35440.fb2 Цыганскі кароль - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Цыганскі кароль - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

 - Што гэта? - таргануўся Яноўскі.

 - Пужаюць жаб, каб ліхадзейскім кумканнем сваім не перашкаджалі спаць іх каралеўскай мосці, - з'едліва сказаў медык.

Яноўскаму здавалася, што ён трызніць. І таму ён толькі тады разгледзеў медыкуса, калі яны апынуліся ў маленькім пакоі флігеля, дзе сцены былі амаль заслонены кнігамі на паліцах і вісеў вялікі аркуш пергаменту, выдраны, відаць, з кнігі "Здароўя шлях верны". На аркушы намалёваны чалавек, які стаіць спіною да гледача. На яго голым целе былі намечаны тыя пункты, на якія трэба ставіць банькі.

Медыкус меў год пад пяцьдзесят, быў худы і жоўты. Вочы, якія надта блізка сядзелі адно ад другога, глядзелі разумна і іранічна з-пад калматай чупрыны; нос быў аж празрысты ад бледнасці; на кашчавых плячах вісела чорная мантыя, а на ёй, ля пляча, быў вытканы герб Знамяроўскага і ніжэй, як знак прафесіі, гіпакратаў змей, што абвіў клісцірную трубку.

Выпілі па чарцы дагцыгскай залацістай гарэлкі, селі закусіць, і толькі тут Яноўскага прарвала:

 - Слухайце, пан медыкус, гэта ж вар'яцтва нейкае. Мне няма куды падзецца, але нашто вы тут, чаму носіце гэты ганебны шыфр?

Медыкус сумна паглядзеў на Яноўскага разумнымі шэрымі вачыма:

 - А ў мяне, пан думае, ёсць выхад? На нашай зямлі дрэнна жывецца вучоным, асабліва калі яны беларусы. І яшчэ... калі яны занадта цікаўныя і хочуць ведаць пра чалавечы трыбух значна больш, чым іншыя. Мяне засудзілі на баніцыю, бо я даставаў з магіл трупы і рабіў забароненае анатаміраванне іх.

Яноўскага перасмыкнула.

 - І як вы маглі рабіць такое? Вы што, хацелі б, каб і з вамі так зрабілі пасля смерці?

Медыкус усміхнуўся:

 - Калі ласка. Што я буду тады? Тло і смурод.

 - Але ж бессмяротная душа... Яна пакутуе...

Субяседнік Міхала выпіў яшчэ чарку гарэлкі і раптам спакойна сказаў:

 - А вы ўпэўнены, што... душа ёсць?

 - Ну вас, - спалохаўся Яноўскі, - гэтак і да кастра нядоўга.

 - Нічога, у нас цяпер цывілізацыя, зацны пане. Не паляць, а вешаюць... Зразумейце, што нават пачуцці не сведчаць пра бессмяротнасць душы. Пачуццяў няма, усё ад току крыві. Кінецца яна ў галаву - чалавек адчувае гнеў, кінецца яшчэ куды - іншы вынік. Так што глупства ўсё! Чалавек менавіта такая самая худоба, як свіння, і адрозніваецца ад яе толькі здатнасцю размаўляць, складаць вершы ды яшчэ тым, што ён бывае горшы за самую горшую свінню.

Ён адклаў убок двухзубы відэлец.

 - Вось і засудзілі мяне. А я не магу жыць без маёй зямлі, яна мне дарагая (яшчэ адно глупства чалавечай натуры). Тут я ў бяспецы, і тут іншая дзяржава. Пакіну яе межы - застаецца шыбеніца. А тут мяне абароняць.

 - Знамяроўскі моцны чалавек?

 - Чалавек не можа быць моцным. Але ён можа выставіць шэсцьсот коннікаў цыганскага рушэння, ды яшчэ ён лідскі шляхціц, у яго сябры. Тут ракою льецца гарэлка, і ўсе гэтыя п'янічкі за яго хоць у агонь. Ды яшчэ сяляне. Так што, калі хто ў гэтай мясцовасці кароль, дык гэта ён... Пракляты богам край вар'ятаў і ёлупаў.

Яноўскі быў згодны з медыкусам: свет звар'яцеў менавіта ў той самы дзень, калі загонавая шляхта Ваўчанецкага адабрала ў Міхала маёнтак. Таму ён адсунуў ад сябе місу, наліў у кубак піва і зручна сеў у глыбокае мяккае крэсла. Медыкус сеў у другое крэсла, побач, і закурыў люльку.

 - Дарэчы, як прозвішча пана? - спытаў распешчаны Міхал. - Я быў такі непачцівы... Як вас завуць?

 - Ніхто, - раўнадушна сказаў эскулап. - Мяне завуць "Ніхто".

Яноўскі, як выявілася, яшчэ не перастаў здзіўляцца:

 - То бок...

