... не складваючы з яго каралеўскага высокага сану, калі дараванне ўсім дасць, хто судзіў яго, не адбіраючы маетнасці дзедзіч ягоных, чупной, сірэч пугай, ад-сцябаць.

Калі ўвесь натоўп рынуў да палаца, дзе павінна было адбыцца пакаранне, калі прыцягнулі ў вялікую залу Якуба, нехта раптам крыкнуў:

- Вы хочаце, каб ён быў вашым каралём, а не думаеце, ці зможа ён быць ім пасля такога. Неба не павінна бачыць каралеўскай ганьбы і крыві, ёлупы вы.

- І праўда, - спуджана сказаў шкаляр. - Што ж рабіць?

Збянтэжанасць пагражала перайсці ў анархію. Сапраўды, нельга пакараць, нельга выканаць прысуд. Сабаку пад хвост аўтарытэт старэйшых. І зноў выратаваў аднавокі:

- Роме, небу нельга бачыць каралеўскай крыві. Таму мы сёння адсцябаем арыштаванага так, каб ганьбы і крыві не бачыў ніхто.

На Знамяроўскага кінуліся і скруцілі яму рукі і ногі. Паставілі. Ён быў бляклы і жоўты, але позірк па-ранейшаму гарэў гардыняй.

- Скручаны кароль - усё ж кароль.

І калі нехта штурхнуў яго, загрымеў:

- Што, над пешым арлом і варона з калом? На калені, хлопы.

Ён думаў, што яму збіраюцца сячы галаву. І толькі калі пабачыў прынесеныя пугі і доўгі вузкі мех, зразумеў, стаў адбівацца галавой і плячыма:

- А, падлы, а цыганскае адроддзе! Ну чакайце...

Яго схапілі, засуналі нагамі ў мех, выцягнуўшы рукі над галавою. Пасля ў тую самую торбу палезла нагамі старая цыганка, вельмі падобная на ведзьму: сівыя пасмы, глыбока праваленыя вочы, кручкаваты нос. Яна лягла на Знамяроўскага, і ледзь пачалі завязваць мех...

- Ав-вой! А як жа ён, нячысцік, кусаецца!

Пачалі сцягваць з галавы мех і краем алавянай талеркі расціскаць зубы Знамяроўскага, якімі ён ухапіў цыганку за жывот. Трымаўся ён моцна, як бульдог. Ледзь расціснулі, падвязалі яму сківіцы хусткай, каб не мог кусацца, цыганку прапхнулі глыбей. Пасля завязалі рукі ў вусці меха, прапуцілі вяроўку і падцягнулі яе пад столь на вялізны гачок.

Кароль павіснуў у паветры. Пад ногі яму падсунулі лаву, каб ён толькі-толькі стаяў на ёй вялікімі пальцамі ног і не мог пручацца.

- Нацягвай! - крыкнуў кат, які стаяў ужо поруч з вялікай пугай у руцэ.

Размаўляў ён назнарок басам, каб пасля не пазналі. Стаяў моцны, каржакаваты, густа аброслы смалянымі кучарамі. Толькі зубы блішчалі на засмаглым твары.

Цыганка нацягнула мех - рэльефна выступіла з-пад яго спіна і два гладкія паўшар'і.

- Ваша вялікасць, вялікі, літасцівы, мудры кароль, - звярнуўся да іх аднавокі. - Вось твой народ, даведзены да адчаю паборамі, рашыўся на такое. Найніжэйша, пакорліва, усепаддана просіць ён не злавацца на гэта, явіць сваю літасць няшчасным. Мы зрабілі ўсё, каб ганьба не дакранулася да твайго чала, каб ні неба, ні людзі не бачылі святых членаў цела твайго, каб ніводны ўдар не трапіў нікуды, акрамя таго месца, якім ты сам пагарджаеш.

Малады цыган прыклаў вялізную мядзяную патэльню да спіны Знамяроўскага; на волі засталося толькі тое, што ніжэй.

- Даруй нам за ўсё. Мы будзем вернымі табе, мы зрабілі гэта толькі таму, каб ты не забыў: нельга занадта крыўдзіць рабоў сваіх. Запомні гэта. Не адбірай нашых коней, акрамя дзесятага, не крыўдзі дзевак, не бі мужыкоў, не трымай вакол сябе людзей прагных. І даруй нам, вялікі.

- Пачынай!

Глуха, як з бочкі, забубнеў голас Якуба:

- Ну я ж вас... Я ж вас... Пачакайце толькі, пачакайце.

Свіснула ў паветры пуга і абвіла ўсё, што ніжэй патэльні. Мех захістаўся ў паветры. 

Адлічылі ні многа ні мала сто бізуноў. Лічыла цыганка, што сядзела ў мяху. Пасля няшчаснага пакутніка, вытурыўшы з залы амаль усіх, выцягнулі на волю і паклалі на ложак. Ён адразу скасціўся на падлогу і пачаў качацца па ёй, імкнучыся вызваліцца.