35440.fb2
І з размаху, як дзіця сеў задам на падлогу.
- Дзень добры!
Гайдукі схапілі яго за рукі, але ён, упіраючыся, крычаў на ўсё горла:
- Ізыдзіце, грэшнікі! Пакаянне накладу. Блукаеце самі, акі сабакі, шлях свой згубіўшы, пастыраў ганьбіце. Акі Елісей, мядзведзіц на вас напушчу, патрушчу вас аслінай сківіцай!
Елісея гайдукі спалохаліся. А чалавек шчасна спяваў, седзячы на ганку:
І адразу з гэтым, цалкам лагічна:
За гэтым відовішчам Міхал не заўважыў, што ў дзвярах ужо стаяў сам кароль, заспаны, азызлы, і моцна соп носам. На ім была кашуля да пупа, і на галаве срэбны абруч. Якуб нагадваў Апалона, калі богу было пад сорак год і ён густа зарос дрымучымі валасамі.
Ніводнай сівінкі ў патлах, нізкі лоб, шырокія грудзі, доўгія магутныя рукі, караткаватыя для тулава ногі, што моцна стаялі на зямлі. І твар гэты быў вельмі азызлы ў шчоках.
- Ты хто такі?
- Ізыдзі, сатана! - раптам залямантаваў манах. - Няўдобанасімы ты кураед, мясаед, яйкаед!
- Замаўчы, мітрапаліт, - сказаў кароль. - Адцягніце яго куды ў адпаведнае сану месца.
Гайдукі падхапілі манаха і пацягнулі, але ён яшчэ некаторы час упіраўся, напінаўся і пры гэтым роў, пляваўся і вытвараў усякія іншыя дзеянні.
- Ты хто такі? - уладна спытаў Знамяроўскі.
І тут Яноўскі, нечакана для сябе, нізка пакланіўся і сказаў:
- Паслом да цябе, вялікі кароль.
Знамяроўскі ані словам не выявіў здзіўлення.
- Ад каго?
- Ад роду Яноўскіх... Дзядзечка, гэта я , ваш пляменнік, сын вашай траюраднай сястры.
- Гм... яе звалі, здаецца, Ганнай?
- Алёнай, вялікі кароль.
- Так-так, ну да, ну да. Каралі павінны мець добрую памяць, гэта іх дабрачыннасць. Ганна, Алёна - усё адзіна. Чаго ты тут?
- Здарылася жахлівае, вялікі гаспадар. Падступны замах на маетнасць і шляхецкі гонар вашай сястры. Ведаю, што кароль дапаможа, і звяртаюся да вашай літасці.
Знамяроўскаму такая сітуацыя, здаецца, спадабалася.
- Што ж здарылася?.. Э-э... мой малады і неабазнаны друг.
Яноўскі ўпаў на адно калена. З гарачым благаннем у голасе кінуў:
- Сусед наш, Ваўчанецкі, нечакана напаў на наш маёнтак. Мы спалі, у нас было толькі тры гайдукі, не як у вашай літасці. Ён выгнаў нас.
Знамяроўскі пагардліва ўсміхнуўся:
- Чаго ж вы пайшлі?
- У нас не было сілы. Ён спаіў сяброў нашых, і яны не абаранілі нас. Калі нас выгналі, я ўдарыў нахабнага драпежніка нажом.
- Ого, - пажвавеў Знамяроўскі, - мая кроў! Пазнаю! Тыгра! Добра, што нажом, а не сумленнай шабляй. Чаго ж ты просіш?
Яноўскі вырашыў прасіць больш. Тады, можа, дадуць хоць частку.
- Да ног прыпадаю сваяку, якім ганарымся! Да ног каралеўскай крыві! Прашу пакараць захопніка, вярнуць Яноўшчыну. Пасля мы ў братнім падначаленні вашым хочам быць.
Знамяроўскі пачухаў патыліцу, паглядзеў на прыгожага юнака з падвітымі валасамі і буркнуў:
- Добра. Каралі павінны дапамагаць сваякам. Клікну цыганскае рушэнне, і калі будзе маё жаданне, магчыма, і ашчасліўлю цябе, мой бедны, але мужны сваяк. Толькі маёнтак твой... Прыпішаш яго назву да маіх тытулаў. Пажыві, пакуль тое, месяц-другі.
- Дзядзечка, вялікі кароль, - пачаў маліць "пасол", - мае бедныя бацькі памруць з гора.
- Ну! - раптам грозна, але ціха сказаў Знамяроўскі. - Ты робак[2] ля ног маіх. Жыві і прасякайся ўсведамленнем маёй велічы. А пасля паглядзім. І не лямантуй, падобна як шакал і стравус... Ад майго настрою залежыць свет, а ты хто?.. Адпачывай. Пазнаёмся з маім мітрапалітам. Ён годны чалавек і калісьці ахрысціць усіх тваіх язычнікаў. Уласна кажучы, маім дбаннем гэтыя карычневыя д'яблы ўжо ахрышчаны, але сапраўднае схіленне да веры дзядоў закладваецца, бо мітрапаліт мае частыя спатканні з зялёным зміем.
- Добра, - дрыжачым ад крыўды голасам сказаў Яноўскі.
Яму хацелася секануць шабляй гэтага вар'ята, але куды пойдзеш потым, што рабіць самотнаму і слабаму на гэтай грэшнай апалячанай беларускай зямлі?
А Знамяроўскі ўжо дабрадушна ўсміхнуўся:
- Ну-ну. Можа, заўтра ў паход пойдзем, можа, годам пазней, а можа, і ўсё жыццё тут праседзіш, і я табе ў спадчыну каралеўства пакіну, бо я яшчэ ў дзяўкох. Мая свентая воля. Я - кароль. Хачу - плюю, хачу - голым шпацырую, вось, як цяпер.
- Дзякуй вам, ваша вялікасць, - ціха адказаў Яноўскі, - Хай будзе так.
І тады кароль яшчэ раз павысіў голас, звярнуўшыся да слуг:
- Бачыце, як далёка дайшла слава мая, вялікага караля цыганскага. Дастаўныя мы на свеце ўсім, адусюль прыбягаюць пад нашу руку, бо моцныя мы больш, ніж кароль, і бог за нас. І хто памышленне займее парушыць святую манархію нашу, таго сакрушу, знішчу, на каленях прымушу маліць літасці. Вось яна, шыбеніца!
І кароткі палец караля торкнуў у бок гэтай няхітрай прылады ля камяніцы.
- Ідзі пакуль што з маім лейб-медыкусам, - сказаў кароль Яноўскаму. - А пасля мой сейм (бо мы кароль добры і памяркоўны) адобрыць мой вырак.
Ён затупаў быў валасатымі нагамі да дзвярэй, пасля павярнуўся да медыка:
- Паглядзі яго каня, ці не завёз ён у маю дзяржаву з мэтай падрыву яе дабрабыту конскай хваробы.
Гайдукі ўзнялі ў неба стрэльбы і, калі кароль знік за парогам, далі залп. Вароны зноў сарваліся з камяніцы і, непаразумела каркаючы, памчаліся кудысць.
Лейб-медыкус павёў Яноўскага ў маленькі флігель за домам, які тануў у лопухах. Амаль адразу ля стаўка прагучаў стрэл.