 - А нашто вам трэба ведаць гэта? Хіба не я сам поруч з вамі, хіба нельга мяне называць проста медыкус? Або, можа, вы лічыце, што імёны адпавядаюць сутнасці рэчы або чалавека, што іх носіць? Я ведаў магната Кішку, і ён зусім не быў падобны на кішку. Нават для прамой кішкі ён быў занадта тоўсты і брудны. Паўстанец Дубіна быў адзіным на свеце разумным беларусам у свой час. Леў Сапега хутчэй падобны на лісіцу, і я ніколі не бачыў ніводнага Язэпа, які мог бы насіць тытул "прыўкраснага". Называйце мяне проста медыкусам.

Ён ахутаўся хмарамі тытунёвага дыму, і нечакана з-пад цяжкіх павек бліснулі яго вочы. Сказаў нечакана проста і сумна:

 - І нашто гэта каму ведаць, хто абараніў мяне, слабага ў свой час. Людзям не было справы да таго, як памерлі два самыя дарагія мне чалавекі, памерлі з голаду. А я стаяў тады ў клетцы ля муроў нясвіжскага палаца... Дзень, другі, трэці... І няхай яны здыхаюць цяпер, бо гэта я, чалавек, пра імя якога ніхто ніколі не даведаецца, першы на свеце ачысціў аднаму чалавеку мозг ад кавалкаў раструшчанай чарапной косці і наклаў на дзірку ў чэрапе лапік з залатой пласцінкі. І гэты чалавек застаўся жыць.

Яноўскі толькі тут пабачыў, што пляшка з гарэлкай амаль пустая. Медыкус быў відавочна п'яны: зрэнкі яго вачэй зрабіліся чорныя, вялікія і трапяталі, як у атручанага. І аднак Яноўскі не спудзіўся: медыкус валодаў сваім мозгам, і мова яго рабілася ўсё больш рэзкай.

 - Не думайце, што я рабіў гэта і многае іншае для людзей. Я не шкадаваў іх, не адчуваў іхняга болю, і, відаць, таму мне ўсё ўдавалася, за што шкадаваць чалавека? Вось ён набудавў дзівосных палацаў, насаджаў дрэў, вырасціў паэтаў і дойлідаў. А заўтра знойдзецца вар'ят і пачне перапальваць на вапну статуі, разбураць палацы, паліць гарады. І паэта, якога абвясціў ерэтыкам, спальваюць, і з яго праху робяць клісцір сабаку зваёўніка, бо сабака нячыстая жывёліна, і ёй дапамагае клісцір з праху ерэтыка, як хрысціяніну - клісцір з мошчаў святога. Дзікуны і варвары заўжды такімі будуць па прычыне натуры сваёй... Мёртвае дрэва дае прытулак кузуркам, мёртвыя кветкі салодка вянуць, мёртвы чалавек - смярдзіць. Смярдзіць ён, праўда, і жывы...

 - Даволі, - сказаў Яноўскі. - Я шляхціц, мне непрыстойна такое слухаць. Але ж вы таксама чалавек. І тыя, што будавалі, былі таксама людзі...

Абодва маўчалі. Потым, калі гэта стала нясцерпна, Міхал спытаў:

 - Лепей скажыце мне, як гэта мой дзядзька стаў каралём цыганоў беларускай зямлі?

 - Не толькі беларускай, - сказаў медыкус. - І Польшчы, і Літвы, і нават Украіны.

 - Як жа ж гэта атрымалася?

 - Вельмі проста. - Медыкус як быццам ачуняў ад ап'янення, бо выраз жаху знік у яго вачах і змяніўся галантнай і трошкі з'едлівай усмешачкай. - Прыблізна ў 1779 годзе Знамяроўскі быў звычайным дробным лідскім шляхціцам. Вы ведаеце, цяпер цяпер шляхціцу стаць багатым - гэта ўсё адно што дачакацца справядлівасці ад пана. Але са Знамяроўскім атрымалася так... У яго вёсачцы было не больш як сорак халуп, а на стайні стаялі дзве кабылы-свірэпы ды дрыкгант каралеўскі, якога вясной ражнамі на ногі ставілі. За лета коні трохі сыцелі, і, відаць, гэта было прычынай, што на іх паквапіўся нейкі цыганскі табар. Коней укралі. Тут Якуб выявіў сапраўдную адвагу. І не дзіва, іначай давялося б здыхаць з голаду, макам сесці і на месяц брахаць. Ён узяў двух сяброў, сеў на сялянскіх коней і пагнаўся за табарам. Дагналі яго ўночы. Іншы, можа, падумаў бы, а яны ўтрох напалі на цэлы табар, і пачалася бойка. Змялі мужчын, адсцябалі тых, хто супраціўляўся, адабралі ўсіх коней з табара і адлупцавалі ўсіх цыганоў, што ў гэты час там былі. З багатай здабычай рушылі яны дадому, а іх суправаджаў лямант абрабаваных. Нават пярыны цыганскія ўзялі для слуг. Паб'еш чалавека - ён пачынае цябе паважаць. Праз некалькі дзён з'яўляецца да Знамяроўскага дэлегацыя цыганоў Лідскага павета і просіць прыняць іх пад сваю высокую руку - за мужнасць. Пасля з'явіліся з Гародні, Трок, Вільні. Ён усіх літасціва прыняў. Нашто ім было патрэбна галаву торкаць у хамут? Яны не мелі права голасу ў сейме і палічылі, што такі моцны чалавек будзе іх там добра абараняць падчас сеймавых спрэчак. Словам, 17 жніўня 1780 года кароль Станіслаў-Аўгуст зацвердзіў шляхціца Якуба Знамяроўскага каралём над усімі цыганамі яго зямлі і даў яму адпаведны прывілей. Загадана мець цыганскую сталіцу ў Эйшышках, але Знамяроўскі не любіць там жыць. Да таго ж, загадай яму мець сталіцу ў раі, ён пабудуе яе ў пекле, бо не хоча падначальвацца нікому, нават каралю. І вось дзевяць год ён трымае пад моцнай уладай усіх цыганоў. Ён стаў багаты: кожны дзесяты конь, кацёл, талер, усё, што належыць цыганам, усё яго. Ён адбірае і больш, калі захоча. За гэта ён абараняе правы сваіх васалаў у сейме, чыніць там знешнюю палітыку сваёй вялікай дзяржавы.

 - Якую? Што ён, войны вядзе, ці што? - здзівіўся Яноўскі.

 - А чаму не. Збіраецца ж ён памагчы вам. Чым гэта не вайна? Мы цяпер, літасцю нашай шляхты і добранькага пана бога, зрабіліся такім народам, што ў нас цыганскае каралеўства - вялікая дзяржава, а бойка на палявой мяжы - знешняя палітыка...

 - Не абражайце беларускай шляхты, - сказаў Яноўскі. - Яна - соль зямлі.

 - Любы мой юнача, - мякка сказаў медыкус. - Я сам быў калісьці шляхціцам і дзякую богу, што я цяпер стаў проста чалавекам. Я добра бачу, што вы сніце пра згубленую веліч, якой у шляхты нашай ніколі не было. Быў вялікі наш народ. Ён быў такім пад Крутагор'ем, Піленамі, Грунвальдам, падчас вялікай мужыцкай вайны семнаццатага стагоддзя. І што шляхта зрабіла для яго? Мы спудзіліся яго сілы, калі ён разбіў татар. У той час мы прадалі нашы вольныя княствы Літве: яна, маўляў, падтрымае нас супраць нашых сярмяжных братоў. Добра, мы асімілявалі Літву, мы пачалі набіраць сілы дзякуючы народу. І тады мы пайшлі на другую здраду: прадалі свой край палякам, адракліся ад веры, мовы, самастойнасці, шчасця, першародства дзеля чачавічнай поліўкі, дзеля ўлады, дзеля ганебных грошай. Злоснаму ворагу прадалі. Soaequdtio iurium - ураўнаванне правоў Літвы і Беларусі з каронаю - гэта было ўраўнаванне ўсіх перад тварам галоднай смерці.

Яноўскі спалохаўся - такі злосны твар стаў у медыкуса. Вочы наліліся крывёй, вусны крывіліся. З невымоўна з'едлівым, гідлівым выразам на твары ён сказаў:

 - А pisarz ziemskiego sady po polsku, a nie po rusku pisac powinien ledzie. Мова наша мілая, паўнагучная, плаўная, дарагая. Як поплаў блакітны! Куды мы яе кінулі, пад чые ногі мы яе затаўклі?

Яноўскі не знайшоў што сказаць.

А медыкус раптам як абмякнуў. Стомлена апусціў плечы:

 - Я нічога не маю супруць палякаў. Нягоднікаў там не больш і не менш, як у іншых народаў. Але я нідзе не ведаю горшых паноў, чым там. З такой пагардай да мужыка, з такой насякомай зласлівасцю, з такім адчуваннем сваёй вышэйшасці. Яны і нас заразілі гэтым. І, галоўнае, ніхто не бачыць, што дзяржава коціцца да прорвы. Гандлююць ёй напрапалую, п'юць, гуляюць, як перад гібеллю, раздзіраюць, катуюць народ. І загінуць хутка. Ужо смярдзяць нават. Што ж, нам не будзе лепей ні пад цяжкім нямецкім задам, ні пад уладай дзяржаўнай шлюхі. Там дазволілі ссылаць сялян на катаргу і забаранілі ім скардзіцца на памешчыкаў. Там адсеклі галаву адзінаму сапраўднаму чалавеку нашага стагоддзя - Пугачову. Яму трэба было пасылаць людзей да нас і прасіць дапамогі. І я першы ўзяў бы вілы.

 - Слухайце, - перабіў яго Яноўскі, - калі вы будзеце так абражаць шляхту, я вас шабляю ўдару. Я паскарджуся каралю.

 - А чаго ад вас і чакаць, - спакойна і вельмі ціха сказаў стары, гледзячы на юнака дапытлівымі вачыма. - Ударыць старога, забыць рыцарства і сумленне, выдаць... Але я скажу вам, што гэта не атрымаецца. Бачыце?

І ён спакойна сагнуў кашчавай рукою срэбны талер, які дастаў з кішэні.

 - Да таго ж, Знамяроўскі не памірае кожны месяц ад абжорства і гарэлкі толькі таму, што я мастак сваёй справы. Улічыце. Ён не аддаў мяне Радзівілу, а Яноўскаму не аддасць і пагатоў.